Вы тут

Бахтавар Сафарзада: Таджыкістан і Беларусь звязвае даўняя моцная дружба


Беларусь і Таджыкістан добра ведаюць магчымасці адно аднаго, а паміж народамі, таксама як і лідарамі дзяржаў, склаліся даўнія дружалюбныя і даверныя адносіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Бахтаварам Сафарзадой. Прычым повязі сяброўства і братэрства паміж нашымі краінамі ніколі не перарываліся, адзначыў беларускі лідар. Чаго ўдалося дасягнуць за амаль тры дзесяцігоддзі двухбаковага супрацоўніцтва, якія кірункі ўзаемадзеяння можна вызначыць як стратэгічныя, калі ў Мінску з’явіцца Гандлёвы дом «Таджыкістан», у эксклюзіўным інтэрв’ю газеце «Звязда» расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь Бахтавар Сафарзада.


— Спадар Пасол, двухбаковыя дыпламатычныя адносіны паміж нашымі краінамі былі ўстаноўлены больш як 27 гадоў таму. Які шлях удалося пераадолець за гэты час?

— Таджыкістан і Беларусь звязвае даўняя моцная дружба, адметнымі рысамі якой з’яўляюцца паразуменне, узаемадапамога, шчырасць. Двухбаковыя дыпламатычныя адносіны паміж краінамі прайшлі значны шлях развіцця і супрацоўніцтва. Асноўнымі дакументамі, якія вызначаюць прынцыпы адносін, з’яўляюцца Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, падпісаны ў 2000 годзе, і Дагавор аб стратэгічным партнёрстве, падпісаны ў 2019-м.

За гэты час было заключана больш за 100 дагавораў і пагадненняў, якія ахопліваюць палітычную, гандлёва-эканамічную, культурную, гуманітарную і іншыя сферы. Высокі ўзровень развіцця адносін пацвярджаецца праз актыўны палітычны дыялог на вышэйшым узроўні і ўзаемныя візіты кіраўнікоў дзяржаў. У выніку гэтых візітаў было падпісана мноства двухбаковых дакументаў, якія ўмацоўваюць асновы супрацоўніцтва і ствараюць рэальную аснову для яго паглыблення. Акрамя таго, паміж краінамі падтрымліваюцца пастаянныя кантакты на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў, а таксама праводзяцца сустрэчы міністраў замежных спраў і кіраўнікоў іншых міністэрстваў і ведамстваў.

Важную ролю ў развіцці адносін адыгрывае таксама міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. Створаны міжпарламенцкія Групы сяброўства, а парламентарыі абедзвюх краін бралі ўдзел у назіранні за выбарамі ў абедзвюх краінах. Дарэчы, міжнародныя назіральнікі высокага ўзроўню з Таджыкістана ўдзельнічалі ў назіранні за нядаўнімі парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

Паміж нашымі краінамі наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва ў рамках міжнародных і рэгіянальных арганізацый, такіх як ААН, СНД, АДКБ і ШАС. Таджыкістан, дарэчы, адным з першых падтрымаў распачаты працэс уступлення Беларусі ў паўнапраўныя члены ШАС. Акрамя таго, наладжана актыўнае ўзаемадзеянне паміж органамі бяспекі і праваахоўнымі структурамі, а таксама ўзаемадзеянне ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах.

Такім чынам, за мінулы час былі дасягнуты значныя поспехі ў развіцці ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж нашымі краінамі. Мы маем намер і надалей умацоўваць шматбаковае ўзаемавыгаднае партнёрства з братэрскай Беларуссю.

— Паміж лідарамі нашых краін — Аляксандрам Лукашэнкам і Эмамалі Рахмонам — існуюць даўнія сяброўскія ўзаемаадносіны, наладжаны пастаянны канструктыўны дыялог. Наколькі гэта садзейнічае актыўнаму развіццю двухбаковых адносін?

— Сапраўды, нашых паважаных прэзідэнтаў звязвае даўняе сяброўства і поўнае паразуменне. Дзякуючы іх асабістым кантактам устаноўлены трывалы фундамент даверу, які дае магчымасць нашым краінам вырашаць пастаўленыя задачы. Пад кіраўніцтвам гэтых мудрых і дасведчаных дзяржаўных дзеячаў адносіны Таджыкістана і Беларусі выйшлі на стратэгічны ўзровень. У выніку забяспечаны дынамічны рост тавараабароту, заключаны шэраг буйных інвестыцыйных кантрактаў.

Рэгулярныя сустрэчы на найвышэйшым узроўні даюць магчымасць аператыўна каардынаваць сумесныя намаганні і прапрацоўваць новыя перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва. Менавіта дзякуючы асабістым зносінам прэзідэнтаў было даручана падрыхтаваць і падпісаць Дарожную карту супрацоўніцтва на 2022–2026 гады па выніках афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан у кастрычніку 2022 года.

З майго асабістага досведу хачу адзначыць, што з першага дня знаходжання ў вашай цудоўнай краіне, 15 чэрвеня 2023 года, я меў гонар уручыць даверныя граматы Прэзідэнту Беларусі. Больш за тое, 15 студзеня бягучага года адбылася мая чарговая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. У ходзе гэтых сустрэч Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў трывалыя сувязі дружбы і братэрства паміж Душанбэ і Мінскам, якія ніколі не перарываліся. А таксама даў мне каштоўныя парады і рэкамендацыі па далейшым паглыбленні эканамічных адносін паміж нашымі краінамі. Гэтае цёплае стаўленне і падтрымка з боку вышэйшага кіраўніцтва Беларусі надаюць мне ўпэўненасць у паспяховым выкананні маёй дыпламатычнай місіі.

Гэта стала магчымым дзякуючы трываламу падмурку даверу, закладзенаму нашымі лідарамі. 

У сваю чаргу, я лічу сваім абавязкам максімальна эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя ўмовы для нарошчвання ўсебаковага супрацоўніцтва на карысць народам дзвюх краін.

— Вы адзначылі важны дакумент — Дарожную карту супрацоўніцтва на 2022–2026 гады, якая была падпісана ў кастрычніку 2022-га падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан. Як ён рэалізуецца?

— Дарожная карта супрацоўніцтва на 2022–2026 гады з’яўляецца ключавым стратэгічным дакументам, які вызначае прыярытэты развіцця партнёрства. Яе рэалізацыя адбываецца праз двухбаковую міжведамасную работу. Нашы кампетэнтныя ведамствы цесна каардынуюць свае намаганні па кожным з прыярытэтных кірункаў — ад гандлю, прамысловасці і інвестыцый да сельскай гаспадаркі, ІT-сферы і гуманітарных абменаў.

Летась быў распрацаваны План супрацоўніцтва міністэрстваў прамысловасці на 2024–2025 гады. 

У гэтым дакуменце прапісаны крокі аб развіцці адносін у сферы аўтамабільнага машынабудавання і металургіі, вытворчасці электратэхнічнай прадукцыі і ліфтавага абсталявання, сельскагаспадарчага машынабудавання і іншае.

У канцы 2023 года дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні зборачнай вытворчасці трансфарматараў. Па выніках перагавораў ААТ «Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова» і ААТ «Трансфарматар» горада Бахтар 15 лістапада 2023 года падпісалі Мемарандум аб арганізацыі ў Таджыкістане зборачнай вытворчасці беларускіх трансфарматараў.

Таксама летась падпісаны камерцыйныя пагадненні на пастаўку ў 2023–2025 гадах для патрэб прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Беларусі бавоўны, пражы і баваўняных тканін з Таджыкістана на агульную суму больш за 40 мільёнаў долараў. Сёлета на базе АТЗТ «Агратэхсэрвіс» плануецца арганізаваць зборку збожжаўборачных камбайнаў і істотна пашырыць вытворчасць і наменклатуру беларускай тэхнікі.

Перакананы, што паспяховая рэалізацыя Дарожнай карты дасць магчымасць значна пашырыць аб’ёмы гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і павялічыць тавараабарот паміж нашымі краінамі. Дзякуючы ўзгодненым намаганням па кірунках, вызначаных у гэтым дакуменце, мы зможам вывесці адносіны на якасна новы ўзровень ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, інвестыцыйнай сферы.

— Якія кірункі ўзаемадзеяння Беларусі і Таджыкістана можна вызначыць як стратэгічныя? Наколькі паспяхова яны рэалізуюцца?

— Мы высока цэнім стратэгічнае партнёрства з Рэспублікай Беларусь і шануем нашыя сяброўскія адносіны, падмуркам якіх з’яўляецца эканоміка. Цяпер паміж нашымі краінамі пашыраецца наменклатура тавараў, расце аб’ём узаемнага тавараабароту. Паводле нашых звестак, узаемны гандлёвы абарот за 2023 год склаў каля 95 мільёнаў долараў і павялічыўся на дзесяць працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2022-га. Экспарт з Таджыкістана — 5,9 млн долараў, імпарт з Беларусі — 87,9 млн долараў. Па выніках 2022 года аб’ём тавараабароту з Беларуссю быў у 2,2 раза большы, чым у 2021-м.

Значнае месца адводзіцца Міжурадавай таджыкска-беларускай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, 16-е пасяджэнне якой адбылося 28–30 верасня 2023 года ў Душанбэ. Таксама апошнім часам актывізуецца роля Савета дзелавога супрацоўніцтва Таджыкістан—Беларусь, які быў створаны ў 2011 годзе Гандлёва-прамысловымі палатамі нашых краін для пошуку новых шляхоў узаемадзеяння бізнесу. Па выніках апошняга пасяджэння Дзелавога Савета было падпісана 13 двухбаковых дакументаў — пагадненні аб супрацоўніцтве і кантракты на пастаўку прадукцыі на суму больш за 16 мільёнаў долараў.

Актывізацыі гандлёва-эканамічных адносін паміж краінамі ў апошнія гады садзейнічалі праведзеныя выстаўкі тавараў беларускіх вытворцаў, стварэнне зборачнай вытворчасці беларускай сельгастэхнікі «Агратэхсэрвіс» у таджыкскім горадзе Гісар, сумеснае прадпрыемства па зборы ліфтаў ААТ «Магілёўліфтмаш», рэалізацыя праектаў па вытворчасці малочнай прадукцыі і пастаўках тралейбусаў для Душанбэ, пастаўкі ў Беларусь прадукцыі сельскай гаспадаркі і лёгкай прамысловасці Таджыкістана.

Наша краіна вельмі зацікаўлена паглыбіць адносіны ў гэтай сферы, пашырыць гандлёвыя сувязі і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця двухбаковага бізнесу, прыцягнення інвестыцый і рэалізацыі сумесных праектаў. У гэтых мэтах у пачатку 2024 года прызначаны новы Прадстаўнік Гандлёва-прамысловай Палаты Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь.

— Як вядома, Таджыкістан плануе стварыць у Мінску шматфункцыянальны гандлёвы комплекс. Як рэалізуецца гэты праект?

— У структуры тавараабароту нашых краін вялікая доля прыпадае на экспарт у Таджыкістан беларускай прадукцыі. У сувязі з гэтым з мэтай прадстаўлення на рынак Беларусі таджыкскіх тавараў мы папярэдне прыйшлі да разумення аб стварэнні ў Мінску Гандлёвага дома Таджыкістана, які ўключае культурны цэнтр з адміністрацыйнымі (офіснымі) памяшканнямі для размяшчэння прадстаўніцтва, гандлёвыя плошчы і рэстаран нацыянальнай таджыкскай кухні, за кошт таджыкскіх прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў Беларусі і Расіі. Цяпер мы разглядаем прапанаваныя варыянты лакацый з боку Мінскага гарвыканкама. Чакаецца вызначэнне інвестара ад таджыкскага боку, які будзе рэалізоўваць інвестыцыйны праект па будаўніцтве шматфункцыянальнага аб’екта «Гандлёвы Дом «Таджыкістан».

— Наколькі паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, у прыватнасці ў галіне аховы здароўя, адукацыі і культуры?

— Супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, уключаючы адукацыю, культуру і ахову здароўя, паміж Таджыкістанам і Беларуссю развіваецца паспяхова і працягвае пашырацца. У гэтых галінах праводзяцца розныя сумесныя мерапрыемствы, форумы і фестывалі. У сферы культуры і гуманітарнага супрацоўніцтва арганізуюцца Дні кіно, канцэртныя туры музычных калектываў. Таксама праводзяцца Дні таджыкскай і беларускай народных культур. У бліжэйшы час плануецца правядзенне Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан, а 22 красавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт Эстраднага ансамбля-аркестра дзяржаўнай установы «Дзяржаўны сімфанічны аркестр» Выканаўчага апарата Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан. Гэтае мерапрыемства стане цудоўнай магчымасцю для жыхароў і гасцей Беларусі азнаёміцца з багатай культурнай спадчынай Таджыкістана.

Адной з прыярытэтных сфер супрацоўніцтва з’яўляецца адукацыя. Паміж навучальнымі ўстановамі дзвюх краін рэалізуюцца розныя адукацыйныя праекты, ствараюцца сумесныя факультэты і распрацоўваюцца агульныя адукацыйныя праграмы. Прапрацоўваецца пытанне адкрыцця філіялаў ВНУ Беларусі ў Таджыкістане. Зараз больш за 200 таджыкскіх студэнтаў навучаюцца ў вашай краіне. 

У верасні мінулага года ў Таджыкскім нацыянальным універсітэце быў адкрыты Цэнтр беларускай мовы і інавацыйных тэхналогій на базе сумеснага факультэта з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі.

Таксама варта ўзгадаць правядзенне ІІ Форуму рэктараў Рэспублікі Таджыкістан і Рэспублікі Беларусь, на якім быў падпісаны План сумесных дзеянняў па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі на перыяд з 2023 да 2026 года паміж Міністэрствам адукацыі і навукі Рэспублікі Таджыкістан і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі дзвюх краін. Гэта пацвярджае імкненне да далейшага развіцця супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

Акрамя таго, наладжана міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж абласцямі, гарадамі і раёнамі. Нашы сталіцы — Душанбэ і Мінск — з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі. Летась кіраўніцтва Мінгарвыканкама прыняло актыўны ўдзел у мерапрыемствах міжнароднага фестывалю «Наўруз Душанбэ — 2023». 

У той жа час таджыкская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні горада Душанбэ прыняла ўдзел у мерапрыемствах Дня сталіцы Беларусі ў верасні мінулага года.

— Як ажыццяўляецца ўзаемадзеянне ў галіне турызму і інвестыцый?

— Турызм і інвестыцыі маюць добрыя перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння ва ўзаемных інтарэсах нашых краін. Турыстычны напрамак — важны вектар супрацоўніцтва паміж Таджыкістанам і Беларуссю. Абедзве краіны маюць унікальныя прыродныя славутасці, такія як горныя пейзажы Таджыкістана і лясы з азёрамі Беларусі. Таджыкскіх турыстаў, несумненна, зацікавіць высокаразвіты медыцынскі турызм вашай краіны, дзе дзякуючы кваліфікаваным урачам і сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базе можна атрымаць якаснае лячэнне. У сваю чаргу, беларускіх турыстаў несумненна зачаруюць маляўнічыя горы і горныя рэкі Таджыкістана, а таксама нацыянальны каларыт, які дае магчымасць пагрузіцца ў атмасферу культуры сярэднеазіяцкага рэгіёна.

Развіццё турыстычнага патэнцыялу абедзвюх краін можа прыцягнуць больш турыстаў і садзейнічаць развіццю прамых авіязносін паміж Душанбэ і Мінскам. Цяпер вядзецца міжведамасная работа па пашырэнні супрацоўніцтва ў галіне турызму. Перакананы, што агульныя намаганні дазволяць значна павялічыць турыстычныя патокі ў абедзвюх краінах у бліжэйшай перспектыве. Акрамя таго, актывізацыя турыстычных абменаў можа стымуляваць рост бізнес-візітаў паміж краінамі. Магчымасць пазнаёміцца з эканамічнымі рэаліямі і інвестыцыйным кліматам пры паездцы могуць зацікавіць беларускіх прадпрымальнікаў.

Інвестыцыйнае супрацоўніцтва развіваецца паступальна. У 2023 годзе створана і пачала сваю дзейнасць рабочая група па яго развіцці. На парадку дня яе другога пасяджэння стаіць пытанне разгляду праекта Пагаднення аб стварэнні Таджыкска-Беларускай інвестыцыйнай кампаніі.

Таджыкістан мае спрыяльны інвестыцыйны клімат і дае інвестарам прывабныя магчымасці для рэалізацыі маштабных праектаў. Больш падрабязна паважаныя чытачы могуць даведацца аб турыстычным і інвестыцыйным патэнцыяле Рэспублікі Таджыкістан на парталах traveltajіkіstan.tj і tajіnvest.tj.

— Якія вашы ўражанні ад Беларусі, дзе ўдалося пабываць у нашай краіне, якія нацыянальныя стравы вы пакаштавалі?

— У мяне склалася самае цёплае стаўленне да беларускага народа за час маёй работы ў Мінску. Беларусы адрозніваюцца той жа гасціннасцю і добразычлівасцю, як і таджыкі. Паспеў пабываць на знакамітым «Славянскім базары» ў Віцебску, незабыўна правёў ноч на Івана Купалу ў Магілёўскай вобласці. Гэтае свята мае шмат агульнага з нашым святам Наўруз, калі людзі збіраюцца разам, каб адзначыць абуджэнне і росквіт прыроды.

Асабліва ўразіла мяне Белавежская пушча. Гэты найстаражытнейшы лясны масіў здзіўляе сваёй недатыкальнай першароднай прыгажосцю. Надзвычай парадавала магчымасць убачыць зуброў і ласёў, якія захоўваюць свой арэал у Белавежы. Акрамя таго, незабыўнымі момантамі майго візіту сталі святы, якія мы правялі з сям’ёй на тэрыторыі Беларусі. Дзецям асабліва запомнілася сустрэча з Дзедам Марозам на Новы год у Белавежскай пушчы.

Запомнілася таксама гасціннасць жыхароў усіх абласцей, дзе мне давялося пабываць. Вядома, не магу не адзначыць беларускую кухню — асабліва спадабаліся дранікі, крупнік, халаднік, а таксама беларускі закісны чорны хлеб.

З кожным днём я ўсё больш пераконваюся ў цеснай роднасці нашых народаў. Гэта заклад паспяховага развіцця нашага супрацоўніцтва.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.