Вы тут

На Брэстчыне завяршаецца падрыхтоўка да пасяўной, асобныя гаспадаркі яе ўжо пачалі


На пасяджэнні аблвыканкама ў канцы мінулага тыдня старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў паведаміў, што адна гаспадарка Маларыцкага раёна 22 лютага прыступіла да сяўбы аўса. Інфармацыя пра сяўбу збожжавай культуры на пачатку трэцяй дэкады лютага крыху змахвала на сенсацыю. Але, як высветлілася, для Маларыччыны гэта не такая ўжо і навіна. 


— Усё залежыць ад надвор’я, — сказаў карэспандэнту газеты першы намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім ГАЛОЎЧЫК.

— Бывалі розныя гады. Калі ўзяць апошнюю пяцігодку, то 25-28 лютага асобныя гаспадаркі пачыналі сеяць не аднойчы. Акрамя таго, што Маларыцкі самы паўднёвы раён вобласці, снег тут растае звычайна нашмат раней, чым у іншых, у нас многа пясчаных глебаў. Таму вільгаць сыходзіць параўнальна хутка, важна злавіць момант, пакуль палі насычаны вадой. Па гэтай прычыне спяшаюцца земляробы. Вось і цяпер у ААТ «Чырвоны партызан» за два дні на мінулым тыдні засеялі поле ў 15 гектараў аўса. 

«Авёс такая культура, што ўзыходзіць не адразу, зерне ў параўнанні з іншымі павольна ўбіраецца ў сілу, каб узысці, — працягвае Вадзім Міхайлавіч. — Таму яму не страшна, калі праз некалькі дзён, напрыклад, прымарозіць альбо выпадзе снег, асабліва калі насенне належным чынам падрыхтавана. Нездарма ж з даўніх часоў казалі: „Сей авёс у гразь, будзеш жыць як князь“. Усяго ж яравы клін раёна без уліку крупяных культур складае 2700 гектараў. Будзем глядзець па сітуацыі. Калі надвор’е паспрыяе, то тэхніка многіх гаспадарак выйдзе на палі з панядзелка, калі пахаладае, пасяўныя работы адкладуцца на тыдзень-паўтара. Сельгаспрадпрыемствы раёна цалкам падрыхтаваны да веснавых палявых работ». 

На пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта ўсебакова зверылі пазіцыі па пытаннях падрыхтоўкі тэхнікі, насення, кадравага забеспячэння веснавых палявых работ. Старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка адзначыў, што аграрыі рэгіёна зрабілі з восені добры задзел па ворыву, па ўнясенні арганікі. «Цяперашнія ўмовы спрыяюць таму, каб актыўна ўключыцца ў веснавыя палявыя работы,» — сказаў губернатар. 

Сёлета ў гаспадарках Брэсцкай вобласці плануюць атрымаць 1,6 мільёна тон збожжа, больш за мільён тон цукровых буракоў, больш за 210 тысяч тон рапсу. У планах таксама нарыхтаваць не менш за 2,2 мільёна кармавых адзінак травяных кармоў. Для нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці раслінаводчай прадукцыі прыняты шэраг мер. 

Якіх — расказаў у дакладзе кіраўнік аблсельгасхарчу Анатоль Шчуплянкоў: «Была зменена структура азімых збожжавых культур, у першую чаргу за кошт пашырэння такіх высокаўраджайных культур, як пшаніца і ячмень. Сяўба азімых збожжавых культур на зерне праведзена на плошчы 253,5 тысячы гектараў. Восенню зааралі 263 тысячы гектараў. Маніторынг палёў, праведзены раённымі інспекцыямі па насенняводству, каранціну і абароне раслін, паказаў, што азімыя ў цэлым у здавальняючым стане, масавай гібелі не назіраецца». 

— Для правядзення веснавой сяўбы сельгасарганізацыі вобласці ў цэлым забяспечаны насеннем збожжавых, зернебабовых, цукровых буракоў, лёну, бульбы ў поўным аб’ёме, — паведаміў Анатоль Шчуплянкоў. — Сяўбу яравых культур плануецца правесці на плошчы 408 тысяч гектараў. 

Асаблівая ўвага ўдзельнікамі нарады надавалася пытанням падрыхтоўкі тэхнікі. Бо гатоўнасць тэхнічнага парка, як вядома, становіцца найпершай умовай не толькі своечасовасці палявых работ, але і іх якасці. Спецыялісты канстатавалі, што ў цэлым гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі складае больш за 90 працэнтаў, а дакладней, па стану на 20 лютага да выхаду ў поле было гатова 93,8 працэнта трактароў, у тым ліку энерганасычаных — 93,5 працэнта. Пасяўныя агрэгаты гатовы на 92,2 працэнта. Да пачатку палявых работ трэба завяршыць рамонт каля 70 энерганасычаных трактароў. 

Зараз паўсюль праходзіць дзяржаўны тэхнічны агляд трактароў, пагрузчыкаў і трактарных прычэпаў. Тэхагляд адбыўся ўжо ў 93 сельгасарганізацыях вобласці. Завяршыць тэхагляд аграрыі маюць намер да 11 сакавіка. 

Як было заўважана падчас пасяджэння, для паспяховай пасяўной адначасова з тэхнікай важнейшае значэнне маюць кадры механізатараў. А іх не хапае, дакладней, у гаспадарках на сёння забяспечанасць адпаведнымі кадрамі складае 94,2 працэнта ад патрэбы. Праблему вырашаюць за кошт прыцягнення людзей з іншых арганізацый. Ужо ўзгоднены 43 спецыялісты ад прамысловых

прадпрыемстваў. Яшчэ 131 чалавек накіроўваецца на пасяўную з іншых відаў работ у гаспадарках. Таксама 211 выпускнікоў навучальных устаноў далі згоду працаваць на палях гэтай вясной. 

Палявыя работы пачаліся не толькі ў Маларыцкім раёне. Гаспадаркі Брэстчыны прыступілі да выбарачнай падкормкі пашавых угоддзяў. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.