Вы тут

Пімен Панчанка: «...шануем Талачын»


Завітаўшы аднойчы ў Талачын, пазнаёміўшыся з Анатолем Шнэйдарам, мясцовым краязнаўцам, а яшчэ раней — партыйным работнікам, прыкіпеў да гэтай старонкі. Пра Анатоля Антонавіча расказаў у карэспандэнцыі «Падарожжа ў талачынскі Галівуд» у газеце «Советская Белоруссия» у ліпені 2003 года... Пасля і сустрэч нямала было з талачынскім краязнаўцам, збіральнікам памятак пра родныя мясціны, і ліставаліся мы з ім... І па крупінках стараўся збіраць звесткі пра літаратурную гісторыю края... А яшчэ часта да мяне ў рэдакцыю завітвае кандыдат філасофскіх навук, ураджэнец Талачынскага раёна Рыгор Чаславаіч Лянькевіч, аўтар і ўкладальнік многіх гісторыка-краязнаўчых прац, руплівы працаўнік па збіранню гістарычнай памяці пра легендарны Друцк…


Так паступова і нараджалася літаратурна-краязнаўчае падарожжа па аднаму з націкавейшых куточкаў Віцебшчыны. Талачын вядомасць сваю мае з 1433 года. Паселішча як горад уваходзіла ў склад Друцкага княства. Праз сто гадоў Талачын — ужо гандлёвае мястэчка Аршанскага павета. З XVII стагоддзя належаў Сапегам. Магдэбургскае права атрымаў 4 кастрычніка 1644 года. З 1772 года — у складзе Расійскай імперыі...

Літаратурным следам з’яўляецца наведванне Талачына 23 жніўня 1777 года рускім пісьменнікам Дзянісам Фанвізіным, які ехаў праз мястэчка за мяжу. Аформіўшы патрэбныя паперы, праз вёску Славені, паштовую станцыю Маляўка, выправіўся ў далейшую дарогу. Пад час вандроўкі вёў своеасаблівы «часопіс», старонкі яго ў выглядзе лістоў адпраўляў у Пецярбург і Маскву. 

У даваенныя гады ў дзяцінстве ў Талочыне жыў народны паэт Беларусі Пімен Панчанка, яго бацька працаваў лесаводам. У творчай спадчыне Пімена Емяльянавіча (1917 — 1995) ёсць верш «Ода Талачыну». «Талачанцы — не злачынцы,/ Добрых спраў яны зачынцы:/ Ад гарэлкі не шалеюць,/ Сеюць лён,/ Жывуць з алеем. / А дзяўчынкі-талачынкі,/ Як вясновыя хусцінкі, — / Кветкамі прыбраныя,/ Вечна закаханыя:/ То ў цябе, то ў мяне — / Шчасце дзевак не міне./ Каб сустрэцца з нашай любкай,/ Не ў Бабры ты злазь,/ Не ў Крупках,/ Трэба ў Коханаве злезці — / Спадабаешся нявесце. А далей — пяшэчкам/ З ільняным мяшэчкам:/ Не шануем важны чын, / А шануем Талачын». Твор быў упершыню надрукаваны ў часопісе «Полымя» у кастрычніку 1987 года. 

Аўтары даведніка «Літаратурныя мясціны Беларусі» А. Мальдзіс, Л. Кулажанка, С. Сачанка сцвярджаюць, што сусветна вядомы рускі празаік і паэт Канстанцін Сіманаў «верагодна, праязджаў праз Талачын у 1943...» Бо вёска, пра якую ідзе размова ў адным з вершаў у радку «Ты помнишь, Алёша, изба под Борисовом...», знаходзіцца пад Талачыном. У кнізе «Розныя дні вайны» Канстанцін Міхайлавіч сведчыць пра тое, як яны з Аляксеем Сурковым вярталіся з-пад Барысава, праехалі мост праз раку Бобр: «Па дарозе, стаміўшыся і канчаткова запыліўшыся, заехалі ў нейкую вёсачку каля дарогі». У Аляксея Суркова — наступны ўспамін: «Трапілі мы ў г. Талачын. Тут, пад Талачыном, у вёсцы ўсё і адбывалася, пра што напісана ў вершы». А вось і той верш з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны: 

Ты знаешь, наверное, все-таки Родина — 

Не дом городской, где я празднично жил,

А эти проселки, что дедами пройдены,

С простыми крестами их русских могил. 

Не знаю, как ты, а меня с деревенскою 

Дорожной тоской от села до села,

Со вдовьей слезою и с песней женскою

Впервые война на проселках свела. 

Ты помнишь, Алеша: изба под Борисовом,

По мертвому плачущий девичий крик,

Седая старуха в салопчике плисовом,

Весь в белом, как на смерть одетый, старик. 

Ну что им сказать, чем утешить могли мы их?

Но, горе поняв своим бабьим чутьем,

Ты помнишь, старуха сказала: — Родимые, 

Покуда идите, мы вас подождем. 

«Мы вас подождем!» — говорили нам пажити. 

«Мы вас подождем!» — говорили леса.

Ты знаешь, Алеша, ночами мне кажется,

Что следом за мной их идут голоса. 

Канстанцін Сіманаў (1915 — 1979) — пісьменнік і грамадскі дзеяч. Герой Сацыялістычнай Працы (1974), лаўрэат Ленінскай прэміі (1974) і шасці Сталінскіх прэмій (1942, 1943, 1946, 1947, 1949, 1950). Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, ордэнам «Знак Пашаны». Удзельнік баёў на Халхін-Голе... У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны паэт і журналіст быў прызваны ў Чырвоную Армію. І як карэспандэнт «Известий» быў прыкамандзіраваны да рэдакцыі газеты 3-й арміі «Боевое знамя». Штаб арміі размяшчаўся ў Маладзечна. Штабы карпусоў і дывізій, асобныя часці — у Гродна, Сухаволі (сённяшняя Польшча), Парэччы (пад Гродна)... І дабрацца туды ў першыя дні вайны ўжо не было ніякіх магчымасцяў. Фашысты наступалі даволі імкліва, часці і злучэнні Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі траплялі ў акружэнне... Сіманаў быў пераведзены ў франтавую газету «Красноармейскай правда» Заходняга фронта... І друкаваўся як нарысіст, як непасрэдны сведка гарачых падзей на лініі фронта — у «Известиях»... Падзеяй стала публікацыя нарыса «Горячий день» з фотаздымкамі знішчаных нямецкіх танкаў на Буйніцкім полі, пад Магілёвам... Канстанцін Сіманаў і ў пасляваенны час бываў у Беларусі, напісаў сцэнарый кінафільма «Бессмяротны гарнізон» пра Брэсцкую крэпасць. Свой прах пісьменнік завяшчаў развеяць над Буйніцкім полем... 

Аляксей Суркоў (1899 — 1983) — рускі савецкі паэт і літаратурны крытык, журналіст. Герой Сацыялістычнай Працы. У 1941 — 1945 гг. — ваенны карэспандэнт газеты «Красноармейская правда» і спецыяльны карэспандэнт газеты «Красная звезда». Ваяваў у Беларусі — і ў 1941-м і ў час вызвалення...Яркім творам А. Суркова франтавога перыяду сталася песня «Землянка» («Бьётся в тесной печурке огонь...»). Аўтар многіх паэтычных зборнікаў. 

У Талачыне 2 мая 1878 года нарадзіўся яўрэйскі паэт, празаік, драматург і перакладчык Іезікііл Левіт (памёр у Нью-Ёрку ў 1945 годзе). Жыў у Кішынёве. Друкаваўся ў бесарабскіх перыядычных выданнях. Асобнымі кнігамі на рускай мове выйшлі паэма І. Левіта «Дэбора» (1900) і два зборнікі вершаў і баек — (у 1901 і 1904 гг.), а таксама — камедыя ў чатырох дзеяннях «Грошы, грошы — у іх уся сутнасць» (1899), аповесць «Адна ісціна» (1901). На ідзішы ўраджэнец Талачына выдаў дзіцячую кнігу «Ханукальныя агні» і зборнік «Вершы». Вядомыя рамансы талачынца на рускай мове. Наш зямляк з’яўляецца перакладчыкам на ідзіш прозы ЛьваТалстога. Эмігрыраваўшы ў Амерыку, друкаваўся на ідзішы і на іўрыце, у перакладах на англійскую мову. Перакладчыцай яго твораў выступала вядомая публіцыстка Эліс Стоўн Блэкул. 

Звяртаючы ўвагу на літаратурна-краязнаўчыя адрасы Талачыншчыны, нельга абмінуць вуліцу Энгельса, дом 18 у самім раённым цэнтры — у Талачыне. Якраз па гэтым адрасе знаходзіцца рэдакцыя раённай газеты «Наша Талачыншчына». У розныя дзесяцігоддзі ў калектыве «раёнкі», якая і па рознаму называлася, працавалі журналісты альбо рупіліся пазаштатныя карэспандэнты, якія пасля сталі аўтарамі паэтычных і празаічных кніг. І, канешне ж, можна быць упэўненым, што ў кнігах Нічыпара Пашкевіча, Алеся Мазура, Анатоля Мяснікова, Івана Прускага, Сяргея Рублеўскага, Сяргея Плескача, Дзмітрыя Лемешава ёсць адбітак, зрэз талачынскіх сюжэтаў...

...У 2009 годзе ў Віцебскай абласной друкарні выйшаў вершаваны зборнік «Зямная споведзь». З прадмовы да кнігі: «Ад чалавека ў рэшце рэшт застаецца да крыўднага мала: тлен, горбік магілкі і крыж, якія таксама некалі стануць зямлёй. Як кажуць, выйшаў з зямлі і ў яе вярнуўся. Гэта, на жаль, сапраўды так. Калі б не памяць... У Алеся Мазура засталіся яго вершы...» Такія словы выпісаў, выгаварыў у прадмове да паэтычнага зборніка талачынца Алеся Мазура вядомы віцебскі паэт Алег Салтук. А. Мазур, які настойліва сцвярджаў сваё паэтычнае крэда («Песні няхітрай маёй аснова — матчына мова, родная мова»), не дачакаўся зборніка «Зямная споведзь», які пабачыў свет ужо пасля яго смерці. Такая ўжо доля ў беларускага паэта XX і XXI стагоддзяў: шчырым і пранізлівым радком пакутна і балюча пісаць пра мову. Пачатак вершатворчасці Алеся Мазура — у няпростых 1970-х... І тады паэт пісаў пра тое, што яго «агонь — у слове родным», пісаў пра прыгажосць родных краявідаў, пра свае ўнутраныя перажыванні, чым вершы Алеся Мазура прыцягальныя і зараз. 

Празаік Сяргей Рублеўскі (нарадзіўся 24 снежня 1954 года ў вёсцы Бабча Лепельскага раёна) скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля вучобы настаўнічаў на Міншчыне, у Капыльскім раёне. З 1978 года — на журналісцкай працы. Працаваў у бешанковіцкай раённай газеце «Зара», затым — у талачынскай «раёнцы» «Сцяг Ільіча» («Наша Талачыншчына»). Пасля — у «Віцебскім рабочым». Сяргей Васілевіч Рублеўскі — аўтар кніг «Апостраф», «Азярод», «Абмытыя валуны», «Ў, тое, што мы скарацілі», «Маўчанне на ўвесь Божы свет», «Святло лускі», «Паспець надыхацца» , «Мамін шэпт пад абразамі»... 

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у талачынскай раённай газеце (тады яна называлася «Чырвоны хлебароб» ) працаваў Нічыпар Еўдакімавіч Пашкевіч (1924 — 2003), літаратуразнаўца, журналіст, кандыдат філалагічных навук... Нарадзіўся Н. Пашкевіч у вёсцы Філістава Талачынскага раёна. У сялянскай сям’і. у 1939 годзе паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча. Вучобу перапыніла вайна. Вярнуўся дахаты. У 1942 годзе ўступіў у партызанскі атрад імя Катоўскага брыгады «Граза», якая дзейнічала на Талачыншчыне. Быў радавым партызанам, пасля — памочнікам камісара атрада па камсамолу, камісарам атрада. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Папрацаваўшы пасля вызвалення ў «раёнцы», зарэкамендаваў сябе старанным карэспандэнтам. І быў запрошаны на працу ў абласную газету «Віцебскі рабочы». Завочна скончыў гістарычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Працаваў у газеце «Звязда» — загадчыкам аддзела, адказным сакратаром газеты (1951 — 1956 гады). У 1960 годзе скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС у Маскве. У 1961 — 1969 гг. — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Працаваў у маскоўскіх перыядычных выданнях, у тым ліку — і ў галоўнай на той час усесаюзнай газеце «Правда», дзе загадваў аддзелам крытыкі і бібліяграфіі... Нічыпар Пашкевіч — аўтар кніг літаратурнай крытыкі «На шырокіх шляхах жыцця» (1965) і «На эпічным накірунку» (1969). Даследаваў адлюстраванне беларускімі празаікамі подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Напісаў літаратурна-крытычныя арыткулы і рэцэнзіі, прысвечаныя творчасці, кнігам Міхася Лынькова, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Івана Навуменкі, Алеся Адамовіча, Аляксея Зарыцкага, Алены Васілевіч, Аляксея Кулакоўскага... Нічыпар Пашкевіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. 

Пакінуўшы Талачын, мы маглі б зазірнуць у розныя «літаратурныя вёскі» гэтай старонкі... Але гэта ўжо — тэма іншага літаратурна-краязнаўчага падарожжа... 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв'ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.