Вы тут

Віцебск мастацкі


Штораз, збіраючыся ў Віцебск, узгадваю сваю даўнюю сустрэчу з мастаком Пятром Явічам (1918–2008), углядаюся ў здымак, які ён падараваў: мастаку пазіруе знакаміты беларускі партызан Мінай Шмыроў...


Віцебск. Від на цэнтральную частку горада (пач. ХХ ст.).

Ведаю, што ў Пятра Явіча была даўняя мара — пакінуць роднаму гораду напісаныя на працягу многіх дзесяцігоддзяў палотны. Віцебск — сапраўды горад мастакоў і паэтаў...

Пётр Максавіч Явіч, чые творы знаходзяцца не толькі ў музеях і галерэях Беларусі, а яшчэ і ў Траццякоўскай галерэі, — адзін з апошніх вучняў Юдэля Пэна, легендарнага віцебскага жывапісца, які заснаваў у горадзе на Дзвіне адмысловую мастацкую школу. Працавала прыватная школа-майстэрня Пэна ў 1898–1918 гады. Звычайна мастак набіраў ад 10 да 25 дзетак. У праграму заняткаў уваходзілі маляванне з натуры, маляванне геаметрычных прадметаў, арнаментаў і гіпсавых фігур, работа на пленэры. У 1907 і 1914 гадах адбыліся выстаўкі прац Ю. Пэна і яго вучняў. У школе займаліся Заір Азгур, Марк Шагал, Саламон Юдовін, Якаў Мінін... Вучні майстра, без якога нельга ўявіць гісторыю беларускага мастацтва, разышліся па ўсім свеце. І сярод іх першай зоркай, канешне ж, — вядомы ўсяму свету Марк Шагал. Многія віцебскія адрасы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя звязаны з імем гэтай славутасці. А многія работы Шагала — партрэт Віцебска, няхай сабе і са сваімі прыдумкамі, фантазіямі, усё ж такі партрэт горада, які мы адкрываем і на старых паштоўках. Вядомы нам па іх выявах Віцебск — гэта і Віцебск цэлага атрада мастакоў, якія авалодвалі азамі майстэрства ў мясцовым мастацкім вучылішчы.

У розныя гады яно называлася па-рознаму. Напрыклад, скульптар Заір Азгур паспеў павучыцца і ў Віцебскім мастацка-праектным інстытуце, і ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. А выкладаў тады, у 1920-я, скульптуру ўраджэнец Санкт-Пецярбурга Міхаіл Аркадзьевіч Керзін. Пазней ён пакіне Віцебск, вернецца ўжо ў Ленінград. Але беларускі горад надоўга застанецца ў памяці Керзіна. Як і мастак пакіне ў Віцебску нямала сваіх слядоў. Дарэчы, і званне заслужанага дзеяча мастацтваў Керзіну прысвояць у Беларусі.

Сувенірная паштоўка (пач. ХХ ст.).

Віцебск мастацкі — гэта і лёсы жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сцэнографаў Монаса Манасзона, Мікалая Міхалапа (гэта ён стварыў у Віцебскім тэхнікуме керамічнае аддзяленне ў 1925 годзе), Аляксандра Мазалёва, Залмана Марынгофа, Міхаіла Навумава, Віктара Лук’янава, Міхаіла Міхайлава, Валерыя Лябедзькі, Уладзіміра Напрэенкі, Наталлі Лісоўскай, Валерыя Магучага, Аляксандра Мядзвецкага, Віктара Міхайлоўскага, Яўгена Нікалаева, Альберта Някрасава, Васіля Несцярэнкі, Мікалая Образава, Аляксандра Падалінскага... Безліч імёнаў! Школа магутнага гарту! Не, нават некалькі школ! Пакаленні і пакаленні творцаў, якія прыйшлі ў вялікае мастацтва, пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, прыйшлі ў першай палове ХХ стагоддзя, прыйшлі ў 1950–1980-я гады. Па-рознаму склаўся лёс усіх гэтых рупліўцаў. Але кожны, літаральна кожны са згаданых асоб трымаў у полі зроку, у сваім мастацкім светапоглядзе Віцебск. Малюючы сваіх «Плытагонаў», відавочна, думаў пра горад свайго творчага сталення і народны мастак Беларусі Валянцін Волкаў. Ён выкладаў у Віцебску ў 1920-я... У 1925–1930 гадах вучыўся ў мастацкім тэхнікуме яго сын, славуты кніжны графік Анатоль Волкаў. Неяк падчас адной з сустрэч зайшла размова з Сяргеем Анатольевічам Волкавым — сынам і унукам вядомых майстроў, — размова пра Віцебск, яго адметнасць у гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі.

Фантан на Губернатарскім бульвары (пач. ХХ ст.).

— Нездарма ж і цяпер мастацтвазнаўцы, аглядаючы творчую спадчыну Волкавых, пішуць пра Віцебск, — зазначыў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Сяргей Анатольевіч Волкаў. — Вось, калі ласка, цытую з артыкула Наталлі Жоглы: «Нямала графічных работ зрабіў і сын Валянціна Віктаравіча, Анатоль Волкаў. Ён супрацоўнічаў з часопісам «Вожык», вядомы як цікавы плакатыст, ілюстратар. У экспазіцыі можна пазнаёміцца з яго выдатнымі партрэтамі дзяцей. Малюнкі дакладныя, востра схоплены партрэтныя рысы. Моцная школа малявання — спадчына бацькі і вынік навучання ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, ля вытокаў якога стаяў разам з М. Керзіным і В. Волкаў».

А я дадаю ў нашу размову і тое, што старажытны горад хвалюе і самога Сяргея Волкава як графіка, кніжнага ілюстратара. Мастак пагаджаецца з такой высновай.

У Віцебску ў другой палове 1920-х гадоў працаваў цікавы графік Зіновій Гарбавец. Выкладаў у мастацкім вучылішчы і педагагічным тэхнікуме. Стварыў цыкл гравюр на дрэве, прысвечаных гораду. Вядомыя архітэктурныя пейзажы Зіновія Гарбаўца «Віцебск» і «Вадакачка ў Віцебску», партрэт віцебскага мастацтвазнаўца І. Фурмана. У 1927 годзе пабачыла свет і кніга З. Гарбаўца «Гравюры на дрэве».

Гарадскі тэатр (пач. ХХ ст.).

Калі ўжо зайшла размова пра 1920-я гады, то згаданы Марк Шагал, які пасля вядомых кастрычніцкіх падзей знаходзіўся пад уплывам рэвалюцыйных перакананняў, стварыў мастацкую школу «новага рэвалюцыйнага ўзору». Яна дзейнічала ў 1919–1923 гады. Існаваў некаторы час пры школе і музей сучаснага мастацтва. Фонд налічваў болей як 120 твораў авангардысцкага характару — работы Д. Бурлюка, П. Канчалоўскага, М. Ларыёнава, Н. Альтмана і іншых майстроў «новай генерацыі». Права на эксперымент, пошукі новага Віцебск адстойваў ва ўсе часы. У 1920-1923 гады дзейнічала арганізацыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Пройдуць дзесяцігоддзі — і ў Віцебску 1980–1990-х свае новыя праекты будзе рэалізоўваць арыгінальны мастак Аляксандр Дасужаў. Пра змест яго вышукаў гавораць ужо самі назвы палотнаў: «На дзень нараджэння «Квадрата», «ПЛІП 22 (Восеньскае раўнадзенства)», «ПЛІП-аб’ект (Час)», «ПЛІП 252 (Дзень ікс)»...

Смаленская вуліца і Каменны мост (пач. ХХ ст.).

Развітваючыся з Віцебскам мастацкім, я думаю пра тое, што выдатным праектам узнаўлення гістарычнай памяці мог бы стаць альбом старых паштовак, дзе поруч з выявамі фатаграфічнага кшталту былі б паказаны мастакоўскія ўражанні пра Віцебск пачатку — першай паловы ХХ стагоддзя. Чаму б і не?..

Замкавая вуліца і сабор (пач. ХХ ст.).

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.