Вы тут

Ашуканцы абяцаюць вялікі прыбытак, а ў выніку — прысвойваюць грошы


Гэтымі днямі найбуйнейшы банк краіны папярэдзіў сваіх кліентаў аб тым, што ў апошні час «чорныя» брокеры пачалі ствараць пэўныя «пасткі» для людзей, якія жадаюць хутка разбагацець. Зламыснікі зноў выкарыстоўваюць далёка не новую, але па-ранейшаму актуальную схему падману інтэрнэт-карыстальнікаў. Сутнасць простая: пад выглядам фінансавых экспертаў, часам цалкам рэальных людзей, або ад імя вядомых кампаній праз сацыяльныя сеткі, рэкламу і анлайн-аб’явы злачынцы распаўсюджваюць інфармацыю аб з’яўленні ўнікальнага спосабу выгадна ўкласці грошы (чым больш, тым лепш) і атрымаць велізарны прыбытак у самыя кароткія тэрміны.


Ахвотным інвеставаць сродкі і хутка ўзбагаціцца прапануюць не толькі пералічыць грошы, але і адкрыць «брокерскі рахунак» або «асабісты кабінет на гандлёвай пляцоўцы», устанавіўшы нейкую праграму або зарэгістраваўшыся на пэўным сайце — там звычайна размяшчаецца інтэрфейс з візуалізацыяй, якая імітуе рост даходаў ад зробленых укладанняў.

Усё гэта ў віртуальным выглядзе існуе амаль рэальна і цалкам зманліва, але... Калі чалавек вырашае, што хоча вывесці «заробленыя, лежачы на канапе», сродкі, то раптам сутыкаецца з праблемамі: яго пераконваюць, што правесці гэтую аперацыю проста так нельга, існуюць нейкія цяжкасці і патрабуюцца дадатковыя выдаткі. Падставы могуць быць розныя: аплата «страховак», «падаткаў», «паслуг юрыста» і нешта падобнае. 

У выпадках з асабліва нязгоднымі інвестарамі ў ход ідуць нават пагрозы і шантаж.

Такім чынам ашуканцы спрабуюць атрымаць як мага больш грошай ад пацярпелага. Дабіўшыся сваёй мэты, яны абрываюць усе сувязі: спыняюць зносіны, выдаляюць перапіску, блакуюць нумары.

Каб прыцягнуць максімальна шмат людзей, гатовых інвеставаць у «пустату», і ўсыпіць іх пільнасць, зламыснікі нярэдка ствараюць фэйкавыя сайты або размяшчаюць аб’явы, напрыклад, у сацыяльных сетках, на відэахостынгу YouTube і нават на сайтах знаёмстваў.

Маюцца прыклады распаўсюджвання падробленых рэсурсаў ад імя буйных кампаній Беларусі і Расіі. Толькі за 2023 год зафіксаваныя выпадкі выкарыстання ў афармленні такой рэкламы лагатыпаў і іншых элементаў фірмовага стылю ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», ААТ «Беларуськалій», ДВА «Белэнерга», ААТ «Беларусбанк» і іншых.

Сустракаліся спробы падрабіць старонкі сайтаў папулярных навінавых рэсурсаў (onlіner.by, www.belta.by), а таксама сюжэты дзяржаўных беларускіх і расійскіх тэлеканалаў, паведамляе прэс-служба Беларусбанка.

Прыкметы лжэброкера: па-першае, адсутнічае ліцэнзія на брокерскую дзейнасць ці ж яе сапраўднасць выклікае сумненне. Па-другое, вам не прапануюць аформіць адносіны афіцыйна і заключыць дагавор. Па-трэцяе, абяцанні занадта добрыя, каб быць праўдзівымі: высокая даходнасць абсалютна без рызык і за вельмі кароткі тэрмін. Чацвёртае, адбываецца відавочны прымус да здзяйснення здзелкі: грошы патрабуюць прама цяпер, прычым перавесці іх трэба на рахунак або картку фізічнай асобы. Па-пятае, усё ўзаемадзеянне вядзецца выключна праз месенджары, сацыяльныя сеткі або па тэлефоне, паколькі офіса няма. А ўсё гэта вельмі і вельмі, мякка кажучы, дзіўна.

Беларусбанк рэкамендуе дзвесце разоў падумаць, перад тым як аддаваць свае грошы па сутнасці ў «нікуды». Нашым людзям раяць: інвестуйце толькі ў зразумелыя інструменты, не спяшайцеся з рашэннямі, успрымайце ўсе абяцанні крытычна. Залішне не давярайце рэкламе ў сацыяльных сетках. Не пераходзьце па незнаёмых спасылках, не ўводзьце там асабістыя даныя і рэквізіты банкаўскіх картак.

Загружайце дадаткі толькі з афіцыйных платформаў. З асцярогай стаўцеся да званкоў ад незнаёмых людзей з занадта прывабнымі прапановамі і спыняйце размову, як толькі ў вас з’явілася сумненне. Беражыце сябе і свае фінансы. Для атрымання інфармацыі аб прадуктах і паслугах банка, а таксама тэхналагічных навінках карыстайцеся толькі афіцыйным сайтам банкаў, а таксама афіцыйнымі акаўнтамі ў сацыяльных сетках. Грошы — гэта сур’ёзна, і таму трэцяга не дадзена.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.