Вы тут

Пра насенне ды натхненне


У апошні дзень лютага ў маршрутцы толькі і размоў было, што пра вясну. Хтосьці натхнёна распавядаў, што ўжо пасадзіў перцы на расаду ды радыс — у цяпліцу («на ўсялякі выпадак накрыла спанбондам, бо абяцаюць яшчэ невялікія замаразкі»), нехта запісаўся на аквааэробіку, актыўна рыхтуе цела да лета, нехта распачаў рамонт у доме, нехта закупіў «зімовы лес» для будучай лазні... «Жураўлі прыляцелі, і гусі, і шпакі, — з усмешкай паведамляе настаўніца пачатковых класаў, з якой ужо па традыцыі едзем побач першыя дзесяць хвілін. — Даўно не памятаю, каб так было ў лютым...» «А ў нас на клумбе ўжо пралескі распусціліся», — паведамляе аднагрупнік па тэлефоне.


Пачынаючы з першага дня вясны ў транспарце і на вуліцах горада, па традыцыі, з’яўляецца ўсё больш і больш жанчын розных узростаў з кветкамі ў руках. Яны любуюцца імі, нюхаюць час ад часу і загадкава ўсміхаюцца. Дарэчы, з 1 да 10 сакавіка ў Цэнтральным батанічным садзе сталіцы праходзіць выстава кветак. У адным памяшканні спецыялісты сабралі чароўныя гіяцынты, далікатныя крокусы, сонечныя нарцысы і, вядома ж, цюльпаны. «Апошніх там больш як 70 сартоў, — дзеліцца пасля наведвання каляжанка. — Махровыя, падобныя да півоняў, папугайныя, якія нагадваюць апярэнне птушак... Але больш за ўсё мяне ўразілі ранняй вясной... галінкі бэзу. Гэты проста неверагодны калейдаскоп колераў і водараў быццам паскарае час. І чакаць кліматычную вясну становіцца крышачку лягчэй».

Асабіста мяне апошнім часам уразіў адзін здымак у інтэрнэце. На ім мужчына гадоў 50-ці стаіць ля серванта з кветкай у руках, а ўся падлога застаўлена скрынямі з рознакаляровымі цюльпанамі. І подпіс: «Беларус вырошчвае цюльпаны прама ў сваёй кватэры». Ураджай мужчына збірае ва ўласнай гасцёўні. І, відаць, ужо не ўпершыню. У доме стаіць і спецыяльнае асвятленне, і гаршкі з апорамі прама насупраць канапы.

Наогул, мужчыны, якія захапляюцца кветкамі, мяне вельмі натхняюць. Толькі сярод маіх знаёмых такіх трое. Адзін з іх, Кірыл Кветка, задумаў чарговы праект. На працягу трох вясновых месяцаў ён запрашае ўсіх далучыцца да Кветкавага марафону, які хлопец запусціў разам з «Бібліятэкай раслін». Для гэтага патрэбна пры падтрымцы дасведчаных спецыялістаў высяваць насенне садовых раслін і расціць у сябе дома на падаконніку расаду. Потым тую расаду перадаць у брэсцкі Кветка-Парк, які Кірыл стварыў пры ўніверсітэце, дзе вучыцца. Там будзе зроблена шэсць клумб — па адной ад кожнай вобласці нашай краіны. Восенню ж на спецыяльным мерапрыемстве вызначаць найлепшую. «Калі вы хочаце вырошчваць расаду толькі для свайго ўчастка, таксама далучайце да марафону, будзе цікава», — запрашае Кірыл.

Пакуль пісала пра Кірыла, згадала пра яшчэ адзін душэўны праект, у якім сама летась прымала ўдзел. Траўніца Настуся перад пачаткам садова-агародных спраў разам з бабулямі Палесся збірае наборы для пасадкі маленькага агарода, дзе ёсць месца і для гародніны, і для лекавых раслін, і для кветак. І рассылае іх за сімвалічную плату ўсім ахвотным. Каштоўнасць такіх набораў у тым, што ў іх уваходзіць насенне, вырашчанае без выкарыстання пестыцыдаў, хімікатаў, ГМА, гібрыдызацыі. Дарэчы, Настуся стварыла ў Тэлеграме карысную суполку «Юныя Натуралісты» для садаводаў-пачаткоўцаў і агароднікаў. І з канца лютага натхняе народ на агародныя подзвігі. На днях падзялілася дакументальным фільмам пра дзвюх сёстраў Олю і Таню, якія стварылі сваю Кветкавую ферму. У планах дзяўчат (адна з іх, дарэчы, раней працавала праграмістам, другая — архітэктарам) не толькі пашыраць пасяўныя плошчы пад кветкі на продаж, але і засеяць вялікае поле цюльпанамі, каб усе ахвотныя вясной маглі прыехаць, натхніцца, пафатаграфавацца. Прыемна было слухаць іх маці, якая спачатку не вельмі разумела новае захапленне дачок, не надта верыла ў яго поспех. А цяпер сама з задавальненнем дапамагае ім і атрымлівае асалоду. Жанчына прызналася, што кветкавая ферма вельмі зблізіла іх сям’ю.

Восенню я набывала цыбуліны цюльпанаў колеру слановай косці на рынку ў мужчыны- кветкалюба. Менавіта ён распавёў мне пра цікавую звычку славутага Гётэ. Той набіваў кішэні... насеннем кветак. І куды б ні ішоў, паціху іх раскідваў уздоўж дарог. Калі Гётэ памёр, засталося шмат месцаў у Германіі, якія былі спрэс засеяны кветкамі. «Калі расказваю гэтую гісторыю сваім пакупніцам, большасць натхняюцца, кажуць, што яны таксама не супраць так упрыгожваць планету. "Але ж дзе ўзяць столькі насення, яно ж такое дарагое?.. «А не абавязкова яго набываць. Можна збіраць самім у сезон. Напрыклад, бачыце — касмея квітнее, вазьміце насенную скрыначку і рассейце....»

Як бачыце, не толькі птушкі сеюць насенне... 

Пасеяць яго, як і натхненне, у сэрцах іншых людзей па сілах кожнаму з нас... 

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв'ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.