Вы тут

Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль у мінулым годзе наведалі больш за 53 тыс. турыстаў


Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль у 2023 годзе наведалі больш за 53 тыс. турыстаў. Пра гэта распавёў дырэктар гістарычнага комплексу-музея Уладзіслаў Кулакевіч на прэс-канферэнцыі «Падарожнічаем па Беларусі: папулярныя маршруты і незвычайныя месцы Магілёўскай вобласці», перадае БелТА.


«У сакавіку 2023-га на аб’екце былі завершаны рэстаўрацыйныя работы, ужо амаль год мы прымаем турыстаў, — адзначыў Уладзіслаў Кулакевіч. — За мінулы год нас наведалі больш як 53 тыс. чалавек, і гэты паток не зменшыцца, а будзе толькі расці. Мяркуем, што гэта будзе лавінападобная наведвальнасць».

Палац — адзін з найбольш захаваных помнікаў класіцызму на тэрыторыі Беларусі. Рэстаўрацыйныя работы яшчэ не завяршыліся поўнасцю, а аб’ект па праву называюць жамчужынай не толькі Магілёўскай вобласці, але і краіны ў цэлым. «Гэта помнік міжнароднага значэння», — падкрэсліў ён.

Комплекс ужо ўвайшоў у спіс сфарміраваных турыстычных маршрутаў, самы папулярны і наведвальны з якіх Бабруск — Чырвоны Бераг — Жылічы. Яго лагістыка пераважна арыентавана на жыхароў сталіцы. У сваю чаргу для магілёван таксама існуе дастаткова запатрабаваны маршрут «Архітэктурныя помнікі Магілёўшчыны».

«Цяпер склаўся і наш унутраны лакальны маршрут, звязаны з існаваннем турыстычнага кластара Кіраўскага раёна, у які ўвайшлі аб’екты на Чыгірынскім вадасховішчы, а таксама адзін з самых знакавых мемарыялаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны — комплекс памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі. Перспектыва стварэння новых маршрутаў, куды можна ўключыць Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, добрая. Аднак на першы погляд лагістыка можа падацца незвычайнай, таму што ўсходні рэгіён Беларусі для многіх турыстаў усё ж такі з’яўляецца новым», — падкрэсліў дырэктар музея.

Уладзіслаў Кулакевіч звярнуў увагу, што работа па папулярызацыі палацава-паркавага комплексу вялася нават падчас яго рэстаўрацыі: «Мы праводзілі экскурсіі яшчэ на аб’екце, які будуецца, і тады да 80% нашых наведвальнікаў былі мінчане. Разам з тым для мінчан адлегласць 190 км — немаленькая, хоць для магіляўчан гэта 110 км, жыхароў Гомеля — 140 км. Гэта патэнцыйныя маршруты, якія яшчэ не існуюць, але іх увядзенне ў разы павялічыць наведвальнасць нашага аб’екта».

У перспектыве ў Жылічах адновяць паркавую сістэму і вадаём, што існаваў тут, што падцягне за сабой астатнюю інфраструктуру. На аб’екце вялікую ўвагу надаюць таму, каб людзі не хадзілі бязмэтна па залах палаца, а атрымлівалі за адпаведную плату належнае суправаджэнне. «На першае паўгоддзе 2024 года наш аб’ект ужо прыкладна на 70 працэнтаў запоўнены турыстычнымі групамі, — падкрэсліў кіраўнік. — І гэта сведчыць аб тым, што ён ужо цяпер з’яўляецца адным з найбольш запатрабаваных у Магілёўскай вобласці. Думаю, што ў бліжэйшыя гады мы станем адной з самых папулярных турыстычных лакацый».

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.