Вы тут

Усмешка Гагарына, якая аб’яднала свет


Юрый Аляксеевіч Гагарын — легендарная асоба. Значэнне яго подзвігу выходзіць далёка за межы першага палёту ў космас. У той няпросты час гэты прарыў аб’яднаў людзей па ўсім свеце, дапамог ім адчуць сябе адзіным цэлым, нягледзячы на геапалітычныя рознагалоссі. Дарэчы, менавіта ў Беларусі рабілася вельмі шмат дзеля таго, каб гэты палёт адбыўся. 9 сакавіка 2024 года споўніцца 90 гадоў з дня нараджэння першага касманаўта. У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў да гэтай знамянальнай даты адкрылася міжнародная выстава «Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для Міра».


— Гэты праект, без усялякага перабольшання, стане лёсавызначальным. Таму што рух да міру не проста аднаго чалавека, а сотняў і тысяч людзей абавязкова прынясе той шчаслівы мір без усялякіх канфліктаў, які мы чакаем і ў якім жадаем жыць, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч на адкрыцці мерапрыемства.

У сваю чаргу намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў па творчай рабоце Алеся Іназемцава дадала, што гэта выстава — чарговы напамін суайчыннікам і ўсяму свету аб тым, што Гагарын быў першым, нягледзячы на тое, як зараз інтэрпрэтуецца гісторыя асваення космасу.

— Вельмі шмат добрага было зроблена ў той няпросты час дзякуючы асабістаму абаянню Гагарына, яго знакамітай усмешкі, якую памятаюць ва ўсім свеце, — дзеліцца намеснік дырэктара. — Гэтым праектам мы хацелі паказаць, што ўсмешка — яна ва ўсе часы, нават у самыя складаныя перыяды, можа вырашаць вельмі шмат.

Маштабная экспазіцыя ўключае тры асноўныя складнікі. Першая — фатаграфіі Юрыя Гагарына, зробленыя на мерапрыемствах рознага ўзроўню: ад афіцыйных да сямейных. Таксама на выставе можна ўбачыць і сапраўдныя асабістыя рэчы касманаўта. У асобнай зале прадстаўлены даміно, ліхтарык і складны нож. Яны з’явіліся на выставе, дзякуючы Аб’яднанаму мемарыяльнаму музею-запаведніку Ю.А. Гагарына і асабістаму архіву пляменніцы касманаўта.

Другі складнік — працы, якія былі адабраны ў працэсе адкрытага адбору.

— Любы жадаючы мог даслаць працу на тэму міру, палёту, космасу і, вядома, асобы Юрыя Гагарына, — дзеліцца Алеся Іназемцава. — Вельмі шмат твораў прадстаўлена: больш за 100. І я шчыра здзіўленая і ўзрадаваная тым, што адгукнулася практычна ўся краіна, а таксама расійскія рэгіёны ад Сочы да Новасібірска.

А вось трэці складнік экспазіцыі — гэта міжнародная акцыя «Усмешка для міру», якая праводзіцца пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Гэта фатаграфіі людзей з усяго свету, якія вырашылі таксама далучыцца да святкавання юбілею касманаўта. Яны дэманструюцца на экране падчас экспазіцыі. Па словах Сяргея Крыштаповіча, да акцыі ўжо далучылася 36 краін.

— Запусціўшы яе, мы хочам уключыць усю сусветную супольнасць, каб людзі дасылалі свае фатаграфіі на фоне помнікаў Юрыя Гагарыну, з музеяў, прысвечаных касманаўтыцы і космасу. Каб яны, фатаграфуючыся і ўсміхаючыся, давалі б вось гэты імпульс свету, надзеі і перамогі над усімі дэструктыўнымі палітычнымі працэсамі, — заявіў дырэктар цэнтра.

Падчас праекта запланавана вельмі шмат святочных мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых. Гэта тэматычныя экускурсіі, майстар-класы, лекцыі і круглы стол. Акрамя таго, паводле слоў Сяргея Крыштаповіча, ёсць вялікая надзея, што адбудзецца прамое ўключэнне з арбіты з нашай беларускай касманаўткай Марынай Васілеўскай.

Лізавета ГОЛАД

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?