Вы тут

Дэменцыя: не прапусціць «першыя званочкі»


Узрост палохае не столькі маршчынамі, колькі немачамі. Адзін з самых страшных дыягназаў для пажылых — дэменцыя. Якія асноўныя фактары развіцця гэтай паталогіі? Ці можна зменшыць верагоднасць яе наступу і затармазіць цячэнне? Ці існуе прафілактыка? Гутарым пра гэта з загадчыцай 2-га паліклінічнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі, урачом-псіхіятрам-нарколагам Аленай Іванчанкай.


Фота з адкрытых крыніц

Партрэт захворвання

— Алена Анатольеўна, давайце адразу ўнясем яснасць: дэменцыя і хвароба Альцгеймера — гэта сінонімы? У іх аднолькавыя праявы?

— Дэменцыя гэта хранічнае прагрэсавальнае захворванне галаўнога мозгу, якое выяўляецца ў зніжэнні кагнітыўных функцый (памяці, увагі, здольнасці да маўлення, пісьма, чытання, мыслення, навучання, самаабслугоўвання), аж да поўнай іх страты. Большая частка (60–65%) дэменцый — вынік хваробы Альцгеймера, дэгенератыўнай паталогіі галаўнога мозгу. Досыць распаўсюджаныя і сасудзістыя дэменцыі — пры сардэчна-сасудзістых захворваннях ці пасля інсультаў. Дэменцыі з прыкметамі і той, і іншай разнавіднасці адносяць да змешанага тыпу.

А яшчэ сустракаюцца алкагольныя дэменцыі, пасля ЧМТ (чэрапна-мазгавых траўмаў), пры хваробе Паркінсона і некаторых іншых. Усе яны суправаджаюцца парушэннямі паводзін, эмоцый, асобаснымі змяненнямі. Пацыентам з дэменцыяй уласціва плаксівасць, раздражняльнасць. У іх абвастраюцца характэрныя рысы: эканомныя становяцца скупымі, неакуратныя — неахайнымі. У пачатку захворвання губляецца памяць на бягучыя падзеі: напрыклад, пажылыя людзі забываюцца, куды паклалі тую ці іншую рэч, пачынаюць абвінавачваць блізкіх у тым, што тыя яе скралі. Пазней губляецца і доўгачасовая памяць, калі не памятаюць хатні адрас, кім і дзе працавалі, колькі ў іх дзяцей і ўнукаў, ці жывы іх муж (жонка) і гэтак далей. Часам нашым пацыентам здаецца, што падзеі, якія мелі месца шмат гадоў таму, адбываюцца цяпер.

— Ці адрозніваецца праходжанне дэменцыі пры хваробе Альцгеймера і сасудзістых паталогіях?

— Пры сасудзістай дэменцыі многія пацыенты скардзяцца на галаўныя болі, галавакружэнні. Такія людзі не заўсёды звяртаюцца па дапамогу пры малаважных кровазліццях у мозгу, хоць і яны цягнуць за сабой разбурэнне яго клетак. Спачатку гэта можа быць неўзаметку, але чым значней вобласць паразы, тым больш відавочнымі становяцца сімптомы дэменцыі. Звычайна ў такіх выпадках блізкія паказваюць на момант «старту праблемы». Напрыклад: сталы бацька трапіў у бальніцу з парушэннем мазгавога кровазвароту, пасля чаго стан абвастрыўся. У гэтых выпадках кагнітыўныя функцыі зніжаюцца паступова, з непрацяглымі перыядамі стабілізацыі. Пры дэменцыі альцгеймераўскага тыпу сваякі часта не могуць вызначыць яе пачатак, а кагнітыўныя функцыі губляюцца няўхільна, без перыядаў рэмісіі.

— Пацыенты з дэменцыямі — выключна пажылога і старэчага ўзросту?

— Ранняя (да 65 гадоў) дэменцыя — з’ява рэдкая. У гэтых выпадках яна звычайна працякае вельмі хутка. У маёй практыцы быў прыклад, калі 45-гадовая жанчына-бухгалтар звярнулася са скаргамі на тое, што перастала спраўляцца з работай. На працягу года яна ўжо атрымала інваліднасць. Асноўная маса пацыентаў з дэменцыяй — старэйшыя за 65 гадоў. Яны складаюць каля 5% у папуляцыі.

— Мужчыны ці жанчыны часцей схільныя да дэменцыі?

— Жанчын у 2–3 разы больш, чым мужчын, сярод пацыентаў з хваробай Альцгеймера. У прадстаўнікоў моцнага полу часцей сустракаецца сасудзістая дэменцыя.

— На падставе якіх даследаванняў ставіцца дыягназ «дэменцыя»?

— Каб выявіць кагнітыўныя парушэнні і іх ступень, праводзіцца вызначанае псіхалагічнае абследаванне, тэсціраванне. Для пастаноўкі дыягназу вельмі важна ўлічваць працягласць (не менш за 6 месяцаў) праявы ўсіх прыкмет кагнітыўнага дэфіцыту. Пры дэменцыі ступень іх праявы настолькі значная, што стварае перашкоды прафесійнаму, сацыяльнаму, бытавому функцыянаванню. Для ўдакладнення тыпу паталогіі часта прызначаюць МРТ або камп’ютарную тамаграфію (КТ).

Фактары рызыкі

— Якія асноўныя прычыны дэгенерацыі мозгу?

— Сёння галоўным фактарам хваробы Альцгеймера лічаць паталагічнае назапашванне бялку бэта-амілоіду, які перастае расшчапляцца і назапашваецца ў выглядзе сенільных бляшак, што выклікае дэгенерацыю нейронаў і атрафію кары галаўнога мозгу. Інсульты, мікраінсульты прыводзяць да гібелі клетак галаўнога мозгу. І пры альцгеймераўскай, і пры сасудзістай дэменцыях зніжаецца ўзровень нейрамедыятара ацэтылхаліну, які адказвае за кагнітыўныя функцыі. Часам у пажылым узросце дэменцыя становіцца вынікам сукупнасці фактараў: сасудзістай паталогіі, цукровага дыябету, бескантрольнага ўжывання транквілізатараў, седатыўных і снатворных прэпаратаў.

— Ці адыгрываюць ва ўзнікненні дэменцыі нейкую ролю гены?

— У выпадку спадчыннай схільнасці рызыка развіцця хваробы Альцгеймера вышэйшая. Але гэта не значыць, што дэменцыя непазбежная.

— А сацыяльная ізаляцыя, адзінота могуць прывесці да дэменцыі?

— Гэта таксама фактары рызыкі. Але нярэдка мы назіраем так званыя псеўдадэменцыі. Калі пажылы чалавек жыве адзін, практычна ні з кім не мае зносін, пачынае дрэнна і нерэгулярна харчавацца, нікуды з дому не выходзіць, мала рухаецца, нічым не цікавіцца, то гэта прыводзіць да пагаршэння памяці і мыслення, звужэння слоўнікавага запасу. Аднак варта яму своечасова забяспечыць нармальныя ўмовы, і яго стан заўважна палепшыцца. На псеўдадэменцыі пакутуюць пры дэпрэсіях, асабліва цяжкіх. Людзі становяцца апатычнымі, ім нічога не хочацца, яны перастаюць сачыць за сабой. Але часта такія сімптомы знікаюць пасля курса антыдэпрэсантаў.

— Ці дадалося ў вас, Алена Анатольеўна, пацыентаў пасля эпідэміі COVID-19? Кагнітыўныя праблемы з-за гэтага інфекцыйнага захворвання лягчэй паддаюцца лячэнню?

— Тыя, хто перанёс COVID-19, сярод яго наступстваў часта адзначалі зніжэнне памяці, канцэнтрацыі ўвагі і г. д. У большасці з цягам часу гэтыя праблемы зніклі. Але, нажаль, не ва ўсіх. У пажылых са схільнасцю да дэменцыі ці пры яе пачатковых стадыях COVID-19 паскорыў развіццё паталогіі. У анамнезе нашых пацыентаў апошніх гадоў мы нярэдка сустракаем інфармацыю аб каранавіруснай інфекцыі і шпіталізацыі.

Чым раней, тым лепей

— Ці паддаецца дэменцыя карэкцыі? Ці можна прыпыніць яе развіццё? Пры якіх умовах?

— На жаль, эціатропнага (гэта значыць, ён ліквідуе прычыны дэменцыі) лячэння пакуль няма. А вось адтэрмінаваць наступленне цяжкіх формаў, стабілізаваць стан і захаваць здольнасць самастойна сябе абслугоўваць можна. Ёсць прэпараты, якія душаць разбуральны фермент-нейрамедыятар ацэтылхалін. Аднак важна пачаць прымаць іх на ранніх стадыях, як толькі «празвінелі першыя званочкі». У гэтых выпадках людзі (пры мінімальнай старонняй дапамозе) могуць пражыць яшчэ дастаткова доўга. Калі спазніцца з тэрапіяй, то прагноз для пацыентаў звычайна неспрыяльны. А ўжо аднавіць страчаныя навыкі самаабслугоўвання і кагнітыўныя функцыі, як правіла, немагчыма.

— Пацыенты звяртаюцца да вас самі ці іх прыводзяць сваякі?

— Людзі звяртаюцца самі, пакуль яшчэ могуць заўважыць парушэнні памяці, нечаканыя цяжкасці ў выкананні звыклых спраў. Але часта яны ідуць да тэрапеўта ці неўролага. Гэтыя спецыялісты ставяць дыягназ «дысцыркулятарная (сасудзістая) энцэфалапатыя 1-й ці 2-й ступені» і прызначаюць суадносныя прэпараты. Аднак пры дэменцыі яны не дапамагаюць, хвароба прагрэсіруе.

На жаль, сваякі часта не заўважаюць, як мяняюцца іх блізкія. Часам паводзіны састарэлых бацькоў расцэньваюць як капрызы, лічаць, што яны робяць нешта на злосць, у той час як гэта праявы псіхічных парушэнняў. «Ну так, маці сёе-тое забывае. Але гэта ж узрост!» — чуеш ад дарослых сыноў і дачок. Часам ствараецца ўражанне, што ў сям’і мала маюць зносіны адно з адным, вельмі няўважлівыя да стану старых. Адсутнасць насцярожанасці, увагі блізкіх да праяў дэменцыі — сапраўдная праблема для нас, псіхіятраў. На другой, а тым больш на трэцяй стадыі захворвання мы нічым дапамагчы ўжо не можам. Гэта трагедыя і для старых, і для сваякоў, на плечы якіх кладзецца ўвесь цяжар па доглядзе зусім бездапаможных людзей.

— Значыць, калі заўважаеш, што памяць стала горш, знізілася канцэнтрацыя ўвагі, трэба звярнуцца да ўрача-псіхіятра?

— Можна пачаць з тэрапеўта ці неўролага. З узростам памяць пагаршаецца практычна ва ўсіх. Але пры непаталагічным кагнітыўным зніжэнні захоўваецца здольнасць абслугоўваць сябе, кемлівасць, чалавек у стане весці ранейшы лад жыцця. У такіх выпадках павінны дапамагаць ноатропныя прэпараты. Калі ж яны не паляпшаюць стан, то, безумоўна, трэба пракансультавацца ў псіхіятра.

— Не прынята хаваць свае праблемы са здароўем, напрыклад, у ЗША. Блізкія Бруса Ўіліса адкрыта кажуць, што ў акцёра лобна-скроневая дэменцыя.  Такое стаўленне зніжае вастрыню праблемы ў грамадстве?

— У нейкай меры, думаю, так. Адкрытасць вядомых асоб прыводзіць да большай інфармаванасці грамадства аб цяжкіх хваробах, радавыя грамадзяне таксама перастаюць саромецца звяртацца са сваімі праблемамі да спецыялістаў. Гэта ж не віна, а бяда, ад якой ніхто не застрахаваны. У нашай культуры псіхіятрыя пакуль яшчэ стыгматызавана, многія да гэтага часу лічаць ганебным кансультавацца ва ўрачоў нашай спецыяльнасці, баяцца праславутага «ўліку».

— Такім чынам, ад дэменцыі ніхто не застрахаваны. Ці можна хоць бы знізіць верагоднасць яе наступлення? Ці існуе прафілактыка кагнітыўных расстройстваў?

— Трэба старацца захоўваць максімальную інтэлектуальную, фізічную, сацыяльную актыўнасць, у тым ліку ў пажылым узросце. Памылка шматлікіх людзей у тым, што выходзячы на пенсію, яны рэзка звужаюць круг зносін, перастаюць навучацца, рабіць зарадку, не знаходзяць для сябе хобі. А гэта той перыяд жыцця, які трэба прысвяціць сабе: заняцца ёгай ці плаваннем, пачаць вывучаць замежную мову, напісаць успаміны. Трэба быць уважлівымі да здароўя. Пры наяўнасці сардэчна-сасудзістай паталогіі, гіпертаніі, павышаных халестэрыну і глюкозы ў крыві неабходна кантраляваць усе паказчыкі. У актыўных людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця, таварыскіх, добразычлівых, аптымістычна настроеных, ураўнаважаных людзей рызыка развіцця дэменцыі ўсё ж такі ніжэйшая.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі