Вы тут

У пошуках суперсябра


Знайсці суперсябра К. і не згубіцца ў краіне Забыцця, сабраць Камандны дух у чароўную ракавінку, развеяць чары хітрай царыцы Лукаўі, дапамагчы разгубленым героям... Гучыць як нешта казачна-фантастычнае? Як бы не так! Хочам запэўніць вас, што для выхаванцаў сталічнага дзіцячага садка № 579 усе гэтыя чароўныя прыгоды сталі рэальнасцю падчас праходжання квэст-гульні «У пошуках суперсябра К.»


Чараўніцтва пачалося са з’яўлення Феі Слова, ролю якой выканала член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Драбышэўская. Яна па-майстэрску залучыла дзяцей у квэст-гульню, створаную па матывах кніг беларускіх пісьменнікаў. Чым далей, тым больш чараўніцтва. Так, хутка ў зале з’явіліся самыя сапраўдныя героі, якія быццам бы толькі што сышлі са старонак тых самых кніг: Шубуршун, Сабака Мэлі, Дамавічок Сеня, Павучок Славік, Вяснушка, ролі якіх выканалі юныя ўдзельнікі творчай літаратурнай студыі ад Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Атрымалася цудоўнае спалучэнне прыемнага з карысным. У лёгкай гульнявай форме малыя бліжэй пазнаёміліся з сучаснай беларускай дзіцячай літаратурай. Усё гэта было створана Валянцінай Драбышэўскай у межах творчага праекта для дзяцей «Падарожжа па Беларусі» ад Выдавецкага дома «Звязда». Мы паразмаўлялі з аўтаркай квэст-гульні і даведаліся, як нараджаюцца такія ідэі.

— У мяне вялікі досвед працы з дзецьмі: 32 гады педагагічнага стажу. Калі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч убачыў мае выступленні, то прапанаваў стварыць мерапрыемства, падчас якога можна папулярызаваць кнігі беларускіх аўтараў, — падзялілася пісьменніца.

— Ідэя была зразумелая, заставалася прыдумаць форму, цікавую і карысную для маленькіх чытачоў. Сучасныя дзеці вельмі цікаўныя, яны шмат часу праводзяць у гаджэтах, і таму толькі інтэрактыўная форма з эфектамі візуалізацыі можа захапіць іх, — распавядае Валянціна Драбышэўская. — Вось я і прыдумала квэст-гульню, у якой спалучаюцца розныя віды актыўнасцяў, развіваюцца творчыя здольнасці дзяцей, іх камунікацыйныя навыкі, выхоўваецца любоў да кнігі, фарміруецца навык работы ў камандзе. А яшчэ разыначка квэста ў тым, што галоўныя ролі выконваюць дзеці, равеснікі патэнцыйных гледачоў. Гэта яшчэ больш прываблівае і паказвае, што на месцы літаратурнага героя апынуцца нескладана, галоўнае — прачытаць кнігу.

Выхаванцы дзіцячага садка з задавальненнем прымалі ўдзел ва ўсіх актыўнасцях: спявалі, танцавалі, адгадвалі загадкі і ў канцы, пасля ўсіх выпрабаванняў нарэшце знайшлі свайго самага галоўнага сябра — кнігу.

Самая юная сярод артыстаў — Вара Сушкова. Яна выканала ролю Сабакі Мэлі. Дзяўчынка яшчэ сама ходзіць у дзіцячы садок, аднак выступаць перад гледачамі ёй зусім не страшна, бо побач надзейная апора: старэйшы брат Ваня ў вобразе Дамавічка Сені. Роля энергічнага Шубуршуна дасталася Яраславу Байкову, Павучка Славіка — Раману Сяміжону, бабуля якога — Таццяна — выконвае ролю злой царыцы, а вясёлую Вяснушку іграе Анастасія Салушчава. Так што квэст яшчэ і пакаленні аб’ядноўвае, адраджае традыцыі сямейнага чытання.

Варта адзначыць, што квэст-гульня вельмі адаптыўная. Яе змест можа вар’іравацца ў залежнасці ад узросту гледачоў і ўмоў пляцоўкі для выступлення. А яшчэ ў час квэста гучаць творы сучасных беларускіх пісьменнікаў на рускай і беларускай мовах.

Выступленне ў дзіцячым садку № 579 было ўжо пятым па ліку. За плячыма ў артыстаў чатыры квэст-гульні ў Лідзе, дзе ўсё прайшло на «ўра!»

— Дзеці з радасцю набывалі новага «суперсябра К», таму што зразумелі, што з кнігай таксама можна цікава бавіць час: пераўвасабляцца, чытаць вершы, казкі, адгадваць загадкі, — распавядае Валянціна Драбышэўская. — Калі бачыш ззяючыя вочы дзяцей і іх зацікаўленасць , то становіцца відавочна, што з дапамогай нашага квэста яны не толькі набылі новую кнігу, але і акунуліся ў свет сучаснай дзіцячай літаратуры. Гэта дае цвёрдую ўпэўненасць у тым, што ў будучыні мы выгадуем свядомага чытача, чалавека з крытычным мысленнем і развітай мовай.

Праект мае шмат планаў: яго ўжо з нецярпеннем чакаюць у розных гарадах Беларусі. Таксама праект прадставяць на XXХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Фея Слова Валянціна Драбышэўская абяцае, што будзе займальна, пазнавальна і чароўна!

Ліза ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.