Вы тут

Што трэба ведаць, каб навядзенне парадку на зямлі не скончылася трагедыяй


Не паспее выглянуць першае вясновае сонца, як людзі, асабліва ў сельскай мясцовасці, бяруцца наводзіць парадак на зямлі. Зграбаюць апалае восеньскае лісце, якое не прыбралі да першага снегу, абразаюць сухія галінкі ў кустоў і дрэў, улазяць у кветнікі, дзе работы таксама хапае. Затым тое смецце, якое сабралі за дзень, а можа, і тыдзень, паляць. Толькі далёка не заўсёды робяць гэта правільна.


Каб пазбегнуць непрадбачаных і не самых прыемных здарэнняў пры навядзенні парадку на зямлі, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях рэкамендуюць прыслухацца да іх парад. Ратавальнікі, як ніхто, ведаюць, чым заканчваецца такая «генеральная» прыборка. Калі адны гаспадары прыватных падворкаў з-за невыканання элементарных правілаў бяспекі пазбаўляюцца маёмасці (хаты, хлява або гаража, а часам — усяго разам), то іншыя, уступаючы ў няроўны бой з агнём, страчваюць самае дарагое — уласнае жыццё.

«Вогненныя гісторыі»

Каб перакінуцца з вогнішча на пабудовы, шмат часу агню не трэба. І прыкладаў, на жаль, нямала. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў сакавіку 2022 года ў вёсцы Руда Ліпічанская Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Навядзенне парадку на ўласным падворку скончылася тым, што моцны вецер у лічаныя секунды разнёс полымя на дзясяткі метраў, загарэлася і сухая трава. Гаспадары выклікалі ратавальнікаў толькі тады, калі агонь ужо перакінуўся на пабудовы. Каб патушыць полымя, супрацоўнікам МНС спатрэбілася больш як дзве гадзіны. У ліквідацыі ўзгарання ўдзельнічалі дзесяць пажарных разлікаў, супрацоўнікі лясгаса і мясцовага сельгаспрадпрыемства. У выніку пажару былі знішчаны два жылыя і тры нежылыя дамы, 17 гаспадарчых пабудоў.

У памяці — і яшчэ адна «вогненная гісторыя», якая таксама адбылася на Гродзеншчыне. У красавіку 2020 года ў Шчучынскім раёне згарэла практычна ўся вёска. Здарэнне ў Нарчах адбылося па віне мясцовага жыхара, які на ўласным падворку спальваў сухую траву. У выніку пажару згарэла больш за 20 дамоў, у двух з якіх пастаянна пражывалі грамадзяне. Пацярпелых, на шчасце, не было. 

З пачатку 2024 года ў краіне адбылося 37 пажараў травы і кустоўя. Выпадкаў выпальвання сухой расліннасці пакуль не зафіксавана.

Бязветранае надвор’е і асабістая прысутнасць

Каб навядзенне парадку на зямлі не прывяло да пажараў, а тым больш да няшчасных выпадкаў, ратавальнікі рэкамендуюць выконваць шэраг простых правіл.

Першае і самае галоўнае — паліць смецце варта толькі ў ціхае, бязветранае надвор’е. Спальванне неабходна ажыццяўляць выключна пад бесперапынным кантролем за працэсамі гарэння і тлення. Нават нягледзячы на вашу прысутнасць каля вогнішча, пад рукой павінны быць першасныя сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель, вядро вады або пяску, рыдлёўка, якія ў выпадку пазаштатнай сітуацыі дапамогуць хутка патушыць полымя.

— Перш чым развесці вогнішча, трэба падумаць над тым, дзе лепш гэта зрабіць, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Вызначыўшыся з месцам, улічыце, каб яно знаходзілася на бяспечнай ад будынкаў і збудаванняў адлегласці. Месца для развядзення агню павінна быць ачышчана ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці. Каб агонь не распаўсюджваўся па сухой траве, вогнішча трэба акапаць. Пасля таго, як агонь дагарэў, абавязкова заліце вуглі вадой: гэтым вы папярэдзіце паўторнае ўзгаранне.

Ратавальнікі акцэнтуюць увагу: спальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях увогуле забаронена (за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць). Самы бяспечны спосаб навядзення парадку — вывозіць смецце ў прызначаныя для гэтага месцы або складзіраваць у кампосную яму.

Лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці — табу!

Яшчэ адзін важны момант, пра які не ведаюць або не хочуць ведаць людзі, — для развядзення вогнішча катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці. Яны хутка распальваюць агонь, але наступствы, да якіх гэтыя рэчывы прыводзяць, нярэдка незваротныя. У прыватнасці, чалавек можа атрымаць апёкі, якія потым усё жыццё будуць нагадваць аб навядзенні парадку на зямлі.

Мінулай вясной з апёкамі 10% быў шпіталізаваны барысаўчанін. Як потым высветлілася, пенсіянер на тэрыторыі прыватнага домаўладання спальваў смецце. Каб зрабіць гэта хутчэй, вырашыў развесці вогнішча пры дапамозе лёгкаўзгаральнай вадкасці. Па неасцярожнасці мужчына праліў вадкасць на рукі. Адбылася ўспышка пары — і на ім загарэлася адзенне. У выніку здарэння пенсіянер атрымаў апёкі жывата, кісці рукі і левай нагі. І такія пацыенты ў сезон навядзення парадку на зямлі рэгулярна паступаюць ва ўстановы аховы здароўя.

На жаль, бываюць сярод іх і дзеці. Апёкі 11% цела летам 2021 года атрымаў і падлетак з Мінскага раёна. Хлопчык разам з бацькамі знаходзіўся ў гасцях. Няшчасны выпадак здарыўся, калі ён падкідваў сухія галінкі і лісце ў вогнішча. Дзіцячае свавольства з агнём прыводзіць і да пажараў у экасістэмах. У выніку такіх «забаў» загараецца і стог сена, і цэлае поле. Пагаварыце са сваімі дзецьмі аб наступствах гульні з запалкамі, патлумачце ім у першую чаргу тое, што гэта небяспечна для жыцця.

Ратавальнікі звяртаюцца да грамадзян, каб яны не праходзілі міма травы, якая гарыць. Пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі паведамляйце аб узгараннях у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па нумарах 101 або 112.

Вераніка КАНЮТА

Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Загаловак у газеце: Паліў траву — згарэла вёска.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?