Вы тут

Лукашэнка ў развіццё нарады з Саўмінам падпісаў указ аб фіназдараўленні двух будаўнічых арганізацый


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лютага падпісаў указ № 68 «Аб фінансавым аздараўленні будаўнічых арганізацый». Пра гэта паведамляе БелТА.


Фота БелТА

Дакумент накіраваны на аказанне падтрымкі двум будаўнічым арганізацыям, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, — ААТ «Гроднапрамбуд» і «Будаўнічы трэст № 8». У мэтах іх фінансавага аздараўлення запазычанасць арганізацый падлягае рэструктурызацыі.

Пытанне аказання падтрымкі названым будаўнічым арганізацыям абмяркоўвалася 18 студзеня гэтага года на нарадзе Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Тады кіраўнік дзяржавы адразу не падпісаў прапанаваны праект адпаведнага ўказа, запатрабаваўшы жорстка ўвязаць падтрымку з выкананнем шэрагу патрабаванняў.

У мэтах выканання даручэння Прэзідэнта падпісаным указам устаноўлена, што ўмовай аказання дзяржаўнай падтрымкі з’яўляецца штогадовае дасягненне арганізацыямі даведзеных ім ва ўстаноўленым парадку паказчыкаў па памеры прыбытку ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) і аб’ёму падрадных работ. Пры невыкананні гэтай умовы аказанне дзяржпадтрымкі будзе спынена.

Персанальная адказнасць за выкананне норм указа ўскладзена на кіраўнікоў будаўнічых арганізацый і РУП «Белбудцэнтр», міністра архітэктуры і будаўніцтва, намесніка прэм’ер-міністра, які курыруе пытанні будаўнічай галіны, а кантроль — за Саветам Міністраў.

Як паведамлялася, 18 студзеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў Прэзідэнт растлумачыў: «Я гэты дакумент з калена не падпісаў. У мяне ўзнікла адно пытанне. А што, яны апынуліся ў нейкіх надзвычайных умовах? Іншыя трэсты і будаўнічыя кампаніі працуюць добра і ў іх няма гэтых праблем? Ці гэта толькі пачатак?»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў вядомы выраз, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. «Як толькі яны пачнуць сябе ратаваць і ў гэтых адносінах прасунуцца, тады мы будзем іх падтрымліваць і аказваць дапамогу і падтрымку», — падкрэсліў ён.

Па выніках нарады міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч распавёў журналістам, што сітуацыя з бударганізацыямі, для якіх запытана дзяржпадтрымка, — асаблівая, а ў цэлым будаўнічая галіна ў краіне працуе стабільна. Са слоў міністра, прычыны складанага эканамічнага становішча на гэтых прадпрыемствах аб’ектыўныя. Каб атрымаць дзяржпадтрымку, гэтыя бударганізацыі павінны выканаць шэраг патрабаванняў, якія агучыў Прэзідэнт. Галоўнае — яны самі павінны прыкладаць намаганні, каб аднавіць сваю плацежаздольнасць, павялічваць аб’ёмы падрадных работ, а не проста чакаць дапамогі з дзяржбюджэту. «Яны павінны прадэманстраваць жаданне жыць і паспяхова працаваць», — адзначыў міністр.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».