Вы тут

Святочны настрой на Адзіным дні галасавання ў Кобрыне


Раніцай 25 лютага «Звязда» вырашыла адправіцца ў горад Кобрын Брэсцкай вобласці і паглядзець, як там праходзіць Адзіны дзень галасавання. Усяго ў горадзе і раёне было створана 49 участкаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і мясцовых саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.


Мы вырашылі пачаць з самага сэрца горада: з мясцовага Палаца культуры, у якім размясціўся ўчастак для галасавання № 14. Нягледзячы на ранні час, выбаршчыкаў на ўчастку было дастаткова. Да таго ж старшыня камісіі Валянціна Пакалюк распавяла, што на датэрміновае галасаванне таксама вельмі актыўна ішлі людзі. Так, за 4 дні іх участак наведала 1080 чалавек.

— Усе ў святочным настроі. Не было ніякіх інцыдэнтаў, ніякіх абурэнняў, — дзеліцца яна, — Выбаршчыкі прыходзяць цэлымі сем’ямі. Вельмі кранальна глядзець на тое, як бацькі тлумачаць малым, што і як яны робяць. Такі прыклад фарміруе правільныя арыенціры і актыўную грамадзянскую пазіцыю з самага ранняга ўзросту.

Акрамя таго, тут былі прадугледжаны падарунак для тых, хто галасуе ўпершыню: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Таксама такі прэзент належаў і тым, у каго дзень нараджэння 25 лютага. Усяго на ўчастку налічылі 10 імяніннікаў.

Для таго, каб Адзіны дзень галасавання стаў для выбаршчыкаў па-сапраўднаму святочным, у холе Кобрынскага Палаца культуры быў арганізаваны трохгадзінны канцэрт, у якім прынялі ўдзел усе творчыя калектывы ўстановы. Толькі ўявіце: адчыняеш дзверы, а цябе ўрачыста сустракае аркестравая музыка.

Атрымалася нам пабываць і на выязным галасаванні ад гэтага ўчастка. Разам з членамі камісіі Міхаілам Кабанавым і Мікалаем Андрэенка мы адправіліся ў шлях. Працы шмат: ужо ў 9 раніцы больш за 40 заявак! Аднак без панікі: усіх паспеюць абысці своечасова, бо тут прафесіяналы сваёй справы. Абодва члены выбарчай камісіі працуюць на выязным галасаванні больш за 10 гадоў. Мікалай Андрэенка прызнаецца, што ніколі не памяняў бы гэта на сядзячую працу на выбарчым участку.

— Так значна цікавей: мы ідзем у народ, маем зносіны з людзьмі. І звычайна ўсе сустракаюць нас вельмі ветліва, — распавядае ён.
Пасля прагулкі па прыватным сектары «Звязда» адправілася на ўчастак для галасавання № 5 у Пачатковай школе № 10 г. Кобрына. Дарэчы, гэта новая навучальная ўстанова, таму ў выбарчай кампаніі яна бярэ ўдзел упершыню.

— Вядома, першы раз заўсёды страшна, заўсёды трывожна, але ўсё праходзіць спакойна, у штатным рэжыме, ніякіх надзвычайных сітуацый не ўзнікала. Выбаршчыкі ідуць добразычлівыя і ветлівыя, — дзеліцца старшыня камісіі Святлана Жэшко.

Трэба адзначыць, што да пачатку выбарчай кампаніі Святлана Анатольеўна прайшла сур’ёзную падрыхтоўку на курсах у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

— Там мне ўсё расказалі, данеслі патрэбную інфармацыі, растлумачылі, як працаваць у пазаштатных сітуацыях, пазнаёмілі з нарматыўнымі дакументамі, — дзеліцца старшыня камісіі. — Цяпер праца вельмі зладжаная. Тым больш усе калегі вопытныя, ўжо не першы раз удзельнічаюць у выбарчай кампаніі. Яны заўсёды гатовы прыйсці мне і адно аднаму на дапамогу.

На гэты ўчастак таксама вельмі актыўна ідуць людзі. Дарэчы, датэрмінова тут прагаласавала 42% выбаршчыкаў. І, вядома, тут прадугледжаны падарункі для тых, хто галасуе ўпершыню: канстытуцыя, каляндарык і нататнік з дзяржаўнай сімволікай.

Адчуванне свята на ўчастку стварае музыка, а таксама шматлікія паветраныя шары, якія прыводзяць у сапраўднае захапленне маленькіх беларусаў.

Лізавета ГОЛАД

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.