Вы тут

Пераможцы студатрадаўскага руху — пра пераемнасць вопыту і новыя кірункі сваёй дзейнасці


Пра людзей, якія будавалі БАМ і асвойвалі цаліну, напісана шмат кніг і песень. Цяперашнія паслядоўнікі тых традыцый іншыя, іх дзейнасць больш шырокая і разнастайная. Аднак базавыя прынцыпы захоўваюцца. І не толькі ў афармленні байцовак і тэкстаў гімнаў, але і ў жаданні нешта скарыць, пазнаць, перамагчы. Як той казаў, у кожнага свая цаліна. Сёння з намі на сувязі два найлепшыя па выніках трэцяга працоўнага семестра мінулага года магілёўскія студатрады, якія перамаглі ў намінацыі «Сэрвісныя». Гэта «Праваднікі» ад Магілёўскага ўніверсітэта імя А. Куляшова і «Васількі», якія створаны пры Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій. Пераможцам слова.


«Праваднікі»

Той, хто падумаў пра чыгунку, трапіў у самае яблычка. Будучыя настаўнікі матэматыкі, фізікі, біялогіі і не толькі мелі магчымасць цалкам акунуцца ў іншую прафесію. Студэнт другога курса Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А. Куляшова камандзір атрада «Праваднікі» Аляксей Максімкоў расказвае, што новы вопыт істотна пашырыў яго гарызонты. На ўласным вопыце ён змог адчуць усе нюансы прафесіі, пра якую не так шмат ведаў.

Новыя абавязкі навучылі дзейнічаць самастойна і адказна. Працаваць байцам студатрада прыходзілася паасобку. І нават калі ехалі ў адным цягніку, сустракаліся, толькі вяртаючыся з рэйса. Дысцыпліна ёсць дысцыпліна.

— Я абслугоўваў пасажыраў на цягніку Мінск — Анапа, — расказвае Аляксей. — Толькі ў адзін бок ехалі два дні. Прыйшлося ўсё паспытаць: і падлогу мыў, і сухой прыборкай займаўся, і пасажыраў абслугоўваў. Начальнік цягніка ўсё правяраў, прэтэнзій не было. Пасажыры таксама дзякавалі за ўвагу. Лічу, са сваёй задачай справіўся. На жаль, пакупацца ў Чорным моры не атрымалася. Хоць мы нейкі час і знаходзіліся ў Анапе, але далёка ад цягніка нельга было адыходзіць.

Камандзір атрада расказвае, што яго каманда працавала па графіку: тыдзень — у рэйсе, тыдзень — дома. Кожны паспеў набыць вопыт работы як на міжнародных рэйсах, так і па Беларусі. На жаль, падарожнічаць па роднай краіне беларусы не прывыклі. Калі ёсць магчымасць, адразу ж адпраўляюцца глядзець іншыя краіны. А свая, аказваецца, не менш цікавая. Аляксей з камандай цяпер гэта добра ведаюць. Спадабаліся ўсе гарады, дзе змаглі пабываць. Гэта і гераічны Брэст, і старадаўні Полацк, і другі па велічыні горад Беларусі Гомель, і жамчужына Палесся Пінск. У будатрад уваходзілі студэнты розных факультэтаў, але за час вучобы на правадніка, а потым, сустракаючыся на маршрутах, атрымалася пасябраваць. 

І праект на конкурс рабілі з энтузіязмам. З кардона выразалі вялікі цягнік і размалявалі яго вясёлымі фарбамі. Дарэчы, каманда прымудрылася нават строгую форму дарожніка зрабіць больш стыльнай за кошт сваіх апазнавальных студатрадаўскіх сімвалаў. Бо для студэнтаў гэта ў першую чаргу ўсё ж такі байцоўка, а ўжо потым працоўная форма.

Як патлумачыла сакратар пярвічнай арганізацыі з правамі раённага камітэта МДУ імя А. Куляшова Вікторыя Варанцова, прапанова паспрабаваць студэнтам універсітэта асвоіць у студатрадах працоўныя спецыяльнасці зыходзіла ад Цэнтральнага камітэта БРСМ:

— З усіх прапанаваных спецыяльнасцяў хлопцы і дзяўчаты выбралі менавіта прафесію правадніка. Летась такі атрад быў створаны ўпершыню. І папулярнасць яго настолькі вялікая, што сёлета гэтую прафесію пажадалі асвоіць яшчэ болей чым 30 студэнтаў. І, магчыма, такіх атрадаў будзе два.

«Васількі»

Рамантычная назва студатрада — адзін з брэндаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (БДУТ). Першы будатрад пад такой назвай прадстаўляў вышэйшую навучальную ўстанову на ІІ Еўрапейскіх гульнях 2019 года. Гэта быў высокі старт, і з таго часу сэрвісныя атрады працуюць пад назвай «Васількі» — кветкі, якая сімвалізуе чысціню, патрыятычнасць, Беларусь. Летась «васільковы» атрад узяў удзел у міжпрофільным працоўным праекце «Трактарабудаўнік». У яго склад увайшлі першакурснікі спецыяльнасці «Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання».

— На момант атрымання прапановы ад рэспубліканскага праекта Мінскага трактарнага завода накіраваць студэнтаў для работы на іх аб’ектах грамадскага харчавання ў нас ўжо былі сфарміраваны ўсе студатрады са старшакурснікаў, — расказвае прарэктар універсітэта па выхаваўчай рабоце БДУТ Вольга Мацыкава. — І тады мы звярнуліся да першакурснікаў, якія толькі вывучалі агульнапрафесійныя дысцыпліны. Нягледзячы на тое, што ў іх не было вопыту, практычных навыкаў, яны рызыкнулі і справіліся са сваёй задачай. Юнакі і дзяўчаты актыўна ўключыліся ў работу, а студэнтка Даша Краўцова па выніках дзейнасці ў студатрадзе стала найлепшым байцом праекта. Сітуацыя ўнікальная, бо яе выбралі з болей чым 100 байцоў, якія былі занятыя на вытворчасці. Моладзь працавала на многіх складаных участках, але адзначылі нашу Дашу, якая займалася прыгатаваннем ежы. Для нас гэта вялікі гонар. Нездарма сталовую на такіх вось прадпрыемствах называюць аб’ектам № 1. Ад таго, як чалавек паеў, залежыць яго актыўнасць.

Цікава, што і сёлета ў адказ на магчымасць прайсці практыку ў любым пункце грамадскага харчавання краіны, маладыя людзі зноў пажадалі працаваць разам у складзе студатрада.

— Летась у нас было ўсё ўпершыню, і мы прайшлі вельмі карыснае выпрабаванне, — дзеліцца эмоцыямі камісар атрада Дзяніс Паўлюкавец. — На Мінскім трактарным заводзе працавала шмат розных студатрадаў. Нашу каманду з васьмі чалавек, якую можна было пазнаць па васільковым колеры байцовак, задзейнічалі на розных аб’ектах грамадскага харчавання. Прадпрыемства вялікае: там і сталовыя, і буфеты, і кавярні. Я, напрыклад, працаваў у буфеце, выпрабаваў на сабе шмат розных спецыяльнасцяў: 

і кухара, і касіра, і таваразнаўца. Там мы праходзілі, можна сказаць, яшчэ і вытворчую практыку, бо мелі магчымасць на нейкі час паглыбіцца ў атмасферу, дзе прыйдзецца потым працаваць.

Дзяніс расказвае, што сумаваць не даводзілася. Днём — работа, а вечарам — розныя творчыя мерапрыемствы. Камісар з таварышамі прыдумваў іх, каб вялікай студэнцкай аўдыторыі — а на прадпрыемстве працавала адначасова больш за 100 студэнтаў з усёй краіны і нават з Татарстана — было весела. Кожны тыдзень збіраліся, падводзілі вынікі, разам спявалі гімн байца студатрада.

Плён сваёй работы на конкурс пасталелыя за час работы ў студатрадзе першакурснікі падсумавалі крэатыўна. Зрабілі інсталяцыю ў выглядзе шкатулкі і напоўнілі яе рознымі цікавымі фота на тэму, чым жылі на цаліне. Як прызнаўся Дзяніс Паўлюкавец, для сучасных студатрадаўцаў гэта такі абагульняльны тэрмін той дзейнасці, якую моладзь праводзіць падчас трэцяга працоўнага семестра.

Кампетэнтна

Другі сакратар Магілёўскага абкама БРСМ Алег Бойка:

— Летась у складзе 544 студэнцкіх атрадаў ад Магілёўскай вобласці працавалі 6193 юнакі і дзяўчыны. У тым ліку ў нас было чатыры студэнцкія атрады колькасцю 73 чалавекі, якія дзейнічалі выключна ў Расіі. Асаблівасцю студатрада «Праваднік» стала тое, што БРСМ сумесна з партнёрамі змог рэалізаваць праект па асваенні студэнтамі іншых прафесій. У прыватнасці, маладыя набылі прафесію правадніка пасажырскага вагона. Яны прайшлі трохмесячны курс навучання, і гэта дапамагло ім працаўладкавацца ў якасці праваднікоў. Іх прыпісалі да мінскага вагоннага ўчастка. Працавалі як унутры краіны, так і на цягніках далёкага накіравання. Цікавая работа, убачылі шмат новага.

Будатрад «Васількі» браў удзел у рэспубліканскім працоўным вытворчым праекце «Трактарабудаўнік». Яго байцы працавалі ў якасці кухонных работнікаў і афіцыянтаў. Акрамя працоўнай дзейнасці, студатрадаўцы ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах: спартыўных, творчых, інтэлектуальных — арганізоўвалі вольны час з карысцю для душы.

Дарэчы, выхаваўчы і патрыятычны аспекты таксама ніхто не адмяняў. Усе нашы атрады носяць імёны Герояў Савецкага Саюза. Той жа «Праваднік» — адважнага чырвонаармейца Івана Несцерава, «Васількі» — камбата Валянціна Фаціна, які асабліва вызначыўся пры правядзенні Магілёўскай наступальнай аперацыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіваў суразмоўнікаў

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.