Вы тут

Пошукавы клуб «Віккру» далучае моладзь да ваеннай гісторыі


Усебеларускі патрыятычны праект «Памяць пакаленняў у імя будучага» нездарма стартаваў з Магілёва. На Магілёўшчыне вельмі моцна развітая пошукавая дзейнасць, тут функцыянуе адно з найбуйнейшых у краіне аб’яднанняў— абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру», у які ўваходзяць усе пошукавыя атрады на тэрыторыі рэгіёна. Сёлета спаўняецца роўна 30 год з таго моманту, як клуб быў сфарміраваны. Падчас рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзейнасць маладзёжных аб’яднанняў як аснова фарміравання патрыятычнай падсвядомасці і захавання гістарычнай памяці» была арганізаваная выстава, на якой пошукавікі прадэманстравалі тыя знаходкі, якія паднялі з месцаў баёў. З іх вуснаў можна было пачуць шмат цікавых фактаў пра даследаванні. Гэту інфармацыю не прачытаеш на старонках падручнікаў і не ўбачыш ні ў адным мастацкім фільме. Тут шмат вельмі асабістага, жывога — лёс чалавека, які прапаў на вайне і вось знайшоўся. І гэта цуд, бо з моманту яго знікнення прайшлі дзесяцігоддзі. Пошукавікі вучаць моладзь праз гэтыя гісторыі вяртаць людзей з вайны.


Клічаўскую зону на Магілёўшчыне ведаюць як партызанскую. Яна з’яўляецца месцам даследавання клічаўскіх пошукавікаў. І, у прыватнасці, дзейнасці спецатрада НКУС «Слаўны». На выставе клічаўскія пошукавікі дэманстравалі экспанаты, якія атрымалася знайсці.

— Гэта быў самы першы атрад, ён базіраўся на востраве Верамееўка з ліпеня 1943 па красавік 1944, — расказвае Лілія Счыслёнак, член пошукавай группы «Ольса». — Вялікую дапамогу ў пошуках нам аказаў Саюз ветэранаў ваеннай контразведкі КДБ РБ «Чэсць» і наш зямляк Вячаслаў Баршчэўскі. Менавіта дзякуючы саюзу ветэранаў нам у рукі трапіў дзённік начальніка штаба Міхаіла Абаротава і пачалося вывучэнне дзейнасці атрада. Дзённік перадала чэкістам настаўніца матэматыкі магілёўскай сярэдняй школы № 22 Алена Кірэева. У яго расшыфроўцы прымалі ўдзел кіраўнік пошукавай групы Лідзія Ачыновіч і ветэраны Саюза ваеннай контрразведкі Вячаслаў Баршчэўскі і Анатоль Стаскевіч.

Бабруйскі пошукавы атрад «Абеліск 92/1» мае моцныя сувязі з расійскім атрадам «Абеліск 92/2» з Санкт-Пецярбурга. Лічба 92 азначае год пачатку іх супрацоўніцтва.

— Рэгулярна ездзім да расійскіх калег на раскопкі на Сінявенскія вышыні, дзе з 1941 па 1943 год ішлі жорсткія баі, — расказвае Аляксандр Талсціхін, намеснік камандзіра бабруйскага пошукавага атрада «Абеліск 92/1». — Бабруйчане там таксама гінулі. У нашай экспазіцыі ёсць медальён, які мы знайшлі на расійскай тэрыторыі, але, на жаль, не прачыталі.

А вось нумарны медаль «За адвагу», знойдзены пры раскопках у Бабруйскім раёне, дапамог ўдакладніць інфармацыю пра свайго ўладальніка — Фёдара Іларыёнавіча Грыбача 1924 года нараджэння, які загінуў 29 чэрвеня 1944 года пры вызваленні Бабруйска. Баец пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Сычыкава. Яго медаль быў знойдзены летась непадалёк. А 9 лютага адгукнулася бліжэйшая сваячка чырвонаармейца. У сярэдзіне сакавіка прадстаўнікі атрада паедуць у Бранскую вобласць, каб перадаваць узнагароду родным. 

З 2017 года актыўна займаецца ваеннай археалогіяй Магілёўскі інстытут МУС. Месца раскопак — славутая вышыня Канстанціна Уладзімірава ў вёсцы Гаі, дзе камандзір разам са сваім батальёнам прыняў смяротны бой пры абароне Магілёва. 

— Супрацоўнік міліцыі не можа не быць патрыётам сваёй Радзімы, — кажа Юлія Ныркова, старшы інспектар па асобых даручэннях адзела ідэалагічнай работы Магілёўскага інстытута МУС. — Патрыятычнае выхаванне гэта той кірунак, якому мы надаем максімум увагі. Працуем у адной звязцы з абласным гісторыка-патрыятычным пошукавым клубам «Віккру» і 52-м спецыялізаваным батальёнам Мінабароны. Нашы курсанты – правапераемнікі байцоў батальёна міліцыі, якія загінулі і навек засталіся на гэтай вышыні. Падчас чатырох экспедыцый, якія праводзіліся на працягу некалькіх гадоў, мы паднялі там астанкі 31 байца. Устанавіць атрымалася, на жаль, толькі адно імя. Гэта курсант Мінскай школы міліцыі Сямён Дрышчанка. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што на гэтай вышыні трымалі абарону міліцыянеры. На жаль, ніякіх дакументальных сведчанняў аб фарміраванні батальёна міліцыі не засталося. І тое, што байцоў батальёна было 250, мы ведаем толькі са слоў сведкаў з ліку байцоў батальёна, якія выжылі. А іх заставалася ўсяго 19. Атрымалася знайсці сваякоў Сямёна Якаўлевіча, яго пляменніца жыве ў Клімавіцкім раёне. Ёсць цікавая гісторыя, што ў гэтай сям’і было некалькі сыноў, усе пайшлі на фронт і не вярнуліся. Але маці Сямёна Якаўлевіча аддала партрэт сына пляменніцы і прасіла яго захаваць, прадчуваючы, што ён вернецца. Так і адбылося амаль праз 80 гадоў пасля яго гібелі. Сямён Дрышчанка быў перапахаваны ў Клімавічах на алеі Герояў.

Адзін з ветэранаў пошукавага братэрства — Сяргей Тагаеў, выкладчык дапрызыўнай падрыхтоўкі Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа. Ён жа камандзір пошукавага атрада «Рэха вайны», які функцыянуе пры каледжы. 

— Наш атрад сфарміраваны з навучэнцаў электратэхнічнага каледжа і ўваходзіць у клуб «Віккру», — удакладняе суразмоўнік. — Гэта не толькі касцяк з 80 чалавек, але і ўсе групы ўстановы. Расказваем ім пра ваеннае мінулае, што, дзе адбывалася. І рабятам гэта цікава, яны задаюць шмат пытанняў.

На адным са стэндаў вынік работы з моладдзю па патрыятычным выхаванні — шмат Падзяк пошукаваму атраду, у тым ліку з Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і з Расіі. 

Сёлета Магілёўскаму абласному гісторыка-патрыятычнаму пошукаваму клубу «Віккру» спаўняецца 30 гадоў. За гэты час яго байцамі знойдзена сумесна з 52-м пошукавым батальёнам Мінабароны 1697 чырвонаармейцаў. На жаль, імён устаноўлена меней 10% ад знойдзеных — усяго 143 чалавек. Вельмі неахвотна аддае вайна тых, каго забрала. 

Пошукавы клуб праводзіць вялікую работу з моладдзю. У рамках праекта «Навучыся помніць» пошукавікі наведваюць установы адукацыі і расказваюць рабятам пра вайну, паказваюць прадметы, якія паднялі падчас раскопак, дэманструюць рэканструктарскія эпізоды з ваеннага мінулага, як апраналіся чырвонаармейцы, іх амуніцыю. А яшчэ прыводзяць прыклады з гісторыі, расказваюць пра неверагодную мужнасць савецкіх салдат.

— Школьнікі далучаюцца да пошукавых работ на сваім ўзроўні, — тлумачыць Дзмітрый Паклонскі, рэканструктар і пошукавік гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру». — У раскопках удзельнічаць яны пакуль не могуць з-за ўзросту, але яны маюць магчымасць працаваць з архівамі. А калі яны прыязджаюць да нас на месцы раскопак, працуюць на адвалах, прасейваюць паднятаю намі зямлю ў пошуках дробязяў, якія могуць падказаць імя байца. Можна не сумнявацца: каго захапіла ваенная гісторыя, той абавязкова застанецца з намі і пашырыць рады «Віккру». А значыць у кагосьці з прапаўшых на той вайне будзе шанц вярнуцца дамоў. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.