Вы тут

Як звы­чай­ная чай­ка змя­ні­ла жыц­цё ма­ла­дой сям'і


Вядома, што нашы продкі для прыцягнення ў дом поспеху і шчасця выраблялі розныя прадметы. Адным з такіх сімвалаў з даўніх часоў з’яўлялася драўляная птушка. Аб гэтым славянскім абярэгу ёсць нават прыгожая легенда. Шмат гадоў таму ў марозную зіму ў адной вёсачцы вельмі цяжка захварэў маленькі хлопчык. І ўжо ніякія адвары і настойкі, ніякія знахары і лекары не маглі дапамагчы. І вось аднойчы вечарам хлопчык прыўзняўся на ложку і слабым голасам спытаў: «Тата, а калі прыйдзе вясна?» — «Калі птушкі прыляцяць», — адказаў той. «Вось калі птушкі прыляцяць, тады я і ачуняю», — ціха прамовіў хлопчык. І тут у галаву тату прыйшла геніяльная ідэя, як паскорыць прыход вясны: ён выразаў з кавалка дрэва птушачку і павесіў над ложачкам сына. І здарыўся цуд! Хлопчык спачатку глядзеў, як яна кружыла над яго галавой, а потым, на ўсеагульнае здзіўленне і радасць, пайшоў на папраўку.​

Героі гэтага артыкула таксама вырабляюць драўляных птушак. Яны шчыра вераць, што іх крылатыя буслы ды ластаўкі абавязкова прынясуць шчасце ў дом сваіх гаспадароў. Як выпадковая пакупка стала справай жыцця? І ці сапраўды так шмат усяго нам патрэбна для шчасця? Пра гэта і не толькі размаўляем з Дзмітрыем і Юліяй ГарошкІ, стваральнікамі сямейнай майстэрні «Пад Крылом».

Пра ма­гію ды му­зыч­ную ка­лон­ку

 

Размаўлялі мы ў майстэрні, дзе нараджаюцца на свет крылатыя прадвеснікі шчасця. Адразу ж з парога мой погляд «узлятае» пад столь і затрымліваецца на ластаўцы, чайцы, стрыжы ды бусліку. Назіраючы за плаўнымі ўзмахамі іх крылаў, упадаеш у медытатыўны стан. У нейкі момант нават забываеш, што птушкі зроблены з дрэва, здаецца, што вось-вось яны адна за адной вылецяць з акна…

Каля васьмі гадоў таму гэтаксама, як і я, на драўляную чайку ў сувенірнай краме, бы заварожаныя, глядзелі Юля з Дзімам.

Юля: Гэта было падчас адпачынку ў Чарнагорыі. Перад ад’ездам дадому мы зайшлі ў маленечкую сувенірную краму, дзе зусім выпадкова ўбачылі падобную птушку. Дакладней, Дзіма ўбачыў. Я яе і не заўважыла б, напэўна, бо яна вісела пад самай столлю. Людзі ж рэдка ў крамах глядзяць уверх. Мы ўжо стаялі каля касы, як раптам Дзіма кажа: «Юля, глядзі!» І тузае за вяровачку. У гэты момант пачалася магія — чайка «паляцела». Мы, не раздумваючы, выклалі 30 еўра за крылаты цуд.

Дзіма: Павесілі мы яе на кухні, яна і цяпер там вісіць — як сімвал пачатку нашага творчага шляху. Я штодня любаваўся яе палётам. І мне стала цікава паспрабаваць зрабіць штосьці падобнае самому. Рукамі я працаваць звыклы, большую частку жыцця пражыў у прыватным доме, дапамагаў тату штосьці прыкруціць, адпілаваць. Сваю першую чайку я падарыў цешчы. Потым было яшчэ некалькі, усе імгненна «разляцеліся» па дамах сяброў і сваякоў. Некалькі птушак я аддаў на рэалізацыю ў сувенірныя крамы. На хобі часу не заставалася.

Юля: Так склалася, што ў 2019 годзе мужу прыйшлося на нейкі час пакінуць сваю работу. Я ж якраз пайшла ў дэкрэтны водпуск, але жаданне паказаць птушак іншым людзям не давала спакою. Мне вельмі падабаліся гэтыя душэўныя вырабы. І я прапанавала Дзіму падысці да справы сур’ёзна.

Дзіма: Менавіта тады з’явіўся наш першы шліфавальны станок, зроблены з музычнай калонкі і дрылі. Я майстраваў птушак на балконе, можна сказаць, на каленцы. Рыхтаваўся да першага ў сваім жыцці кірмашу вырабаў ручной работы. Да чайкі дадаліся стрыж і ластаўка.

Юля: І вось мы на «Млыне» — з 16 падпісчыкамі Іnstagram і сумненнямі, ці патрэбна камусьці тое, што мы робім. Да 31 снежня ў нас было больш як сто прададзеных птушак шчасця і 500 падпісчыкаў. «Млын» даў нам неверагодны зарад і жаданне працягваць справу. Вельмі натхніла рэакцыя наведвальнікаў. Многія спыняліся і глядзелі на нашых птушак як на нейкі цуд. Неўзабаве мы арандавалі памяшканне для майстэрні, закупілі неабходны прафесійны інструмент, каб рабіць птушак хутчэй і больш якасна. Мы не стаім на месцы, пастаянна паляпшаем вырабы. За чатыры гады замянялі адзін матэрыял на іншы, адну фарбу — на другую, пакуль птушкі не сталі надзейнымі і цалкам не задаволілі Дзіму. Бо ён перфекцыяніст — калі за штосьці бярэцца, то робіць на сумленне.

Дзіма: Калі цяпер параўнаць якасць купленай намі ў Чарнагорыі птушкі і тых, што мы робім сваімі рукамі, — гэта неба і зямля.

 

— Для каго вы робіце сваіх птушак?

Юля: Для людзей, якія любяць незвычайныя рэчы ў інтэр’еры, для рамантыкаў, тых, хто шукае крыху чараўніцтва, тых, хто цэніць менавіта вырабы ручной работы. Нашы птушкі па-за ўзростам і полам. Вельмі часта яны падабаюцца мужчынам, іх прыцягвае фізіка вырабу. Робяць выгляд, што купляюць для дзіцяці, але насамрэч для сябе. Нашы падвясныя птушкі дапамагаюць запаволіцца, «выключыць» шум і мітусню ў галаве. 

У асноўным людзі, якія ўжо набылі адну птушку, вяртаюцца яшчэ па падарункі для блізкіх. Буслоў часта дораць паслам, купляюць для музеяў. Нядаўна прыйшло вельмі радаснае паведамленне: «Купіла восенню на «Млыне» вашага бусла. А ён да Новага года прынёс нам доўгачаканага малога. Муж сказаў: «Трэба яшчэ аднаго ў наш дом засяліць. Дзякуй за цуды!» Як я люблю такія гісторыі! Мы шчыра верым, што нашы буслы валодаюць цудадзейнай сілай, бо гэта ўжо не першы малы на рахунку нашых птушачак. Дарэчы, падвясныя птушачкі могуць служыць мабілем над дзіцячым ложачкам, які стане любімай цацкай па меры сталення дзіцяці.

Пра ружовыя крылы ды работу ў банку

У калекцыі сям’і Гарошкаў раней былі і ружовыя птушкі, і бірузовыя. Але з часам рамеснікі зразумелі, што людзі аддаюць перавагу класіцы.

Дзіма: Мне запомнілася, як наша ружовая чайка спадабалася сямігадоваму хлопчыку. Бацькі яго доўга адгаворвалі: «Не, гэта для дзяўчынак. Ружовая... Ну куды?» Яны ў выніку ўзялі белую птушку, але потым вярнуліся і замянілі яе на ружовую. Бацькі думаюць, што яны ўсё ведаюць лепш. Так, магчыма. Але часам трэба дазволіць дзіцяці самому зрабіць выбар. Інакш яно так і не даведаецца, што яму сапраўды падабаецца ў гэтым жыцці. Магчыма, зразумее, гадоў у сорак. Але ж, пагадзіцеся, далёка не кожны ў такім узросце вырашыць кардынальна ўсё памяняць, каб пайсці па новым шляху.

— Раней рамяство перадавалася ад бацькі сыну. Вам бы хацелася, каб сын, калі падрасце, таксама далучыўся да сямейнай справы?

Дзіма: Я хачу, каб ён паспрабаваў рознае і выбраў тое, што яму па душы. Мая мама ўсё жыццё працавала ў банку. Таму нават пытання не стаяла, на каго мне пайсці вучыцца. Я атрымаў эканамічную адукацыю, бо ўсе казалі, што яна перспектыўная. Цяпер разумею, што гэта ну зусім не маё, мне падабаецца штосьці рабіць рукамі, працаваць з дрэвам. Але ў той час я паддаўся ўплыву старэйшых. І страціў шмат гадоў свайго жыцця на работу, да якой не ляжала душа.

Юля: Нашаму сыну пяць гадоў. І мяне вельмі радуе, што Ваня расце ў творчай атмасферы, прыходзіць у майстэрню, з самага дзяцінства штосьці спрабуе пілаваць, ужо ўмее абыходзіцца са шрубакрутам. Птушкай, якая лётае, яго, вядома, ужо не здзівіць. Яму цікавей назіраць, як яны робяцца, які інструмент для чаго прымяняецца. Мне падабаецца, што ён знаходзіцца ў творчым асяродку, стаіць з намі на выстаўках. Гэта, спадзяюся, дасць яму магчымасць у будучыні развіць творчыя здольнасці. Бо, я перакана, творчасць вельмі важная ў жыцці любога чалавека. Яна дапамагае зразумець, на што здольная твая душа. Тварыць жа можна дзе заўгодна, нават працуючы кантралёрам у аўтобусе.

Пра ста­рэнь­кі ча­ма­дан ды прос­тую ра­дасць

— Ці складана разам займацца адной справай?

Дзіма: Зрабіць выраб — гэта толькі палова справы. Не менш важна — яго прадаць. Адзін, без жонкі — яна маркетолаг па адукацыі, — я дакладна не справіўся б. Відаць, даўно б ужо кінуў.

Юля: Добра, што ў нашай сямейнай справе ёсць і мужчынскі, і жаночы пачатак. Мы ўзаемадапаўняем адно аднаго, у нас у гэтым плане ўдалы тандэм. Калі ў аднаго рукі апусціліся, другі яго натхняе і штурхае наперад.

Дзіма: Я зразумеў, што важна ісці сваім шляхам, арыентавацца ў першую чаргу на сябе, на свае ўнутраныя адчуванні, інтуіцыю. І тады абавязкова ўсё атрымаецца. Можа, не з першага разу, але, жыццё паказвае, менавіта цяжкасці загартоўваюць, робяць цябе мацнейшым.

Юля: Я веру, што ўсё ў жыцці невыпадкова. У гэтым свеце дакладна ёсць нешта большае, чым бачаць нашы вочы. Такое адчуванне, што гэту справу нам з Дзімам Бог даручыў не проста так, што мы выконваем светлую місію — натхняць і прыносіць людзям радасць.

Падчас сустрэчы Юлія распавяла натхняльную гісторыю, паводле якой любоў да птушак і да творчасці перадалася ёй у спадчыну:

— Мой дзядуля Эдуард Аляксандравіч Зубелік працаваў маляром. У Баранавічах яго добра ведалі, бо ён фарбаваў усё, што можна: фантаны, фасады... Але ў душы заўсёды быў мастаком. Падчас абедзеннага перапынку ўсе мужыкі перакурвалі, а ён даставаў аловак і блакнот. Маляваў партрэты і раздорваў. Я расла не ў кватэры, а ў сапраўднай «мастацкай галерэі». На сценах фарбамі дзядуля маляваў вялікія карціны — лебедзяў, якія ляцяць, і «Раніцу ў сасновым лесе», на шкле ў дзвярах — бярозкі. На падлозе ў вітальні метадам аплікацыі з тонка падабраных па колеры кавалкаў лінолеуму зрабіў нешта накшталт дывана. Мне ў спадчыну дастаўся сапраўдны скарб — яго старэнькі чамадан. У ім — партрэты, пейзажы, нацюрморты дзядулі. Ён наогул вельмі любіў прыроду, заўсёды знаходзіў час палюбавацца світанкамі і захадамі сонца. Я з ім праводзіла вельмі шмат часу і вельмі ўдзячна, што ён перадаў мне ўменне заўважаць прыгажосць вакол сябе. І яшчэ дзядуля вельмі любіў усё жывое. ...У яго была процьма прыкормленых катоў, сабак, ён на руку, на плячо сыпаў крошкі, каб вераб’і ды сініцы да яго прыляталі. Я пераканана, што яму вельмі спадабаліся б нашы драўляныя птушкі. Але, на жаль, у яго здарыўся інсульт. Дзядуля сышоў у найлепшы свет у 84 гады. Тым не менш я ведаю, што ён пражыў вельмі шчаслівае жыццё. Часта думаю: вось сёння людзі пастаянна штосьці шукаюць. Нам увесь час для шчасця чагосьці не хапае... Дзядуля ж умеў знаходзіць радасць у кожным моманце. Заўсёды казаў: «Вунь сонца ўстала, значыць, ёсць надзея, што ўсё будзе добра».

На­дзея ДРЫНД­РО­ЖЫК

Фо­та з ар­хі­ва ге­ро­яў ар­ты­ку­ла

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.