Вы тут

Спыталі ў выбраных дэпутатаў мясцовых Саветаў пра планы на адказнай пасадзе


Людміла Мароз, дырэктар Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выбрана дэпутатам Столінскага раённага Савета.

Фота: БелТА

— У сваёй дэпутацкай рабоце маю намер акцэнтаваць увагу прадстаўнічага органа ўлады на пытаннях падтрымкі сям’і, асабліва сям’і шматдзетнай, а таксама ўразлівых катэгорый насельніцтва — састарэлых, адзінокіх сталых людзей, інвалідаў. Гэтай работай займаюся па родзе дзейнасці, але ж, бывае, узнікаюць пытанні, праблемы, якія патрабуюць вырашэння на больш высокім узроўні, — гаворыць Людміла Васільеўна. — Скажам, наш цэнтр шмат гадоў працуе на папулярызацыю ідэі шматдзетнай сям’і. Мы аформілі свае напрацоўкі, аб’ядналі іх у праект пад назвай «З сям’і пачынаецца Радзіма». І бачым, што комплексны, міжведамасны падыход дае станоўчыя вынікі: за апошнія гады колькасць шматдзетных сем’яў у раёне істотна вырасла. Відавочна, што работу трэба працягваць, і пад эгідай раённага Савета яна можа атрымаць новы імпульс.

А для выбаршчыкаў Усходняй акругі № 1, якія аказалі мне давер, мяркую стаць дэпутатам, які зможа данесці да органаў улады іх праблемы і запыты, а таксама аператыўна праінфармаваць, падказаць, растлумачыць.


Пётр Коркуц са жніўня мінулага года выконваў абавязкі старшыні Валаўскага сельскага выканаўчага камітэта Ельскага раёна. 

Пётр Коркуц абраны дэпутатам Валаўскага сельскага Савета дэпутатаў і Ельскага раённага Савета дэпутатаў па Валаўскай выбарчай акрузе № 22. Пётр Міхайлавіч шчыра ўдзячны сваім землякам за давер і падтрымку.

У аграгарадку Валаўск Пётр Міхайлавіч нарадзіўся і вырас. Пасля службы ў арміі і вучобы ў педінстытуце ён вярнуўся ў родны населены пункт і больш чым трыццаць гадоў прапрацаваў настаўнікам у мясцовай сярэдняй школе. 

Фота з адкрытых крыніц

— Лічу прыярытэтным кірункам дзейнасці дэпутата аказанне дапамогі ў вырашэнні надзённых праблем, якія хвалююць людзей, — гаворыць ён. — Таксама для народнага выбранніка важна папулярызаваць здаровы лад жыцця, заняткі спортам, спрыяць выхаванню сапраўдных патрыётаў сваёй краіны, захоўваць нацыянальныя традыцыі, сцвярджаць агульначалавечыя маральныя і хрысціянскія каштоўнасці. Упэўнены, што толькі пры падтрымцы землякоў можна ўсяго гэтага дабіцца. Разам мы зможам зрабіць наш раён яшчэ больш добраўпарадкаваным, а жыццё — лепшым. Спадзяюся, што назапашаны жыццёвы досвед і досвед працоўнай дзейнасці дапамогуць мне паспяхова вырашаць задачы, якія стаяць перад Ельскім раёнам, і адстойваць інтарэсы сваіх землякоў.


Сяргей Уласенкаў узначальвае ў Мсціславе раённы аддзел па НС. 

Кажа, што па службе яго задача № 1 — абараняць людзей. І гэта вельмі сугучна абавязкам дэпутата, якія ён будзе выконваць у раённым Савеце.

Роля народнага выбранніка для яго новая, але пра дэпутацкую дзейнасць ведае не па чутках. І рэалізоўваць ініцыятывы разам з мясцовымі ўладамі таксама даводзілася неаднойчы. Найбольш значны праект — аднаўленне Пажарнай каланчы, дзе цяпер размешчаны музей пажарнай справы. З людзьмі і раней пастаянна прыходзілася шчыльна працаваць. І што хвалюе гараджан, ведае добра. Сам жыве ў горадзе ўжо на працягу 14 гадоў.

— Можна лічыць, што праблемы народныя і мае асабістыя — агульныя, — кажа суразмоўнік. — У найбліжэйшых планах — вырашыць пытанні па рамонце дарог па вуліцах Куйбышава, Маладзёжнай і добраўпарадкаванні тратуараў па вуліцы Пятра Мсціслаўца, якая злучае вуліцы Маладзёжную і Куляшова. На гэта часцей за ўсё людзі звярталі ўвагу падчас нашых сустрэч. Праблемы самыя вострыя і набалелыя. Для вырашэння іх буду рабіць усё магчымае, што ад мяне залежыць. Адказнасць вельмі вялікая. На тэрыторыі маёй выбарчай акругі «Куйбышаўская» знаходзяцца сярэдняя школа № 2 

і гімназія, дзе ў агульнай колькасці вучацца болей за 1200 чалавек, тут жа размешчаны два дзіцячыя садкі, 95 прыватных дамоў, інтэрнат і гэтак далей. Шмат хто ў горадзе ведае мяне асабіста, шмат каго ведаю я. Мне здаецца, што разам у нас усё атрымаецца. Мне падабаецца мой горад і мая краіна. І ёсць жаданне пакінуць пасля сябе добры, выразны след.


Дзяніс Сырамаха, дырэктар Гродзенскага філіяла адной з кампаній мабільнай сувязі, разам з 30 народнымі выбраннікамі будзе ў складзе прадстаўнічай улады горада Гродна ў будучым, 29-м, скліканні. 

Дарэчы, нядаўняя электаральная кампанія стала для яго другой.

Рашэнне балатавацца было прынята не спантанна, гэта грунтоўна абдуманы крок. Ён разумеў, што можа зрабіць яшчэ больш для горада і яго жыхароў. Было і хваляванне, бо за дэпутацкі мандат давялося паспаборнічаць — на яго ўчастку, як, дарэчы, і на ўсіх іншых, выбары былі альтэрнатыўнымі. Тым не менш выбаршчыкі аказалі давер чалавеку, якога ведаюць.

Як і ў папярэдні перыяд дэпутацкай дзейнасці, Дзяніс Сырамаха мяркуе кіравацца інтарэсамі і воляй тых людзей, якія прагаласавалі за яго кандыдатуру. Важным, на яго погляд, аспектам, стане наладжванне канструктыўнага ўзаемадзеяння з органамі ўлады. Такія кантакты, па яго словах, садзейнічаюць усебаковаму развіццю горада.

Дзяніс Віктаравіч прызнаецца, што ён чалавек нераўнадушны і гатовы адстойваць інтарэсы гродзенцаў на высокім узроўні. На яго думку, варта накіраваць свае намаганні на ўзаемадзеянне з моладдзю. Гэта падтрымка маладзёжных ініцыятыў, раскрыццё творчага і навуковага патэнцыялу маладых людзей, прыцягванне іх да вырашэння сацыяльна-эканамічных задач горада.

Маладзёжнае асяроддзе — не адзінае, куды варта прыкласці намаганні, лічыць дэпутат гарсавета. На яго думку, варта аказваць падтрымку і сацыяльна неабароненым людзям.

Вынікам работы дэпутата з’яўляюцца яго канкрэтныя справы. Дзяніс Віктаравіч расказаў, што за мінулы тэрмін работы звярталася ўвага на звароты грамадзян, у тым ліку на тыя, што датычацца добраўпарадкавання. Сумесна з гарадскімі службамі ўдалося вырашыць шэраг праблем па ўстаноўцы кантэйнераў для смецця, ажыццявіць ямачны рамонт двароў, рамонт дахаў, пад’ездаў, дабраўпарадкаваць дзіцячыя пляцоўкі, прыпынкі грамадскага транспарту, пляцоўкі для выгулу сабак, вырашыць шэраг іншых пытанняў.

Дарэчы, дарожнай тэме ў горадзе сёлета будзе надавцца важнае значэнне. Гарадскі бюджэт прадугледжвае даволі значныя выдаткі на паляпшэнне дарог. Дэпутат таксама плануе актыўна ўключыцца ў гэту работу ў інтарэсах сваіх выбаршчыкаў.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».