Вы тут

Сенатары адобрылі пяць законапраектаў


У пачатку чарговага пасяджэння 11-й сесіі Савета Рэспублікі перад парламентарыямі выступіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Віктар ГУЛЕВІЧ, які расказаў аб асноўных палажэннях новай Ваеннай дактрыны. Плануецца, што сенатары данясуць да шырокай грамадскасці новаўвядзенні гэтага канцэптуальнага дакумента, што ў каторы раз пацвярджае адкрытасць Беларусі ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі. 


Калектыўныя іскі і спрошчаная вытворчасць 

Пасля выступлення начальніка Генштаба члены Савета Рэспублікі перайшлі да разгляду законапраектаў. Сярод іх — праект Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь. 

Дакументам замацоўваюцца адзіныя тэрміналогія, правілы падведамаснасці, прадстаўленні доказаў, даказванні, узбуджэнні вытворчасці па справе. Устанаўліваецца агульны трохступеньчаты алгарытм перагляду судовых пастаноў — у судах апеляцыйнай, касацыйнай і нагляднай інстанцый. Прадугледжваецца магчымасць падачы калектыўных іскаў. Пашыраюцца спосабы прымірэння па справах іскавай вытворчасці, замацоўваецца магчымасць прымірэння па справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін. Уводзіцца новы від грамадзянскага судаводства — спрошчаная вытворчасць. Кансалідацыя ў праекце Кодэкса працэсуальных норм будзе садзейнічаць аптымізацыі механізмаў ажыццяўлення правасуддзя, а ў перспектыве — мінімізацыі магчымых разыходжанняў у правапрымяненні.

Як адзначыў старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін СУКАЛА, з прыняццем законапраекта завяршаецца трэці этап судова-прававой рэформы ў краіне. Ëн падкрэсліў, што пыняцце кодэкса дасць магчымасць судам усіх узроўняў практычна рэалізоўваць пастаўленыя задачы па павышэнні эфектыўнасці беларускага правасуддзя.

З клопатам аб генетычных рэсурсах і навакольным асяроддзі 

Законапраектам «Аб абыходжанні з генетычнымі рэсурсамі», адобраным сенатарамі, замацоўваюцца паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, урада, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Нацыянальнай акадэміі навук у галіне абыходжання з генетычнымі рэсурсамі. Прапануюцца спрошчаныя меры прадастаўлення доступу да генетычных рэсурсаў раслін для вытворчасці прадуктаў харчавання і вядзення сельскай гаспадаркі пры выкарыстанні такіх генетычных рэсурсаў у некамерцыйных даследчых мэтах. Таксама ўтанаўліваюцца правы і абавязкі пастаўшчыкоў, карыстальнікаў, іншых фізічных і юрыдычных асоб у галіне абыходжання з генетычнымі рэсурсамі. Вызначаецца парадак правядзення маніторынгу ў галіне абыходжання з генетычнымі рэсурсамі і выкарыстання яго даных. 

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіла РУСАГА, законапраект новы і вельмі неабходны для нашай краіны. «Гэта наша багацце, наш генетычны рэсурс, банкі створаны, імі трэба кіраваць, ахоўваць і даражыць імі, — удакладніў сенатар. — Мяркуем, што прыняцце законапраекта «Аб абыходжанні з генетычнымі рэсурсамі» дазволіць устанавіць прававыя асновы дзяржаўнага рэгулявання ў галіне абыходжання з генетычнымі рэсурсамі і звязанымі з імі традыцыйнымі ведамі, будзе садзейнічаць захаванню біялагічнай разнастайнасці нашай краіны, здароўя людзей і ўмацаванню харчовай бяспекі дзяржавы». 
Праект Закона «Аб змяненні законаў» падрыхтаваны з мэтай аптымізацыі адміністрацыйных працэдур у галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання, а таксама актуалізацыі палажэнняў законаў «Аб гідраметэаралагічнай дзейнасці», «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі» і Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб нетрах. У прыватнасці, спрашчаецца парадак атрымання ўзгаднення праектаў кансервацыі, раскансервацыі, ліквідацыі горных выпрацовак і горных прадпрыемстваў, а таксама прадастаўлення геалагічнага і горнага адводу. Скарачаюцца тэрміны правядзення дзяржаўнай геалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі на геалагічнае вывучэнне нетраў, а таксама дзяржаўнай рэгістрацыі работ па геалагічным вывучэнні нетраў. Змяняецца парадак выдачы сертыфіката аб пацвярджэнні паходжання энергіі, якая вырабляецца на ўстаноўках па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі.

У інтарэсах як вытворцаў, так і спажыўцоў 

Разгледжаны законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання». Дакументам удасканальваюцца прававыя і арганізацыйныя асновы дзяржаўнага рэгулявання ў сферы гандлю і грамадскага харчавання. Прадугледжаны меры, накіраваныя на абарону інтарэсаў спажыўцоў і вытворцаў, уніфікацыю патрабаванняў да арганізацыі і ажыццяўлення гандлёвай дзейнасці ў Саюзнай дзяржаве. 

Міхаіл Русы ўдакладніў, што дакумент комплексна разглядаўся на Экспертным савеце пры Савеце Рэспублікі. «Палажэнні законапраекта дадуць дадатковыя ўмовы развіццю айчыннай вытворчасці і забеспячэнню спажывецкага рынку якаснымі харчовымі таварамі, — падкрэсліў парламентарый. — Акрамя таго, мы атрымаем дадатковае развіццё рознічнага гандлю з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт, а таксама развіццё малога і сярэдняга бізнесу, арганізацый спажывецкай кааперацыі». 

У прыватнасці, замацоўваюцца паўнамоцтвы ўрада па вызначэнні парадку разлікаў за пастаўкі асобных відаў тавараў, а таксама па ўвядзенні абмежаванняў і забарон на прадастаўленне пастаўшчыкамі, суб’ектамі гандлю любых відаў узнагарод. Устанаўліваюцца забароны на кампенсацыю пастаўшчыкамі затрат, звязаных з утылізацыяй (знішчэннем) нерэалізаваных тавараў, а таксама на вяртанне суб’ектамі гандлю нерэалізаваных харчовых тавараў, тэрмін прыдатнасці на якія складае не больш як 30 дзён, іх пастаўшчыкам (вытворцам). Выключаецца абавязак суб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання прадстаўляць у мясцовыя органы ўлады апавяшчэнне аб пачатку ажыццяўлення аптовага, рознічнага гандлю, грамадскага харчавання, а таксама ўзгадняць з мясцовымі органамі ўлады рэжым працы гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання ў начны час (за выключэннем работы ў начны час пры рэалізацыі алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва).

Дзеля хімічнай бяспекі 

Сенатары адобрылі праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Ратэрдамскай канвенцыі аб працэдуры папярэдняй абгрунтаванай згоды ў дачыненні да асобных небяспечных хімічных рэчываў і пестыцыдаў у міжнародным гандлі». Канвенцыя рэгулюе грамадскія адносіны ў галіне забеспячэння хімічнай бяспекі ў частцы абарачэння забароненых або строга абмежаваных хімічных рэчываў і асабліва небяспечных пестыцыдных саставаў. Далучэнне Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі дазволіць абменьвацца з дзяржавамі — удзельніцамі актуальнай інфармацыяй у мэтах прадухілення завозу на тэрыторыю краіны рэчываў, здольных нанесці ўрон здароўю чалавека і стану навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, з’явіцца магчымасць удзельнічаць у міжнародным працэсе забарон і абмежаванняў на хімічныя рэчывы ў гандлі, адстойваць інтарэсы нашай рэспублікі адносна рэчываў, экспарт якіх з краіны можа тармозіцца канкурэнтамі, падтрымліваць пазіцыю і інтарэсы дзяржаў ЕАЭС па забаронах і абмежаваннях хімічных рэчываў, прадухіляць завоз на сваю тэрыторыю рэчываў, здольных нанесці шкоду здароўю чалавека і стану навакольнага асяроддзя.

У завяршэнні пасяджэння сесіі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА настроіла сенатараў на плённую працу, не збаўляючы тэмпы. Таксама спікер нагадала аб праве членаў Савета Рэспублікі ў любы час наведваць участкі для галасавання, на якіх будуць выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў. «Таму і ў адзіны дзень галасавання, і пры датэрміновым галасаванні прыйдзіце і на свае вочы паназірайце за выбарчым працэсам, каб потым даць аб’ектыўную ацэнку, — паставіла задачу Старшыня Савета Рэспублікі. — Каб у нашых злоснікаў і нядобразычліўцаў не было падстаў нас у нечым папракнуць. Мы павінны рабіць сваю справу дакладна, як мы гэта ўмеем, па-сапраўднаму. На карысць нашай краіны і на карысць нашага народа».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».