Вы тут

​Асноўная мэта — захаваць мір і сацыяльна-палітычную стабільнасць


Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч паведаміў, што за мінулыя тры гады ў дзейнасці суб’ектаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі адбыліся сур’ёзныя змяненні. «Кіраўніцтва і асабовы склад усіх без выключэння ведамстваў сілавога блока зрабілі работу над памылкамі, — удакладніў ён. — Па-новаму паглядзелі на свае задачы і магчымасці, ацанілі існуючыя сілы і сродкі, а галоўнае — вызначылі, на што звярнуць першачарговую ўвагу».


Дзяржсакратар падкрэсліў, што ў плане развіцця сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі 2023 год стаў пікавым. «Мы падышлі да пэўнай мяжы, калі назапашаныя веды, вопыт і навыкі неабходна прымяніць на практыцы, — звярнуў увагу Аляксандр Вальфовіч. — І зрабіць гэта трэба максімальна эфектыўна. На аснове комплекснага аналізу інфармацыі, усебаковай ацэнкі вынікаў, праведзеных па рашэнні Прэзідэнта нашай краіны праверак, можна зрабіць асноўныя вывады — усе сілавыя органы здольны і гатовы ў сучасных умовах забяспечыць выкананне задач. Галоўнае, нягледзячы на нагнятанне істэрыі вакол Беларусі, у краіне ўдалося захаваць мір і сацыяльна-палітычную стабільнасць».

Генеральны пракурор Андрэй Швед далажыў аб стане законнасці і правапарадку, перш за ўсё ў дзейнасці суб’ектаў сістэмы нацыянальнай бяспекі. «Нягледзячы на пэўныя паляпшэнні крымінагеннай сітуацыі, абстаноўка, якая складваецца, патрабуе ад праваахоўных органаў сістэмнай ацэнкі сітуацыі і аператыўнага рэагавання, — падкрэсліў ён. — Галоўнай задачай у тым ліку з’яўляецца захаванне стабільнасці правапарадку, папярэджанне экстрэмізму і яго крайняй формы — тэрарызму. Нягледзячы на некаторае зніжэнне колькасці экстрэмісцкіх злачынстваў, іх сыход у інфармацыйную прастору, трэба быць гатовымі да яшчэ большай радыкалізацыі дэструктыўных сіл».

Па словах генпракурора, асноўнымі задачамі павінны стаць выяўленне, папярэджанне дзейнасці непажаданых груп уплыву, цэнтраў канцэнтрацыі матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў, супрацьдзеянне ўцягненню супрацоўнікаў праваахоўных органаў у дэструктыўную дзейнасць. «Не менш значную пагрозу для дзяржавы ўяўляюць карупцыя і эканамічная злачыннасць, — дадаў Андрэй Швед. — Кіраўнік дзяржавы неаднаразова адзначаў, што залог захавання правапарадку — гэта, у першую чаргу, стабільная работа і развіццё эканомікі. Таму так важная работа па ўзмацненні барацьбы з карупцыяй, крадзяжамі, ухіленнем ад уплаты падаткаў як на кожным канкрэтным прадпрыемстве, так і ў цэлым у сферах эканомікі. Рэзервы для гэтага, па нашым меркаванні, маюцца». 

Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Тэртэль агучыў фактары, якія фарміруюць пагрозы нацыянальнай бяспецы, і задачы, якія стаяць перад КДБ. Ён адзначыў, што дакументальныя матэрыялы аб намерах Захаду рэгулярна дакладваюцца кіраўніку дзяржавы. «Адзначаецца беспрэцэдэнтнае нарошчванне вытворчасці ўзбраення, тэхнікі і боепрыпасаў у вядучых краінах Захаду, — заўважыў кіраўнік ведамства. — На тэрыторыі Польшчы і прыбалтыйскіх дзяржаў рэалізуюцца маштабныя праграмы па абсталяванні будучага тэатра ваенных дзеянняў. Ажыццяўляецца рамонт дарог і аэрадромаў для хуткай перакідкі груп з Германіі і іншых краін НАТА ў прыгранічныя з Беларуссю раёны Польшчы, Літвы і Латвіі. Узброеныя сілы Польшчы праводзяць маштабную рэарганізацыю групоўкі войскаў на беларускім напрамку, у Літве і Латвіі на закрытых рэжымных тэрыторыях ажыццяўляецца пабудова аб’ектаў інфраструктуры для размяшчэння воінскіх падраздзяленняў краін НАТА».

Па словах старшыні КДБ, фіксуецца беспрэцэдэнтны ўзровень усіх відаў разведкі супраць Рэспублікі Беларусь. «Практычна штодзень у рэжыме анлайн ажыццяўляюцца здымкі сродкамі касмічнай разведкі месцаў дыслакацыі асабовага складу сілавых структур, баз захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі, аэрадромаў, чыгуначных шляхоў, — канкрэтызаваў ён. — Толькі за 2022–2023 гады контрразведкай камітэта выяўлена 114 спроб вярбоўкі нашых грамадзян, у тым ліку 37 ваеннаслужачых. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 45 чалавек, якія сталі на шлях здрады. За шпіёнскую дзейнасць затрымана 16 замежных грамадзян».

Кіраўнік ведамства расказаў і аб тым, што Дзярждэпартаментам і спецслужбамі ЗША распрацавана і рэалізуецца пры ўдзеле іншых заходніх дзяржаў доўгатэрміновая стратэгія па дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі з задзейнічаннем дэструктыўных элементаў, якія аселі на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Украіны, Чэхіі, некаторых іншых дзяржаў. «Праводзіцца работа па іх кансалідацыі, нягледзячы на існуючыя супярэчнасці і ўнутраную барацьбу за фінансы, — дадаў Іван Тэртэль. — Плануецца фарміраванне квазіпарламента, псеўдавыбары ў які назначаны на 25 мая, а таксама іншых дэструктыўных протаструктур, якія, па задуме амерыканцаў, дадуць магчымасць захаваць патэнцыял для будучых дзеянняў супраць».

Як у сваім дакладзе адзначыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, работа Міністэрства ўнутраных спраў арганізавана, зыходзячы з аналізу аператыўнай абстаноўкі і патрабаванняў кіраўніка дзяржавы да арганізацыі службовай дзейнасці. «Павялічаная ў мінулым годзе колькасць заяў і паведамленняў, якія паступілі, сведчыць аб узрослым узроўні даверу грамадзян да міліцыі, у тым ліку і па пытаннях, якія не адносяцца да дзейнасці МУС», — заўважыў ён.

Асобна кіраўнік міліцэйскага ведамства спыніўся на нарказлачыннасці. Ён паведаміў, што ў 2023 годзе канфіскавана больш як тона наркотыкаў, што амаль у шэсць разоў больш, чым у 2022 годзе. «Гэта вынік планамернай работы па перакрыцці каналаў пастаўкі пастаўкі наркотыкаў і спецыялізаваных інтэрнэт-магазінаў, — удакладніў ён. — Не выключаю, што дадзеныя пастаўкі маюць на мэце ў тым ліку дэстабілізацыю абстаноўкі напярэдадні выбарчай кампаніі».

МУС актыўна вядзецца работа па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін падлеткаў і абароне непаўналетніх. «Не менш важным пытаннем, якое патрабуе рэагавання і далейшых рашэнняў, з’яўляецца педафілія, — падкрэсліў Іван Кубракоў. — Усе выпадкі педафіліі раскрыты. У рабоце па абароне дзяцей адной з задач МУС з’яўляецца каардынацыя дзейнасці дзяржорганаў».

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў расказаў аб абстаноўцы на Дзяржаўнай граніцы і ў пагранічнай прасторы. «Пагранічныя ведамствы сумежных дзяржаў працягваюць ахову дзяржаўнай граніцы ва ўзмоцненым рэжыме пагранічнай службы з прыцягненнем падраздзяленняў паліцыі і ўзброеных сіл, — далажыў ён. — У цэлым, у 2024 годзе адзначаецца зніжэнне міграцыйнай актыўнасці на ўсіх участках граніцы з сумежнымі краінамі Еўрасаюза, і ў першую чаргу на граніцы з Польшчай, дзе ў 2023 годзе польскі бок рабіў шматлікія спробы выправаджэння мігрантаў на нашу тэрыторыю, у асноўным на ўчастках пагранічных застаў Брэсцкай пагранічнай групы белавежскага кірунку».

Старшыня Дзяржпагранкамітэта звярнуў увагу, што ў бягучым годзе, на мяжы з сумежнымі краінамі Еўрасаюза, адзначаецца істотны рост інтэнсіўнасці прымянення пілатуемай і беспілотнай авіяцыі. «Актыўнае выкарыстанне авіяцыі паблізу граніцы спалучана з магчымымі парушэннямі Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы, — патлумачыў ён. — Найбольш яскравым прыкладам з’яўляецца факт парушэння граніцы ў паветранай прасторы ў верасні 2023 года на ўчастку Гродзенскай пагрангрупы верталётам Мі-24 узброеных сіл Польшчы».

З боку сумежнай Украіны граніца абсталявана мінна-выбухнымі загародамі, асноўная шчыльнасць якіх засяроджана ў раёнах пунктаў пропуску, масты і чыгункі на асноўных шляхах зносін знішчаны, у тым ліку шляхам падрыву. «Гэтыя работы ўкраінскі бок працягвае і ў бягучым годзе, у асобных выпадках робячы гэта дэманстратыўна, — дадаў Канстанцін Моластаў. — Актыўна праводзяцца мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі на палігонах насупраць участкаў Гомельскай пагрангрупы, Мазырскага пагранатрада. У параўнанні з 2023 годам, у бягучым годзе адзначаецца захаванне правакацыйных рызык на граніцы з боку ўкраінскіх узброеных фарміраванняў. У 2024 годзе намі зафіксаваны тры факты дробных правакацый. Захоўваецца актыўнасць вядзення разведкі нашай прыгранічнай тэрыторыі з інтэнсіўным прымяненнем тэхнічных сродкаў».

Міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што на 2024 год ведамствам вызначаны шэсць асноўных задач. «Па-першае, не дапусціць зніжэння дасягнутага ўзроўню баявой гатоўнасці войскаў, — канкрэтызаваў ён. — Па-другое, у поўнай меры і якасна рэалізаваць запланаваны комплекс мерапрыемстваў будаўніцтва Узброеных Сіл. Па-трэцяе, дабіцца павышэння рэзультатыўнасці мерапрыемстваў аператыўнай і бавой падрыхтоўкі, у першую чаргу тых, якія праводзяцца на мясцовасці. Чацвёртая задача — павысіць узровень укамплектаванасці ваеннымі кадрамі. Пятай задачай лічу падтрыманне станоўчай дынамікі ў пытаннях воінскай дысцыпліны. І шостая задача — недапушчэнне зніжэння ўзроўню спраўнасці тэхнікі і павышэнне ўкамплектаванасці войскаў новымі і мадэрнізаванымі ўзорамі ўзбраення».

 

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.