Вы тут

Не проста шкарпэткі. Пра сэнсы, якія трэба вяртаць


Раніца 23 лютага заўсёды пачыналася хвілін на дзесяць раней, чым звычайна. Мама ціхенька падыходзіла да ложка, шаптала: «Дачушка, уставай, пайшлі тату віншаваць». Тупаючы босымі нагамі па настылай за ноч падлозе (абувацца не было калі — гэта ж тату віншаваць!), я бегла ў бацькоўскі пакой і ўручала бацьку падарунак, цалавала яго ў шурпатую шчаку, а ён мяне сціскаў у дужых абдымках. У падарунку, як правіла, была якая-небудзь дробязь (тыя ж самыя праславутыя шкарпэткі), але абавязкова з укладзенай паштоўкай, якую ўласнаручна падпісвала крывымі літарамі... Пасля неслася ў школу — трэба было павіншаваць са святам суседа Віцьку, з якім сядзела за адной партай. Таксама падарунак быў не надта багаты — пачак фламастараў, напрыклад, але гэта было абавязковым рытуалам, і кожны хлопчык у класе ў той дзень атрымліваў ад кагосьці з дзяўчынак невялікі прэзент.


Фота: pixabay.com

Свята тады звалася гучна, нават патэтычна — Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту, але сэнс у яго быў цёплы, просты і душэўны — павіншаваць мужчын, прычым усіх — і старых, і малых. Цяпер, аналізуючы дарослымі мазгамі ў кантэксце сучасных рэалій, разумееш яшчэ і закладзены ў ім ад пачатку, менавіта дзякуючы гэтай цеплыні і простасці, больш глыбокі сэнс. У кожным мужчыне бачыць абаронцу, найперш, сваёй сям’і, а калі спатрэбіцца, дык і салдата той самай Савецкай Арміі, які, калі будзе трэба, абароніць і сям’ю, і Радзіму…

Да чаго раптам гэты экскурс у даволі далёкае ўжо савецкае мінулае? Ды да таго, што, здаецца, надышоў час вяртаць усе тыя глыбінныя, але такія відавочныя сёння сэнсы. Бо калі наша пакаленне 45+ яшчэ памятае іх са свайго піянерскага дзяцінства і камсамольскага юнацтва, дык многія не нашмат маладзейшыя, тыя, што нарадзіліся ў канцы 80-х — пачатку 90-х, не кажучы ўжо пра дзяцей новага тысячагоддзя, у даце 23 лютага не бачаць іншых сэнсаў, акрамя шкарпэтак або пены для галення ў падарунак ды жартаўліва-прыкрага: «А чаму сёння не выхадны?»

Зразумець гэта, у прынцыпе, можна. Шмат было зроблена, калі развалілася вялікая краіна, для таго каб служба ў арміі ператварылася ў свядомасці ў нешта непрэстыжнае, каб вобраз мужчыны, які прымае рашэнні сам і адказвае за сваю сям’ю, стаў успрымацца як вобраз сямейнага дэспата, каб у моду ўвайшлі хлопчыкі з адпаліраванымі пазногцямі, пастаянныя кліенты барбершопаў ды барбер-цырульняў (я не супраць мужчынскай прыгажосці і дагледжанасці, хутчэй наадварот, але ж тут размова не пра знешнасць, а пра сутнасць). Зроблена гэта было не намі, вядома, але ж мы як заварожаныя пад’ялдыквалі, стараючыся адпавядаць «сусветным трэндам». І захоплена глядзелі галівудскія баевікі, дзівячыся майстэрству і спрыту чужых салдат — «нашы не такія».

Толькі жыццё — гэта не кіно. І ўсё памянялася літаральна за некалькі апошніх гадоў, і ўжо так, як раней, у бесклапотныя 2010-я, не будзе ніколі. Не ведаю, як вы, а я за сабой пачала заўважаць, што, разглядаючы мужчынскую частку насельніцтва на вуліцы, у транспарце, на нейкім мерапрыемстве, пачала ацэньваць яе перш за ўсё па адным крытэрыі: ці можна ўявіць яго як абаронцу: мяне асабіста, калі нападуць хуліганы; маёй краіны, калі спатрэбіцца стаць «пад ружжо». Менавіта гэта становіцца ўсё больш важным. Гэта як у жніўні 20-га, калі адчуць сябе слабай жанчынай і выдыхнуць з палёгкай атрымалася, толькі калі ўбачыла галоўнага мужчыну краіны з аўтаматам. Менавіта тады з’явілася ўпэўненасць: усё будзе добра. Хаця розум падказваў, што яшчэ будзе ўсялякае, але гэтае пачуццё абароненасці ўжо нікуды не падзелася.

Сёння той самы час, калі мяняюцца (ці вяртаюцца спрадвечныя) сэнсы. Калі ўсё становіцца на свае месцы. Калі мужчына павінен быць мужчынам у сваім прадвызначэнні — моцным абаронцам, за якім як за каменнай сцяной. Калі гэта павінна вітацца ў грамадстве. Калі дзяўчынкі, віншуючы дзядуляў, татаў, аднакласнікаў з 23 лютага, разумеюць і адчуваюць, што яны дораць паплаўкі для вудачак, шкарпэткі ці пачак фламастараў тым, хто ў выпадку страшнага захіне іх сабой. Калі тыя, каму дораць, разумеюць гэта і гатовыя — захінуць. І ведаюць, што змогуць, як маглі заўсёды на гэтай, нашай спрадвеку, зямлі мужчыны — не салдаты з галівудскіх фільмаў, а дзяды і прадзеды, чые забытыя фота ляжаць у даўно не гартаных сямейных альбомах.

Час даставаць гэтыя фота і паказваць дзецям. Расказваць ім, нагадваць самім сабе. Вяртаць сэнсы, якія могуць стаць (ужо становяцца) умовай існавання і выжывання…

А вы кажаце, проста шкарпэткі…

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».