Вы тут

Ад эфектыўнага правасуддзя да захавання біялагічнай разнастайнасці


У пачатку чарговага пасяджэння 11-й сесіі Савета Рэспублікі перад парламентарыямі выступіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч, які расказаў аб асноўных палажэннях новай Ваеннай дактрыны. Плануецца, што сенатары данясуць да шырокай грамадскасці новаўвядзенні гэтага канцэптуальнага дакумента, што ў каторы раз пацвярджае адкрытасць Беларусі ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі.


Калектыўныя іскі і спрошчаная вытворчасць

Пасля выступлення начальніка Генштаба члены Савета Рэспублікі перайшлі да разгляду законапраектаў. Сярод іх — праект Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь.

Дакументам замацоўваюцца адзіныя тэрміналогія, правілы падведамаснасці, прадстаўленні доказаў, даказванні, узбуджэнні вытворчасці па справе. Устанаўліваецца агульны трохступеньчаты алгарытм перагляду судовых пастаноў — у судах апеляцыйнай, касацыйнай і нагляднай інстанцый. Прадугледжваецца магчымасць падачы калектыўных іскаў. Пашыраюцца спосабы прымірэння па справах іскавай вытворчасці, замацоўваецца магчымасць прымірэння па справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін. Уводзіцца новы від грамадзянскага судаводства — спрошчаная вытворчасць.

Як адзначыў старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, з прыняццем законапраекта завяршаецца трэці этап судова-прававой рэформы ў краіне. Eн падкрэсліў, што прыняцце кодэкса дасць магчымасць судам усіх узроўняў практычна рэалізоўваць пастаўленыя задачы па павышэнні эфектыўнасці беларускага правасуддзя.

З клопатам аб генетычных рэсурсах і навакольным асяроддзі

Законапраектам «Аб абыходжанні з генетычнымі рэсурсамі», адобраным сенатарамі, замацоўваюцца паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, урада, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Нацыянальнай акадэміі навук у галіне абыходжання з генетычнымі рэсурсамі. Прапануюцца спрошчаныя меры прадастаўлення доступу да генетычных рэсурсаў раслін для вытворчасці прадуктаў харчавання і вядзення сельскай гаспадаркі пры выкарыстанні такіх генетычных рэсурсаў у некамерцыйных даследчых мэтах. Таксама ўстанаўліваюцца правы і абавязкі пастаўшчыкоў, карыстальнікаў, іншых фізічных і юрыдычных асоб у галіне абыходжання з генетычнымі рэсурсамі. Вызначаецца парадак правядзення маніторынгу ў галіне абыходжання з генетычнымі рэсурсамі і выкарыстання яго даных.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіла Русага, законапраект новы і вельмі неабходны для нашай краіны. «Гэта наша багацце, наш генетычны рэсурс, банкі створаны, імі трэба кіраваць, ахоўваць і даражыць імі, — удакладніў сенатар. — Мяркуем, што прыняцце законапраекта «Аб абыходжанні з генетычнымі рэсурсамі» дазволіць устанавіць прававыя асновы дзяржаўнага рэгулявання ў галіне абыходжання з генетычнымі рэсурсамі і звязанымі з імі традыцыйнымі ведамі, будзе садзейнічаць захаванню біялагічнай разнастайнасці нашай краіны, здароўя людзей і ўмацаванню харчовай бяспекі дзяржавы».

У інтарэсах як вытворцаў, так і спажыўцоў

Разгледжаны законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання». Дакументам удасканальваюцца прававыя і арганізацыйныя асновы дзяржаўнага рэгулявання ў сферы гандлю і грамадскага харчавання. Прадугледжаны меры, накіраваныя на абарону інтарэсаў спажыўцоў і вытворцаў, уніфікацыю патрабаванняў да арганізацыі і ажыццяўлення гандлёвай дзейнасці ў Саюзнай дзяржаве.

У прыватнасці, замацоўваюцца паўнамоцтвы ўрада па вызначэнні парадку разлікаў за пастаўкі асобных відаў тавараў, а таксама па ўвядзенні абмежаванняў і забарон на прадастаўленне пастаўшчыкамі, суб’ектамі гандлю любых відаў узнагарод. Устанаўліваюцца забароны на кампенсацыю пастаўшчыкамі затрат, звязаных з утылізацыяй (знішчэннем) нерэалізаваных тавараў, а таксама на вяртанне суб’ектамі гандлю нерэалізаваных харчовых тавараў, тэрмін прыдатнасці на якія складае не больш як 30 дзён, іх пастаўшчыкам (вытворцам). Выключаецца абавязак суб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання прадстаўляць у мясцовыя органы ўлады апавяшчэнне аб пачатку ажыццяўлення аптовага, рознічнага гандлю, грамадскага харчавання, а таксама ўзгадняць з мясцовымі органамі ўлады рэжым працы гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання ў начны час (за выключэннем работы ў начны час пры рэалізацыі алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва).

***

У завяршэнні пасяджэння сесіі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава настроіла сенатараў на плённую працу, не збаўляючы тэмпы. Таксама спікер нагадала аб праве членаў Савета Рэспублікі ў любы час наведваць участкі для галасавання, на якіх будуць выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў. «Таму і ў адзіны дзень галасавання, і пры датэрміновым галасаванні прыйдзіце і на свае вочы паназірайце за выбарчым працэсам, каб потым даць аб’ектыўную ацэнку, — паставіла задачу Старшыня Савета Рэспублікі. — Каб у нашых злоснікаў і нядобразычліўцаў не было падстаў нас у нечым папракнуць. Мы павінны рабіць сваю справу дакладна, як мы гэта ўмеем, па-сапраўднаму. На карысць нашай краіны і на карысць нашага народа».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.