Вы тут

Супрацоўнікаў РУП «Белтэлекам» узнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі»


У РУП «Белтэлекам» працуе шмат таленавітых, добрасумленных, творчых, старанных людзей, якімі ганарацца філіялы і структурныя падраздзяленні кампаніі. Так, і з боку дзяржавы дзейнасці працоўнага калектыву даецца станоўчая ацэнка, а найлепшыя супрацоўнікі атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды.


Аляксандр Глінскі

Нядаўна ў калектыў кампаніі прыйшла прыемная вестка. Начальнік Мядзельскага ўчастка электрасувязі Маладзечанскага ЗУЭС Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам» Анатоль Малько і інжынер электрасувязі станцыйнай групы Докшыцкага ўчастка электрасувязі Глыбоцкага ЗУЭС Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» Аляксандр Глінскі ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з гэтымі людзьмі.

— Сумненняў наконт будучай прафесіі ў мяне не было ніколі, бо яшчэ ў юнацтве я цвёрда вырашыў пайсці па слядах свайго бацькі, які ўсё жыццё працаваў у галіне сувязі, — расказвае Аляксандр Глінскі. — Скончыўшы каледж, я пачаў працоўную дзейнасць электраманцёрам па электраабсталяванні пятага разраду, потым працаваў электрамеханікам электрасувязі ў сваім родным Докшыцкім раёне. Прайшоў службу ва Узброеных Сілах. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Віцебскім філіяле УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі», цяпер працую інжынерам электрасувязі Докшыцкага раённага вузла сувязі.

Аляксандр Ягоравіч адзначае, што яго прафесія інжынера вельмі творчая. «Да нас штогод паступае новае абсталяванне, якое патрабуе ад спецыялістаў творчага падыходу. Новая тэхніка, праграмнае забеспячэнне патрабуюць выкарыстоўваць усе іх вялікія магчымасці. А для гэтага часам прыходзіцца шукаць нестандартныя рашэнні», — гаворыць наш герой.

І тут жа дзякуе ўсяму калектыву Докшыцкага раённага вузла сувязі, у якім працуе шмат добрых кваліфікаваных людзей. Трыццаць гадоў таму яго — маладога спецыяліста — у ім цёпла сустрэлі, дапамаглі дасканала асвоіць усе нюансы прафесіі. Сёння ён ужо сам рыхтуе маладую змену і робіць гэта з задавальненнем.

У вольны ад работы час Аляксандр Глінскі займаецца спортам. «Адкрыю сакрэт: у свой час у мяне была магчымасць стаць прафесійным спартсменам, але ў гэтым кірунку крыху не пашанцавала, — прызнаецца ён. — Тым не менш спортам усё жыццё я займаюся вельмі актыўна. Напрыклад, нядаўна на працягу трох выхадных дзён запар я сем разоў выходзіў на старт лыжных гонак. Летам займаюся трэйланінгам (бегам па бездарожжы), лыжаролерамі, веславаннем на байдарках і турызмам навогул. У маёй калекцыі, дарэчы, налічваецца некалькі соцень спартыўных узнагарод».

З гонарам Аляксандр Ягоравіч адзначае, што сямейная дынастыя сувязістаў працягваецца. Яго сын таксама працуе ў сістэме электрасувязі, праўда, у Мінску. Спецыялістам сэрвіснага цэнтра РУП «Белтэлекам» працуе і жонка нашага героя.

— Яшчэ ў юнацтве я захапляўся радыёаматарствам, магчыма, гэта і вызначыла мой выбар, — расказвае пра тое, як выбраў прафесію сувязіста Анатоль Малько. — Пасля заканчэння вайсковай службы ў 1984 годзе я паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне Мінскага радыётэхнічнага інстытута, дзе і атрымаў вышэйшую адукацыю. Ну, а працаваць паехаў у свой родны Мядзельскі раён, вырашыў жыць па прынцыпе «дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». У Мядзелі я пачаў свой працоўны шлях электрамеханікам на мясцовым вузле сувязі, прайшоў усе прыступкі прафесійнага росту, а ў 2010 годзе ўзначаліў Мядзельскі ўчастак электрасувязі Маладзечанскага ЗУЭС Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам».

Многае змянілася з таго часу, калі Анатоль Аляксеевіч прыйшоў у працоўны калектыў. «Як памятаю, тады ў нас на ўчастку працавала 120 чалавек, а цяпер — усяго 34. Што датычыцца абсталявання, то яно змянілася кардынальным чынам. Па-першае, стала куды больш кампактным, а яго тэхнічныя магчымасці несуразмерныя ў параўнанні з тым, што было ў канцы 1980-х гадоў. Ды і віды паслуг, якія мы сёння аказваем спажыўцам, — куды больш разнастайныя», — з гонарам гаворыць ён.

Анатоль Малько

Сёння ўдасканаленне абсталявання ідзе хуткімі тэмпамі. І задача сучасных спецыялістаў — аператыўна яго асвойваць, каб найлепшым чынам выкарыстоўваць яго шырокія магчымасці. «У нашым працоўным калектыве з гэтым праблем няма, — адзначае Анатоль Малько. — Людзі вопытныя, умелыя, высокакваліфікаваныя. Сярэдні ўзрост спецыялістаў складае 40–50 гадоў. Я ганаруся тым, што мне даводзіцца кіраваць такім выдатным працоўным калектывам. Па выніках 2022 года Мядзельскі ўчастак электрасувязі Маладзечанскага ЗУЭС Мінскага філіяла РУП „Белтэлекам“ прызнаны найлепшым у Мінскай вобласці і найлепшым у краіне. Дарэчы, летась мы зноў занялі першае месца на Міншчыне і чацвёртае месца ў Беларусі. Сёння мы ўкараняем новыя віды паслуг, такія, напрыклад, як відэакантроль, лакальна-вылічальныя сеткі, мабільны праект „Мой горад“. Адным словам, ідзём у нагу з часам».

Анатоль Аляксеевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам і ганарыцца, што прысвяціў усё жыццё «Белтэлекаму». Дарэчы, і тут сямейная дынастыя: на прадпрыемстве працуе ўся яго сям’я — жонка Валянціна, сын Аляксей і дачка Марына.

Да таго ж гэта не першая ўзнагарода ў скарбонцы Анатоля Малько. Яго прафесіяналізм і адданасць працы былі адзначаны раней, што пацвярджаецца перамогай у намінацыі «Найлепшы кіраўнік», атрыманнем нагруднага знака «Ганаровы работнік сувязі Беларусі» і занясеннем у Кнігу пашаны РУП «Белтэлекам».

Сяргей РУЧАНАЎ

Прэв’ю: БелТА

Фота з архіва РУП «Белтэлекам»

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.