Вы тут

Свята для зацікаўленага чытача


Засталіся лічаныя дні да старту ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Свае здабыткі і дасягненні за мінулы год у кнігавыдавецкай галіне прэзентуюць сёлета амаль два дзясяткі краін-удзельніц. У праграме, як заўсёды, не толькі магчымасць пазнаёміцца з палітрай кніг самай рознай тэматыкі, але і сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі чаканых навінак і шмат прыемных сюрпрызаў, акцый ад выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў кніжнай прадукцыі. Пра апошнія штрыхі ў падрыхтоўцы да свята і яго адметнасці распавялі на сустрэчы з журналістамі арганізатары і ўдзельнікі кніжнага свята.


— Мы знаходзімся на парозе адной з галоўных культурных падзей у гісторыі нашай краіны — ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Яна адкрыецца ўжо на гэтым тыдні 14 сакавіка. Сёлета мы ўпершыню за апошні час сутыкаемся з праблемай недахопу плошчаў, паколькі ў нас заяўленыя вялікія экспазіцыі і ад нашых пастаянных удзельнікаў, і ад гасцей, якія вырашылі пашырыць свае прадстаўніцтвы. І ў першую чаргу сваю экспазіцыю кніг, якія прывязуць на нашы мерапрыемствы, — распавёў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў. — Краіна — цэнтральны экспанент — у нас у гэтым годзе Ісламская Рэспубліка Іран. А асноўныя тэмы, якія знойдуць адлюстраванне на нашай кніжнай выстаўцы, — гэта 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе з першых у гісторыі суверэннай Беларусі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Год якасці. Нацыянальны стэнд нашай краіны будзе стылізаваны пад плошчу Перамогі. Мы заўсёды імкнёмся здзівіць гасцей і наведвальнікаў нашым галоўным стэндам, на якім праходзіць не толькі цырымонія адкрыцця, але і многія прэзентацыі, урачыстыя мерапрыемствы. А распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, аўтары выдавецтваў могуць у рамках выстаўкі выкарыстоўваць гэты альбо свае стэнды, каб знаёміць чытачоў альбо канкурэнтаў з той прадукцыяй, якую яны прывозяць на нашу кніжную выстаўку-кірмаш.

І адметнасць нашай выстаўкі ў тым, што яна не толькі для спецыялістаў кнігавыдавецкай галіны, але і для ўсіх людзей, хто любіць кнігу і можа прыйсці туды, каб пазнаёміцца з сучаснымі кнігамі беларускіх і замежных выдавецтваў і нават купіць сабе тыя выданні, якія спадабаюцца, — адзначыў Уладзімір Пярцоў.

У праграме і на стэндах удзельнікаў кніжнага свята — шмат цікавага. У прыватнасці, Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіць экспазіцыю «Да родных берагоў», дзе будуць не толькі кнігі, але і плакаты, і лістоўкі, якія былі выдадзены на тэрыторыі Беларусі ў перыяд з 1941 да 1944 года. Прэзідэнцкая бібліятэка пакажа рэдкія кнігі, прысвечаныя гераічнай барацьбе савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Кінастудыя «Беларусьфільм» правядзе прэзентацыі трэйлераў новых кінастужак, якія ўбачаць свет у гэтым годзе. Насычаную праграму прадставіць і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

За мінулы год у нашай краіне свет убачыла каля 9 тысяч найменняў кніг, сярод якіх значную частку займае мастацкая літаратура. Ствараецца яна сіламі і майстэрствам айчынных пісьменнікаў. У вялікай ступені спрыяе іх рэалізацыі асяродак аднадумцаў, якім вось ужо 90 гадоў, з’яўляецца Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сваё існаванне грамадскае творчае аб’яднанне пачало ў 1934 годзе. Яно і сёння з’яўляецца пляцоўкай, дзе кансалідуюцца асобы, для якіх вялікае значэнне маюць творчасць, любоў да мастацкага слова і жаданне служыць яго місіі мяняць чалавека і свет да лепшага. Як адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, сёння вельмі важна нагадваць чытачам пра класікаў, працаваць над павышэннем аўтарытэту мастацкай літаратуры, звяртаючы ўвагу на тое, што літаратура — неад’емная частка нашай агульнанацыянальнай культуры:

— Разумеючы, якая спадчына за плячыма, трэба думаць пра сённяшні дзень. Пра тое, якая літаратура выходзіць і ідзе да чытача, што знайсці ў звыклых жанрах і пра якія з’явы сацыяльнага і грамадска-палітычнага жыцця пішуць сучасныя літаратары. Каб данесці праз мастацкае слова наш час для будучых пакаленняў, — зазначыў ён. — З агульнай колькасці выдадзеных у краіне кніг каля 1500 — мастацкая літаратура. Шмат у нас яркіх імён народных пісьменнікаў і паэтаў, якія засталіся ў свядомасці чытачоў, чые творы вытрымалі праверку часам. Асабліва мне хочацца вылучыць творчасць пісьменнікаў-франтавікоў Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка і іншых, якіх ведае і сучасны масавы чытач, чые творы вывучаюцца ў школе, у ВНУ. Сёлета, напрыклад, у чарговы раз перавыдаецца раман «Аперацыя «Кроў» народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца. І хочацца, каб з’яўлялася больш твораў, якія закранаюць духоўныя асновы нашага жыцця.

Пытанне кнігавыдання сёння вельмі актуальнае для Саюза пісьменнікаў Беларусі. Бо творцам мастацкага слова важна, каб іх думкі, пасылы і сэнсы даходзілі да чытача альбо ў кнігах, альбо ў публікацыях на старонках літаратурна-мастацкіх ці грамадска-палітычных перыядычных выданняў. Сёння для гэтага існуе шмат магчымасцяў: напрыклад, газета «Літаратура і мастацтва», часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман», якія выходзяць у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Якраз перыядычныя выданні дазваляюць масаваму чытачу арыентавацца ў навінках на кніжным рынку, адкрываць для сябе новыя імёны, знаходзіць літаратурныя дыскусіі, дыялогавыя пляцоўкі, дзе распавядаецца пра сучасны літаратурны працэс. Таксама даюць магчымасць выйсці на сваю аўдыторыю дзяржаўныя выдавецтвы: «Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда», «Беларусь» і іншыя, дзе падтрымліваюць як вядомых пісьменнікаў, так і тых, хто толькі пачынае заяўляць пра сябе на літаратурнай ніве.

На ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Саюз пісьменнікаў Беларусі будзе прадстаўлены на асобным стэндзе. Прыхільнікі беларускіх майстроў слова змогуць знайсці самыя розныя кнігі, якія ўбачылі свет у 2023 годзе. Прыедзе ў Мінск і дэлегацыя з Расіі. Яе прадстаўнікі сустрэнуцца з чытачамі не толькі на кніжнай выстаўцы, але і прымуць удзел у мерапрыемствах на шэрагу іншых лакацый — у студэнцкіх аўдыторыях, бібліятэках. Не абмінулі ўвагай майстры слова і 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як распавёў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, у канцы 2023 года і ў 2024-м шмат выйшла і чакае свайго з’яўлення кніг, звязаных з героіка-патрыятычнай тэматыкай. З іх шэрагу — «Галавасек» Анатоля Бензерука. Дакументальная праца прысвечаная спаленай вёсцы Драмлёва Жабінкаўскага раёна. У гэтай кнізе, матэрыялы для якой пісьменнік збіраў каля дзесяці гадоў, распавядаецца ў падрабязнасцях пра лёсы людзей, хто выпадкова застаўся ў жывых пасля карнай аперацыі фашыстаў, і пра тых, хто там загінуў, хто яе здзяйсняў. Выдавецкі дом «Звязда» рыхтуе кнігу «Беразянка» Аляксандра Плавінскага і Сяргея Шавеля. На тэму спаленых вёсак падрыхтавала цэлы зборнік мастацкіх і дакументальных твораў і абласная пісьменніцкая арганізацыя Саюза. А вось кніга Анатоля Матвіенкі, Анатоля Драздова будзе прысвечана сённяшнім грамадска-палітычным і сацыяльным працэсам, якія адбываюцца ў нас на вачах. Варта чакаць і іншых твораў ад беларускіх паэтаў, празаікаў і драматургаў.

— Калі мы даведаліся, што 2024-ы — у нашай краіне Год якасці, то пісьменнікі таксама задумаліся пра свой удзел у ім. Але якасныя кнігі мы і раней выдавалі. Аднак разуменне адказнасці за слова, адказнасці перад чытачом, безумоўна, узрастае і ў пісьменнікаў у такім кантэксце, — кажа першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — Разам з Дзяржстандартам мы падпісалі Палажэнне аб правядзенні літаратурнага конкурсу «Пад знакам якасці», у якім могуць паўдзельнічаць усе ахвотныя. Першыя публікацыі на яго ўжо паступілі, а вынікі падвядзём у кастрычніку. У гэтым жа месяцы сёлета адзначыць сваё 100-годдзе Цэнтральная дзіцячая бібліятэка Мінска. І з гэтай нагоды мы з секцыяй дзіцячай літаратуры прынялі рашэнне правесці 100 сустрэч з пісьменнікамі ў дзіцячых бібліятэках Мінска. І ўжо маем добрыя вынікі. ...У гэтым складаным свеце, калі столькі супярэчнасцяў, слова пісьменніка застаецца тым звяном, якое звязвае народы. І гэта пацвярджае і наша садружнасць. Бо, дзякуючы словам пісьменнікаў, узнікае ў іншых жаданне вывучаць нашу краіну, культуру і нацыянальны характар. І мы будзем імкнуцца рабіць тое, што ад нас залежыць.

Калі ж вярнуцца да праграмы сёлетняй кніжнай выстаўкі, то, па словах яе арганізатараў, свята сёлета ўпершыню выходзіць за рамкі выставачнага комплексу. Каля ўвахода на выстаўку будзе арганізавана перасоўная экспазіцыя «Наш абавязак помніць». Яе ладзіць Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Стаў ужо традыцыйным пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў «Міжнародны квартал», які адкрыецца 15 сакавіка. Акрамя Беларусі, на сёлетняй выстаўцы ўдзел прымаюць 19 краін. Вялікая экспазіцыя будзе ў Ісламскай Рэспублікі Іран — яны прывязуць больш за 500 кніг. Кітайская Народная Рэспубліка прадставіць як класічную, так і сучасную кітайскую літаратуру на мове арыгінала. Іх дэлегацыя плануе прывезці каля 1500 кніг.

Асобна пра «Адукацыйны квартал» на выстаўцы распавёў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец:

— Наша міністэрства традыцыйна выступае партнёрам правядзення Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. І тое невыпадкова, бо, з аднаго боку, мы разумеем важнасць прыцягнення да гэтай падзеі нашых навучэнцаў, моладзі, каб выхоўваць у іх павагу да кнігі, якая была ў нас ва ўсе часы. А з іншага боку, сёння Міністэрства адукацыі дастаткова актыўна выконвае выдавецкую функцыю, і таму мы таксама прадставім шэраг навінак. Канцэптуальны падыход «Адукацыйнага квартала», які будзе працаваць у рамках выстаўкі-кірмашу, абумоўлены такімі важнымі грамадска-палітычнымі падзеямі, як правядзенне Адзінага дня галасавання, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Год якасці, які быў аб’яўлены ў нашай краіне.

Сярод навінак убачым ад выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» кнігі «Дзецям пра Канстытуцыю» і «Дзецям пра выбары». З удзелам аўтараў пройдзе прэзентацыя выдання «Адукацыя ў Беларусі: вытокі, гісторыя, сучаснасць». Выдавецтва «Народная асвета» прадставіць кнігу Барыса Савінава «Трыумф і трагедыя сям’і Казей». Важна будзе наведаць прэзентацыю выданняў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Там, напрыклад, будзе прадстаўлена кніга шрыфтам Брайля з серыі «Школьная бібліятэка» «Апавяданні дзеда Прыродаведа» Сяргея і Галіны Трафімавых і іншыя.

Яшчэ ў рамках выстаўкі традыцыйна пройдзе ўрачыстае ўзнагароджанне 63-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». На разгляд у ім сёлета было прапанавана звыш 150 кніг ад 35 выдавецтваў нашай краіны. А 16 сакавіка адбудзецца фінал чацвёртага Літаратурнага стартапа «ЛітUP», на які было заяўлена больш за 200 работ. А напярэдадні выстаўкі, 13 сакавіка, ладзім нашу традыцыйную сустрэчу з пісьменнікамі — міжнародны сімпозіум літаратараў — па тэме «Партнёрства ў імя будучыні». Таксама згадалі і пра мабільны дадатак «Чытанка», які штогод папаўняецца новымі аўдыякнігамі.

Алена ДРАПКО

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.