Вы тут

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


Удары, прарывы, наступленні... Па карце баёў лютага 1944 года на міжрэччы Дняпра і Друці Рагачоўскай зямлі відаць напрамкі, па якіх Чырвоная Армія выбівала з мясцовасці фашыстаў. У тым самым напружаным лютым 1944-га менавіта на гэтым участку савецкія героі захопяць друцкі плацдарм. Гэты ўчастак адваяванай тэрыторыі стане адным з пунктаў, адкуль пачыналася легендарная аперацыя «Баграціён». За стрэлкамі на ваенных картах, бітвах, апісаных у хроніках, — лёсы байцоў, іх камандзіраў, генералаў войскаў. Баявы шлях савецкіх герояў на Рагачоўшчыне вывучаюць, памяць аб іх захоўваюць школьнікі. Рагачоўскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства кожны год арганізоўвае патрыятычныя экспедыцыі для навучэнцаў. 24 лютага — пункт адліку мірнага жыцця пасля перажытай нямецкай акупацыі. 

У экспедыцыю па месцах баявога шляху ўдзельнікаў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі прапаноўвае адправіцца праект «Звязды» «Шляхамі вызвалення».


Краязнаўца, гісторык, педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі,  дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Генадзь Цітовіч\

Вызвалены тройчы

24 лютага 1944 года Масква салютавала доблесным войскам 1-га Беларускага фронту, якія вызвалілі Рагачоў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Між тым менавіта на Рагачоўскай зямлі за час Вялікай Айчыннай вайны адбылося нямала пераломных момантаў ваеннай гісторыі. Звяртае на гэта ўвагу краязнаўца, гісторык, педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі, дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Генадзь Цітовіч.

У ліпені 1941 года на тэрыторыі Рагачоўшчыны разгарнулася першае савецкае контрнаступленне, якое стрымала рух гітлераўцаў на Маскву. Так, 63-і стралковы корпус Леаніда Пятроўскага выбіў фашыстаў з Рагачова і Жлобіна. Чырвонаармейцы месяц утрымлівалі гарады і вымусілі немцаў змяніць першапачатковыя планы развіцця вайны.

— Летам 1944 года вёска Малыя Канапліцы Рагачоўскага раёна стала адным з апорных пунктаў аперацыі «Баграціён», у выніку якой была поўнасцю вызвалена Беларусь, — падкрэслівае Генадзь Цітовіч. — З канца лістапада 1943 года правае крыло Беларускага фронту сіламі 3-й арміі генерала Аляксандра Гарбатава, 50-й арміі генерала Івана Болдзіна, 63-й арміі генерала Уладзіміра Калпакчы вялі баявыя дзеянні на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага, Кармянскага, Жлобінскага, Слаўгарадскага раёнаў. Гэта дапамагло адцягнуць увагу немцаў ад паўднёвага крыла Беларускага фронту, дзе 65-я армія Паўла Батава і 61-я Паўла Бялова рыхтаваліся да Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі.У канцы лістапада 1943-га года 50-я і 3-я армія падышлі да паўднёвай і ўсходняй часткі Рагачоўшчыны. Былі вызвалены Драгунск, Старая Алешня, Курганне. 24–25 лістапада 4-я рота 334-га стралковага палка 120-й стралковай дывізіі пры вызваленні Старой Алешні на працягу сутак адбіла 12 контратак ворага, з 50 байцоў роты ў жывых засталіся толькі чатыры салдаты. Злучэнне панесла найбуйнейшыя страты ў баях на тэрыторыі Гарадзецкага сельсавета. На паўночным захадзе ад вёскі Буда ў кровапралітных баях дывізія страціла звыш трох тысяч салдат і афіцэраў. Мала хто ведае, але менавіта на Рагачоўшчыне тады закладваліся баявыя традыцыі рускага ваенна-марскога флоту. Байцы 120-й стралковай дывізіі ў 1945 годзе былі адабраны ў марскую пяхоту Паўночнага флоту Савецкага Саюза, а пазней Расійскай Федэрацыі.

Між тым 27 лістапада 1943-га 269-я стралковая дывізія 3-й арміі працягвала вызваленне Рагачоўшчыны. Падчас баёў за вёску Журавічы на працягу сутак населены пункт пераходзіў з рук у рукі ад савецкіх байцоў да фашыстаў тры разы. У той жа дзень вызвалілі Хатаўню, пазней — Званец, Ільіч, Стары Крыўск і Доўск. 169-я дывізія выбіла акупантаў з усходняй часткі Гадзілавічаў. Вёскі Стоўпня, Гарадзец вызваляла 250-я стралковая дывізія. З сярэдзіны снежня 1943 года да пачатку студзеня 1944-га фронт на гэтым участку стабілізаваўся па лініі населеных пунктаў Званец — Шапчыцы — Свержань — Гадзілавічы — Гарадзец.

Рагачоўска-Жлобінскі рывок

— У канцы студзеня і ў пачатку лютага 1944 года камандуючы 3-й арміяй Аляксандр Гарбатаў праяўляе ініцыятыву. Звярнуўся да камандуючага Беларускім фронтам Канстанціна Ракасоўскага з прапановай узмацніць яго 3-ю армію за кошт 63-й арміі генерала Уладзіміра Калпакчы і, захапіўшы плацдарм на правым беразе Дняпра, вызваліць Рагачоў, — расказвае гісторык Генадзь Цітовіч. — У пачатку лютага генерал Аляксандр Гарбатаў звярнуўся да камандуючага Беларускім фронтам з такой жа прапановай ізноў. Гэты раз паспяхова. Канстанцін Ракасоўскі ўзгадніў са Стаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага правядзенне Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі. Была пастаўлена задача 21 лютага фарсіраваць Дняпро ў раёне вёсак Віляхоўка і Кісцяні, 22-га вызваліць Рагачоў з вёскамі Фалевічы, Азяраны, Ціхінічы, а 23 лютага вызваліць Жлобін і наступаць у бок Бабруйска.

Герой Савецкага Саюза, удзельнік вызвалення Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, генерал арміі Аляксандр Гарбатаў

Пачалася падрыхтоўка да аперацыі: адпрацавалі планы баявых дзеянняў з камандзірамі стралковых карпусоў і дывізій, прыстралялі гарматы, тылавыя службы падвезлі неабходныя боепрыпасы да артылерыйскіх падраздзяленняў. У ноч з 19 на 20 лютага інжынерныя часці 3-й арміі на некалькіх участках паклалі насцілы для мастоў. У ноч з 20 на 21 лютага 8-ы асобны штрафны батальён пад камандаваннем ураджэнца Рагачоўскага раёна Аркадзя Осіпава фарсіраваў Дняпро ў раёне Гадзілавічаў, здзейсніў рэйд у варожы тыл.

Гэта быў пачатак Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі — другога этапу вызвалення Рагачоўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раніцай 21 лютага войскі 3-й арміі перайшлі ў наступленне. Пасля артылерыйскага налёту 22 лютага стралковыя дывізіі пераадолелі моцны агнявы націск і рушылі ў напрамку да вёскі Мадора. Аднак танкі, артылерыя не паспявалі за рухам пяхоты. У баях за гэты населены пункт 120-я стралковая дывізія панесла вялікія страты: загінулі звыш 600 байцоў і камандзіраў.

22 лютага, прарваўшы абарону праціўніка на фронце да 50 кіламетраў, чырвонаармейцы рушылі наперад і вызвалілі населеныя пункты Нова-Быхаў, Лазарэвічы, Віляхоўка, Верхняя і Ніжняя Ташчыца, Кісцяні, Вішчын. 23 лютага ў рашучым наступленні вызвалілі два важныя ў тактычных адносінах населеныя пункты — Шчыбрын і Мадору. Вызвалілі таксама населеныя пункты Яленава, Сялец, Вялікія і Малыя Канапліцы. На трэці дзень наступлення войскі 120-й стралковай дывізіі занялі паўночную частку Рагачова. Раніцай 24 лютага ў паўднёвую частку Рагачова ўвайшлі палкі 169-й стралковай дывізіі. Немцы правялі тры контратакі па савецкіх вайскоўцах у горадзе і тры авіяцыйныя налёты па 20–30 самалётаў, але наша пяхота стаяла да смерці. Горад утрымалі. Але заходнюю частку Рагачова — Задруцце — вызвалілі ўжо на трэцім этапе, падчас Бабруйскай аперацыі Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён».

24 лютага 120-я стралковая дывізія на поўнач ад Рагачова адным батальёнам правяла разведку боем, фарсіравала Друць каля вёскі Каласы. Але нашых байцоў цалкам знішчылі. 250-я стралковая дывізія адным батальёнам правяла разведку боем і ўварвалася ў вёску Азяраны, але на працягу 45 мінут батальён быў знішчаны ворагам. Больш паспяхова фарсіравалі Друць байцы 269-, 169-, 323-, 129-й стралковых дывізій, а таксама воіны 8-га асобнага штрафнога батальёна.

— Цікавы гістарычны факт з біяграфіі савецкіх палкаводцаў, — звяртае ўвагу гісторык Генадзь Цітовіч. — У гэтыя дні 25–26 лютага разгарэлася спрэчка двух военачальнікаў Канстанціна Ракасоўскага і Аляксандра Гарбатава. Стала пытанне — выконваць патрабаванні Стаўкі Галоўнакамандуючага па далейшым наступленні, як планавалася, ці не выконваць? На гэтым участку ў разлютаваных баях войскі неслі былі вялікія страты. Камандуючы 3-й арміяй Аляксандр Гарбатаў пераконвае, што далей нельга працягваць наступленне. Ён кажа, што проста знішчыць сваё ўзбуйненае войска, калі будзе далей наступаць. Там вышыні, высокі бераг Друці, усё прастрэльваецца ворагам, а немцы гатовы знішчаць. Аб дыскусіі двух палкаводцаў даведалася Стаўка і асабіста Іосіф Вісарыёнавіч Сталін. Вышэйшае ваеннае кіраўніцтва падтрымала пункт гледжання камандуючага 3-й арміяй Аляксандра Гарбатага: перайсці да абароны, захаваўшы войска.

Друцкі плацдарм

Між тым 25 лютага савецкім байцам удалося фарсіраваць Друць і захапіць плацдарм на правым беразе ракі. Гэта была тэрыторыя ад вёскі Касцяшова да вёскі Вялікія Канапліцы. Участак прарыву — восем кіламетраў — уразаўся акурат у лінію нямецкай абароны на паўтара-тры кіламетры. 

На Друцкім плацдарме жорсткія баі з ворагам ішлі бесперапынна з лютага і да сярэдзіны сакавіка.

Беларускі фронт. Гвардзейцы ідуць у наступленне пад прыкрыццём дымавой заслоны ў раёне г. Рагачова (фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны)

Ва ўспамінах камандуючы 3-й арміяй Аляксандр Гарбатаў аб баях на гэтым участку пісаў: «Нашы асцярогі за плацдарм на рацэ Друць цалкам апраўдаліся. 

Ужо 1 сакавіка 1944 года пасля магутнай артпадрыхтоўкі сапернік распачаў тры атакі днём, дзве ноччу. Усе яны былі адбіты з вялікімі для немцаў стратамі. Паміж населенымі пунктамі Азяраны і Вірычаў праціўнік у двух месцах урываўся ў нашу першую траншэю, але ў рукапашнай схватцы быў адбіты, пакінуўшы ў траншэі 83 чалавекі забітымі і параненымі. На працягу 2 сакавіка сапернік бесперапынна абстрэльваў плацдарм магутным артагнём і наносіў удары сарака «Юнкерсамі».

Дэталёва пра падзеі тых дзён напісаў удзельнік вызвалення Рагачоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Філіп Пятровіч Гожаў. У лютым — жніўні 1944 года ён быў камандзірам батальёна, які замацаваўся на Друцкім плацдарме:

«Вельмі цяжка было, калі вораг ужываў авіяцыю. Нямецкія штурмавікі „Юнкерс-87“ савецкія салдаты называлі „лапатнікамі“. Падкрылкі шасі гэтых самалётаў нагадвалі лапці. У пачатку сакавіка 1944 г. нямецкія самалёты ляцелі на пазіцыю звёнамі, а над савецкімі пазіцыямі ўтварылі круг. Нашы салдаты назвалі такое размяшчэнне самалётаў „Чортава кола“. Бамбёжка пазіцый 1-га батальёна пачалася з уключэння сірэны. Ад такога выцця, грукату, выбухаў псіхіцы салдата цяжка справіцца са страхам. Самалёты рухаюцца па крузе, пакуль не адбамбяцца, затым на брыючым палёце „паліваюць“ пазіцыі агнём авіяцыйных кулямётаў».

З сярэдзіны сакавіка і да сярэдзіны чэрвеня насупраць Друцкага плацдарма немцы пачалі ўзводзіць эшаланіраваную абарону. Выкарыстоўвалі свае інжынерныя часткі і вязняў працоўных лагераў. У гэты ж час савецкія войскі падцягвалі рэзервы, праводзілі навучанне маладога папаўнення воінскіх часцей — ішла падрыхтоўка Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён».

«Штрафбаця»

Нельга не расказаць асобна пра савецкіх герояў, якія 26 лютага прынялі ўдзел у захопе плацдарма на правым беразе ракі Друць. Гэта байцы 8-га асобнага штрафнога батальёна. Камандаваў ім ураджэнец Ціхініч Рагачоўскага раёна — Аркадзь Аляксандравіч Осіпаў. У ноч з 20 на 21 лютага ў раёне вёскі Гадзілавічы байцы 8-га асобнага штрафнога батальёна ва ўзаемадзеянні з лыжным батальёнам незаўважна для немцаў перайшлі лінію фронту. Стаяла задача зайсці ў тыл ворага, прабрацца да заходняй ускраіны Рагачова, захапіць горад і ўтрымліваць яго да падыходу асноўных сіл арміі. У выпадку няўдачы або адмены гэтага задання байцам 8-га асобнага штрафнога батальёна даручылі ў тыле ворага актыўна парушаць камунікацыі, сувязь, узрываць масты, па якіх могуць праходзіць гітлераўскія войскі, граміць штабы. Такім чынам сапраўды ўдалося пасеяць паніку і адцягнуць увагу нямецкага камандавання ад перадавой лініі фронту, дзе пачыналася паспяховае наступленне савецкіх войскаў і вызваленне Рагачова.

«Дагэтуль я не перастаю дзівіцца, як нашаму камбату атрымалася амаль увесь велізарны па тым часе батальён правесці так па-майстэрску, хоць і па добра яму знаёмай, але занятай ворагам мясцовасці. Армейскім сапёрам, якія забяспечвалі наш пераход, камбат дакладна паказаў месца, дзе яны нажніцамі непрыкметна для немцаў выразалі звяно калючага дроту... І гэтае месца недалёка ад вёскі Кісцяні аказалася гэтак удала абраным!» — так напіша ў сваёй кнізе аб 8-м штрафным батальёне і іх камбаце Аркадзе Осіпаве (якога байцы з любоўю называлі «бацяй») камандзір узвода лейтэнант Аляксандр Пыльцын.

Захопленыя войскамі Чырвонай Арміі падчас Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі нямецкія гарматы (фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея  гісторыі Вялікай Айчыннай вайны)

Аляксандр Васільевіч — чалавек дзіўнага лёсу, герой Вялікай Айчыннай вайны, гісторык, пісьменнік, член Акадэміі ваенна-гістарычных навук, ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна, генерал-маёр Узброеных Сіл СССР. У складзе 8-га асобнага штрафнога батальёна Аляксандр Пыльцын удзельнічаў у баях пад Жлобінам у снежні 1943 года і ў знакамітым пяцісутачным рэйдзе ў тыл ворага на Рагачоўшчыне, а таксама ў баях за вызваленне Рагачова 23–24 лютага 1944 года, у баях пры фарсіраванні ракі Друць. У сваіх успамінах франтавік дэталёва апісаў падзеі, якія перажыў ён і яго баявыя таварышы пры ўзяцці Друцкага плацдарма.

«...Далі заданне захапіць у немцаў плацдарм на рацэ Друць. Для гэтага трэба было ўначы незаўважна пераадолець па лёдзе гэтую раку, без артпадрыхтоўкі і крыкаў „ура!“, зусім раптоўна атакаваць саперніка... выбіць немцаў з першай траншэі і, развіваючы наступленне, забяспечыць увод у бой іншых вайсковых часцей з захопленага плацдарма. На рацэ Друць, як адзначаў генерал Гарбатаў, асабліва моцнай была першая паласа абароны немцаў глыбінёй 6-7 км з трыма пазіцыямі... Шырыня ракі — да 60 метраў, глыбіня — 3,5 метра. Забалочаная, слабапрамерзлая даліна да паўтара кіламетра... У адрозненне ад дняпроўскага лёду, на гэтай рацэ лёд быў ладна пабіты і даводзілася намацваць яго нагамі, каб не трапіць у палонкі, утвораныя выбухамі снарадаў і мін. Як на злосць, мне давялося менавіта тут прыняць ледзяную купель... Тым часам на беразе пачалася перастрэлка, якая ўсё больш узмацнялася... Як адзначаў генерал Гарбатаў, нямецкая абарона на рацэ Друць была магутнай. Былі там і доты з металічнымі каўпакамі, і шчыльныя мінныя палі, і дрот у тры колы. Але на нашым участку міннага поля не аказалася, а драцяныя загароды былі слабымі. І гэта яшчэ адно сведчанне таго, што камандарм у любой сітуацыі імкнуўся пазбегнуць неапраўданых страт. Ды і разведка ў яго добра папрацавала, выявіўшы найменш умацаваны ўчастак нямецкай абароны».

Аляксандр Пыльцын у сваіх успамінах звяртаў увагу, што камандуючы 3-й арміяй генерал Гарбатаў паабяцаў і выканаў: «за ўзорнае выкананне пастаўленай задачы ўсе штрафнікі, якія праявілі сябе ўстойлівымі байцамі, незалежна ад таго, ці будуць яны параненыя, «ці пральюць кроў», вызваляюцца ад далейшага знаходжання ў штрафным батальёне, аднаўляюцца ў ранейшых званнях, а тых, хто асабліва вызначыцца, будуць узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Капліца-мемарыял памяці воінаў 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі  ўзведзена на месцы разлютаваных баёў 1944 года ў вёсцы Мадора Рагачоўскага раёна

Прыклады мужнасці

Між тым узораў мужнасці і гераізму воінаў у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі было вельмі шмат. Адзін з іх — камандзір стралковай роты 1092-га стралковага палка 269-й стралковай дывізіі старшы лейтэнант Іван Іванавіч Хмель. Пасля пераадолення Дняпра ён незаўважна вывеў роту да пазіцый ворага і ў момант артпадрыхтоўкі павёў у атаку. У выніку бою рота забяспечыла пераправу артылерыі па лёдзе. Мужны афіцэр загінуў, пасмяротна быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». На іншым участку прарыву гэтага ж палка лейтэнант Міхаіл Рыгоравіч Маладзікоў, пераадолеўшы два мінныя палі і драцяныя загароды, пад моцным агнём саперніка авалодаў плацдармам, знішчыў гарнізон вузла ворага, кулямётны пункт, адбіў некалькі контратак саперніка, узяў у палон пяцярых гітлераўцаў. Ён таксама быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

У баях на Рагачоўшчыне праявіў выключную мужнасць, бясстрашнасць і гераізм будучы Герой Савецкага Саюза, камандзір роты аўтаматчыкаў 556-га стралковага палка 169-й стралковай дывізіі 3-й арміі 1-га Беларускага фронту Гулям Якубава. У баях на захадзе ад Гадзілавічаў яго рота аўтаматчыкаў захапіла варожы плацдарм. Немцы спрабавалі адбіць тэрыторыю з дапамогай танкаў, але нічога ў іх не атрымалася. За мужнасць у баі Гулям Якубаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У баях каля вёскі Турск рота аўтаматчыкаў Гулям Якубава 8 лютага пры штурме нямецкіх пазіцый вышыні 145.1 была накіравана ў тыл да немцаў. «Якубаўцы» знішчылі тры нямецкія батальённыя пункты кіравання, шэраг гарматных і мінамётных разлікаў, парушылі тэлефонную сувязь, затым сабраліся ва ўмоўным месцы для ўдару з тылу па ворагу. Немцы акружылі байцоў, але савецкія аўтаматчыкі адбілі некалькі нападаў ворага, забілі звыш 200 гітлераўцаў. У баях за лучыцкую вышыню ў Быхаўскім раёне рота аўтаматчыкаў Гуляма Якубава знішчыла больш за чатыры сотні варожых салдат. Загінуў там і сам герой.

Новая старонка ў жыцці горада

Трэці этап вызвалення Рагачоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачаўся ужо падчас Бабруйскай наступальнай аперацыі ў рамках аперацыі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем легендарнага палкаводца Канстанціна Ракасоўскага — «Баграціён».

З Рагачоўшчыны на бабруйскім напрамку былі сканцэнтраваны 3-я армія Аляксандра Гарбатава, 48-я армія Пракофія Раманенкі і частка авіязлучэнняў 16-й паветранай арміі генерала Сяргея Рудэнкі. Напярэдадні аперацыі, 20 чэрвеня, прадстаўнік Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага Георгій Жукаў пабываў не толькі ў штабе 3-й арміі, але і на пярэднім краі абароны. Аб складанасці і маштабах пастаўленых перад камандуючымі арміямі задач сведчыць той факт, што 3-я армія была ўкамплектавана пяццю стралковымі карпусамі. Сухапутным вайсковым злучэнням аказвалі дапамогу бамбардзіровачныя, знішчальныя авіякарпусы, асобныя авіядывізіі 16-й паветранай арміі. Стралковым дывізіям дапамагала артылерыя. На адным квадратным кіламетры было сканцэнтравана больш за 200 артылерыйскіх ствалоў. Бабруйская аперацыя на тэрыторыі Рагачоўскага раёна пачалася ў ноч з 23 на 24 чэрвеня 1944 года.

Памяць жыве

Гісторык, краязнаўца, дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Генадзь Цітовіч нагадвае, што 13 воінскім часцям і злучэнням за вызваленне Рагачова ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў было прысвоена ганаровае найменне «Рагачоўскія».

— Сямнаццаці ўраджэнцам Рагачоўшчыны прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, двум — званне поўнага кавалера ордэна Славы. Усяго Героямі Савецкага Саюза і поўнымі кавалерамі ордэна Славы сталі 59 чалавек, якія праявілі мужнасць і гераізм у баях пад Рагачовам, — падкрэслівае Генадзь Цітовіч. — У баях за вызваленне Рагачоўшчыны загінулі звыш 16 тысяч салдат і афіцэраў. На тэрыторыі Рагачова і раёна знаходзіцца больш 80 воінскіх пахаванняў, у якіх вечны спачын знайшлі амаль 19 тысяч воінаў Савецкай арміі.

Самыя буйныя брацкія пахаванні на Рагачоўшчыне знаходзяцца на тэрыторыі Гарадзецкага сельсавета, каля вёскі Буда. Тут пахавана звыш трох тысяч вайскоўцаў 250-й стралковай дывізіі. Каля дзвюх тысяч байцоў пахаваны ў брацкім пахаванні ў вёсцы Старое Сяло, звыш тысячы савецкіх герояў вечны спачын знайшлі ў вёсцы Азяраны.

Карта наступлення Чырвонай Арміі падчас Рагачоўска-ф наступальнай аперацыі ў лютым 1944 года

Сёння адметнасць Рагачоўскага раёна — валанцёрскія турыстычна-краязнаўчыя экспедыцыі па месцах аперацыі «Баграціён».

— У 1998 годзе адбыўся першы такі паход. Ідэю падобных экспедыцый у свой час агучыў рагачоўскі краязнаўца Міхаіл Прохаравіч Макараў, які вывучаў баявы шлях 16-й паветранай арміі пад камандаваннем маршала авіяцыі Сяргея Рудэнкі, — згадвае Цітовіч.

Генадзь Васільевіч сам ужо больш чым дваццаць гадоў штогод праводзіць валанцёрскія турыстычна-краязнаўчыя экспедыцыі ў розных частках Рагачоўскага раёна.

— Правялі ўжо больш за сорак экспедыцый рознай накіраванасці, — дадае гісторык. — Разам са школьнікамі, навучэнцамі цэнтра турызму і краязнаўства добраўпарадкоўваем брацкія пахаванні савецкіх воінаў, збіраем матэрыялы аб фактах генацыду беларускага народа падчас фашысцкай акупацыі, занатоўваем успаміны сведак падзей Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі лёсу воінаў-інтэрнацыяналістаў — ураджэнцаў Рагачоўшчыны. У цэлым вядзецца комплексная гісторыка-краязнаўчая работа з нашай моладдзю.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».