Вы тут

Наталля Качанава правяла прамую тэлефонную лінію


Такі фармат зносін з членамі Савета Рэспублікі заўсёды карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва. Аб гэтым сведчыць і той факт, што тэлефон у кабінеце спікера верхняй палаты парламента не змаўкаў ні на хвіліну. Свае просьбы і прапановы агучылі жыхары практычна ўсіх рэгіёнаў краіны. Традыцыйна грамадзян хвалююць зямельныя і жыллёвыя пытанні, заканадаўчае рэгуляванне канкрэтных момантаў, працаўладкаванне, добраўпарадкаванне тэрыторый. Не абышлося і без пытанняў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі сістэмы аховы здароўя.


Адразу два чалавекі, які датэлефанаваліся на прамую лінію, паскарадзіліся на невыкананне абавязкаў сталічнай кампаніяй-забудоўшчыкам. Сем’і агучылі праблему, якая, мяркуючы па ўсім, датычыцца вялікай колькасці навасёлаў кватэр у жыллёвым комплексе «Мінск-Мір». І адна, і другая сям’я атрымалі ключы ад сваіх кватэр яшчэ ў верасні, але дагэтуль ім не выдаюць дакументы, якія ўстанаўліваюць правы на набытую ўласнасць. Атрымліваецца, што гаспадары кватэр у новабудоўлі не могуць там ні рамонт рабіць, ні нават прапісацца. У сувязі з апошнім вымушаны плаціць немалыя грошы за камунальныя паслугі, хоць самі там яшчэ і не жывуць.

Наталля Качанава расказала, што падчас апошняга прыёму грамадзян, які яна праводзіла ў Савеце Рэспублікі, на ім прысутнічала гендырэктар кампаніі «Дана Астра», якая з’яўляецца забудоўшчыкам дадзенага жыллёвага комплексу. «Мяне клятвенна заверылі, што ўсе гэтыя пытанні будуць вырашаны, — звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі. — Мы разбяромся, асабіста зоймемся гэтымі пытаннямі».

Яна адзначыла, што адпаведныя даручэнні будуць дадзены старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву. Спікер заўважыла, што пасля выхадных з грамадзянамі, якія агучылі ёй сваю праблему, звяжацца кіраўнік сакратарыята Савета Рэспублікі, каб даведацца, ці вырашана іх праблема.

Алена Віктараўна з Баранавіч паскардзілася на нежаданне мясцовых улад добраўпарадкоўваць вуліцу на тэрыторыі прыватнага сектара. Справа ў тым, што вуліца Анісімавіцкая, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў межах горада, не мае цвёрдага пакрыцця, а таму ў дажджлівае надвор’е пераўтвараецца ў балота. «Шмат жыве дзяцей, якія наведваюць школу, дзіцячы садок, а дарогі няма — гравійка і бруд, — канстатавала жанчына. — Ні праехаць, ні прайсці. Нават хуткая дапамога, калі патрэбна, да нас дабрацца не можа. Да таго дайшло, што горы смецця стаяць — смеццявоз не заўсёды можа пад’ехаць».

— А што кажа гарадская ўлада? — пацікавілася Наталля Іванаўна. 

Заяўніца расказала, што неаднаразова жыхары вуліцы звярталіся ў гарадскі выканаўчы камітэт, на што атрымлівалі адказ — у гарадскім бюджэце няма сродкаў. А калі і ёсць, то яны, са слоў жанчыны, накіраваны на добраўпарадкаванне іншых вуліц. 

— Паспрабуем вам дапамагчы, — паведаміла спікер верхняй палаты парламента і адразу дала даручэнне праінфармаваць аб сітуацыі старшыню Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрыя Шулейку з мэтай узяць зварот на кантроль. 

Мінчанін Сяргей Віктаравіч звярнуўся з пытаннем электрафікацыі, якое датычыцца як яго асабіста, так і ўвогуле жыхароў пасёлкаў, якія знаходзяцца побач з Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогай. Мужчына расказаў, што на аўкцыёне набыў два зямельныя ўчасткі — у Сеніцы і Калядзічах. Падвёў электрычнасць, але з вельмі нізкай магутнасцю. Куды толькі не звяртаўся, каб палепшыць сітуацыю, але выйсця пакуль няма.

— Куды вы звярталіся? — удакладніла Старшыня Савета Рэспублікі.

— У «Мінскія электрасеткі». 

— Пабудавалі на ўчастках што-небудзь?

— Так, але не магу там нічога рабіць.

Наталля Качанава адказала, што ў сітуацыі разбяруцца — адпаведнае даручэнне будзе дадзена Міністэрству энергетыкі. «Мы праінфарміруем вас адразу, — дадала яна. — Гэта не толькі вас датычыцца, а і развіцця пасёлкаў».

Канкрэтныя парады і рэкамендацыі, даручэнні кампетэнтным службовым асобам і ведамствам — менавіта так Савет Рэспублікі працуе са зваротамі грамадзян. Толькі за 2023 год членамі верхняй палаты парламента, у тым ліку асабіста спікерам, было разгледжана 7,5 тысяч зваротаў. У мінулым годзе адбылося больш як дзве тысячы сустрэч з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам па месцы жыхарства, праведзена звыш 700 асабістых прыёмаў грамадзян, больш як 300 прамых тэлефонных ліній. І гэтая работа працягваецца.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

З якімі яшчэ пытаннямі грамадзяне тэлефанавалі да Наталлі Качанавай, чытайце ў бліжэйшым выпуску «Мясцовага самакіравання».

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.