Вы тут

Пра родныя краявіды і іх насельнікаў


«Сляды волатаў» — чарговая навінка ў серыі выдавецтва «Аверсэв» «Сучасная беларуская літаратура», кнігі якой укладаюцца пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэтым разам пад адной вокладкай аб’яднаны творы, у якіх празаікаў праз нарысы, апавяданні і казкі расказваюць пра нашу прыроду, пра стасункі чалавека з прыродай. 


Літаратура на прыродазнаўчую, экалагічную тэматыку заўсёды прыцягвала ўвагу чытачоў розных узростаў. Мабыць, сёння яна прыцягвае ўвагу чытача асабліва настойліва. Схаваўшыся ад лясоў, рэк, азёр і тым болей балот у прыязную гарадскую зону камфорту, мы ўсё ж кожную сустрэчу з жывой прыродай успрымаем як жаданае адкрыццё. Узімку нас вабяць укрытыя снежнай коўдрай дрэвы, мы здзіўляемся ледзяному покрыву водных артэрый Радзімы, захапляемся ўзорамі сняжынак, што ляцяць насустрач нам, нагадваючы зіхатлівыя і недасягальныя зоркі. Ды ці мала сустрэч і адкрыццяў дораць беларускія краявіды не толькі ўзімку, але і летам, восенню, вясною?..

Традыцыяй беларускай літаратуры заўжды было і застаецца апісанне прыродных з’яў, іх мастацкае ўзвышэнне, захапленне стасункамі чалавека з навакольным асяроддзем. 

Пра вечнасць і бясконцасць прыроды як падараванага нам шчасця існавання ў гармоніі з сонцам і паветрам, з вадою і зямлёю многія беларускія пісьменнікі імкнуліся і імкнуцца сёння распавесці юным чытачам нашай Айчыны. Творы Янкі Маўра, Уладзіміра Дубоўкі, Віталя Вольскага і іншых аўтараў, кожны з якіх абраў разнажанравы падыход да асвятлення ўласных сустрэч з прыродай складаюць велізарную біліятэку беларускай мастацкай прыродазнаўчай літаратуры. Праходзяць дзесяцігоддзі з часу іх напісання, як у выпадку з «Палескімі рабінзонамі» Янкі Маўра ці «Жоўтай акацыяй» Уладзіміра Дубоўкі, а чытацкая ўвага да гэтых і іншых аповесцей і апавяданняў не меншае!.. А колькі адкрыццяў дораць нам кнігі Вітіаля Вольскага «Па лясных сцежках», «У лясах над Бярозай», «Месяц за месяцам», «На бабровых азёрах», «Чайкі над Нараччу», «Родны край», «Дзень добры, Бяроза!»... 

Сваімі ўражаннямі ад паходаў у лес, на рэчку, ад сустрэч са звярамі і птушкамі, якія адбываліся на працягу многіх гадоўз жыцця, натхнёна дзяліліся ў сваіх кнігах Яраслаў Пархута, Змітрок Бяспалы, Рыгор Ігнаценка... Услухайцеся нават у самі назвы кніг вясковага настаўніка музыкі і спеваў з вёскі Паплавы Бярэзінскага раёна, што на Міншчыне, Рыгора Канстанцінавіча Ігнаценкі: «Лясныя тынкоўшчыкі», «Урок у лесе», «Дзе матылькі зімуюць», «У зімовым садку», «Карабель вясны». Быў час, калі і ў Мінску, і ў Маскве ў перакладзе на рускую мову яны выдаваліся шматтысячнымі тыражамі... 

У кнігу «Сляды волатаў» увайшлі творы Алеся Жука, Уладзіміра Ягоўдзіка, Алеся Карлюкевіча. Аўтары вядуць свой дыялог з юным чытачом, звяртаючыся да тых ці іншых з’яў прыроды, да тых ці іншых насельнікаў лясоў і балот, да вобразаў і паводзін птушак і звяроў нашай роднай старонкі. 

Нагадаем, што «Сляды волатаў» — восьмая кніга серыі «Сучасная беларуская літаратура». Наступны зборнік прысвечаны сучаснай рускай прозе Беларусі, назва кнігі — «Игла в квадрате». Яе аўтары — вядомыя ў краіне Алег Ждан, Вера Зелянко, Валянціна Драбышэўская, Анатоль Матвіенка, Сяргей Трахімёнак. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».