Вы тут

Нясвіжскія «літаратурныя» маршруты


Ужо самі назвы вуліц у Нясвіжы гавораць пра «літаратурны характар» старадаўняга месца. Мяркуйце самі: гарадская тапаніміка звязана тут з імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа (да вуліц можна дадаць яшчэ і завулкі, якія названы ў гонар народных песняроў Беларусі), Францыска Скарыны і Мікалая Някрасава, Адама Міцкевіча і Уладзіміра Маякоўскага, Максіма Горкага і Андрэя Макаёнка, Міхаіла Лермантава і Фёдара Дастаеўскага, Максіма Багдановіча. Шкада, праўда, што няма ў горадзе вуліцы Канстанціна Паўстоўскага. Рускі празаік лячыўся ў ваенным шпіталі ў Нясвіжы ў Першую сусветную вайну. Літаратурная тапаніміка Нясвіжа так ці іначай, але таксама сведчыць аб тым, што горад аднолькава важны для краязнаўства ў звязцы як з беларускай, так і з рускай літаратурай.


З ураджэнцаў Нясвіжа — і польскі літаратар, а таксама польскі і расійскі чыноўнік Адам Станіслававіч Ржавускі (1760–1825). Нарадзіўся ў замку як родавым маёнтку свайго дзеда (па маці) Міхаіла Рыбанькі. Ужо ў 27 гадоў быў паслом у Даніі. Пакінуў пасля сябе творы палітычнага характару. Вядомасць маюць яго «Запіска пра царстваванне караля Станіслава-Аўгуста», а таксама такія творы, як «Размовы пра царства мёртвых», «Заўвагі на польскія законы». Адам Ржавускі — і аўтар лірычных вершаў, перакладаў элегій і трагедый старажытнарымскага пісьменніка Альбія Цібула. Увогуле сям’я Адама Ржавускага — партрэт і часу, і двух стагоддзяў у розных праявах. Унучка палітыка і пісьменніка Кацярына Радзівіл стала вядомым для свайго часу літаратарам. Гэта пра яе як пра пісьменніцу і вялікую авантурыстку расказаў у сваёй гістарычнай мініяцюры Валянцін Пікуль — «Дама з Гоцкага альманаха». Дачка Адама Ржавускага — Эвеліна Канстанцыя Вікторыя (1803–1882) вядомая як жонка Анарэ дэ Бальзака. Другая дачка — Караліна (1795–1885) — валодала вядомым адэскім салонам, у яе былі закаханыя адразу два класікі: рускі паэт Аляксандр Сяргеевіч Пушкін і польскі мастак слова Адам Міцкевіч. Сын Адама Ржавускага — Генрых — з’яўляецца аўтарам гістарычных раманаў на польскай мове.

Амаль равеснік Адама Ржавускага — польскі драматург Міхаіл Іеранім Бжастоўскі, які нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1760 годзе. Маршалак Завілейскага павета (1795), у 1801–1805 гг. ён быў на чале шляхты Віленскай губерні. Аўтар некалькіх драматычных твораў. Найболей вядомая п’еса — «Рыцары Лебядзя» — рыцарская драма ў пяці актах, якая напісана арыгінальнымі вершамі. За дзяржаўную, палітычную дзейнасць адзначаны Мальтыйскім ордэнам, кавалер ордэна Белага Арла. У Нясвіжы ў дамініканскай школе вучыўся пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля — з 1833 да 1836 года. А закончыў вучобу таксама ў дамініканскай школе, але ўжо ў Навагрудку — у 1837 годзе. Пра тое, якой была гэтая адукацыя, захавалася і такое дакументальнае сведчанне Уладзіслава Сыракомлі: 

«...Нашых дзядоў сцябалі езуіты, нашых бацькоў хвасталі айцы піяры, і мы паспыталі базыльянскай розгі або дамініканскай дысцыпліны. Але няхай за гэтыя розгі ўшануюць іх нябёсы! Так, здорава яны лупцавалі, калі было за што, але і любілі яны дзяцей сардэчна і шчыра, старанна настаўлялі іх у навуцы і веры і строга сачылі за маральнасцю — шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека».

Расказваючы пра літаратурныя адрасы ў Нясвіжы, нельга не згадаць імя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага («пружанскага Дзюма», які напісаў больш чым 600 тамоў раманаў, аповесцяў, гістарычных нарысаў!). Крашэўскі — аўтар рамана «Кароль у Нясвіжы», прысвечанага канкрэтнаму гістарычнаму эпізоду.

Вядома, калі будзе напісана ёмістая, а не фрагментарная літаратурна-краязнаўчая гісторыя Нясвіжа, то ў гэтым летапісе будуць згаданыя імёны літаральна сотняў паэтаў, празаікаў, драматургаў. А большасць старонак дакументальнага аповеду будзе звязана з Нясвіжскім палацава-замкавым комплексам. У яго сценах калісьці, ужо ў XX стагоддзі, працаваў санаторый, адпачываць у які прыязджалі многія пісьменнікі. У час адпачынку ў санаторыі пайшоў на вечны спачын народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. У Нясвіжы працаваў некалькі дзесяцігоддзяў — з 1945 да 1978 года — настаўнікам беларускай мовы і літаратуры паэт Паўлюк Прануза, імя якога носіць цяпер Нясвіжская раённая бібліятэка.

Ужо ў блізкі да нас час шмат для развіцця нясвіжскага гістарычнага, літаратурнага краязнаўства зрабіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры, краязнаўца Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая (1935–2005), аўтар кніг «Музы Нясвіжа», «Паданні Нясвіжа», «Скарбы Нясвіжа», «Нясвіж і Радзівілы», «Чорная дама Нясвіжскага замка».

...Дарэчы, калі адмотваць гісторыю назад, то з 1984 года ў горадзе працавала Нясвіжскае педагагічнае вучылішча. А яшчэ раней — у 1944–1956 гадах педагагічнае вучылішча імя Якуба Коласа (у 1956 годзе навучальную ўстанову скарацілі, адправіўшы навучэнцаў у Пінскае педвучылішча). А ў 1875 годзе сваю працу ў Нясвіжы распачала Нясвіжская настаўніцкая семінарыя. Сярод яе выпускнікоў — этнограф, бацька Максіма Багдановіча Адам Ягоравіч Багдановіч, Якуб Колас, Кузьма Чорны.

Шкада, што ў Нясвіжы няма вуліцы Адольфа Янушкевіча — паэта, этнографа, рэвалюцыйнага дзеяча, які нарадзіўся ў 1803 годзе. Дарэчы, наш зямляк — прататып Адольфа ў ІІІ частцы «Дзядоў», сябра Адама Міцкевіча. Нарадзіўся Адольф Янушкевіч у самім замку, у сям’і небагатай шляхты, якая жыла пры двары Радзівілаў. Хлопчыка хрысціў Міхаіл-Іеранім Радзівіл. Адольф Янушкевіч вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы. У 1821–1823 гадах — студэнт літаратурнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Першая публікацыя — сентыментальная паэма «Мелітон і Эвеліна». Розныя жыццёвыя перыпетыі прывялі Янушкевіча ў Сібір, а затым у Казахстан... Выпісаў наш зямляк з родных мясцін уласную бібліятэку. Пасябраваў з Густавам Зялінскім, рускім паэтам і дзекабрыстам Аляксандрам Адоеўскім. У жніўні 1841 года пераехаў у Омск. Вывучыў казахскую мову. Шмат падарожнічаў па казахскіх стэпах. Запісваў казахскі фальклор. У час экспедыцыі 1846 года склаў «Дзённік паездкі ў Сібір». Матэрыялы Адольфа Янушкевіча, прысвечаныя Казахстану і казахам, выйшлі асобнымі кнігамі на польскай, рускай і іншых мовах. У гарадах Казахстана — Астане, Алматы, Усць-Каменагорску ёсць вуліцы, якія носяць імя нясвіжчаніна.

Яшчэ адно цікавае літаратурнае імя згадваецца ў звязцы з Нясвіжам: у 1881 годзе ў старажытным горадзе нарадзіўся Іосіф Бекер. Ён закончыў Сімферопальскую гімназію. Быў вольным слухачом Пецярбургскага ўніверсітэта. Працаваў у газетах «Новая жизнь» і «Ленинградская правда». Друкаваўся ў розных пецярбургскіх, ленінградскіх перыядычных выданнях. Напісаў некалькі кніг — «Вялікая расійская рэвалюцыя» (Вільня, 1920), «Барацьбіты рэвалюцыйнага друку» (Масква, 1929), «Акадэмія Мастацтваў: гістарычны нарыс» (Ленінград, 1940; у суаўтарстве з І. Бродскім, С. Ісакавым), «Міцкевіч у Пецярбургу» (Ленінград, 1955).

Літаратурны Нясвіж — імёны, лёсы і шмат каго яшчэ з іншых пісьменнікаў. У 1876 годзе нарадзіўся празаік, перакладчык, драматург Фальк Гальперын. Працаваў настаўнікам у Мінску, Вільні, Варшаве. Напісаў шмат кніг для дзяцей. Уражвае такі факт: Ф. Гальперын выдаў каля 100 (!) кніг на іўрыце і ідыш. Нахем Ліпоўскі, які нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1874 годзе, заснаваў у Вільні яўрэйскі народны тэатр, напісаў некалькі п’ес. Родам з Нясвіжа і яўрэйскія літаратары Макс Рэйзін і Нісан Тураў.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.