Вы тут

Асноўныя пасылы брыфінгу Валерыя Равенкі


У прысутнасці прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваных пры абаронным ведамстве нашай краіны, Валерый Равенка расказаў аб ключавых момантах, якія ляглі ў аснову новай Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь, давёў актуальную інфармацыю аб кірунках будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, расказаў аб асаблівасцях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва. На брыфінгу прысутнічалі прадстаўнікі 28 дзяржаў, сем з якіх з’яўляюцца членамі НАТА.


Фота: БелТА

Мілітарысцкія настроі нашых суседзяў

Валерый Равенка звярнуў увагу на працэсы, якія павышаюць верагоднасць узнікнення ваенных канфліктаў каля граніц Беларусі, і ўключэнне ў іх нашай дзяржавы. У прыватнасці, гэта мілітарызацыя еўрапейскага кантынента, пашырэнне кантролю з боку ЗША над палітычнымі працэсамі ў Еўропе праз звязванне еўрапейскіх дзяржаў сяброўствам ці рознымі формамі партнёрства з НАТА. Акрамя таго, спыняецца ўзаемадзеянне дзяржаў — членаў НАТА з Беларуссю ў ваеннай сферы.

«Сведчаннем далейшай мілітарызацыі Еўропы з’яўляецца падтрыманне высокага ўзроўню ваеннай прысутнасці ЗША ў рэгіёне і канцэнтрацыя кааліцыйных войскаў (сіл) на ўсходнім флангу НАТА, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці ад граніц Беларусі, — адзначыў ён. — Для любога ваеннага спецыяліста рыторыка і дзеянні высокіх службовых асоб НАТА і дзяржаў, якія ў яго ўваходзяць, азначаюць не што іншае, як актыўную падрыхтоўку Узброеных Сіл, у тым ліку на нашай тэрыторыі».

Начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва ўдакладніў, што размешчаныя ва ўсходнееўрапейскіх дзяржавах воінскія фарміраванні блока актыўна прыцягваюцца да ўдзелу ў мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Пры гэтым захоўваецца высокая інтэнсіўнасць вучэнняў, якія праводзяцца, з адначасовым ростам колькасці сіл і сродкаў, што прыцягваюцца, у тым ліку на тэрыторыі дзяржаў, якія мяжуюць з Беларуссю.

«У лютым — маі ў еўрапейскім рэгіёне пройдзе серыя вучэнняў аб’яднаных узброеных сіл НАТА і ўзброеных сіл ЗША „Абаронца-2024“, — паведаміў Валерый Равенка. — У рамках гэтай серыі будзе праведзены шэраг манеўраў пад агульнымі назвамі „Стойкі абаронца — 2024“ і „Абаронца Еўропы — 2024“. У вучэннях задзейнічаюць шматлікія воінскія кантынгенты ўсіх дзяржаў — членаў НАТА, а таксама Швецыі. Дадзеная ваенная дзейнасць адкрыта пазіцыянуецца як самая буйная за апошнія 40 гадоў. Па заявах прадстаўнікоў Альянсу, агульная колькасць асабовага складу, які прыцягваецца толькі да вучэння „Стойкі абаронца“, складзе больш за 90 тысяч вайскоўцаў».

Асноўныя раёны правядзення вучэнняў наўмысна засяроджаны каля беларускіх граніц — у Польшчы і краінах Балтыі. «Пры гэтым, дэкларуючы прыхільнасць Венскаму дакументу 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі, дзяржавы — члены НАТА не забяспечваюць адкрытасць і транспарэнтнасць мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, што ставіць пад сумненне іх абарончую накіраванасць, якая заяўляецца, — падкрэсліў памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва. — Маштабы, раёны правядзення, задачы, якія адпрацоўваюцца падчас вучэнняў „Абаронца-2024“, дазваляюць зрабіць выснову, што яго канчатковай мэтай з’яўляецца праверка здольнасці аб’яднаных узброеных сіл НАТА і ўзброеных сіл краін-партнёраў у максімальна сціслыя тэрміны стварыць групоўкі войскаў (сіл) на „ўсходнім флангу“ блока і правесці сумесную наступальную аперацыю аператыўна-стратэгічнага ўзроўню на беларускім і расійскім напрамках».

Асобна Валерый Равенка спыніўся на парушэннях Дзяржаўнай граніцы Беларусі з боку Латвіі, Літвы і Польшчы. Толькі са жніўня 2023 года зафіксавана шэсць падобных інцыдэнтаў у паветранай прасторы. Беларускія войскі знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці адбіць любую агрэсію.

Узаемапавага і баланс інтарэсаў

Неспрыяльнае геапалітычнае становішча абумовіла неабходнасць унясення прынцыповых змен у Ваенную дактрыну Рэспублікі Беларусь. Гэты найважнейшы стратэгічны дакумент будзе разгледжаны і вынесены на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу, пасяджэнне якога пройдзе ў красавіку.

Кажучы аб ключавых пасылах Ваеннай дактрыны, начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва падкрэсліў, што Рэспубліка Беларусь — міралюбівая дзяржава, якая паважае палітычную незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт іншых краін і не разглядае ні адну дзяржаву або народ у якасці ворага.

«Мяркуем, што як супрацоўніцтва ў цэлым, так і супрацоўніцтва ў вайсковай сферы магчыма ажыццяўляць з усімі краінамі свету, — заўважыў ён. — Асноўныя ўмовы простыя: гэта раўнапраўнае, узаемавыгаднае і сумленнае партнёрства, якое заснавана на выкананні норм і прынцыпаў міжнароднага права і не прымае падвойныя стандарты. Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў аднаўленні ўплыву ААН і АБСЕ, а таксама ў выкарыстанні механізмаў дадзеных міжнародных арганізацый па прызначэнні, якое закладзена ў іх статутныя дакументы. Мы гатовы садзейнічаць зніжэнню напружанасці ў рэгіёне і свеце, развіццю мер даверу і бяспекі, сістэмы кантролю над узбраеннямі шляхам удзелу ў дзейнасці ААН і АБСЕ, аднак лічым, што высокая рэзультатыўнасць такой дзейнасці будзе магчыма толькі пры ўмове захавання прынцыпу роўнасці ўсіх дзяржаў і пры разуменні абсалютна ўсімі дзяржавамі-ўдзельніцамі неабходнасці знаходжання балансу інтарэсаў».

Народнае апалчэнне і ваенна-патрыятычнае выхаванне

Кажучы аб будаўніцтве і развіцці Узброеных Сіл Беларусі, ваенны дыпламат звярнуў увагу на тэхнічнае пераўзбраенне нашай арміі, падрабязна спыніўся на мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ў 2022/2023 навучальным годзе, у тым ліку ў рамках АДКБ, патлумачыў прычыны стварэння ў нашай краіне сістэмы тэрытарыяльнай абароны, асаблівасцях фарміравання атрадаў народнага апалчэння.

Апошняе, па словах Валерыя Равенкі, будзе заснавана на прынцыпах добраахвотнасці і законнасці. Дзейнічаць атрады народнага апалчэння будуць толькі ў перыяд ваеннага становішча. «Задачай удзельнікаў апалчэння з’яўляецца падтрыманне сумесна з органамі ўнутраных спраў правапарадку на тэрыторыі, дзе яны пражываюць, — канкрэтызаваў ён. — Пры распрацоўцы заканадаўства аб народным апалчэнні ўлічаны негатыўны вопыт Украіны, дзе бескантрольная выдача зброі прывяла да фактаў разбою, марадзёрства і бандытызму. Зброя і боепрыпасы падчас ваеннага становішча будуць выдавацца праз органы ўнутраных спраў правераным па спецыяльных уліках людзям, кіраўніцтва народным апалчэннем будзе ажыццяўляць мясцовы савет абароны, непасрэднае ўпраўленне — тэрытарыяльны орган унутраных спраў».

Асаблівую ўвагу памочнік міністра абароны засяродзіў на важнасці ваенна-патрыятычнага выхавання, якое праводзіцца ў нашай краіне. Аб эфектыўнасці гэтай работы сведчыць той факт, што летась больш за 14 тысяч падлеткаў сталі ўдзельнікамі спартыўна-патрыятычных лагераў, якія былі арганізаваны ў месцах дыслакацыі злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл. У 2022–2023 гадах сфарміравана 155 ваенна-патрыятычных класаў, у якіх навучаліся старшакласнікі, якія, як правіла, звязваюць свой далейшы лёс з сілавымі ведамствамі.

У размове з журналістамі Валерый Равенка рэзюмаваў, што Беларусь змяніла вектар супрацоўніцтва з нашымі сябрамі і партнёрамі. «Мы больш не жадаем зазываць Захад, шукаць нейкія кантакты для памяншэння пагроз ваеннай бяспецы, — удакладніў ён. — Мы проста прыадчынілі дзверы: калі ім неабходна — няхай прыходзяць, мы будзем размаўляць. Беларусь устанавіла кантакты з краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Міністр абароны здзейсніў візіты ў Індыю, Кітай, Іран, літаральна нядаўна быў візіт на Кубу, у Расію, зразумела. Было дасягнута мноства дамоўленасцяў. У нас шмат сяброў і партнёраў. Мы ведаем, куды ісці».

У тэму

Пасля брыфінгу прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі, падзяліліся сваімі меркаваннямі.

Аташэ па пытаннях абароны пры Пасольстве Арабскай Рэспублікі Егіпет у Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь (па сумяшчальніцтве) генерал-маёр Ваэль Элесаві падзякаваў за арганізацыю яго візіту ў нашу краіну, асабліва — за магчымасць пабываць на Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. «Мы змаглі азнаёміцца з усімі аспектамі яе работы, — адзначыў ён. — Удзячны за брыфінг, падчас якога мы атрымалі актуальную інфармацыю. Хацеў бы вярнуцца на вашу гасцінную беларускую зямлю».

Карысным назваў наведванне Дзяржаўнай граніцы Беларусі з Літвой і ваенны аташэ пры Пасольстве Замбіі ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь (па сумяшчальніцтве) брыгадны генерал Клемент ДЖЭРЭ. «Гэтая паездка была вельмі плённая, бо ахова дзяржграніцы заўсёды дазваляе захоўваць суверэнітэт і бяспеку дзяржавы, — звярнуў увагу ён. — Мы азнаёміліся з работай пагранічных пераходаў, органаў пагранічнай службы, убачылі, як яны выконваюць свае задачы. Лічу, што гэта вельмі добры вопыт для нас. Акрамя таго, мы азнаёміліся з размяшчэннем салдат, з тым, як працуе кіналагічная служба ў межах аховы граніцы. Падчас гэтага візіту я адзначыў многае, што можна выкарыстаць у нас на граніцы».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.