Вы тут

Ганна Сялук: Галоўную ацэнку творчасці дае аўдыторыя


Умець складаць думкі ў тэксты, якія потым ажывуць у суправаджэнні музыкі прыгожай песняй, умеюць дакладна не ўсе. А вось у нашай гераіні тое атрымліваецца на выдатна, прычым незалежна ад таго, да якой тэмы яна звяртаецца. Пра гэта сведчаць і кампазіцыі яе аўтарства ў рэпертуары многіх, дарэчы, не толькі беларускіх, артыстаў, і ўзнагароды. Новы творчы год для паэта-песенніка Ганны Сялук распачаўся з прысуджэння ёй Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, а на нядаўняй «Песні года — 2023» творца перамагла ў намінацыі «Аўтар года». Няма сумненняў, што гэта толькі пачатак вялікага шляху, а вось пра адваротны бок творчасці мы паспрабавалі распытаць у інтэрв’ю.


— Ганна, віншую вас з узнагародай. Скажыце, ці мяняецца ўспрыманне творчасці і сябе ў ёй, калі зробленае табой заўважаюць і адзначаюць?

— Вялікі дзякуй! Вядома, калі цябе заўважаюць і адзначаюць тое, што ты робіш, — гэта вельмі прыемна, але і адказна. Адразу пачынаеш думаць, як заставацца вартым гэтай узнагароды і надалей. А вось успрыманне сябе ніяк не мяняецца. Таму што, на мой погляд, надзвычай рэдка людзі робяць штосьці ў творчасці дзеля ўзнагарод. Таму атрымаў узнагароду, здзівіўся, парадаваўся — ідзеш далей працаваць.

— А калі вы ўсвядомілі, што напісанне тэкстаў для песень — гэта тое, чым вам падабаецца займацца на пастаяннай аснове?

— Калі зразумела, што мае песні могуць падабацца людзям і адгукаюцца ў іх сэрцах. Пасля таго, як у 2022 годзе ўбачыла, што на канцэрце многія ў зале плакалі падчас выканання Вікторыяй Алешкай песні «Мама», як людзі ўсталі на песні «Помніце». Мабыць, менавіта такія моманты далі мне веру ў тое, што я раблю штосьці карыснае і патрэбнае.

— Колькі часу вам патрэбна для напісання тэкста песні і ці залежыць гэта ад тэматыкі?

— Кожны раз па-рознаму. Некаторыя песні нараджаюцца за 10-15 хвілін, а некаторыя выношваюцца месяцамі. І сказаць дакладна, ад чаго тое залежыць, складана. Тут шмат фактараў аказваюць уплыў: і наяўнасць проста вольнага часу, і складанасць тэмы будучай кампазіцыі. Так, магчыма, песні па зададзенай тэматыцы пішуцца крыху больш працяглы час, таму што тады патрэбен аналіз ужо існуючых твораў, каб не паўтарыцца, і пошук нейкіх новых ідэй і вобразаў.

— З кім найперш вы дзеліцеся радасцю з’яўлення новага тэксту?

— Часам — з сям’ёй, а бывае, дзялюся з артыстам, для якога гэтая песня прызначана, альбо першым чуе яе кампазітар. Аднак здараецца і так, што проста адкладаю напісаны тэкст у бок на нейкі час.

— Скажыце, як не страціць творчы запал, калі ствараеш тэксты для песень на пастаяннай аснове? Ці складана аўтару не паўтарацца?

— Добрае пытанне. Я яго сама сабе таксама задаю. Здаецца, што аднойчы тэмы і рыфмы могуць скончыцца. Хоць іх насамрэч не так і шмат, асабліва калі казаць пра лірычныя песні. Увогуле пра каханне даўно ўжо ўсё сказана і праспявана. Часам, вядома, лаўлю сябе на паўторах і імкнуся ўсяляк іх пазбягаць. Аднак я заўважыла, што кожны аўтар мае свой набор вобразаў і іх адлюстраванне ў словах. Добра гэта ці дрэнна — сказаць складана. Мяркую, тут галоўную ацэнку дае аўдыторыя.

— На якой мове вам лягчэй пісаць?

— Часцей і лягчэй пішу на рускай мове. Але часам з’яўляюцца думкі, якія магу выказаць толькі па-беларуску. Акрамя таго, у беларускай мове ёсць вельмі ёмкія словы, як, напрыклад, «сапраўды». Яны самі па сабе натхняюць на стварэнне песень.

— А на вашу думку, што робіць вашы тэксты запатрабаванымі ў самых розных артыстаў?

— Можа, якраз тое, што ўсе яны розныя? Ёсць жартаўлівыя тэксты, ёсць філасофскія, ёсць патрыятычныя і лірычныя. Кожны знаходзіць той, які яму падабаецца і падыходзіць. Мне здаецца, для кожнага аўтара яго песні — нібы дзеці. Вельмі важна, каб яны жылі, а не ляжалі на паліцы гадамі, выконваліся, падабаліся артыстам і гледачам. Таму запатрабаванасць песень — самае вялікае шчасце для аўтара.

— Ці складана напісаць хіт? Якія сакрэтныя складальнікі ў такога твора?

— Шчыра кажучы, я не ведаю. Цяпер існуе даволі шмат розных курсаў па сонграйтынгу, дзе абяцаюць, што навучаць вас пісаць хіты. Думаю, пэўная формула ўсё ж такі існуе. Але ў любым выпадку патрэбна, каб супаў яшчэ цэлы шэраг фактараў: тэкст, музыка, аранжыроўка, асоба выканаўцы, дзе і калі песня прагучыць у першы раз і г. д. Таму пры мностве песень, якія сёння з’яўляюцца, сапраўдны хіт — з’ява адзінкавая і ўсё больш рэдкая, паколькі вельмі многія пераймаюць прыёмы адно аднаго.

— Якія тэмы вам найбольш важна адлюстроўваць і падымаць у тэкстах песень?

— Мабыць, тыя, якія прымушаюць задумацца. І я вельмі ўдзячная нашым артыстам, што яны раскрываюць такія тэмы ў сваёй творчасці, не ідуць шляхам выканання кампазіцый выключна забаўляльнага характару. Хоць такіх у любым выпадку пераважная большасць, і гэта добра. Аднак ёсць адчуванне, быццам у грамадстве сфарміраваўся пэўны запыт на сапраўднае: якаснае выкананне, годныя паводзіны, правільныя і важныя словы.

— А што ў вас з’яўляецца раней: запыт ад артыста ці тэкст, які вы пасля прапаноўваеце выканаўцы?

— Заўсёды па-рознаму. З кожнай песняй і з кожным артыстам я праходжу ўнікальны шлях. У любым выпадку нават гатовы тэкст пасля з’яўлення музыкі да яго часцей за ўсё мяняецца, таму што музыка дыктуе свае правілы. Тое ж і з артыстамі: нейкае слова, якое добра гучала б у выкананні аднаго, не зусім падыдзе другому, адпаведна гэта можа абумовіць яго замену ў тэксце.

— Цяпер вельмі шмат размоў вядзецца пра тое, што многія артысты спяваюць на адзін манер (маўляў, няма разнастайнасці тэм, мелодый і г. д.). Якое ваша меркаванне на апісаную сітуацыю?

— Так, сапраўды ёсць такое адчуванне. Існуюць пэўныя трэнды, і калі хтосьці адзін становіцца папулярным, іншыя пачынаюць пераймаць такую ж мадэль падачы музыкі і сябе. І гэта таксама шлях. Але, на мой погляд, кожнаму артысту ўсё ж такі трэба спрабаваць знайсці і раскрыць сваю ўнікальнасць.

— Ці важна вам, які лёс складваецца ў вашага твора пасля яго сыходу ў рукі кампазітара, аранжыроўшчыка і выканаўца?

— Так, для мяне гэта вельмі важна. Як я ўжо адзначала раней, для аўтара яго твор — як дзіця, таму заўсёды хочацца, каб ён добра і прыгожа выглядаў і быў годна прадстаўлены. А галоўнае, каб спадабаўся людзям.

— А хто вашы любімыя паэты?

— Калі казаць пра класікаў, то мне падабаюцца творы розных аўтараў, няма кагосьці канкрэтнага. А вось сярод сучасных вылучаю для сябе расійскага паэта Улада Маленку. Яго чытаеш і думаеш: «Ну як жа крута і таленавіта!»

— Песні якіх выканаўцаў можна знайсці ў вашым плэйлісце?

— Можа, я вас здзіўлю адказам, але музыку часцей за ўсё я слухаю ў машыне, з тых плэйлістоў, якія прапаноўваюць радыёстанцыі. Чамусьці канкрэтнаму ў гэтым сэнсе я не аддаю перавагу, таму што мне падабаюцца і розныя выканаўцы, і розныя песні.

— Чым напоўнена ваша жыццё ў перапынках паміж творчасцю?

— Тут у мяне, хутчэй, усё наадварот адбываецца: апошнім часам творчасцю займаюся ў перапынках. А ў астатнім усё, як ва ўсіх: работа, дом, сям’я. Проста тэмп жыцця неяк цяпер паскорыўся, і колькасць спраў пастаянна расце.

— Тады яшчэ раскажыце, у чыім выкананні мы пачуем вашы песні ў найбліжэйшы час?

— У маладых таленавітых выканаўцаў Леры Бернатовіч і Арцёма Скараля хутка выйдзе песня «Код ДНК». Праз пару месяцаў павінна выйсці цікавая дуэтная кампазіцыя Аляксандры Мелех, але з кім, не буду раскрываць таямніцу. Яшчэ некалькі прэм’ер і сюрпрыз мы запланавалі з Вікторыяй Алешкай. І Яўген Алейнік з Юліяй Быкавай абяцалі хуткую прэм’еру нашай сумеснай новай песні. Нарэшце хутка выпускаем першую сумесную творчую работу з Жанэт. Насамрэч, планаў шмат, спадзяюся, што ўсё атрымаецца і вынік спадабаецца слухачам.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Ганны СЯЛУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».