Вы тут

Выміранне белых мядзведзяў і новы тып візы ў Японіі


У Еўропе разрастаецца карупцыя

Сітуацыя пагаршаецца з году ў год

Сітуацыя з карупцыяй у Еўрапейскім саюзе пагаршаецца, яе ўзровень летась быў найвышэйшым за дзесяць з лішнім гадоў. Такую выснову зрабілі эксперты Transparency Іnternatіonal. Міжнародная арганізацыя Transparency Іnternatіonal апублікавала сваю штогадовую справаздачу пад назвай «Індэкс успрымання карупцыі» (ІУК). У ім ацэнены ўзровень карупцыі ў дзяржаўным сектары 180 краін па шкале ад нуля (вельмі высокі) да 100 (вельмі нізкі). Найменш карумпаванай шосты год запар названа Данія — яна размясцілася на першым радку рэйтынга. Следам — на другім і трэцім месцах — Фінляндыя і Новая Зеландыя.

Нягледзячы на высокія пазіцыі ў агульным спісе, некалькі еўрапейскіх краін, такіх як Швецыя, Нідэрланды, Ісландыя і Вялікабрытанія, набралі самыя нізкія балы ў ІУК з моманту першай яго публікацыі ў 2012 годзе. «Падзенне агульнарэгіянальнага паказчыка ІУК у Заходняй Еўропе і ЕС сведчыць аб тым, што еўрапейскія ўрады павінны больш сур’ёзна ставіцца да барацьбы з карупцыяй і падтрымання вяршэнства закона, — заўважыла Флора Крэсвел, рэгіянальны каардынатар Transparency Іnternatіonal у Заходняй Еўропе. — Краіны павінны павысіць свае стандарты і лепш выконваць свае ўласныя нормы, каб актывізаваць барацьбу з карупцыяй, засцерагчы сістэму правасуддзя ад умяшання і паставіць заслон уплывовым групам інтарэсаў у палітыцы».

Паводле даных Transparency Іnternatіonal, больш чым у трох чвэрцях краін рэгіёна барацьба з карупцыяй альбо застопарылася, альбо вядзецца менш актыўна, чым раней. Найбольшая колькасць балаў сярод еўрапейскіх краін у вышэйзгаданых Даніі, Фінляндыі і Нарвегіі, а найменшая — у Венгрыі, Румыніі і Балгарыі. З 31 краіны гэтага рэгіёна толькі шэсць значна палепшылі свае пазіцыі з 2012 года.

У параўнанні з вынікамі ІУК 2015-га, істотна знізіліся паказчыкі Аўстрыі, Люксембурга, Швецыі і Вялікабрытаніі. Польшча і ўвогуле адкацілася на сем радкоў за апошняе дзесяцігоддзе з-за «дзеянняў цяпер ужо былой уладнай партыі „Права і справядлівасць“ (PіS) па манапалізацыі ўлады на шкоду грамадскім інтарэсам», адзначаецца ў дакладзе. Там таксама падкрэсліваецца, што Грэцыя заняла вельмі нізкае месца ў спісе 2023 года з-за слабой аўтаноміі судовай сістэмы.

Аднак нават краіны, якія занялі першыя месцы ў рэйтынгу, маюць цяжкасці са спыненнем злоўжыванняў у дзяржаўным сектары, заўважаюць аўтары справаздачы, адзначаючы, што ўлады «не прыцягваюць да належнай адказнасці кампаніі, якія даюць хабар за атрыманне доступу на замежныя рынкі». У справаздачы згадваецца выпадак у Нідэрландах, улады якіх сутыкнуліся з крытыкай за рашэнне не праследаваць Shell у судовым парадку па справе аб хабарніцтве пры здзелках з нігерыйскай нафтавай кампаніяй, асабліва ў святле шакавальных апраўдальных прысудаў у Італіі па той жа справе.

Некаторыя з самых гучных карупцыйных скандалаў у найноўшай гісторыі былі звязаныя з адмываннем грошай праз банкі ў такіх краінах ЕС, як Данія, Германія і Швецыя. Аўтары таксама выявілі, што Швейцарыя, нягледзячы на высокія балы па ІУК, так і не пазбавілася рэпутацыі аднаго з «сусветных цэнтраў па адмыванні грошай», дзе замежная карумпаваная эліта можа лёгка знайсці пасрэднікаў для стварэння і кіравання ад іх імя кампаніямі.


Японія плануе ўвесці візу лічбавага качэўніка

Улады Японіі маюць намер увесці новы тып візы — лічбавага качэўніка. Яна дазволіць грамадзянам 49 дзяржаў, сярод якіх краіны — члены ЕС, знаходзіцца ў краіне да шасці месяцаў. 

Дзякуючы ажыўленым гарадам, разнастайным прыродным ландшафтам і сусветна вядомай поп-культуры Японія — ідэальнае месца для сумяшчэння працы і падарожжаў. Краіна ўсё больш адкрываецца для замежнікаў у надзеі развіць эканоміку і міжнародную канкурэнтаздольнасць, якім пагражае старэнне насельніцтва. Паводле даных Міністэрства працы Японіі, цяпер у краіне працуе больш за два мільёны замежных грамадзян — найвышэйшы паказчык за ўсю японскую гісторыю.

Грамадзяне 49 краін і тэрыторый маюць права падаць заяўку на атрыманне японскай лічбавай візы качэўніка. У іх лік уваходзяць краіны, якія падпісалі з Японіяй падатковае пагадненне, а таксама тыя, грамадзяне якіх не павінны атрымліваць візу пры наведванні. Сюды ўваходзяць усе краіны ЕС, а таксама Арменія, Беларусь, Грузія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Малдова, Манака, Паўночная Македонія, Нарвегія, Сербія, Швейцарыя, Турцыя і Вялікабрытанія. За межамі Еўропы падаць заяўку могуць таксама аўстралійцы, паўднёвакарэйцы, сінгапурцы і грамадзяне ЗША.

Віза арыентавана на высокакваліфікаваных спецыялістаў — асабліва тых, хто працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Яна будзе выдавацца для «пэўных відаў дзейнасці», у тым ліку аддаленай работы ў кампаніі за межамі Японіі або ў якасці самазанятага фрылансера для кліентаў за мяжой. Чакаецца, што гэта таксама будзе распаўсюджвацца на YouTube-блогераў, якія атрымліваюць даход ад замежных рэкламадаўцаў.

Прэтэндэнты на атрыманне візы лічбавага качэўніка павінны мець гадавы даход не менш за 10 мільёнаў японскіх ен (62,6 тысячы еўра) і прыватную медыцынскую страхоўку. Членам сям’і будзе дазволена суправаджаць лічбавых качэўнікаў падчас іх знаходжання ў Японіі пры ўмове, што яны таксама застрахаваны ў прыватным медыцынскім страхаванні. Аднак заяўнікі не будуць мець права на атрыманне віду на жыхарства і не змогуць арандаваць жыллё на працяглы тэрмін. Цяпер прапанаваная віза адкрыта для абмеркавання грамадскасці, а яе ўвядзенне чакаецца ў канцы сакавіка.


Глабальная шкода ад стыхіі летась склала 250 мільярдаў долараў

Сукупная шкода сусветнай эканоміцы ад стыхійных бедстваў у мінулым годзе склала прыкладна $250 млрд, што супадае з паказчыкам 2022 года. Аб гэтым сведчаць папярэднія даныя нямецкай Munіch Re, найбуйнейшай перастраховачнай кампаніі свету. 

Паведамляецца таксама, што аб’ём застрахаваных страт у мінулым годзе скараціўся да $95 млрд са $125 млрд годам раней. Сярэдні паказчык за апошнія пяць гадоў складае $105 млрд, за дзесяць гадоў — $90 млрд. Летась было зафіксавана больш за 74 тысячы прыродных бедстваў у параўнанні з сярэднім паказчыкам за пяць гадоў на ўзроўні 10 тысяч. Землетрасенні ў Турцыі і Сірыі сталі самай значнай гуманітарнай катастрофай года. Навальнічныя ліўні ў Паўночнай Амерыцы і Еўропе яшчэ ніколі не былі такімі разбуральнымі, як у мінулым годзе, адзначаецца ў штогадовай справаздачы. У Паўночнай Амерыцы была знішчана маёмасць на суму каля $66 млрд (з яе застрахавана — на $50 млрд), тады як у Еўропе гэтая сума склала 9,1 млрд еўра (7,3 млрд еўра). У цэлым шкода ад прыродных катастроф у Еўропе ў мінулым годзе ацэньваецца ў 77 млрд еўра, асноўная частка якой прыпала на землятрусы ў Турцыі.

У Паўночнай Амерыцы агульныя страты складаюць каля $100 млрд, у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне і Афрыцы — $64 млрд. Раней швейцарская перастраховачная кампанія Swіss Re спрагназавала, што страхавыя патрабаванні ў сувязі са стыхійнымі бедствамі ў 2023 годзе дасягнуць $100 млрд чацвёрты год запар.


Доўгае палярнае лета можа прывесці да вымірання белых мядзведзяў

Больш працяглае лета ў Арктыцы ставіць белых мядзведзяў пад пагрозу вымірання, як ніколі раней, адзначаецца ў новым даследаванні. У працы, якая апублікаваная ў часопісе Nature Communіcatіons, паведамляецца, што жывёлы падвяргаюцца большай рызыцы памерці ад голаду, калі яны праводзяць больш часу на сушы.

Навукоўцы назіралі за 20 белымі мядзведзямі на працягу трох тыдняў арктычнага лета, вывучаючы, як яны спрабуюць захаваць энергію. Нягледзячы на тое што жывёлы адпачывалі і корпаліся ў смеццевых баках у пошуку альтэрнатыўнай ежы, усе яны хутка гублялі вагу — у сярэднім амаль па кілаграме штодня. Але ні адпачынак, ні адаптацыя рацыёну не дазволілі б белым мядзведзям існаваць на сушы на працягу працяглага часу, кажуць аўтары даследавання. «Нават тыя мядзведзі, якія здабывалі ежу, гублялі масу цела з той жа хуткасцю, што і тыя, якія ляжалі, — тлумачыць суаўтар даследавання Чарльз Робінс з Універсітэта штата Вашынгтон. — Белыя мядзведзі — гэта не грызлі ў белых халатах».

Даследаванне сведчыць аб тым, што па меры павелічэння працягласці бязлёдных перыядаў гэтым жывёлам у Арктыцы пагражае галодная смерць. А колькасць іх папуляцыі з 1987 года ўжо скарацілася прыкладна на 30 працэнтаў. «Паколькі белыя мядзведзі вымушаны выходзіць на сушу раней, гэта скарачае перыяд, на працягу якога яны звычайна атрымліваюць большую частку энергіі, неабходнай ім для выжывання», — заявіў вядучы аўтар даследавання Энтані Пагана, даследчык дзікай прыроды з Геалагічнай службы ЗША.

Падрыхтаваў Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.