Вы тут

Збор твораў. Рашэнні прымае ЦК...


Некаторыя дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь часам падаюцца выключна сухімі справаздачамі, а між тым у іх змесце выяўляецца стан беларускай культуры, стан айчыннай мастацкай літаратуры ў самай поўнай красе. Няхай гэтыя дакументы і дазваляюць убачыць толькі фрагментарны зрэз тых ці іншых рашэнняў, а следам і працэсаў, але і ў гэтым — і грунт, і факты, і высновы, і сам характар рашэнняў ці нават толькі меркаванняў, ацэнак, здольных паўплываць на працэсы ўвогуле...


Тыраж кожнага тома ў васьмітомніку Караткевіча, выдадзеным у канцы 80-х, складаў 60 000 экзэмпляраў. Але цяпер знайсці яго, калі пашанцуе, можна толькі ў букіністычных крамах

Вось як, напрыклад, і даведка, падрыхтаваная Аддзелам прапаганды і агітацыі ЦК Кампартыі Беларусі і Аддзелам культуры ЦК Кампартыі Беларусі 13 студзеня 1988 года. Тэма яе гучыць наступным чынам: «Аб практыцы выпуску ў рэспубліцы збораў твораў, выбраных твораў і творчай спадчыны пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва». Заўважым, што тэма даволі актуальная і сёння. Хоць не так і шмат збораў твораў выдаецца ў краіне зараз. Нагадаем, што «Мастацкая літаратура» завяршае выданне 25-томнага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча (1930–1984) і 10-томнага Збору твораў Янкі Брыля (1917–2006). У свой час быў выдадзены васьмітомны Збор твораў Уладзіміра Караткевіча (у дзевяці кнігах). Пяцітомны Збор твораў Янкі Брыля выдаваўся яшчэ пры жыцці народнага пісьменніка Беларусі, у 1979–1981 гадах. Пазней, у 1992–1993 гадах, выйшаў трохтомнік яго Выбраных твораў. Дарэчы, тыраж кожнага тома ў выпадку з васьмітомнікам У. Караткевіча складаў 60 000 экзэмпляраў. Нядаўна «Беларуская навука» распачала выданне Збору твораў Кузьмы Чорнага. Пабачыў свет першы том. І ў адным з прыватных выдавецтваў выйшаў першы том са Збору твораў у пяці тамах народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава.

Неабходнасць рэалізацыі такіх няпростых — і з навуковага, і з выдавецкага, і, зразумела, з эканамічнага пунктаў гледжання — праектаў для культуры і літаратуры відавочная. Іншая справа, што даволі цяжка, амаль немагчыма развіць масавую ці проста болей шырокую ўвагу да Збору твораў. З разлікам, каб кнігі набываліся, а не заставаліся на складзе ў выдавецтвах ці гадамі — на паліцах кнігарняў…

Аб якой жа практыцы — у даведцы з 1980-х?..

«Аддзеламі прапаганды і агітацыі, культуры ЦК КПБ вывучана практыка выдання ў рэспубліцы прыжыццёвых твораў і выбраных твораў савецкіх аўтараў», — вызначаюць аўтары сваю мэту, абсяг падрыхтаванай імі і іх калегамі інфармацыі. «...Выяўлена, што за гады адзінаццатай пяцігодкі выдавецтвы выдалі 53 тамы збораў твораў 13 аўтараў і 62 тамы выбраных твораў 32 аўтараў. Напрыклад, з выдадзеных у 1981–1985 гадах у выдавецтве „Мастацкая літаратура“ 13 збораў твораў — 7, а з 2 выбраных твораў 20 ажыццёўлены пры жыцці аўтараў.

Усе выданні выдаваліся ў адпаведнасці з парадкам, усталяваным Дзяржкамвыдатам СССР...»

Можна толькі здагадвацца, колькі інстытутаў дзяржаўнай і партыйнай улады ў тыя гады было задзейнічана на прыняцце рашэння — і ў Мінску, і ў Маскве — у дачыненні да вядомых і, магчыма, малавядомых ці зусім не вядомых у сталіцы СССР пісьменнікаў з адной з савецкіх рэспублік…

«Аднак пры той практыцы, якая склалася ў выданні збораў твораў і выбраных твораў, вызначыліся пэўныя негатыўныя тэндэнцыі...» Што ж так занепакоіла ЦК Кампартыі?.. У запісцы — рэаліі жыцця, якія нельга было схаваць альбо падмяніць болей сімпатычнымі фактамі... Чытаем: «Нярэдка рашэнні аб выпуску прымаліся ў сувязі з надыходзячымі юбілеямі аўтараў, без усебаковага ўліку іх рэальнага ўкладу ў развіццё савецкай літаратуры, мастацкіх вартасцяў твораў. Не заўсёды прымаліся пад увагу рэальныя замовы кніжнага гандлю, дапускаліся факты завышэння тыражоў выданняў. Па дадзеных паіменнага ўліку астаткаў літаратуры 1985 года не рэалізавана звыш 175 тысяч экзэмпляраў 33 назваў збораў твораў і выбраных твораў. Кошт гэтай літаратуры складае сотні тысяч рублёў, што выклікае справядлівую крытыку чытачоў, наносіць маральную і матэрыяльную шкоду кнігавыданню...»

Якое ж выйсце прапаноўваюць высокія партыйныя службоўцы?.. З даведкі вынікае, што ў прапановах аўтары кіруюцца распараджэннямі «зверху»... «У адпаведнасці з пастановай ЦК КПСС ад 15 снежня 1987 г. „Аб прапановах Дзяржкамвыдата СССР і Саюза пісьменнікаў СССР аб мерах па ўдасканальванні практыкі выпускам твораў, выбраных твораў і творчай спадчыны пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва“ ўстанаўліваецца наступны парадак выпуску збораў твораў і выбраных твораў...»

Масква падказала — і адпаведна мадэль наклалі ці прапаноўваюць накласці на беларускую рэчаіснасць... Вядома ж, нейкім чынам улічваюцца і адметнасці сітуацыі ў рэспубліцы. Як галоўная — прысутнасць у жыцці не толькі рускай мовы…

Чытаем у дакладной запісцы наступныя прапановы: «... зводныя планы фарміруюцца не на базе асабістых аўтарскіх заявак, як гэта практыкавалася раней, а па рэкамендацыі кніжных выдавецтваў, Саюза пісьменнікаў БССР, Акадэміі навук БССР, творчых саюзаў і навуковых устаноў, кнігагандляў і бібліятэк рэспублікі, заснаваных на вывучэнні запытаў чытачоў. Праекты гэтых планаў будуць выносіцца на шырокае абмеркаванне грамадскасці, змяшчацца ў друку;

  • выданне прыжыццёвых збораў твораў будзе прадпрымацца толькі ў тым выпадку, калі творчасць пісьменніка з’яўляецца адметным укладам у развіццё шматнацыянальнай савецкай літаратуры і карыстаецца ўсенародным прызнаннем. Пры гэтым пераважна выніковым выданнем сучасных аўтараў будзе выпуск іх выбраных твораў, аб’ём якіх павялічваецца да трох тамоў;
  • прызнана немэтазгодным паўторнае выданне прыжыццёвых збораў твораў на нацыянальнай і рускай мовах;
  • устанаўліваецца парадак, пры якім зборы твораў распаўсюджваюцца толькі па падпісцы, выбраныя творы і творчая спадчына ў адным томе рэалізуюцца на агульных умовах, а ў двух і трох тамах паступаюць у кнігагандлёвую сетку толькі камплектна альбо распаўсюджваюцца толькі па падпісцы».

І яшчэ адзін істотны момант, на які звярнулі ўвагу ў Аддзеле прапаганды і агітацыі і Аддзеле культуры ЦК Кампартыі Беларусі ў студзені 1988 года: «Прынята да ўвагі, што з мэтай пашырэння правоў рэспубліканскіх дзяржкамвыдатаў і кніжных выдавецтваў ім прадастаўляецца магчымасць разам з творчымі саюзамі самастойна вырашаць пытанні выдання выбраных твораў савецкіх аўтараў на нацыянальнай мове». Адметная і надзвычай актуальная канцоўка. Ды і, відавочна, у ЦК улічвалі, які ўжо быў год…

Вядома ж, навядзенне парадку, акрэсліванне ўмоў у такой усё ж творчай, хоць і рыначнай разам з тым справе, як выданне кніг, не ўсім прыйшлося даспадобы... Але ў ЦК заручыліся аргументамі. Ад Дзяржкамвыдата БССР (а кіраваў ім на той час Міхаіл Іванавіч Дзялец) запатрабавалі даведку са звесткамі «па астатках літаратуры беларускіх аўтараў, якая выйшла ў апошнія гады па стане на 1.02.88 года». Даведка, якую склалі ў красавіку (праз тры месяцы пасля «паперы» цэкоўскіх аддзелаў), адрасавана адразу першаму сакратару ЦК КПБ Яфрэму Аляксеевічу Сакалову.

І вось што высвятляецца... У астатках з шасцітомніка Івана Навуменкі (тыраж кожнага тома — 37 тысяч экзэмпляраў; выданне 1981–1984 гг.) засталося па ўсіх тамах 53 998 экз. Чатырохтомнік Пімена Панчанкі (больш ужо яго Збор твораў так і не будзе выдадзены! І ўвогуле, чамусьці паэзію аднаго з самых яркіх мастакоў слова, тонкага лірыка, разважлівага, сумленнага і шчырага грамадзянскага паэта выдаюць даволі мала) быў выдадзены накладам 17 000 экз. (тыраж кожнага тома). У астатках — 8950 экз. па ўсіх тамах. У 1982 годзе пабачыў свет чатырохтомнік Васіля Быкава. Тыраж кожнага тома — 17 000 экз. Не будзем здзіўляцца, чаму ў Навуменкі — 37 тысяч, а ў Быкава — 17 тысяч... Астаткі па Быкаву: агульныя — 5148 экз., па першым томе — 20 экз., па другім — 88, па трэцім і чацвёртым — 1042 і 3998 экз. 1982 год: двухтомнік выбраных твораў Тараса Хадкевіча выйшаў накладам 12 тыс. экз. Астаткі склалі: па першым томе — 205 экз., па другім — 206 экз. Прыкладаў у даведцы даволі шмат. «Я из огненной деревни» (кніга А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка ў перакладзе на рускую мову) выйшла тыражом 90 тысяч экзэмпляраў у 1983 годзе. Астаткі склалі 2342 экз. Усяго толькі каля двух з паловай працэнта... Міхаіл Іванавіч не робіць глыбокага аналізу. Толькі канстатуе напрыканцы: «На прадпрыемствах дзяржаўнага кніжнага гандлю (без сеткі Белкаапсаюза) у 1988 годзе астаткі кніг выдавецтва „Мастацкая літаратура“ павялічыліся ў параўнанні з 1987 годам на 179,8 тыс. экз., ці на 66 працэнтаў. Маюцца ў наяўнасці 402 назвы кніг гэтага выдавецтва, выдадзеных у 1984–1986 гадах».

Кніжны гандаль і ўзровень замоў выдадзенай кніжнай прадукцыі, у тым ліку збораў твораў і выбраных твораў айчынных пісьменнікаў, — галоўныя складнікі фарміравання тых прычын, якія выклікалі занепакоенасць у ЦК... Рэзалюцыю першы сакратар ЦК КПБ на даведцы М. Дзяльца наклаў наступную: «1. Азнаёміць членаў бюро. 2. Пячэннікаву В. А., Мазай Н. Н. Для прапаноў...»

...Пройдзе некаторы час, і на аснове прапаноў Саюза пісьменнікаў БССР і выдавецтва «Мастацкая літаратура» Дзяржкамдрук БССР унясе новыя ініцыятывы па персаналіях у дачыненні да збораў твораў і выбраных твораў. Цікава, якія імёны былі напрыканцы 1980-х, дакладней — у сакавіку 1989 года, у прапановах «Мастацкай літаратуры». Было выказана жаданне выдаць зборы твораў (са спадчыны!) — Максіма Багдановіча ў трох тамах, Сцяпана Гаўрусёва ў двух тамах, Уладзіміра Дубоўкі ў чатырох тамах, Аляксея Зарыцкага ў трох тамах, Васіля Каваля ў двух, Аляксея Кулакоўскага ў чатырох, Янкі Купалы ў 10 тамах, Барыса Мікуліча ў трох, Рыгора Мурашкі ў трох (дапісана ад рукі, закрэслена «2». — К. Л., В. С.), Язэпа Пушчы ў двух, Міхася Чарота ў трох тамах. І яшчэ — шасцітомнік народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Гэты збор твораў быў вылучаны ў прапановах асобна. Прапаноўвала выдавецтва і аднатомнікі, і двухтомнікі ( у выпадку з А. Адамовічам, В. Адамчыкам, Я. Брылём, Б. Сачанкам, І. Чыгрынавым, І. Шамякіным — трохтомнікі) выбраных твораў 46 паэтаў і празаікаў, якія на той час былі жывымі і працавалі ў літаратуры. Планы ўсе былі на 1991–1995 гады. Дзяржкамдрук выключыў прапанову па аднатомніку Івана Бурсава, а яшчэ дадаў зборы твораў М. Танка і А. Куляшова, а ў раздзел выбраных твораў — яшчэ 23 аўтараў (Т. Бондар, А. Дракахруста, М. Дуксу, Р. Баравікову, К. Камейшу, В. Коўтун, В. Макарэвіча, М. Маляўку, Н. Мацяш, С. Панізніка, Г. Пашкова, У. Скарынкіна, С. Яўсееву, С. Андраюка, М. Гіля, А. Дзялендзіка, А. Дударава, З. Прыгодзіча, К. Губарэвіча, Ул. Нядзведскага, Я. Янішчыц, А. Вольскага, І. Сяркова, М. Чарняўскага). Праўда, рэакцыя ЦК на прапановы невядомая, за выключэннем таго, што насупраць прапановы па А. Куляшову і М. Танку быў пастаўлены алоўкам пытальнік. І нейкія незразумелыя пазнакі (кшталту «выкр.» ) насупраць трох імёнаў. А яшчэ падкрэслена імя аднаго рускага паэта. І напрыканцы ў лісце з Дзяржкамдруку ад 30 сакавіка 1989 года: «Лічым таксама неабходным не ўключаць у 13-ю пяцігодку ў план зборы твораў П. Панчанкі (папярэдні ў 4-х тамах з 1983 г. да гэтага часу знаходзіцца ў астатках у параўнальна вялікіх колькасцях — кожны том ад адной да паўтары тысячы ) і Я. Брыля, паколькі яго папярэднія тыражы таксама знаходзяцца ў астатках ад паўтары да трох тысяч».

1991-ы і наступныя гады разам з яшчэ большым рыначным характарам зносін літаратуры і кнігавыдання прыўнеслі ў тэму выдання збораў твораў і выбраных твораў свае новыя фарбы... І, зразумела, шмат што так і не рэалізавана да сённяшніх дзён... Можа быць, з часам айчынныя выдавецтвы (як дзяржаўныя, так і прыватныя) больш актыўна вернуцца да такога фармату знаёмства са спадчынай пісьменнікаў як выданне збораў твораў і выбраных твораў?..

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.