Вы тут

Ці складана вырасціць цюльпаны ў прамысловых аб’ёмах на сваім агародзе?


Яшчэ адно свята — 8 Сакавіка — за плячыма, а гэта значыць, што нарэшце мужчыны пасля гонкі за цюльпанамі могуць уздыхнуць з палёгкай. На заслужаны адпачынак пасля чарговага кветкавага сезона выходзяць і вытворцы галоўных вестуноў вясны. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, наколькі складана вырасціць цюльпаны ў прамысловых аб’ёмах на сваім агародзе і колькі можна зарабіць на кветках падчас сакавіцкага свята.


Не паспрабуеш — не даведаешся

Андрэй і Алеся Сівачэнкі з Віцебска ў цюльпанавым бізнесе ўжо шэсць гадоў. Ён па прафесіі інжынер-тэхнолаг брадзільных вытворчасцяў, яна — педагог. Калі пара пазнаёмілася 14 гадоў таму, вырашылі прафесійна займацца фатаграфіяй. Андрэй па натуры чалавек азартны, сядзець на рабочым месцы па графіку — не для яго, і жаданне быць гаспадаром свайго жыцця падштурхнула яго да новай бізнес-ідэі.

«Вырашылі паспрабаваць прадаваць цюльпаны ў горадзе з 5 да 8 сакавіка. Я цэлы год рыхтаваўся да сезона, шукаў пастаўшчыкоў, чэрпаў інфармацыю аб тавары і ўмовах яго рэалізацыі. Да гэтага трэба яшчэ дадаць заключэнне дагавораў на арэнду гандлёвых месцаў, падаткі, памяшканне пад склад. Першая спроба аказалася нармальнай, але не абышлося без фінансавых страт: каля 30 працэнтаў кветак, якія набылі ў аптавікоў, было некандыцыяй. 

Так і адпрацавалі тры сезоны», — расказвае Андрэй.

У Алесі, якая з’яўляецца правай рукой мужа і падтрымлівае яго ўсе, здавалася б, рызыкоўныя ідэі, склалася іншае меркаванне наконт прывазных цюльпанаў. «У першыя гады я сама была прадаўцом. І калі чалавек пытаўся, колькі прастаяць кветкі, я не магла нічога адказаць. Здавалася, што ў мяне на твары напісана: „Я не ведаю“. І толькі праз некалькі сезонаў спроб, соцень кветак некандыцыі мы з мужам зразумелі, што хочам рэалізоўваць якасны тавар, за які будзем несці поўную адказнасць», — успамінае жанчына.

Прыйсці да таго, каб вырошчваць цюльпаны самім, главе сям’і было не цяжка. У 2020 годзе сыграла сваю ролю пандэмія, Сівачэнкаў пацягнула ў вёску, пад Бешанковічы. Там Андрэй правёў юнацтва, з маленства быў прывучаны да ранніх пад’ёмаў і вялікіх аб’ёмаў работы ў сельскай гаспадарцы.

Сваімі рукамі Андрэй пабудаваў цяпліцу на 170 квадратных метраў, сваю кацельню і разам з жонкай пачаў пісаць новую старонку ў гісторыі сям’і.

І дзень і ноч…

Правядзенне ацяплення стала не самай складанай і затратнай часткай. На стадыі пошуку цыбулін для пасадкі сям’я таксама набіла нямала шышак. Для вырошчвання цюльпанаў для рэалізацыі падыходзяць цыбуліны з Галандыі, якія мелкім оптам (каля 20–30 тысяч штук) не прывозяць. Андрэй звязваўся з фермерскімі гаспадаркамі, якія заказвалі па 500 і больш тысяч цыбулін і набываў неабходную колькасць сабе. Тады, у першы год, па няведанні набылі няякасны пасадачны матэрыял, з некалькіх сартоў 70 працэнтаў цыбулін прыйшлося выкінуць. Выявілася, што не столькі ад умоў вырошчвання, сколькі ад першаснай якасці цыбуліны залежыць кветка.

Так, напрыклад, трэба звяртаць увагу на тое, ці ёсць у цыбуліны кветкавая пупышка. Захаванне пасадачных матэрыялаў у няправільным тэмпературным рэжыме прыводзіць да «сляпога» бутона і развіцця кветкавага кляшча. Менавіта ад калібру цыбуліны залежаць яе вышыня, моц, памер бутона.

Каб вырасціць цюльпан зімой (а пасадка яго пачынаецца ў першых чыслах лістапада), неабходна стварыць для цыбуліны ў цяпліцы ўмовы, якія будуць нагадваць натуральны прыродны працэс. Гэта значыць, патрымаць у глебе пры нізкіх тэмпературах (імітацыя зімы), потым з кожным тыднем дадаваць па некалькі градусаў цяпла (ранняя вясна). Гэта не ўлічваючы паліў, падкормку, усходжасць ранніх і позніх сартоў.

Пачынаючы з першых дзён лістапада, Сівачэнкі знаходзяцца ў вёсцы пастаянна, а прыкладна з 15 студзеня, калі трэба паліць цяпліцу кругласутачна, пакідаюць кветкі толькі на начны сон. «Але мы спраўляемся з усім удваіх, працуем па зменах з жонкай. Ужо напрыканцы лютага мы здымаем першы ўраджай ранніх сартоў, а перад святам праводзіць зрэзку і пакаваць цюльпаны нам дапамагаюць дзеці і блізкія», — спакойна расказвае аб сваёй нялёгкай сямейнай справе Андрэй, хаваючы пад пальчаткамі пабітыя сухімі расколінамі рукі — вынік пяцімесячнай штодзённай працы.

Вернемся да цыбулін: выявілася, што кожны год менавіта яны з’яўляюцца галоўнай крыніцай выдаткаў, бо гатовую кветку неабходна не проста зрэзаць, а выцягнуць з зямлі. На наступны год старыя цыбуліны не дадуць якасных цюльпанаў, неабходна некалькі сезонаў садзіць і выкопваць іх, каб тыя зноў набралі сілу, але верагоднасць, што нават праз два гады вырасце сартавы цюльпан, маленькая.

Каб вырасціць цюльпаны на сёлетні сезон, Андрэй закупіў галандскіх цыбулін на 4,5 тысячы еўра. Вось табе і лёгкі бізнес!

Зразаць кветкі пачынаюць у канцы лютага, калі распускаюцца першыя яркія бутоны ранніх сартоў. Потым іх асцярожна пакуюць у паперу па 15 штук і «перасяляюць» у цёмнае халоднае памяшканне. Важна рабіць гэта на захадзе сонца, калі бутон яшчэ спіць. Дарэчы, у будучых планах Сівачэнкаў — набыццё халадзільнай камеры для захавання цюльпанаў. Цікавы факт: без вады ў цёмным і халодным памяшканні вестуны вясны могуць захоўвацца каля двух тыдняў.

Якасць гарантуе попыт

З Андрэем і Алесяй мы пазнаёміліся некалькі гадоў таму на адным з рынкаў горада, а гэтай восенню мне і маці яны прапанавалі кветкі на рэалізацыю. Цікавы выклік, тым больш што я заўсёды хацела паспрабаваць сябе ў гандлі кветкамі.

«У нашай краіне прыняты законы, якіх мы павінны прытрымлівацца», — разважае Андрэй, арэндуючы кавалак гарадскога асфальту на два дні. Таму кожны, хто заплаціў за арэнду месца і падатак на гандаль, можа займацца гэтай справай.

Сёлета ў горадзе на Дзвіне цюльпан стартаваў ад 3,5 рубля. У першы дзень, 7 сакавіка, людзі куплялі неахвотна: прыцэньваліся, скардзіліся, што ў суседняй краме танней. Але некаторыя, паглядзеўшы на кветкі адтуль, вярталіся па нашы цюльпаны і нядзіўна, бо памер бутонаў некаторых сартоў (асабліва жоўтыя, белыя, малінавыя і чырвоныя) закрываў дакладна паўдалоні. Ахвотна набывалі букеты па тры-пяць штук студэнты, пажылыя людзі. Але ў перадсвяточны дзень вялікага наплыву пакупнікоў не было — аказалася, гэта залежыць ад месца.

Восьмага сакавіка мы выйшлі на працу разам з маці, у даволі шматлюднае месца каля гандлёвага цэнтра. І, як выявілася, нездарма, бо аднаму справіцца з такім наплывам людзей было нерэальна. З васьмі гадзін раніцы пакупнікі спяшаліся па кветкі, а вочы разбягаліся ад буйства фарбаў і відаў. Акрамя класічных колераў, актыўна карысталіся попытам усе адценні фіялетавага, малінавага, жоўтыя з роўнымі і хвалістымі краямі. Былі ў продажы і пушыстыя півонападобныя цюльпаны ружовага і малінавага колеру, многія мінакі спыняліся проста на іх паглядзець.

Пік продажу прыйшоўся на перыяд з 9 да 15 гадзін, а ўвесь гэты час мы не разгінаючыся круцілі каляровыя букеты па пяць, тры, дзевяць і пятнаццаць штук, пераважна — у празрыстую плёнку. Было важна хутка і прыгожа запакаваць кветкі, каб пакупнік не стаміўся чакаць, не перайшоў да канкурэнтаў і быў задаволены. Па папярэдняй замове давялося зрабіць чатыры букеты па 15 цюльпанаў у моднай паперы і з паштоўкамі. Атрымалася не горш, чым у фларыстычных крамах (гэта адзначыла не толькі я, але і людзі). Наперакор стэрэатыпам жоўтыя цюльпаны, у якіх бутон больш за сем сантыметраў, бралі вельмі ахвотна: людзям яны нагадвалі сонейка. Думаю, многіх уладальнікаў менавіта жоўтых кветак вельмі здзівіў дома той факт, што цюльпаны падраслі ў вадзе! І гэта не жарт, бо ёсць такія сарты, у якіх пасля зрэзкі вырастаюць бутон і сцяблінка на некалькі сантыметраў.

Нягледзячы на тое што побач з нашым гандлёвым пунктам знаходзіліся яшчэ трое канкурэнтаў, чарга ахвотных набыць віцебскія кветкі не меншала некалькі гадзін. І цюльпан, вырашчаны, або, правільна сказаць, выпеставаны, рукамі Андрэя і Алесі, вельмі адрозніваўся ад суседніх аптовых. Вышыня, памер бутона, 25 розных колераў, хрусткасць лісця і свежасць (апошнюю партыю да 8 Сакавіка зразалі ноччу) — галоўныя складальнікі паспяховага гандлю. Якасць і праўда гарантуе попыт незалежна ад цаны.

Святочны працоўны дзень завяршыўся раней, чым папярэдні, кветкі проста скончыліся і гэта з улікам таго, што ў нас цана ніжэй не стала. А гэта значыць, што мэта была дасягнута, пяць месяцаў папярэдняй працы сябе апраўдалі. На памяць аб гэтым незабыўным вопыце засталіся яркія эмоцыі (столькі віншаванняў за адзін дзень я яшчэ не атрымлівала), абветраныя вусны і першы вясновы загар на твары. Быў яшчэ боль у спіне, але ён хутка прайшоў, і, вядома, добры заробак.

Яшчэ раней Андрэй сказаў, што калі паспрабуеш папрацаваць з цюльпанамі адзін раз, то гэта або катэгарычна не спадабаецца, або зацягне. Дык вось, смела магу сказаць, што мяне зацягнула.

Напрыканцы

Пачаць цюльпанавы бізнес нялёгка, трэба адразу мець капітал на набыццё цыбулін, цяпліцы і абсталявання для яе. Акрамя гэтага, трэба забыцца на адпачынак, асабістыя жаданні і скаргі на стому — працаваць рукамі прыйдзецца шмат. Яшчэ спатрэбіцца вывучыць тэхналогіі вырошчвання кветак, якіх таксама нямала. 

А пасля сабраць дружную каманду, аформіць гандаль афіцыйна і рэалізаваць кветкі. Але ў фінансавым плане гэта праца сябе акупляе. Прыемны плюс: неабавязкова станавіцца індывідуальным прадпрымальнікам, фізічная асоба можа аформіць самазанятасць, якая дазваляе рэалізоўваць прадукцыю ўласнай вытворчасці. Не ўсё можа атрымацца з першай спробы, мае героі з багатым вопытам і дагэтуль вучацца на сваіх памылках. Але, толькі рызыкнуўшы, можна дасягнуць большага.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Беларускія нашчадкі галандскай селекцыі

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.