Вы тут

Размова пра творчасць Алеся Жыгунова з нагоды яго 70-годдзя


З Алесем Жыгуновым мне давялося вучыцца на філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. Якая ж была прыемная нечаканасць, калі пасля заканчэння ўстановы Алесь (ён скончыў універсітэт на тры гады пазней) быў размеркаваны настаўнічаць на Глыбоччыну, дзе працаваў ужо я. З часам у нас утварылася сяброўская суполка літаратараў: Фама Ляшонак, якому рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў Беларусі даваў сам Іван Шамякін, Віталь Гарановіч, шматлікія песні на словы якога гучалі на беларускім радыё, Марыя Баравік, дзіцячыя спектаклі якой ставіліся ў абласным драмтэатры. Ну, а сам Алесь парадаваў цудоўнымі зборнікамі вершаў: «Матчына вышыванка», «Мая Тройца», «Пагавары са мной пра восень», «Ля цяпельца зары», некалькімі дзіцячымі кніжкамі.


Алесь Жыгуноў

— Алесь, ты нарадзіўся ў вёсцы з рэдкай лірычнай назвай Тройца. Таму паэтам стаць наканавана, відаць, самім лёсам?

— Тройца знаходзіцца на Шклошўчыне, непадалёк ад добра вядомай усім Александрыі. Вельмі прыгожая. Лясы наўкола. Самі трайчане — найцудоўнейшыя людзі. У нас нават дзверы ў дамах адчыненыя. Адзін з маіх паэтычных зборнікаў так і назывецца «Мая Тройца». У ім можна знайсці вершаваны аповед пра жыхароў вёскі — Сямёнаўну, дзядзьку Колю, цётку Марфуту... Сямёнаўна — гэта мая маці Марыя. Дзядзька Коля — сваяк, вельмі працавіты: у чатыры гадзіны падымаўся, касіў калгаснае, потым сваё і так да позняга вечара. Вельмі любіў, каб я пасля ўсяго гэтага расказваў яму розныя гісторыі: як там Іван Пятровіч Шамякін жыве ў Мінску, што напісаў новага? А цётка Марфута, суседка наша, — вясковая модніца, прытрымлівалася заўсёды даўніны: спадніца да самай зямлі, кофтачка беленькая, з карункамі, заўсёды акуратненькая. Прыязджаеш у вёску і чуеш: «Вунь цётка Марфута ідзе!» Наогул, калі гаварыць шчыра, то без Тройцы мяне як паэта не было б. Без Тройцы і Глыбокага!..

— Нават так?

— На Глыбоччыне я жыву з 1976 года. Дарагая мне гэтая зямля. Тут талент мой паэтычны раскрыўся. Тут нарадзіліся мае дзеці. Тут шмат у мяне сяброў і знаёмых. Нават верш такі ёсць «З Глыбокага да Шклова». 

— Крытыкі часта называюць цябе паэтам «ціхай лірыкі». Але, відаць, гэта не зусім так. У тваёй творчасці шмат вершаў грамадзянскіх, патрыятычных…

— Я беларус. Люблю гісторыю. Калі прыехаў на Глыбоччыну, даведаўся, што тут радзіма Ігната Буйніцкага, Язэпа Драздовіча. На старонках газеты распрацоўваў гэтыя тэмы. Напісаў вершы «Рэй Ігната Буйніцкага», «Маналог Язэпа Драздовіча».

— Некаторыя паэты прытрымліваюцца вядомага правіла Юрыя Алешы: «Ні дня без радка». А як у цябе?

— Толькі тады, калі з’яўляецца натхненне. Магу не пісаць тадзень-два, а наведвае яно і — усё забываеш абсалютна. Можа, каму гэта здасцца ненармальным, але амаль усе свае вершы я напісаў ходзячы: і ў трыццаць, і ў сорак радкоў. Запамінаю, а пасля запісваю, перадрукоўваю.

— Але ж на гэта патрэбна фенаменальная памяць!

— Самае цікавае, што мне цяжэй запомніць лічбы, а вершы свае сапраўды ведаю на памяць. І творы многіх паэтаў, у тым ліку Сяргея Ясеніна, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова…

— Апошнім часам твае творы не так часта з’яўляюцца ў друку, як раней…

— Адкрыў для сябе, што найлепшыя вершы паэты пішуць у маладыя гады. Магчыма і ў мяне лепшыя напісаны ўжо. І калі чытаю часопісы «Маладосць», «Полымя», газету «ЛіМ» і знаходжу ў іх публікацыі знаёмых хлопцаў, аднагодкаў, з якімі сябраваў і якія па-ранейшаму працягваюць друкавацца, то хочацца ім сказаць: «Вашы вершы раней былі лепшыя!» Але калі жадаюць, то няхай пішуць! Я спрабую сябе і ў прозе. 

Надрукаваў некалькі абразкоў з цыкла «Вузельчыкі жыцця».

— А як увогуле пачыналася твая сцяжына ў паэзію?

— Нейкія радкі пачалі з’яўляцца яшчэ ў школе, у насценнай газеце. Вельмі любіў вершы, чытаў іх на памяць. У мяне па літаратуры была «пяцёрка». Пісаць патроху пачаў на філфаку БДУ. Вершы былі змешчаны ў «Чырвонай змене». Але тады грымелі мае аднакурснікі Мікола Мятліцкі, Толя Шушко, Ваня Рубін... А я быў у зацішшы. Па заканчэнні ўніверсітэта па размеркаванні трапіў на Віцебшчыну, на Глыбоччыну, у такую глыбінку, як Чарневічы. І не ведаю, што сталася, у чым была прычына, але пачаў пісаць. І калі ў Чарневічы. на сваю малую радзіму, прыехала беларускі крытык Тамара Чабан і пачытала мае творы, папракнула: «Чаго ты сядзіш? Едзь да Аўрамчыка ў «Маладосць!» — «Як гэта я паеду, — не пагаджаюся. — У мяне школа, дзеці». «Тады, — кажа, — давай мне свае вершы, я сама перадам Аўрамчыку!» Завезла. Надрукавалі. Потым ужо сам «асмялеў». Паслаў у часопіс. Гляджу — выйшла вялікая падборка. Больш за тое, нечакана для мяне яна была прызнана найлепшай у 1981 годзе. Я атрымаў прэмію часопіса «Маладосць», па тым часе добрыя грошы. Але справа нават не ў прэміі і не ў грашах. Справа ў тым, што я адчуў: нешта ўмею пісаць. Ну а канчаткова пачуць, што я паэт, давялося ад Рыгора Барадуліна. Здарылася гэта, калі трапіў першы раз на семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы. Рыгор Барадулін быў рэцэнзентам майго рукапісу. Ён прачытаў яго і сказаў трохі з гумарам: «Гэта паэт ужо, і паэт закончаны!» 

— У 2016 годзе табе пашчасціла быць дэлегатам II з’езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ў Маскве…

— Гэта для мяне была сапраўды важная і хвалюючая падзея. Паехаў я ў Маскву ў складзе нашай беларускай дэлегацыі. Было вельмі цікава, сама форма правядзення: выступленні, паездкі, сустрэчы. Дамовіліся з расіянамі аб супрацоўніцтве. Прыемна, што мой верш без перакладу на рускую быў надрукаваны ў часопісе «Белая вежа». 

— Ты стаў найлепшым маладым настаўнікам года Глыбоччыны, але нечакана перайшоў у журналістыку. Чаму?

— Праца ў газеце для мяне значыла шмат. У тым ліку як для паэта, творцы. Гэта сельская тэма. Таму што бацька мой — калгаснік, я — калгаснік. Сена ў калгасе яшчэ школьнікам нарыхтоўваў. У вёсках на Глыбоччыне, як і на маёй Шклоўшчыне, вельмі шмат добрых людзей. І калі мяне прызначылі загадчыкам сельгасаддзела раённай газеты «Веснік Глыбоччыны», падумалася спачатку, што не надта цікава: працэнты, намалоты, надоі. Але мой папярэднік сказаў: «Так, працэнты, надоі — усё гэта трэба. Але не трэба тэхналогіі. На тэхналогію ёсць спецыялісты. Пішы пра чалавека. І пішы так, каб чалавек натхніўся, каб яшчэ лепш працаваў. 

І так сталася, што гэта ў мяне сапраўды атрымалася. Сярод маіх сяброў былі старшыні калгасаў Аляксандр Палікарпавіч Сясіцкі, Багдан Пятровіч Канавальчык, Анатоль Мікалаевіч Пачопка, натхняўся сустэчамі з простымі людзьмі — аператарамі жывёлагадоўлі, механізатарамі. 

— Чым займаешся цяпер?

— Чытаю. Цяга да кнігі ў мяне з маленства. Асабліва паўплываў на гэта наступны момант: трапіўся, памятаю, мне верш Ясеніна «Песня сабакі», дзе ёсць такія радкі:

І глухо, как от подачки,

Когда камень ей бросят вслед,

Покатились глаза собачьи

Золотыми звездами в снег. 

Настолькі гэта ўзрушыла, узяло за сэрца, што заплакаў, адгарадзіўшыся ў хаце шырмачкай. Зайшла маці: «А вады не нанасіў, сухмень на двары, і ў каго такі ўдаўся?» Але пачула, што я плачу: «Сынок, што з табой? Што табе баліць?» «Не, мама, — супакойваю яе. — Нічога не баліць. Давай я табе лепш верш пачытаю». Мама, канечне, не заплакала, уздыхнула цяжка: «Сынок, чытай!»

Вады я потым нанасіў. А з кніжкамі больш пытанняў не было. Яны сталі маімі спадарожнікамі. І так склалася, што пры жыцці сваім маці пабачыла толькі адну маю кніжку «Матчына вышыванка». Пазней, калі мы з сястрой перабіралі ў шуфлядзе рэчы, то знайшлі гэтую кніжку з маім подпісам зачытаную, з закладкамі. Кніжку патрымаў у руках ці не кожны жыхар Тройцы, у якой было за сотню чалавек.

— Але ж у цябе ёсць, ведаю, і іншыя захапленні: гармонік, спорт?

— З гармонікам у мяне звязана вельмі шмат, яшчэ са школы. Калі не паступіў з першага разу на філфак, не хапіла аднаго бала, то працаваў загадчыкам сельскага клуба за 10 кіламетраў ад Тройцы. На другі год «прайшоў» з запасам, але з гармонікам так і не расстаўся. Дакупіў яшчэ і баян. Ну, і спорт. Гуляў за зборную раёна ў футбол, валейбол. 

— А праўда, што цэлы год ездзіў на веласіпедзе з Глыбокага 21 кіламетр у вёску Пліса, калі настаўнічаў там? 

— Гэта ўсё з-за майго няўрымслівага характару. Пабіўся аб заклад, што цэлы году буду ездзіць на веласіпедзе у школу, хоць мароз зімой даходзіў часам да мінус 25. Нічога. Змог, вытрываў. Ездзіў на Нарач купацца кіламетраў пад сотню на звычайным дарожніку. Ёсць у мяне веласіпед і цяпер. 

— Але вернемся да таго, з чаго пачыналі, — да тваёй малой радзімы, вёскі Тройца. Ёсць у цябе вершаваны зборнік «Мая Тройца» і паэма «Спатканне з Тройцай». Як яно, дарэчы, адбылося?

— Прыехаў у свой юбілейны год з земляком Браніславам Грамакоўскім, які напісаў шмат песень на мае вершы. Сабралася ўся вёска. Я чытаў вершы, а ён спяваў. Пасля размова завялася... І вось колькі ў мяне было розных сустрэч, прэзентацый: у Полацку, Наваполацку, Віцебску, Ушачах — падобнага не прыпомню. 

— Прыязджаю дамоў — і душою дабрэю.

Госць жаданы, к любому прыб’юся двару.

Як калісьці, з малымі ўволю дурэю, 

А з дзядамі паважліва гавару.

Манін сын... І застаўся Маніным сынам.

Буду ўдзячны да скону і ў сне,

Што пад Шклоўшчыны небам

валошкава-сінім

Мая родная вёсачка помніць мяне.

Гутарыў Уладзімір САУЛІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».