Вы тут

У Магілёве ўзнагародзілі ініцыятыўных дэпутатаў і іх памочнікаў


Сам факт падвядзення вынікаў штогадовага спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання — паказчык таго, што супрацоўніцтва паміж жыхарамі і дэпутатамі можа быць вельмі плённым. 

На мерапрыемства запрашаюцца практыкі, якія дакладна ведаюць, што трэба, каб жыццё на вёсцы не прыпынялася. 

А віншаванні і ўзнагароды, якія ім уручаюць, добры стымул для таго, каб лягчэй працавалася і хутчэй рэалізоўвалася запланаванае.


Ад Вечнага агню да вясковай базы адпачынку

Сярод сельсаветаў пальма пяршынства на гэты раз у Ходасаўскага сельсавета Мсціслаўскага раёна. Ён адзначаны пераходным сцягам, дыпломам І ступені і грашовай прэміяй у памеры 500 базавых велічынь. Дарэчы, летась сельсавет таксама быў узнагароджаны — дыпломам ІІІ ступені па выніках работы за 2022 год. У аграгарадку з’явіўся Вечны агонь, каля якога па пятніцах, а таксама на Дзень Перамогі і іншыя памятныя даты, нясуць вахту памяці ходасаўскія школьнікі. Мемарыял «Агонь памяці» быў створаны ў аграгарадку па ініцыятыве дэпутатаў.

У працэсе стварэння Алея Герояў — у гонар заслужаных землякоў. На ёй ужо ўстаноўлены памятны знак удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, партызану, заслужанаму педагогу Сяргею Ксянзову. Гэта па яго ініцыятыве ў Ходасах была пабудавана новая школа, якую ён і ўзначальваў да свайго выхаду на пенсію. Сёлета на Алеі з’явілася гранітная кампазіцыя ў гонар яшчэ аднаго знакамітага земляка — Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра танкавых войскаў Філіпа Мікітавіча Рудкіна.

— Гэты праект атрымалася рэалізаваць дзякуючы суфінансаванню нашых вяскоўцаў, — адзначыў старшыня сельсавета Анатоль Пруднікаў. — Толькі на адзін помнік герою пайшло каля 2 тысяч рублёў. А там створана цэлая кампазіцыя. Добрыя людзі дапамаглі прывезці тракі ад танка Т-34. Спонсары выдзелілі грошы на пастамент, які ўяўляе сабой танкавую вежу.

У аграгарадку жыве 1600 чалавек. Мабільная каманда, якая перыядычна актывізуе насельніцтва на добрыя справы, складае каля 30 чалавек. Адзін са значных праектаў «Гараць ярка агні парку» быў рэалізаваны разам з Магілёўскай абласной Асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Было ўстаноўлена 10 светлавых апор, і за сродкі Асацыяцыі набытыя святлодыёдныя сонечныя батарэі. Шмат што атрымалася ўвасобіць у жыццё за грошы, якія ўручаліся за перамогі ў тых ці іншых конкурсах. Напрыклад, у парку Дружбы ўстаноўлена варкаўт-пляцоўка, абсталяванне для якой набытае за грошы прэміі па выніках работы за 2020 год. А сёлетнюю прэмію сельсавет плануе накіраваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Ёсць задумка стварыць у аграгарадку Плошчу Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.

Другое месца, дыплом і 400 базавых велічынь атрымаў на развіццё Семукацкі сельсавет Магілёўскага раёна. Гэты сельсавет паказвае найлепшыя па краіне вынікі работы з Указам № 116. Летась у гаспадарчы абарот было ўведзена 49 дамоў на тэрыторыі сельсавета. А вынік: 31 прададзены дом — найлепшы па краіне! Летась тут быў рэалізаваны ўнікальны праект па стварэнні архітэктурна-этнаграфічнага комплексу «Мая Бацькаўшчына». 

Перавезена ў цэнтр аграгарадка аўтэнтычная 1946 года пабудовы школа і цалкам адноўлены побыт сярэдзіны мінулага стагоддзя.

— Прэмію патрацім на гаспадарчыя патрэбы, — адзначыла старшыня сельсавета Тамара Укружская. — Напрыклад, набудзем кустарэз для работы на тэрыторыі. Плануем таксама ў вёсцы Вялікія Бялевічы абнавіць помнік землякам, якія абаранялі нашу краіну ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Трэцяе месца і адпаведна 300 базавых велічынь прысуджана Лапаціцкаму сельсавету Слаўгарадскага раёна. Установа вельмі плённа працуе з насельніцтвам, разам добраўпарадкоўваюцца месцы адпачынку, памятныя зоны. Мінулы год у Слаўгарадскім раёне праходзіў пад знакам 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтай тэме былі прысвечаны дзве ініцыятывы ў вёсцы Рабавічы — па добраўпарадкаванні месца воінскай славы «Партызанская вёска» і стварэнні Алеі пераемнасці пакаленняў. 

А яшчэ Лапаціцкі сельсавет набывае папулярнасць як цікавае месца адпачынку для дзяцей. Стараста вёскі Пацяраеўка Фёдар Бондараў стварыў непадалёк ад яе базу адпачынку «Маленькія дзівы» і зараз рэалізуе шыкоўную ініцыятыву «Захавай прыроду!». Разам з дзецьмі ён здзяйсняе цікавыя вандроўкі і развівае экалагічны турызм.

— У нас шмат актыўных жыхароў, разам мы робім наш край прыгажэйшым, — кажа старшыня Лапаціцкага сельсавета Сяргей Антошкін. — А прэмія нам дапаможа ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу сельсавета. Вельмі патрэбныя камп’ютар для работы, прынтар.

Моцныя разам

Добра, калі актывіст у сельскай мясцовасці не адзін і ў яго ёсць група падтрымкі. Сярод калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання зноў лідзіруе Мсціслаўскі раён — на гэты раз аграгарадок Сялец. Старшыня КОТГС Святлана Іванова атрымала пераходны вымпел і прыз у памеры 50 базавых велічынь. 

Калегіяльны орган тут самы малады, існуе ўсяго два гады.

— А ўсё пачалося з жадання жыхароў мець дзіцячую пляцоўку, — удакладняе старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова. — Праўда, насельніцтва чакала, што ім яе падораць. Прыйшлося папрацаваць з людзьмі, каб пераканаць, што яны таксама не павінны заставацца ў баку. Стварылі спачатку ініцыятыву, прыцягнулі спонсараў, атрымалі дапамогу ад абласной Асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, і ўсё атрымалася. Жыхары зразумелі, што могуць самастойна вырашаць пытанні і стварылі калегіяльны орган. Цяпер іх нават і падштурхоўваць не трэба. Самі бяруць ініцыятыву ў рукі і дзейнічаюць.

Другое месца з грашовым падарункам ў памеры 40 базавых у вулічнага камітэта № 1 Савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікразоны № 10 Кастрычніцкага раёна Магілёва. Старшыня камітэта Кацярына Васільева лічыць, што такая высокая ацэнка — стымул для таго, каб рухацца далей.

— Мы бачым, як прыгажэе наш горад, як ён добраўпарадкоўваецца і ператвараецца, і бярэм прыклад, — адзначае яна. — Якасны ўзровень жыцця залежыць ад кожнага з нас. Мы рэалізуем некалькі ініцыятыў, накіраваных на падтрымку ветэранаў, якія жывуць на нашай вуліцы, і далучаем да сваёй дзейнасці моладзь. Цяпер працуем над праектам па захаванні памяці пра тых герояў, нашчадкі якіх жывуць на нашай вуліцы. Ён будзе называцца «Лёс маёй сям’і ў гісторыі вайны».

Трэцяе месца і 30 базавых велічынь уручана старшыні мікразоны № 2 «Савецкая» ў Крычаве — Таццяне Бабровай.

Айда ў Цяхцін на Масленіцу

Жыць весела не забароніш. Але павінен быць завадатар або завадатарка. У аграгарадку Цяхцін Бялыніцкага раёна такая ёсць — мясцовая стараста, загадчыца бібліятэкі Людміла Усава. Ёй уручаны пераходны вымпел і прэмія ў памеры 30 базавых велічынь.

— Асноўная мая работа — работа з насельніцтвам, — кажа яна. — Усім, хто да мяне звяртаецца, я па меры магчымасці дапамагаю. Людзі бачаць, што я сама раблю, і падключаюцца. Найбольш актыўныя — жыхары сярэдняга ўзросту. Летась яны звярнуліся з ініцыятывай па будаўніцтве дзіцячай пляцоўкі, і сёлета будзем яе будаваць. Нас падтрымалі на конкурсе ініцыятыў, і ўжо ў ліпені ў нас будзе дзіцячая пляцоўка.

Людміла Усава нарадзілася ў гэтай тады яшчэ вёсцы, і для яе тут усё важна. Працавала спачатку бібліятэкаркай, цяпер — загадчыца. А для аднавяскоўцаў яшчэ і прыклад для пераймання. Летась арганізавала некалькі суботнікаў, ініцыявала добраўпарадкаванне грамадскіх могілак. Яна рэжысёр усіх мясцовых народных мерапрыемстваў і ўжо рыхтуецца весела адзначыць з землякамі Масленіцу. Цяхцінцы таксама з яе падачы адзначаюць Свята бярозавага соку.

— Праводзім шмат мерапрыемстваў, запрашаем моладзь, пенсіянераў. У нашым будынку — школа мастацтваў, якую наведваюць дзеці, — удакладняе яна.

На другім месцы ў асабістым заліку — старшая па доме № 7 па вуліцы Цэнтральнай у аграгарадку Каменка Чавускага раёна Праскоўя Сафронава. Як неабыякавы да сваёй малой радзімы чалавек яна арганізавала работы па адраджэнні мясцовай славутасці — Пятроўскай крынічкі. Мабілізавала насельніцтва на збор сродкаў і выкананне работ па добраўпарадкаванні на гэтым месцы. Тут была зроблена купель, абноўленыя прыступкі да крынічкі. Цяпер гэты аб’ект знаходзіцца пад яе асабістай аховай, яна клапоціцца пра парадак на ім. Разам з дыпломам ІІ ступені жанчына атрымала грашовую прэмію ў памеры 15 базавых велічынь.

У старасты вёскі Восава Бабруйскага раёна Віктара Саўко дыплом ІІІ ступені і грашовае заахвочванне ў памеры 15 базавых велічынь. Вясковая дзятва ведае яго яшчэ як выдатнага Дзеда Мароза, які на Новы год разносіць па дамах падарункі і нават удзельнічае ў Бабруйску ў парадзе Дзедаў Марозаў. Больш актыўнага старасту яшчэ трэба пашукаць. Ён прымае ўдзел ва ўсіх грамадскіх справах. Летась, напрыклад, дзякуючы яму ў Восава да радасці дзяцей і іх бацькоў з’явілася дзіцячая пляцоўка.

Адзначана таксама плённая работа Паўлавіцкага сельсавета Кіраўскага раёна, Палыкавіцкага сельсавета Магілёўскага раёна і савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 1 мікразоны № 2 «Кіраўская» Слаўгарада, аграгарадка Старое Радча Круглянскага раёна. А сярод актывістаў выказана ўдзячнасць у адрас старасты аграгарадка Падсолтава Мсціслаўскага раёна Святланы Макароўскай, старасты аграгарадка Семукачы і вёскі Хімніца Магілёўскага раёна Валянціны Цыкуновай.


Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык адзначае высокую ролю органаў грамадскага самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.

— Дэпутацкі корпус актыўна супрацоўнічае з мясцовымі органамі самакіравання, у складзе якіх прадстаўнікі сельсаветаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — і калегіяльныя, і аднаасобныя. Праз іх мы трымаем сувязь з насельніцтвам, маем зваротную сувязь, ведаем і разумеем праблемныя пытанні, якія трэба вырашаць. Узаемадзейнічаючы з органамі выканаўчай улады, сумесна вырашаем пытанні, якія паступаюць ад насельніцтва. У перыяд работы дэпутатаў 28-га склікання з насельніцтвам праведзена вялікая работа па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Вельмі важна, што з мінулага года ў рамках змянення Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» вызначаны парадак рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Стала прасцей вырашаць пытанні па падтрымцы актыўных грамадзян, якім не ўсё роўна, як выглядае населены пункт, дваравая тэрыторыя, дзе яны жывуць. На сёлетні конкурс грамадзянскіх ініцыятыў паступіла 57 праектаў, з якіх 30 прынялі ўдзел у конкурсе. Пераможцы атрымалі фінансаванне на рэалізацыю праектаў. Пераканана, што і далей дэпутацкі корпус будзе плённа працаваць разам з насельніцтвам на карысць нашага рэгіёна і краіны ў цэлым.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіваў суразмоўнікаў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».