Вы тут

На вышыні палёту


Узорная цыркавая студыя «Фантазёры» з Оршы добра вядомая не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Амаль за дваццаць гадоў існавання яе юныя выхаванцы заваявалі сотні высокіх узнагарод. А цяпер з дапамогай Савета Рэспублікі скарбонка дасягненняў у аршанцаў папоўніцца яшчэ больш.


У 2005 годзе ў Оршы на базе ГЦК «Перамога» было вырашана адкрыць цыркавую студыю, у якой маглі б займацца дзеці. Яе стваральнікам стала экс-спартсменка, былая артыстка цырка Святлана Раўкоўская, якая амаль дваццаць гадоў дапамагае юным выхаванцам асвойваць такое нялёгкае, але вельмі захапляльнае мастацтва. Яе выхаванцы цяпер — а гэта каля 30 чалавек — займаюцца акрабатыкай, паветранай гімнастыкай, эквілібрыстыкай, жангліраваннем і дрэсурай. Выхаванцы студыі «Фантазёры» — актыўныя ўдзельнікі фестываляў у Беларусі і за яе межамі. У цэлым заняткі ў студыі за 19 гадоў сталі для аршанскай дзятвы адным з нямногіх месцаў, дзе можна было развівацца і займацца творчасцю.

Цыркавое мастацтва — справа не толькі нялёгкая, але і такая, што патрабуе значных фінансавых укладанняў. Штосьці са сродкаў вылучала кіраўніцтва гарадскога цэнтра культуры, астатняе набывалі бацькі — абсталяванне для заняткаў, рэквізіт, касцюмы (апошнія, як вядома, каштуюць зусім нямала). Паміж Святланай Андрэеўнай і ГЦК не аднойчы ўзнікалі канфлікты. У 2019 годзе выхаванка цыркавой студыі Паліна Балашэнка прывезла ў Оршу рэспубліканскую ўзнагароду — пяцікласніца стала пераможцай чацвёртага сезона тэлепраекта АНТ «Талент краіны». Але рыхтаваць Паліну да «Талента краіны» кіраўніку студыі прыйшлося на асабістым энтузіязме — Святлане не падоўжылі кантракт, а памяшканне, у якім дагэтуль займаліся дзеці, прыйшло ў аварыйны стан. Да конкурсу рыхтаваліся ў арэндным памяшканні школы.

Цяпер студыя знаходзіцца ў структуры ДУК «Аршанскі РЦК», юным талентам далі новае асобнае памяшканне, рамонт у якім, дарэчы, зрабілі толькі пасля зваротаў Святланы Раўкоўскай і бацькоў у адну з рэспубліканскіх газет. «Цыркавое мастацтва ў Оршы развіта, пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца нашы шматлікія ўзнагароды рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Але развіта яно на ўзроўні самадзейнасці», — расказвае Святлана Андрэеўна.

У ліку тых, хто неаднойчы прывозіў на Аршаншчыну высокія ўзнагароды, — дачка кіраўніка студыі Дар’я Башкова, якая ўсё жыццё па прыкладзе і пад кіраўніцтвам маці аддала цыркавому мастацтву. Дзяўчына скончыла Кіеўскую муніцыпальную акадэмію і хацела афіцыйна працаўладкавацца ў студыю «Фантазёры». Аднак кіраўніцтва Аршанскага раённага цэнтра культуры дало адказ, што гэты дыплом у нашай краіне не каціруецца.

«Менавіта таму я вырашыла паехаць на прыём да Наталлі Іванаўны Качанавай, бо не ведала, дзе яшчэ прасіць дапамогі. Акрамя асабістай праблемы, агучыла і праблему студыі: нам доўгія гады не хапала лябёдкі для паветраных нумароў і акрабатычнай сцежкі для заняткаў у партэры. Зразумела, што гэта абсталяванне патрабуе нямалых фінансавых укладанняў, але на сцежку мы самастойна сабралі грошы са спектакляў, выйграных грантаў», — успамінае кіраўнік студыі.

Пасля звароту да Старшыні Савета Рэспублікі праблемы нарэшце вырашыліся. Дыплом Дар’і прызналі, дзяўчыну працаўладкавалі ў «Фантазёры». З’явілася ў юных выхаванцаў акрабатычная сцежка і вымучаная з пятай спробы лябёдка. Аб гэтым абсталяванні, прызнаецца Святлана Андрэеўна, яна магла толькі марыць, і дагэтуль яна ўдзячная Наталлі Іванаўне. Ёсць у «Фантазёраў» яшчэ адна мара — пашырыць купал, бо цяпер у зале, дзе займаюцца дзеці, не хапае вышыні для паветраных заняткаў...

Нягледзячы на тое, што цяпер у цыркавой студыі няма замежных гастроляў, бадзёры настрой і жаданне дарыць творчасць людзям у аршанцаў засталіся. На мінулым тыдні на адкрытым Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе гімнастыкі і цыркавога мастацтва «Арэна Star» юныя артысты заваявалі тры сярэбраныя медалі, чатыры залатыя і ўзялі гран-пры. Цяпер «Фантазёры» заваёўваюць сэрцы журы ў Санкт-Пецярбургу.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота Узорнай цыркавой студыі «Фантазёры»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.