Вы тут

Паўзабытую п’есу Леаніда Андрэева «Анфіса» паставілі ў тэатры імя М. Горкага


Тры сястры Чэхава імкнуцца ў адзін горад.
Тры сястры Леаніда Андрэева кахаюць аднаго мужчыну. 

Але сімваліст Андрэеў — не Чэхаў, і любая побытавая гісторыя ў яго — гэта ўсяго толькі канва экзістэнцыяльных росшукаў, любая постаць, падзея і прадмет — толькі сімвал, а прастора ўсяе дзеі — чалавечая душа... Карацей, можна вольна паглыбляцца ў падтэксты філасофіі панпсіхізму — тэрмін прыдуманы Андрэевым, згодна гэтай філасофіі ва ўсяго ў свеце ёсць душа, і ўвесь свет — душа. Можа, таму рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Валянціна Еранькова і абрала для пастаноўкі паўзабытую п’есу Леаніда Андрэева «Анфіса». Твор, які адылае да эпохі дэкадансу, сімвалізму, ар-нуво, калі Станіслаўскі ставіў Метэрлінка, Ібсэна, Гаўптмана, таго ж Андрэева... Менавіта атмасфера таго часу паўплывала на Янку Купалу, які вучыўся ў Пецярбурзе і задумваў паэму-містэрыю «Сон на кургане».


Да таго часу адсылае і сцэнаграфія Алы Сарокінай ў спектаклі «Анфіса», здача якога адбылася 24 лютага, а прэм’ера 25 лютага. Тыя, хто любіць эпоху дэкадансу, атрымалі сапраўднае задавальненне. Старасвецкія люстры, якія нібыта пакрытыя павутою і адначасова нагадваюць карэнні... Аплеценыя ссохлым блюшчом балюстрады і мармуровыя вазы... Белыя пакрывалы-саваны, паціна і чарната буцвення... Вытанчаныя касцюмы ў стылю эпохі ад мастака Таццяны Лісавенка, дзе можна ўгледзець шмат цытатаў. Напрыклад, калі з’яўляецца сямейная пара Аносавых (Іна Савянкова і Дзяніс Нямцоў) — выпрастаныя ўрачыстыя постаці ў залацістых цюрбанах, размераная, аўтаматычная гаворка — успамінаюцца і патрэты венецыянскіх дожаў, і загадкавы партрэт ван Эйка сямейнай пары Арнальфіні. Містычная, нават трохі інфернальная постаць Бабулі (Кацярына Шатрова, Аксана Лясная) — сведкі, а можа галоўнага рухавіка ўсіх сямейных жарсцяў — таксама адсылае да вобразаў дэкадансу, бязлітасных маўклівых язычніцкіх багінь. Некалькі сцэн — выдатныя сюрэалістычныя кліпы, якія нагадваюць: тое, што адбываецца з героямі, нельга трактаваць наўпрост. Навагодняя тэма і песенька пра ёлачку інтэрпрэтуюцца, як у мемах-дэматыватарах, з сюрэалізмам і чорным гумарам... Асабліва ў сцэне віншавання Бабулі вясёлымі гасцямі — жанчыны ў недарэчных «заечых» шапачках з доўгімі вушамі, калядная зорка, маскі венецыянскага карнавалу, німбы, якія пагойдваюццца над галовамі, дзіўна змененая мелодыя дзіцячай песенькі (згадаю, што выдатнае музычнае афармленне спектакля стварыў Аляксей Еранькоў)... 

Леанід Андрэеў, дарэчы, даказваў, што вось гэтая п’еса ў яго «без стылізацыі» — за словамі майстра адчуваецца горкая крыўда на ўвесьчасныя папіканні ў фармалізме. Пісьменнік трохі хітрыў. Вядома, калі вылушчыць з п’есы голы сюжэт — адвакат Фёдар Кастамараў (Аляксандр Гірэнок) круціць раманы з двума сёстрамі жонкі (Вольга Здзярская і Елізавета Гаўрылава), у той час як ягоная жонка (Вераніка Пляшкевіч) чакае дзіця — гісторыя атрымліваецца непрыгожая (п’есу таму і не ставілі доўгі час). Але можна і ўспрымаць гэта, як сімвалічную гісторыю пакутлівых пошукаў чалавечае душы, якой няма спакою, якая змагаецца з унутраным зверам. Тры сястры — што падкрэсліваецца іх касцюмамі — тры іпастасі жаноцкага пачатку, Анімы. Аляксандра — захавальніца агменю, Маці, Анфіса — Муза, жрыца, жарсць і пакута, Ніна — Дзяўчына, чысціня, цнатлівасць, дзіцячая гарэзнасць. У кожнай іпастасі ёсць цёмны бок — таму што ніводная не можа стаць адзінаасобнай уладальніцай душы героя, і таму ягоны лёс — смерць. Бо і ён не можа выбраць паміж гэтымі іпастасямі, кідаецца ад Маці — да Музы — да Дзяўчыны... А ёсць яшчэ і Бабуля, увасоблены Фатум, якая пляце, пляце, пляце сетку лёсу. У фінале, зрэшты, даецца намёк — усё, што адбываецца на сцэне, і ёсць гісторыя жыцця тае Бабулі, састарэлай Анфісы, інтэрпрэтаваная як снабачанне — бо жыццё ж ёсць сон... 

Спектакль — спроба замахнуцца на нязвыклую стылістыку, задача надзвычай цяжкая і амбіцыйная. Можна толькі ўявіць, колькі працы, душэўных сілаў давялося затраціць усім стваральнікам, і, вядома, артыстам. І Аляксандру Гіранку, які ў гэтай вялікай драматычнай ролі (а мы ж звыклі да яго камічных персанажаў), здолеў вырашыць амаль непад’ёмную задачу: яго герой, нягледзячы на ўчынкі, не выклікае агіды, за ім хочацца сачыць, адчуваецца неверагоднае напружанне яго ўнутранага жыцця. А якое напружанне, колькі падтэкстаў хаваецца за дыялогамі двух сясцёр, Аляксандры і Анфісы — Веранікі Пляшкевіч і Вольгі Здзярскай, і, дарэчы, у п’есе Андрэева гэта не прапісана. Сяргей Жбанкоў пераканаўча стварыў свайго персанажа — адвакат-вегетарыянец Татарынаў, «правільны» чыноўнік, які верна служыць таленавітаму сябру з цяжкім характарам. Адпавядае роля грубаватага блазна, «трыкстэра» Разенталя і Алегу Коцу, пра што сведчыць смех гледача.

Магчыма, не ўсе расчытаюць філасофскія падтэксты. Але авацыі, якія ўчыніў глядач пасля прэм’еры, сведчаць — зачапіла, узрушыла, здзівіла нечым новым, нязвыклым. Дарэчы, спектакль чамусь названы меладрамай (хоць драмы тут болей), акцэнт — што гэта «пра каханне»... Вядома ж, пра каханне, але галоўным чынам — пра тое, якое яно рознае. Старажытныя грэкі налічвалі некалькі яго відаў, якія ў розных спалучэннях утваралі яшчэ і новыя віды. Эрас — каханне жарснае і фізічнае, каханне-жаданне, як у кавалера дэ Грые і Манон Ляско, людус — каханне-гульня: заваяваць, прыўлашчыць, уцерці нос супернікам. Сторге — каханне-пяшчота, каханне-клопат. Братэрскае платанічнае filia... Калі з’ядноўваецца эрас і людус, утвараецца каханне-манія, пакаранне багоў. Калі на эрас накладаецца сторге — узнікае агапэ... Самаахвярнае, шчырае пачуццё. А людус плюс сторге — ужо прагма. Каханне па разліку. Усе гэтыя віды кахання можна знайсці ў п’есе Леаніда Андрэева. Паспадзяемся, што і глядач, які прыйдзе на спектакль «Анфіса» у тэатр імя М. Горкага, адкрые для сябе не толькі сумную гісторыю няшчаснай сям’і, але і захопіцца разгадваннем сэнсаў і сімвалаў, атрымае насалоду ад вытанчана-сюрэалістычнай атмасферы, а пасля, як нам, яму захочацца абмяркоўваць убачанае, звяртацца да першакрыніцаў, што сведчыць — тэатральная падзея атрымалася!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота прадастаўлены тэатрам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.