Вы тут

Курсанты Ваеннай акадэміі Ганна і Уладзіслаў Басікі разам крочаць да афіцэрскіх пагонаў


Гісторыя іх кахання пачалася яшчэ ў школе. Цікава, што агульныя інтарэсы прывялі маладых людзей у Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж. Затым Уладзіслаў пайшоў у армію: замест тэрміновай службы ён заключыў з воінскай часцю кантракт. Звязаць сваё жыццё з Узброенымі Сіламі вырашыла і Ганна. Так, у адным палку ўжо муж і жонка будавалі сваю ваенную кар’еру. Раптам паступіла прапанова, ад якой ні ён, ні яна не маглі адмовіцца...


Сёння Уладзіслаў і Ганна Басікі — курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Вучацца на адным з найбольш папулярных у абітурыентаў факультэце — ваеннай разведкі. Муж і жонка асвойваюць усе тонкасці радыёэлектроннай барацьбы, каб у перспектыве папоўніць шэрагі інтэлектуалаў беларускай арміі, як называюць спецыялістаў гэтага роду войск.

З эканамістаў і праграмістаў — у ваеннаслужачыя

Пакуль ідзём да корпуса, дзе праходзяць заняткі, сужэнцы расказваюць, як так атрымалася, што яны абодва вызначыліся з прафесійным выбарам на карысць афіцэрскай прафесіі. Маладыя людзі папоўнілі шэрагі кузні ваенных кадраў краіны ў жніўні 2023 года, але мара аб афіцэрскіх пагонах у іх з’явілася значна раней.

Ганна нарадзілася ў Наваполацку. Пасля заканчэння школы паступіла ў Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж. Асвойвала юрыдычную прафесію. Так склалася, што па заканчэнні навучальнай установы веды маладога спецыяліста спатрэбіліся ў адной з воінскіх часцей Полацка — у 10-м асобным батальёне радыёэлектроннай барацьбы. Будучы на цывільнай пасадзе, на працягу сямі месяцаў дзяўчына займалася юрыдычнымі пытаннямі падраздзялення. Пасля паступіла на службу па кантракце ў 228-ы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы, у якім, дарэчы, служыў і яе муж.

Уладзіслаў таксама трапіў ва Узброеныя Сілы пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы. Калі праграмісту прыйшла павестка ў армію, гэта не стала нечаканасцю. Малады чалавек нарадзіўся і жыў у Полацку. З самага дзяцінства рос у асяроддзі ваеннаслужачых. У розны час афіцэрскія пагоны насілі яго два дзядулі (адзін з’яўляецца афіцэрам міліцыі ў адстаўцы) і айчым. Апошні яшчэ служыць, на падпалкоўніка Узброеных Сіл раўняецца і Улад. Невыпадкова замест праходжання тэрміновай ваеннай службы хлопец вырашыў скарыстацца правам адразу заключыць з воінскай часцю кантракт.

«У кантрактнай службы шмат пераваг, — заўважае малады Уладзіслаў Басік. — Па-першае, ёсць магчымасць застацца ў родным горадзе. Па-другое, жывеш ты не ў казарме, як салдаты тэрміновай службы, а дома. Па-трэцяе, няма неабходнасці надоўга расставацца з блізкімі. Немалаважна і тое, што ў гэты час служба становіцца тваёй працай, за якую атрымліваеш заробак. Для жанатага чалавека гэта істотны момант. І, нарэшце, для хлопцаў, якія па пэўнай прычыне не паступілі ў ваенную навучальную ўстанову, але мараць аб афіцэрскім званні, гэта добрая прыступка ў прафесіі».

У 228-м асобным палку РЭБ, дзе да Ваеннай акадэміі праходзілі службу сужэнцы Басікі, Ганне давялося асвойваць ваенную спецыяльнасць. У задачы аператара станцыі радыёперашкод у тым ліку ўваходзіла выяўляць крыніцы радыёвыпраменьвання і паведамляць аб гэтым дзяжурнаму. «Спачатку было складана ўнікнуць ва ўсе тонкасці, — прызнаецца Ганна. — Аднак, дзякуючы добраму калектыву, разуменне, што і як трэба рабіць, прыйшло хутка. Служыць мне вельмі падабаецца».

Дзяўчына добра памятае той дзень, калі муж прыйшоў з навіной: ён плануе паступаць у Ваенную акадэмію. Прапанаваў папоўніць курсанцкія шэрагі разам. Яна доўга не думала: яшчэ будучы на цывільнай пасадзе, як толькі прыйшла ў воінскую часць, задумалася аб атрыманні ваеннай адукацыі. Такім чынам, рашэнне было прынята хутка і бескампрамісна.

Блізкія іх падтрымалі. Ганна прызнаецца, што толькі яе бабуля была не ў захапленні ад такога рашэння сваёй унучкі: маўляў, не жаночая гэта справа, асабліва ў святле сучаснай ваенна-палітычнай абстаноўкі. «Цяпер жа бабуля памяняла сваё меркаванне, ганарыцца мной, чакае, калі атрымаю лейтэнанцкія пагоны», — заўважае дзяўчына.

Курсанты самай папулярнай спецыяльнасці

На факультэце ваеннай разведкі Ганна і Уладзіслаў Басікі вучацца па самай папулярнай спецыяльнасці ў Ваеннай акадэміі — «Эксплуатацыя сродкаў радыёманіторынгу і супрацьдзеяння». Дарэчы, факультэт з’яўляецца адзіным у сістэме ваеннай адукацыі краіны, які рыхтуе спецыялістаў радыёэлектроннай барацьбы. Невыпадкова конкурс сюды заўсёды высокі. Напрыклад, у мінулую ўступную кампанію кантрольныя лічбы набору на гэтую спецыяльнасць былі выкананы літаральна за два дні.

Муж і жонка Басікі ганарацца тым, што ім пашчасціла асвойваць гэтую цікавую ваенную спецыяльнасць. Але нягледзячы на вопыт службы ў войсках, спасцігаць ваенную справу няпроста. Трэба добра разбірацца ў дакладных навуках, быць уседлівым і ўдумлівым. Курсантам Басікам пашанцавала: вучыцца разам прасцей. Калі нешта не разумее Ганна, ёй абавязкова дапаможа Улад. У той жа час ёсць прадметы, з якімі найлепш спраўляецца жонка.

Дарэчы, іх гісторыя кахання пачалася яшчэ ў школе. Пажаніліся адразу пасля заканчэння каледжа, у чэрвені 2021 года. З таго часу не расстаюцца. Падтрымліваюць адзін аднаго ва ўсім. Уладзіслаў не лічыць, што служыць у арміі павінны выключна мужчыны. «Ёсць воінскія спецыяльнасці, з якімі найлепш спраўляюцца менавіта жанчыны, — перакананы ён. — Сучасныя жанчыны вельмі актыўныя, ім многае па сілах. Калі ў жонкі ўзнікнуць пэўныя складанасці ў чымсьці, я абавязкова прыйду на дапамогу».

Ганна настолькі прызвычаілася да ваеннай формы, што не заўсёды хочацца яе здымаць: «Свабодна, лёгка, лепш, чым у паўсядзённай».

Выкладчыкі акадэміі, калі знаёмяцца з курсантамі і бачаць у журнале дваіх чалавек з адным прозвішчам, адразу думаюць, што Улад і Ганна — брат і сястра. Здзіўляюцца, калі даведваюцца, што сужэнцы. Нярэдка ў ваеннай альма-матар ствараюцца сем’і, але такое, каб сямейнай парай прыходзілі сюды, — выпадак рэдкі.

Як адзначае намеснік начальніка факультэта ваеннай разведкі па вучэбнай і навуковай рабоце Ваеннай акадэміі палкоўнік Дзмітрый Доўгер, праблем з навучаннем у сямейнай пары няма. «Яны разумеюць прызначэнне таго ці іншага ўзбраення, станцыі, маюць практычны вопыт іх эксплуатацыі, — удакладняе ён. — Навучанне ў акадэміі раскрывае прынцыпы работы, дапамагае ў далейшым больш якасна выконваць пастаўленыя задачы. Будзем выхоўваць у курсантаў высокапрафесійных спецыялістаў радыёэлектроннай барацьбы, сапраўдных абаронцаў Айчыны».

Дарэчы, Дзмітрый Доўгер — выпускнік Ваеннай акадэміі. У свой час таксама навучаўся на кафедры радыёэлектроннай разведкі і радыёэлектроннай барацьбы. Праходзіў службу ў падраздзяленнях РЭБ. Пасля заканчэння камандна-штабнога факультэта Ваеннай акадэміі стаў выкладаць будучым афіцэрам.

«Ваенная акадэмія пераймае перадавы вопыт канфліктаў апошніх дзесяцігоддзяў, што своечасова ўкараняецца ў адукацыйны працэс, — звяртае ўвагу намеснік начальніка факультэта ваеннай разведкі па вучэбнай і навуковай рабоце. — Напрыклад, у межах спецыяльнай ваеннай аперацыі асаблівая ўвага — радыёэлектроннай барацьбе. Яна паказала сваю значнасць, эфектыўнасць. Адпаведна развіваюцца падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы нашых Узброеных Сіл. 

У сувязі з гэтым мы ўдасканальваем і навучальны працэс, рыхтуем курсантаў да таго, што іх можа чакаць падчас службы».

Жыццё па распарадку

Нягледзячы на тое, што курсанты Басікі — муж і жонка, распарадак дня ў іх нічым не адрозніваецца ад іншых хлопцаў і дзяўчат. Ранні пад’ём, зарадка, сняданак, заняткі, баявая, страявая і фізічная падрыхтоўкі, самападрыхтоўка, асабісты час, адбой — і так кожны дзень. Выключэнне — нядзеля. Курсанцкая субота таксама прадугледжвае навучанне і шэраг абавязковых мерапрыемстваў.

Адзінае, што сужэнцы Басікі адпачываюць не ў казармах, як іх таварышы. Муж і жонка займаюць асобны пакой у інтэрнаце. Калі ёсць час, Ганна завіхаецца на агульнай кухні. Харчаванне ў акадэміі трохразавае, але, як гэта часта бывае ў жанчын, яна любіць парадаваць другую палавінку сваёй стравай. Улад прызнаецца, што Аня гатуе найсмачнейшую ў свеце салянку, таксама любіць піцу і салаты.

Кожны вечар курсанты маюць права пакідаць навучальную ўстанову і, напрыклад, накіравацца ў тэатр або па ўласных справах. Ганна і Улад такой магчымасцю не карыстаюцца — шмат часу займае самападрыхтоўка. Выхаднымі днямі — іншая справа. Раней, як яны расказваюць, нярэдка ездзілі на радзіму, сустракаліся з бацькамі, іншымі сваякамі. Апошнім часам, як правіла па нядзелях, знаёмяцца з Мінскам. Прызнаюцца, што жыць у сталіцы цікава: шмат музеяў, тэатраў, гандлёвых цэнтраў, паркаў адпачынку.

Наперадзе ў сужэнцаў Басікаў — крыху больш як тры гады навучання. У адрозненне ад сваіх таварышаў-курсантаў, яны добра разумеюць, што іх чакае падчас службы. Маючы хоць і невялікі вайсковы вопыт, Ганна і Уладзіслаў усведамляюць, якія задачы ім давядзецца выконваць, а таму яшчэ цікавей рухацца ў напрамку афіцэрскіх пагон. Пакуль — лейтэнанцкіх. А планы, між іншым, у курсантаў — вялікія. А калі адна мэта на дваіх, то дасягнуць яе нескладана: сакрэт поспеху — у сямейным выбары.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».