Вы тут

Наталля Качанава: Сістэма аховы здароўя павінна працаваць як гадзіннік


«Медыцына, як вядома, не толькі лячэнне пацыентаў, але і важны складнік бяспекі любой дзяржавы, тым больш нашай. Без здаровай нацыі ніякай эканомікі не будзе», — адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў маі мінулага года на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням аховы здароўя. 


Гэтыя пытанні пастаянна знаходзяцца і ў полі зроку старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважанага прадстаўніка кіраўніка дзяржавы ў Мінску Наталлі Качанавай. Для разгляду найважнейшых праблем сістэмы аховы здароўя сталіцы спікер сустрэлася з кіраўнікамі ўстаноў аховы здароўя, падпарадакаваных камітэту па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Гэта вельмі значны блок: камітэту падпарадкоўваюцца 116 арганізацый, з іх 24 бальніцы і 76 паліклінік і іншыя медыцынскія ўстановы. Таму зверыць гадзіннікі надзвычай важна. Тым больш, як падкрэсліла Наталля Качанава, гэта не нарада, а сустрэча калег. Асабліва важная напярэдадні ключавых падзей у жыцці краіны. 

«Вы ведаеце, што мы зараз уступілі на фінішную прамую, якая называецца палітычнай кампаніяй па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў, пачынаючы ад сельскіх саветаў і заканчваючы Палатай прадстаўнікоў. Гэтыя выбары ўпершыню ў нашай краіне праводзяцца ў адзіны дзень галасавання», — падкрэсліла Наталля Качанава. Яна адзначыла, што ў красавіку пачне сваю работу новы канстытуцыйны орган — Усебеларускі народны сход. І гэта сапраўды гістарычны для нашай краіны момант. Таксама спікер звярнула ўвагу, што сёлета Беларусь адзначае вялікую дату — 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе гэта важна не толькі для краіны ў цэлым, але і для кожнага яе грамадзяніна. 

«Сёння наступіў той час, калі кожны з нас адказвае за будучыню сваёй краіны. Не ў пераносным сэнсе гэтага слова, а ў самым прамым. Ад кожнага з нас залежыць, ці будзем мы жыць у мірнай краіне, ці будзе ў нас мір і спакой», — заявіла Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што сёння на знешнім контуры вельмі неспакойнае, нават небяспечнае становішча. Свет стаіць на парозе вайны. Пра гэта казаў і Прэзідэнт на нарадзе з кіраўніцтвам сілавога блока краіны, якая адбылася ў аўторак. «Наш Прэзідэнт ніколі нічога не гаворыць проста так. Калі ён сказаў — у перспектыве так і будзе. Я на сваім жыццёвым досведзе ў гэтым упэўнілася вельмі дакладна. Ён сказаў, што вайна ў нас на парозе. І мы павінны гэта разумець. Для таго, каб мы захавалі мір, суверэнітэт і спакой у нашай краіне, мы павінны рабіць на сваім месцы тое, што кожны павінен рабіць. Сумленна, адкрыта, прыстойна, адказна, разумеючы, што ад цябе залежыць многае», — сказала Наталля Качанава. 

Спікер падкрэсліла, што сёння ў краіне створана ўсё для дабрабыту насельніцтва: працуе эканоміка, выбудавана дакладная вертыкаль, захаваныя прадпрыемствы, прымаюцца дзейсныя меры для супрацьстаяння санкцыйнаму ціску. «Мы разумеем, што трэба рабіць, каб мы маглі жыць нармальна. Для таго, каб захаваць і памножыць усе дасягненні, трэба толькі сумленна працаваць кожнаму на сваім месцы», — сказала яна. 

Дэмаграфія — частка нацыянальнай бяспекі

Старшыня Савета Рэспублікі таксама звярнула ўвагу, што ні адна краіна не можа жыць адасоблена ад усяго свету. Сёння ў Беларусі наладжаны трывалыя эканамічныя сувязі з рознымі краінамі, працуюць сумесныя прадпрыемствы, дзейнічаюць інтэграцыйныя структуры. Па словах Наталлі Качанавай, Беларусь працягвае пашыраць сваё супрацоўніцтва з краінамі, накіраванымі на канструктыў. «Беларусь тая краіна, якая ніколі нікому не пагражала і не будзе пагражаць. Мы міралюбівая краіна, мы робім усё для таго, каб жыць у міры і згодзе са сваімі суседзямі. Мы ніколі нікому не пагражалі і не будзем. Гэта наша пазіцыя», — канстатавала Наталля Качанава. Яна звярнула ўвагу, што з такімі заявамі неаднаразова выступалі і члены Савета Рэспублікі, якія катэгарычна супраць ўмешвання іншых краін ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы. 

«Чаму сёння нехта павінен умешвацца ва ўнутраныя справы суверэннай краіны? Ніхто не мае на гэта права. Кожная краіна павінна жыць па сваіх законах і сваіх традыцыях, развівацца, ў адпаведнасці з тымі задачамі, якія яна паставіла перад сабой і ў адпаведнасці з тымі задачамі, якія ставіць народ», — сказала яна. Але на жаль, як заўважыла Наталля Качанава, сёння зусім іншы светапарадак, міжнародныя дамоўленасці развальваюцца, як картачны домік. Таму, па яе словах, сёння вельмі важна ўсяму свету данесці праўду пра нашу краіну. 

Кажучы пра нацыянальную бяспеку, спікер падкрэсліла, што вельмі важная яе частка тычыцца непасрэдна прадстаўнікоў аховы здароўя — дэмаграфічнае пытанне. Яна заўважыла, што гэта архісур’ёзная тэма. «Калі на нарадзе па ахове здароўя разглядалі пытанні, якія датычацца далейшага развіцця сістэмы аховы здароўя, акцэнт быў зроблены на адной з дзяржаўных праграм — „Здароўе нацыі і дэмаграфічная бяспека да 2025 года“. Трэба разумець, што дэмаграфічная бяспека — гэта таксама бяспека нашай краіны», — дадала Наталля Качанава.

Спікер падкрэсліла, што Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава. «Самае галоўнае ў палітыцы, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве — гэта чалавек з яго праблемамі, яго пытаннямі, задачамі, якія мы павінны вырашаць на карысць чалавека», — заявіла яна. Менавіта таму, па словах спікера, вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з моладзю. Наталля Качанава адзначыла, што ў медыцыне (ды і ў іншых галінах) моладзь цудоўная, але з ёй трэба пастаянна працаваць, прычым па розных напрамках. Яна звярнула ўвагу, што, напрыклад, у медыцынскіх ВНУ даюць грунтоўныя прафесійныя веды для таго, каб малады спецыяліст мог працаваць з людзьмі, але мала кажуць пра ідэалогію, пра дасягненні краіны. «Ёсць прабел у тым, што мы не данеслі маладому чалавеку, што яго дом, дзіцячы сад, школа, універсітэт — гэта ўсё дзяржаўныя структуры, якія фінансуе дзяржава», — звярнула ўвагу старшыня Савета Рэспублікі. 

Мінская ахова здароўя павінна быць найлепшай

Што тычыцца непасрэдна сістэмы аховы здароўя, то Наталля Качанава нагадала, што па даручэнні Прэзідэнта была сфарміравана незалежная рабочая група, якая ўважліва прааналізавала, як працуе сістэма аховы здароўя. Разам з тым пытанні ў насельніцтва застаюцца. Гэта на сваім досведзе ведаюць і члены Савета Рэспублікі. Наталля Качанава прывяла канкрэтны прыклад. Да сенатараў паступала вялікая колькасць зваротаў, звязаных з лячэннем, рэабілітацыяй дзяцей-аўтыстаў. Нягледзячы на створаныя ў краіне ўмовы, выдзеленыя дзяржаўныя сродкі, падрыхтоўку спецыялістаў, людзі не ведаюць, дзе праходзіць курсы рэабілітацыі, таму што на ранніх стадыях гэта захворванне не вызначаецца. Наталля Качанава расказала, што яна асабіста паглыбілася ў гэту тэму. Пры Савеце Рэспублікі быў створаны кансультатыўны савет па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У паседжаннях савета прымалі ўдзел сенатары, урачы, міністры аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі. Спецыялісты дасканальна вывучылі пытанне, разгледзелі, дзе людзі з такім дыягназам могуць атрымаць адукацыю. Падключыўся Парк высокіх тэхналогій. «Да нас на паседжанне прыйшоў кіраўнік ПВТ і прывёў з сабой кіраўніка адной з IT-кампаній. Ён распавёў, як шэсць гадоў таму ён узяў на працу маладога чалавека з аўтыстычным расстройствам. Гэты малады чалавек выдае такія ўнікальныя рашэнні, што гэта за гранню чалавечага розуму. І мы сёння хочам стварыць IT-кампанію для дзяцей з аўтыстычным расстройствам», — расказала Наталля Качанава. 

Яшчэ адзін красамоўны прыклад звязаны з ростам колькасці пухлін галавы і шыі. Медыкі могуць лячыць падобныя захворванні, але часцей за ўсё пацыенты звяртаюцца з запушчанымі стадыямі. Заўважыўшы гэту праблему, сабралі спецыялістаў для пошуку шляхоў яе вырашэння. У выніку на базе 11-й бальніцы створаны скрынінгавы цэнтр, магутнасці якога дазволяць абследаваць большую колькасць пацыентаў. 

«Я паабяцала Прэзідэнту, што мінская сістэма аховы здароўя будзе найлепшай у краіне і іншыя рэгіёны змогуць пераймаць яе вопыт. У Мінску сёння на ахову здароўя грошай не шкадуе ніхто. Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў, што датычыцца аховы здароўя, робіць усё магчымае», — сказала Наталля Качанава. 

Пры гэтым спікер адзначыла, што заўсёды лічыла беларускую сістэму аховы здароў адной з найлепшых сярод іншых галін. Па яе словах, у сферы аховы здароўя выбудавана абсалютна правільная вертыкаль ад ФАПаў да РНПЦ. «Вы павінны памятаць, што ў цэнтры нашай палітыкі знаходзіцца чалавек з яго пытаннямі і задачамі, якія трэба вырашаць. Людзі павінны жыць з кожным годам усё лепей і лепей. У нашых грамадзян павінна быць магчымасць хутка атрымаць прафесійную дапамогу. Сістэма павінна быць адладжана і працаваць як гадзіннік. У Мінску павінны быць сабраныя перадавыя тэхналогіі і перадавыя арганізацыі», — падкрэсліла Наталля Качанава. 

Старшыня Савета Рэспублікі назвала тры складнікі, неабходныя для таго, каб сістэма аховы здароўя Мінска была ўзорнай. Першы — матэрыяльна-тэхнічны стан устаноў аховы здароўя, іх забяспечанасць абсталяваннем і медыкаментамі. Другі складнік — кадравы патэнцыял. Трэці — якаснае аказанне медыцынскай дапамогі. Наталля Качанава заўважыла, што, акрамя перадавых тэхналогій, сістэма аховы здароўя сталіцы павінна вылучацца перадавой арганізацыяй работы.

«Мы разумеем, што фінансавыя і матэрыяльна-тэхнічныя магчымасці Мінска значна вышэйшыя, чым у іншага горада. Але і адказнасць перад грамадзянамі таксама вышэйшая. Ад нас чакаюць перадавых тэхналогій, ад нас чакаюць аператыўнага вырашэння праблем. І ў Мінску справа не толькі ў матэрыяльна-тэхнічнай базе, але і ў якасці кіраўнічай вертыкалі, у якасці арганізацыйных рашэнняў. Таму такія сустрэчы вельмі важныя і карысныя для таго, каб паглядзець на сваю работу і дэталёва яе прааналізаваць», — у размове з журналістамі падвёў вынікі сустрэчы Ігар Юркевіч, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.