Вы тут

Як школа ў Капылі штогод рыхтуе пераможцаў алімпіяд


Штогод школьнікі сярэдняй школы № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага становяцца ўдзельнікамі рэспубліканскіх этапаў алімпіяды па інфарматыцы. У гэтым навучальным годзе на 3-м, абласным, этапе адразу трое вучняў адзначаны высокімі ўзнагародамі: васьмікласнік Віталь Туравец і дзесяцікласнік Іван Берднік атрымалі дыпломы першай ступені, а таксама адзінаццацікласнік Радамір Ткачэнка ўзнагароджаны дыпломам першай ступені. Пасля заканчэння школы нямала яе выпускнікоў паступаюць у ВНУ на прэстыжныя і запатрабаваныя спецыяльнасці, звязаныя з праграмаваннем.


Дзяніс Ляшчэвіч і яго вучні падчас заняткаў

— Выяўленне, навучанне і развіццё асобы высокаматываваных і адораных дзяцей — адна з першачарговых задач сучаснай школы, — кажа дырэктар школы № 2 г. Капыля Ірына Абас. — У нас для гэтага ствараюцца ўсе ўмовы: умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне падрыхтоўкі, супрацоўніцтва з бацькамі, усебаковая падтрымка як настаўнікаў, так і вучняў.

Поспех вучняў — заслуга найперш педагагічнага калектыву. 27 настаўнікаў, а таксама дырэктар Ірына Абас і яе намеснікі — выпускнікі гэтай жа школы. Як і Дзяніс Ляшчэвіч, настаўнік інфарматыкі. Менавіта ён заснаваў сваю сістэму падрыхтоўкі, якая і прыносіць высокія вынікі.

Дзяніс Міхайлавіч скончыў педагагічны клас па спецыяльнасці «матэматыка і інфарматыка» сярэдняй школы № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага ў 1997 годзе, пасля — педагагічны ўніверсітэт. Пачынаў працаваць педагогам-арганізатарам, з 2004 года выкладае інфарматыку. Акрамя таго, праводзіць стымуляцыйныя заняткі, дзе ўсе ахвотныя, хто цікавіцца інфарматыкай, могуць удасканальваць свае веды пад кіраўніцтвам педагога.

— Сістэма простая: кожны вучань павінен засвоіць тэму. Пакуль ён не разабраўся ў ёй, да наступнай не прыступаем. 

Інфарматыка — той прадмет, дзе ўсе тэмы звязаны: калі не засвоіў адну, наступную не зразумееш. Ад вучня таксама патрабуецца шчыра прызнаць, што не засвоіў. Абсалютна любы вучань здольны зразумець тэму, проста для кожнага патрабуецца свой час, — упэўнены Дзяніс Міхайлавіч.

Заняткі наведвае ад 10 да 15 школьнікаў з розных класаў. 

Да кожнага ў настаўніка індывідуальны падыход. І ніякага прымусу: калі вучань раптам перастаў хадзіць на заняткі, у яго ёсць магчымасць падумаць і вызначыцца. Як правіла, праз пэўны час цікавасць да прадмета бярэ верх, і вучні зноў вяртаюцца. Прычым заняткі працягваюцца і летам. 

І гэта, між іншым, самы плённы час — няма іншых урокаў, і новыя веды засвойваюцца хутчэй.

Падрыхтоўка да алімпіяды ў кожнага вучня ідзе ў сваім тэмпе. 

Хтосьці рыхтуецца за год, некаму дастаткова пазаймацца два месяцы, а ёсць вучні, якім неабходна два-тры гады.

— Не трэба нікога спісваць з рахункаў. Магчыма, нехта марудна засвойвае, але затое гэтыя веды застануцца на ўсё жыццё, — упэўнены настаўнік.

Як правіла, вучні Дзяніса Міхайлавіча паступаюць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, і ў іншыя ўніверсітэты на спецыяльнасці, звязаныя з праграмаваннем, а яны, як вядома, вызначаюцца высокім конкурсам.

— Што дае інфарматыка? Структураванае мысленне. Узяць праблему ці задачу, раздрабніць яе на падзадачы і вырашыць, — кажа настаўнік, дадаючы, што вучні апошнім часам змяніліся.

Новае пакаленне часта не мае той руплівасці, якой патрабуюць дакладныя навукі.

— Калі за пяць хвілін вучань не дасягнуў поспеху, яму псіхалагічна складана. Гэта праблема камп’ютарных гульняў ці таго, што паўсюль для школьніка стараюцца стварыць сітуацыю поспеху, — заўважае Дзяніс Ляшчэвіч. Але і з гэтым — навучыць школьніка працаваць над задачай — ён паспяхова спраўляецца.

У рамках уласнай сістэмы выкладання настаўнік стварыў унутраны сайт для вучняў школы, дзе ў кожным курсе, разбітым на тэмы, сабраны базавыя задачы, якія школьнік павінен рашыць. Дарэчы, іх настаўнік стварыў сам.

— Дзякуючы гэтаму ў мяне ёсць статыстыка, як кожны вучань іх рашаў, што ў яго атрымліваецца, а што — не. Калі вучань нейкі час адсутнічаў, не трэба задаваць яму пытанні, каб высветліць, што ён памятае з той ці іншай тэмы. Паспяховасць кожнага вучня збіраецца ў агульны базавы рэйтынг. І я бачу, як кожны з іх спраўляецца з задачамі, што засвоіў добра, а што не ведае.

Акрамя інфарматыкі, на сайт настаўнік дадае і іншыя прадметы. Напрыклад, яго сістэмай кантролю ведаў ужо карыстаюцца настаўнікі замежнай мовы.

Алена КРАВЕЦ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.