Вы тут

Грамадзяне могуць скарыстацца спрошчаным парадкам уводу жылых дамоў


Грамадзяне могуць скарыстацца спрошчаным парадкам уводу індывідуальных жылых дамоў, які прадугледжаны Указам Прэзідэнта № 253, да 1 студзеня 2025 года. Пра гэта паведаміла начальнік Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Таццяна Васілючак.


Як вядома, у канцы студзеня гэтага года ўрад у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы будаўніцтва жылля на 2021–2025 гады, прыняў пастанову № 72, якой зацверджаны заданні па жыллёвым будаўніцтве на 2024 год па агульным уводзе ў эксплуатацыю жылля ў аб’ёме 4,4 мільёна квадратных метраў, з іх з дзяржпадтрымкай — 1,4 млн кв. метраў.

Варта адзначыць, што адзін з асноўных паказчыкаў гэтай пастановы — забеспячэнне будаўніцтва індывідуальнага жылля ў аб’ёме не менш за 50% ад уводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылля ў цэлым па краіне. «Дырэктывай Прэзідэнта № 8 «Аб прыярытэтных напрамках развіцця будаўнічай галіны» ўстаноўлена, што рэгіёны штогод павінны забяспечваць будаўніцтва індывідуальнага жылля ў памеры не менш за 40% ад агульнага ўводу. Па выніках мінулага года гэты паказчык склаў 48,1%. Такую высокую ўдзельную вагу будаўніцтва індывідуальнага жылля ўдалося забяспечыць у тым ліку за кошт актыўнага выкарыстання нормаў, прадугледжаных указамі кіраўніка дзяржавы № 202 «Аб спрошчаным парадку ўзвядзення і рэканструкцыі аб’ектаў будаўніцтва» і № 253 «Аб спрошчаным парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва», — патлумачыла Таццяна Васілючак.

Указам № 253 прадугледжана, што аб’екты будаўніцтва, узведзеныя або рэканструяваныя грамадзянамі на зямельных участках, правы на якія ў іх узніклі да 1 верасня 2022 года і прызначаныя для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў, могуць па рашэнні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа прымацца ў эксплуатацыю без наяўнасці дазвольнай і праектнай дакументацыі на іх будаўніцтва. Акрамя таго, указам устаноўлена, што аб’екты будаўніцтва, прынятыя ў эксплуатацыю ў рамках Указа № 253, не будуць з’яўляцца аб’ектамі самавольнага будаўніцтва. Для індывідуальных будаўнікоў гэта значнае палягчэнне.

Як адзначыла Таццяна Васілючак, для прыёмкі аб’ектаў у спрошчаным парадку неабходна выканаць пэўныя ўмовы. Па-першае, яны павінны адпавядаць пятаму класу складанасці, а таксама размяшчацца з захаваннем нармаваных парываў да межаў участка і іншых патрабаванняў будаўнічых нормаў і горадабудаўнічай дакументацыі да размяшчэння аб’ектаў. У заяве павінна быць прадугледжана згода паўналетніх грамадзян, якія маюць права валодання і карыстання гэтымі аб’ектамі, а таксама ўдзельнікаў агульнай долевай уласнасці на прыёмку ў эксплуатацыю аб’ектаў у спрошчаным парадку. Для атрымання кансультацыі і афармлення акта прыёмкі ў эксплуатацыю жылых дамоў грамадзянам неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па месцы размяшчэння зямельнага ўчастка.

«Для адлюстравання тэхніка-эканамічных паказчыкаў аб’екта рэкамендуецца прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць права карыстання зямельным участкам, і ведамасць тэхнічных характарыстык», — дадала спецыяліст.

Заява падаецца наўпрост у структурныя падраздзяленні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, абыходзячы службу аднаго акна. Уся працэдура прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю займае не больш чым месяц.

За мінулы год у спрошчаным парадку прынята ў эксплуатацыю каля 10 тысяч індывідуальных жылых дамоў. «Указ № 253 носіць часовы характар, і да завяршэння дзеяння ўказа засталося менш за год. Тым не менш у грамадзян яшчэ ёсць час скарыстацца магчымасцю па забеспячэнні прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў у спрошчаным парадку без наяўнасці дазвольнай і праектнай дакументацыі», — удакладніла Таццяна Васілючак.

Больш за ўсё такіх дамоў уведзена на тэрыторыі Мінскай вобласці — амаль чатыры тысячы і Брэсцкай вобласці — больш за дзве тысячы будынкаў. «Агульная плошча прынятых у эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва па Указе № 253 у мінулым годзе склала 725,2 тысячы „квадратаў“, або 40% ад агульнага ўводу індывідуальных жылых дамоў у цэлым па краіне», — паведаміла Таццяна Васілючак.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.