Вы тут

Прэзідэнт у ходзе паездкі ў Казань сустрэўся з кіраўніком Татарстана


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Расію. Беларускі борт нумар адзін прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Казані. Каля трапа самалёта Аляксандра Лукашэнку сустракалі кіраўнік Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Рустам Мініханаў, першы намеснік прэм’ер-міністра Рустам Нігматулін і іншыя афіцыйныя асобы. У Казань Аляксандр Лукашэнка прыехаў па запрашэнні свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна для наведвання цырымоніі адкрыцця міжнароднага высокатэхналагічнага турніру «Гульні Будучыні». 


Фота: БелТА

З нагоды гэтай маштабнай мультыспартыўнай падзеі ў сталіцу Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі прыбыў шэраг замежных лідараў.

Адразу пасля прылёту Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Казанскі Крэмль. Тут ён правёў перагаворы з кіраўніком Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Рустамам Мініханавым. «Можа быць, нават і добра, што знешнія абставіны нас штурхнулі бліжэй адно да аднаго. Мы перасталі спрачацца на роўным месцы. Мы зразумелі, што сяброў у нас увогуле няшмат (а можа быць, сапраўдных і ўвогуле няма) і што нам трэба сваё шчасце ствараць самім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што на практыцы бакі цяпер і рэалізоўваюць гэтыя падыходы — атрымліваецца, але не без цяжкасцяў. «Патрэбны час. Мы гэта зробім», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Татарстан — самы развіты, высокатэхналагічны рэгіён Расіі са значным узроўнем прамысловасці. У той жа час канкурэнцыя на рынку ў сілу абставін узрастае — заходнія кампаніі пайшлі, а на іх месца прыходзяць кітайскія і іншыя вытворцы. Але, нягледзячы на гэта, Татарстан дэманструе ўпэўнены эканамічны рост. «Мы ведаем, як даецца гэты рост. Але мы вельмі рады. Мы хочам з вамі супрацоўнічаць, таму што гэта высокі ўзровень развіцця, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Ёсць з кім размаўляць, людзі разумеюць, кіравальнасць вельмі высокая, гаспадарскі падыход — ад зямлі».

Прэзідэнт перакананы, што разам Беларусь і Татарстан здольны дасягнуць шмат чаго. «Калі мы дамовімся, праблем з нашага боку не будзе», — запэўніў ён. Кіраўнік Рэспублікі Татарстан у сваю чаргу адзначыў, што беларускі лідар шмат робіць для расійскай дзяржавы. «Сардэчна вітаем у брацкім Татарстане. Вы вялікі сябар нашай рэспублікі, — адзначыў Рустам Мініханаў. — Вы вельмі шмат робіце для нашай расійскай дзяржавы. Санкцыі — і мы ўбачылі, хто сябар, а хто — проста побач. Вы сапраўдны, самы блізкі чалавек для нашай краіны, для нас».

Рустам Мініханаў уручыў беларускаму лідару ордэн «Дуслык» (ордэн Дружбы). Аляксандр Лукашэнка ўдастоены ордэна за значны ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж Татарстанам і Беларуссю, умацаванне дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі.

У час наведвання Казанскага Крамля кіраўнік беларускай дзяржавы пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. Прэзідэнт падкрэсліў, што шматпланавае супрацоўніцтва Мінска і Казані з кожным днём набывае новы змест. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што бакі змогуць пачаць рэалізацыю прарыўных сумесных праектаў. «Можаце разлічваць на нашу падтрымку!» — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.