Вы тут

Андрэй Швед сустрэўся са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам БДУ


Генеральны пракурор Андрэй Швед сустрэўся са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам БДУ. У час дыялога ён закрануў тэму расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа і растлумачыў удзельнікам сустрэчы важнасць абароны гістарычнай памяці і нацыянальнай ідэнтычнасці, правёўшы паралелі паміж падзеямі мінулага і бягучым станам спраў, паведамляе БелТА са спасылкай на ўпраўленне ўзаемадзеяння са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасці Генеральнай пракуратуры.


Фота: Генпракуратура

«Усю важнасць вяртання да тэмы Вялікай Айчыннай вайны адчулі пасля 2020 года»

Дыялог з аўдыторыяй Андрэй Швед пачаў з адказу на пытанне, чаму тэма гераічнай барацьбы беларускага народа з акупантамі ў гады вайны стала актуальнай менавіта зараз. Для гэтага генпракурор нагадаў аўдыторыі аб падзеях 2020 года, калі краіна сутыкнулася з праявамі экстрэмізму пад нацысцкай сімволікай.

«Была спроба здзейсніць чарговую каляровую рэвалюцыю, якая да гэтага паставіла на мяжу выжывання шэраг замежных дзяржаў. Трэба разумець, што тое ж самае магло чакаць і нас. Але Беларусь выстаяла. Калі ж мы сталі аналізаваць матэрыялы першых крымінальных спраў, звязаных са спробай дзяржаўнага перавароту і экстрэмізмам, мы ўбачылі, што на вуліцах дзейнічала баявое крыло з неанацыстаў», — падкрэсліў генеральны пракурор.

«Гэтая сітуацыя выклікала здзіўленне. Няўжо ў нашай Беларусі ёсць неанацысты? Высветлілася, што так. Да снежня 2020 года ўжо было каля сотні абвінавачаных па крымінальных справах, якія адкрыта прапагандавалі сваё пазітыўнае стаўленне да фашызму і нацызму, да самой ідэі, якая, як здавалася. нам, у 1945 годзе была знішчана. Стала відавочным, што неанацызм, на жаль, засеў у розумах пэўнай часткі моладзі.Значыць, нешта недапрацавалі і нешта выпусцілі.Тады было прапанавана вярнуцца да тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны і паказаць усю праўду пра тым, што тварылі нацысты і іх памагатыя на акупаванай тэрыторыі БССР», — адзначыў у развіццё тэмы расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа Андрэй Швед.

Зафіксаваць кожную злачынную дэталь і зрабіць яе адкрытай для грамадскасці

Генпракурор падкрэсліў важнасць зафіксаваць кожны факт злачынства з указаннем дэталяў. «Задача следства — устанавіць усе факты ўчыненых злачынстваў, пачынаючы з 22 чэрвеня 1941 года, усіх асоб, вінаватых у генацыдзе. Устанавіць не толькі найменне карных падраздзяленняў, дапаможных службаў, але і спісачны склад карнікаў. Устанавіць усіх загінуўшых і ўвекавечыць іх памяць. Вызначыць дакладны памер прычыненай нашай краіне ўрону. Але самае галоўнае — давесці вынікі расследавання да шырокай грамадскасці і ў першую чаргу — да нашай моладзі», — акцэнтаваў увагу слухачоў на задачах следства Андрэй Швед.

Генеральны пракурор сфакусаваў увагу аўдыторыі на тым, што 22 чэрвеня 1941 года граніцу Савецкага Саюза перасек не толькі вермахт, але і карныя падраздзяленні, у склад якіх уваходзілі прадстаўнікі шэрагу іншых нацыянальнасцей.

«Вынікамі следства пацвярджаецца тэзіс, што нацызм жывы, ён з’яўляецца ідэалагічнай платформай і часткай дзяржаўнай палітыкі ЗША і Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі. Калі мы даведаемся праўду пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны, нам становіцца зразумела, што формы і метады дзеянняў нацыстаў у сярэдзіне ХХ стагоддзя і ў наш час засталіся адны і тыя ж», — канстатаваў генеральны пракурор.

Расстрэлы і шыбеніцы, газавыя камеры і катаванне холадам, голад і эпідэміі

Андрэй Швед таксама падрабязна расказаў студэнтам і выкладчыкам БДУ аб рабоце следчай групы Генеральнай пракуратуры ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Паводле яго слоў, было дапытана звыш 18,1 тыс. сведкаў і пацярпелых, з іх амаль 8 тыс. — былыя вязні лагераў смерці. Супрацоўнікі пракуратуры правялі больш за 500 аглядаў участкаў мясцовасці і сталі ўдзельнікамі звыш 40 раскопак, устанавілі больш за 580 лагераў смерці, уключаючы 90 раней невядомых, і звыш 3 тыс. спаленых вёсак і вёсак, пра якія раней не ведалі. Нагадаў Андрэй Швед аўдыторыі і пра тое, што масавае знішчэнне мірных людзей было пастаўлена на паток і вялося варварскімі метадамі і сродкамі: прымяняліся расстрэлы і шыбеніцы, людзей забівалі ў газавых камерах, марылі голадам, заражалі інфекцыямі і нават прама расстрэльвалі з артылерыі. Усё гэта пераследвала сваёй мэтай навесці страх і здушыць спробы супраціўлення акупацыйнаму рэжыму.

Генеральны пракурор заклікаў крытычна ставіцца да спроб фальсіфікацыі вынікаў расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, якія перыядычна з’яўляюцца ў дэструктыўных СМІ і іншых інтэрнет-рэсурсах.

«На службу да нацыстаў пайшлі нешматлікія здраднікі з ліку беларускіх нацыяналістаў, якія пад бел-чырвона-белымі сцягамі прыносілі прысягу на вернасць Гітлеру і знішчалі сваіх суайчыннікаў», — звярнуў асобную ўвагу на гэтую дэталь Андрэй Швед.

«Расследаванне крымінальнай справы з’яўляецца данінай памяці загінуўшым, закатаваным, усім тым, хто пацярпеў у гады вайны і пасляваенны перыяд. Нашай з вамі задачай з’яўляецца барацьба з гэтай чумой і, мабыць, самай страшнай з’явай у гісторыі чалавецтва», — рэзюмаваў генеральны пракурор.

Была цікавая моладзі і выкладчыкам БДУ і інфармацыйная, адукацыйная, выхаваўчая праца пракуратуры, нарматворчая дзейнасць ведамства. На памяць аб сустрэчы Андрэй Швед падарыў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту выданні «Генацыд беларускага народа», «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» і «Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі. Частка 1», падрыхтаваныя Генеральнай пракуратурай.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.