Вы тут

Ад дажджу да мокрага снегу


Вясна пачнецца з цёплага надвор’я. Пры гэтым пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску істотных ападкаў не чакаецца, адзначылі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота pexels.com

У першы дзень каляндарнай вясны ўмовы надвор’я ў краіне будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Ноччу воблачна з праясненнямі, днём пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах краіны чакаецца туман. Вецер усходні, паўднёва-ўсходні ноччу ад слабага да ўмеранага, днём умераны, месцамі па захадзе парывісты.

Тэмпература паветра ўначы ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла, па паўднёва-заходняй палове плюс 5 — плюс 7 градусаў. Максімальная тэмпература днём складзе ад 4 цяпла па паўночным усходзе да 15 градусаў па паўднёвым захадзе краіны. Атмасферны ціск будзе слаба падаць.

І ў суботу таксама сонечна. У другі дзень вясны надвор’е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў. Вецер паўднёва-ўсходні, умераны, днём месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 3 градусаў да 4 цяпла, па захадзе Беларусі да 6 цяпла. Днём будзе па-ранейшаму кантрасна: ад 5 градусаў па паўночным усходзе да 15 цяпла па паўднёвым захадзе краіны.

У нядзелю надвор’е ў асноўным працягне вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі раніцай і днём па паўднёвым захадзе адаб’ецца ўплыў франтальнага раздзелу. Воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў, толькі раніцай і днём месцамі па паўднёвым захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у паўднёва-заходніх раёнах слабыя туман і галалёд. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра ўначы стане на ўсходзе краіны халаднейшай, дзе будзе 4 °С марозу, але па паўднёвым захадзе да плюс 6 градусаў. Крыху пахаладае і днём, калі будзе ад 3 да 10 цяпла, а ў паўднёва-заходніх раёнах — да 12 градусаў цяпла.

У пачатку наступнага тыдня ініцыятыва ў надвор’і па-ранейшаму будзе належаць вобласці павышанага атмасфернага ціску, у сувязі з чым істотных ападкаў па краіне не чакаецца. Толькі па паўднёвым захадзе краіны ў панядзелак і аўторак яшчэ будзе захоўвацца ўплыў маларухомага атмасфернага фронту.

«Разам з тым чакаецца паступленне ў Беларусь больш халоднай паветранай масы. У выніку чаго тэмпературны фон пачне паніжацца, а чаканыя ў паўднёва-заходніх раёнах ападкі будуць у выглядзе мокрага снегу і дажджу, адзначылі ў Белгідрамеце.

У панядзелак і аўторак будзе пераважна без ападкаў. Толькі па паўднёвым захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, ноччу месцамі слабы галалёд. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 3. Днём будзе 1–8 градусаў, па паўднёвым захадзе — да плюс 11 цяпла.

У сераду будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 2 градусаў, удзень — ад мінус 1 да плюс 6 градусаў.

Некалькі слоў сказалі сіноптыкі пра тое, якое звычайна бывае надвор’е ў Беларусі ў сакавіку. «Пачаткам кліматычнай вясны лічыцца час, калі ажыццяўляецца ўстойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз адзнаку ў нуль градусаў у бок павышэння. Гэта звычайна адбываецца ў апошняй дэкадзе лютага — першай і другой дэкадах сакавіка. Развіццё вясновых працэсаў распаўсюджваецца з паўднёва-заходняй часткі краіны на паўночны ўсход», — расказалі ў Белгідрамеце.

Сярэдняя месячная тэмпература паветра сакавіка (кліматычная норма) па Беларусі складае 0,8 градуса, змяняючыся ад мінус 0,8 градуса на паўночным усходзе, да плюс 2,7 градуса на паўднёвым захадзе, што на 4–5 градусаў вышэй, чым у лютым.

Самы халодны сакавік у Беларусі адзначаўся ў 1952 годзе, калі сярэдняя месячная тэмпература паветра была на 9,8 градуса ніжэй за кліматычную норму.

Абсалютны максімум тэмпературы для гэтага месяца (плюс 23,1 градуса) зафіксаваны ў Лельчыцах 19 сакавіка 1990 года. Абсалютны мінімум тэмпературы (мінус 38) адзначаны ў Жлобіне 8 сакавіка 1964 года.

І яшчэ. У першым месяцы вясны на працягу 1–5 дзён назіраюцца туманы. У асобныя гады колькасць дзён з туманамі можа дасягаць 9–17. У сакавіку адзначаецца ў сярэднім па асобных пунктах назірання адзін дзень з галалёдам, 1–3 дні з шэранню, адзін дзень з завеяй. А раз на тры гады нам даводзіцца пачуць і навальніцу ў сакавіку.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.