Вы тут

Як жыве сям'я акцёраў?


Акцёраў Тэатра-студыі кінаакцёра Сяргея Лапаніцына і Яну Хадановіч часта пытаюцца: «Вы ўвесь час разам: і дома, і ў тэатры – не стамляецеся адно ад аднаго?» Такія пытанні іх адкрыта здзіўляюць.


Тэатр нашага жыцця

Сваю мару аб акцёрскай прафесіі і Сяргей Лапаніцын, і Яна Хадановіч рэалізавалі не з першай спробы. Абодва пачыналі з каледжаў мастацтваў. Потым Сяргей адслужыў у войску. Яна два гады правучылася ў БДПУ імя Максіма Танка. Сустрэліся яны, стаўшы студэнтамі акцёрскага факультэта Акадэміі мастацтваў і трапіўшы на курс заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Мішчанчука.

— Не, гэта не было каханне з першага погляду, — сцвярджае Яна. — Спачатку я здалася Сярожы некалькі пагардлівай, непрыступнай, а ён мне — залішне правільным. Але прыгледзеліся, зацікавіліся, і на другім курсе да майго Дня нараджэння ўжо зразумелі, што не можам адно без другога. З таго часу 28 лістапада адзначаем як падвойнае свята.

Рамантычныя адносіны не сталі для маладых людзей перашкодай у вучобе. І Сяргей Лапаніцын, і Яна Хадановіч скончылі Акадэмію мастацтваў з чырвоным дыпломам і размеркаваліся ў Тэатр-студыю кінаакцёра. А ў тым жа верасні згулялі вяселле.

Сужэнцы досыць часта занятыя ў адных і тых жа пастаноўках: «Пігмаліён», «Ваўкі і авечкі», «Змешаныя пачуцці», «У пошуках сапраўднага Я», «Мышалоўка», «Дзядзька Ваня», «Жанчыны без межаў». Сумесныя рэпетыцыі, разборы роляў, спектаклі. Яны імкнуцца не ўмешвацца ў творчы працэс адно аднаго, не лезуць з парадамі. Вядома, могуць пацікавіцца меркаваннем партнёра, нешта падказаць. Не атрымліваецца і дома зусім забыцца на працу.

— Сцэна не даруе хлусні, — лічыць Сяргей Лапаніцын. — Каб не атрымаць ад яе аплявуху, імкнешся быць сумленным у прафесіі. Калі я ці Яна бачым, як зрабіць персанажа больш пераканаўчым, выразным, вядома, гаворым пра гэта. Агульная справа для адных можа быць плюсам у адносінах, для іншых — мінусам. Але не яна, безумоўна, трымае мужчыну і жанчыну ўдваіх, а ўзаемнае прыцягненне — фізічнае, духоўнае, інтэлектуальнае. Мы стараемся чуць адно аднаго і ў тэатры, і ў жыцці. Упэўнены: будзь мы з Янай людзьмі розных прафесій, нам усё роўна было б цікава і камфортна разам.

Аднойчы на спектакль з удзелам Сяргея сужэнцы запрасілі знаёмых. Яна сядзела ў зале побач з імі. І вось на сцэне персанаж акцёра Лапаніцына абдымае і цалуе сваю калегу.

— Я — удзячны глядач: у тэатры звычайна не крытыкую, а атрымліваю асалоду, адключаю ў гэты час у сабе акторку, — прызнаецца Яна. — І тым разам сяджу і з цікавасцю гляджу за тым, што адбываецца на сцэне. Надыходзіць антракт, і нашы сябры пытаюцца: «Яна, і цябе „ўсё гэта“ не хвалюе?» Не, кажу, «гэта» мяне не кранае. Мы ж ведалі, якую прафесію выбіраем. Нельга ж адмаўляцца ад усіх роляў толькі з-за таго, што там ёсць пацалункі і абдымкі. Трэба будзе па сцэнары пабіцца, мы з мужам і паб’емся. Але гэта ж не значыць, што мы ў жыцці — дэбашыры. Жывем ціха, мірна.

Самая важная роля

Сяргей Лапаніцын родам з Ваўкавыска, Яна — з Вілейскага раёна. Сваё сумеснае жыццё сужэнцы пачыналі ў інтэрнаце. Туды ж з радзільні прывезлі сваю Стэфанію. Цяпер сям’я арандуе двухпакаёвую кватэру. Іх дачцэ хутка 5 гадоў.

— Стэфанія — лепшае, што здарылася ў нашым жыцці, — упэўнена Яна Хадановіч. — Зразумела, я ні хвіліны не шкадую, што прыйшлося «адцягнуцца» на мацярынства. Але аб’ектыўна жанчынам у нашай прафесіі больш складана, чым мужчынам – некаторым цяжка сумяшчаць тэатр і дзяцей. Я перастала выходзіць на сцэну толькі на сёмым месяцы цяжарнасці. Выйшла з водпуску па доглядзе дзіцяці, калі Сцешы не споўнілася яшчэ года. Раней проста не атрымлівалася: дачка ўвесь час плакала, я не магла адысці ад яе ні на крок.

Яне ўдалося хутка вярнуцца да работы, яна актыўна занятая ў рэпертуары. Дапамаглі яе бацькі: маці Святлана Іванаўна і бацька Вячаслаў Адамавіч.

— У той перыяд мы пастаянна «маталіся» на машыне з Мінска ў Вілейскі раён і назад, — распавядае Сяргей. — Цяпер Сцеша ходзіць у дзіцячы сад. Бацькі Яны пры неабходнасці па-ранейшаму дапамагаюць нам. Ну, а калі няма з кім пакінуць, бярэм дачку з сабой у тэатр. Яна выдатна сябе адчувае за кулісамі, выходзіла з намі ўжо на сцэну на паклон. Нават на гастролі ў Віцебск з намі ездзіла, і ёй спадабалася.

Кім у будучыні стане Стэфанія, Сяргей і Яна не загадваюць: выбар у любым выпадку пакінуць за ёй, настойваць на працягу акцёрскай дынастыі не збіраюцца. Сёння актыўная, рухомая Стэфанія займаецца спартыўнай гімнастыкай, з задавальненнем вучыцца катацца на лыжах.

Свята, якое заўсёды з табой

Ніякіх праблем з тым, каб узяць у рукі перфаратар, дрыль ці малаток і самому выканаць любыя рамонтныя работы, Сяргей Лапаніцын не бачыць. Жонку да гэтага ён, зразумела, не далучае. А ў астатнім сужэнцы не дзеляць абавязкі на жаночыя і мужчынскія. Прытрымліваюцца прынцыпу: хто свабодны, той і прыбірае, сцірае, гатуе, корміць Сцешу і ката Катафеіча.

Каб задаволіць усе запыты сям’і, працаваць даводзіцца шмат. Сяргей разам з тэатрам супрацоўнічае з тэлебачаннем, вядзе на АНТ перадачу «Трывожная кнопка». Адгукаюцца сужэнцы і на іншыя творчыя прапановы.

— Адпачынак праводзім звычайна альбо ў Ваўкавыску, альбо ў бацькоў Яны, — распавядае Сяргей. — Любім з’ездзіць у Санкт-Пецярбург, каб перазагрузіцца. Мінулым летам утрох адпачылі ў Грузіі. Дзесяці дзён нам хапіла, каб пабываць на моры, у гарах – атрымаць масу ўражанняў.

Святы ў гэтай сям’і — справа святая. Пад Новы год Сяргей і Яна звычайна ўдзельнічаюць у «ёлках». Сяргей часта выступае там у ролі Дзеда Мароза. Аднак дадому, для Стэфаніі, сужэнцы запрашаюць іншага акцёра ў гэтай якасці: хочуць, каб дзяўчынка даўжэй верыла ў «сапраўднага Дзеда Мароза» і наогул у цуды. Усе ўрачыстасці Яна і Сяргей традыцыйна імкнуцца адзначаць дома, сярод родных. Стэфаніі дораць, як правіла, тое, што яна просіць. А вось адно аднаго імкнуцца здзівіць. Сяргей, напрыклад, з нагоды 33-годдзя жонкі падарыў ёй конную прагулку. Яна на адзін з Дзён нараджэння мужа падарыла яму сертыфікат на палёт на дэльтаплане.

— Неяк Сярожа на гадавіну вяселля кажа: «Бяры купальнік, ручнік — паедзем адрывацца», — дзеліцца Яна. — Збіраюся, не задаючы лішніх пытанняў, едзем. І вось — мы ў дэльфінарыі! І я плаваю з дэльфінамі. Поўнае захапленне! У мяне было адчуванне, нібы я трапіла ў казку. Мара дзяцінства здзейснілася! Ад шчасця я нават плакала.

Лісты да запатрабавання

Кожны год напярэдадні дня нараджэння дачкі Сяргей і Яна пішуць ёй бацькоўскія пасланні і кладуць у шкатулку — да запатрабавання. Яны перакананыя: праз гады Стэфаніі цікава будзе, што ёй жадалі бацькі, на што спадзяваліся, якой яе бачылі. А напярэдадні чарговай гадавіны вяселля сужэнцы пішуць лісты адно аднаму. Адны канверты адчыняюць адразу, іншыя пакідаюць — чакаць патрэбнага моманту. Для іх гэтыя лісты — сапраўдны сямейны скарб.

...Яны нарадзіліся з розніцай у два гады і два дні. Абодва па знаку Задыяку — Стральцы. Але ў гараскопы ні Сяргей, ні Яна вераць не надта. Хутчэй вераць у лёс, у каханне, у сям’ю. У тое, што ім пашанцавала: з бацькамі, прафесіяй, і, вядома, — адно з адным.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадстаўлена суразмоўцамі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.