Вы тут

Пра Зембін — слаўны аграгарадок


Доўгія гады мы мала цікавіліся гісторыяй сваёй краіны, свайго роду, абыякава адносіліся да матэрыялаў сямейных архіваў, мала было жадання пазнаваць нешта новае, цікавае, незвычайнае.


Фота з адкрытых крыніц

Прыгадваю свае школьныя гады. Гісторыя Беларусі для нас пачыналася ад 1917 года. А што было да гэтага, то ў падручніку або замоўчвалася, або падавалася як суцэльная цемра і галеча. І толькі ў суверэннай Беларусі нам сталі даступныя больш глыбокія і аб’ектыўныя веды. Мы, напрыклад, даведаліся пра існаванне Полацкага княства як першаасновы беларускай дзяржаўнасці. З гонарам прачыталі хвалюючыя старонкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Больш поўныя і праўдзівыя веды атрымалі пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, складанасцях пасляваеннага аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі, поспехі і праблемы будаўніцтва сацыялізму ў СССР. З захапленнем пазнаёміліся з многімі выдатнымі сынамі і дочкамі Айчыны.

Асаблівая ўвага гэтым пытанням аддаецца апошнім часам. Былі абвешчаны гады малой радзімы (тройчы запар), Год гістарычнай памяці, Год міру і стваральнасці. Усё гэта, безумоўна, паспрыяла больш актыўнаму засваенню нашага мінулага і нашага сённяшняга, дзейснаму патрыятычнаму выхаванню людзей.

Аб гэтым міжволі думалася мне, калі я чытаў кнігу Ліліяны Анцух «Зембін: кароткі экскурс у гісторыю і сучаснасць. Жыццяпіс зембінцаў» — дакументальнае даследаванне пра аграгарадок Зембін, што на Барысаўшчыне. Скажу адразу: кніга захапіла мяне літаральна з першых старонак. Я, напэўна, як і многія з беларусаў, канешне ж, чуў пра Зембін, але і бізка не ведаў, што гэтае мястэчка мае такую даўнюю і цікавую гісторыю.

Аказваецца, Зембін упершыню ўпамінаецца ў летапісных крыніцах яшчэ ў 1526 годзе. Гэта значыць, што мястэчка (цяперашні аграгарадок) праз некалькі гадоў будзе адзначаць сваё 500-годдзе. Шаноўны юбілей!

Цікава было дазнацца, што на працягу гэтых гадоў Зембінам валодалі многія тагачасныя магнаты — Радзівілы, род Кішкаў, Саковічаў, Храптовічаў... Усе яны, хто ў большай ступені, хто ў меншай, садзейнічалі развіццю мястэчка, стваралі ўмовы для вядзення гандлю. У 1777 годзе, напрыклад, тут было 38 двароў, карчма, бровар і два вадзяныя млыны. А праз тры дзесяцігоддзі мелася ўжо тры карчмы, бальніца, школа, чатыры кузні і 23 (!) крамы.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі мястэчка ў сваім развіцці атрымала новы ўхіл — адукацыйна-культурны. Са старонак кнігі дазнаемся, што ў 1918 годзе ў Зембіне было адкрыта вышэйшае пачатковае вучылішча, пазней ператворанае ў працоўную школу 2-й ступені. У дваццатыя гады працавалі клуб, хата-чытальня, дзейнічаў драматычны гурток.

Разам з тым сур’ёзная ўвага ўдзялялася і развіццю тагачаснай прамысловасці: працавала лясніцтва, дзве маслабойні, тры кузні, ваўначоска, дзве ганчарныя майстэрні, майстэрня па апрацоўцы скур. А на пачатку 1922 года (яшчэ задоўга да масавай калектывізацыі) была арганізавана сельскагаспадарчая арцель «Чырвоны Араты».

Нельга без душэўнага ўзрушэння чытаць старонкі кнігі, дзе апавядаецца пра тое, што адбывалася на зембінскай зямлі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў 1942 годзе ў Зембіне пачала дзейнічаць падпольная арганізацыя, якая падтрымлівала сувязь з Барысаўскім гарадскім падполлем і партызанскай брыгадай «Дзядзькі Колі». Рызыкуючы жыццём, падпольшчыкі дастаўлялі партызанам прадуктвы харчавання, неабходныя медыкаменты, інфармацыю пра мясцовы гарнізон акупантаў, распаўсюджвалі лістоўкі.

Апавядаючы пра мужнасць і гераізм савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, Ліліяна Анцух не абмінае і драматычных, а часам трагічных падзей таго часу. Скажам, пра лёс насельнікаў Зембінскага гета. Як расказваюць сведкі тых падзей Аляксандр Разенблюм і Ганна Скумс, 18 жніўня 1941 года ўсіх яўрэяў сабралі на Кірмашовай плошчы нібыта для праверкі дакументаў. А пасля групамі па пятнаццаць-дваццаць чалавек адводзілі да выкапанай у наваколлі мястэчка ямы і бязлітасна расстрэльвалі. Усяго было забіта 927 яўрэяў — мужчын, жанчын, дзяцей.

Гэтая жудасная, крывавая акцыя была ажыццёўлена (у кнізе называюцца канкрэтныя прозвішчы, і гэта вельмі важна!) акупантамі пад кіраўніцтвам начальніка Барысаўскай службы бяспекі (СД) гаўптштурмфюрара Шонемана пры ўдзеле гестапаўцаў Берга і Вальтэра, каменданта Барысава Шэрара, каменданта Зембіна Ілека, а таксама перакладчыка Люцке і фашысцкіх памагатых В. Харытановіча, Д. Эгофа, П. Кабакова і іншых.

Не сумняваюся і ў тым, што чытачы кнігі з вялікай увагай пазнаёмяцца з фактамі (яркімі, красамоўнымі) пасляваеннага жыцця зембінцаў, іх сучаснымі дасягненнямі. Пры гэтым у падтэксце выразна прачытваецца важная выснова аўтара: патрыятызм заключаецца не ў гучных словах, а ў добрых, карысных справах.

Нельга не пагадзіцца са слушнай думкай Ліліяны Анцух аб тым, што ў адраджэнні і развіцці любога самага маленькага мястэчка вялікую ролю адыгрываюць асобы, якія любяць, цэняць і клапатліва захоўваюць яго гісторыю, дзейсна клапоцяцца аб памнажэнні яго матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў. Для іх, як зазначае аўтар, малая радзіма — не толькі месца з’яўлення на свет, але і прастора, пра якую трэба заўсёды памятаць і рупіцца аб яе развіцці.

На самым пачатку я сказаў, што рукапіс кнігі мяне адразу ж захапіў. Цяпер магу дадаць: не толькі захапіў, але і ўразіў. Уразіў глыбінёй пранікнення аўтара ў гісторыю старажытнага мястэчка, паўнатой і разнастайнасцю аповеду пра яго сучасныя будні. Ліліяна Анцух надзвычай адказна падышла да вырашэння пастаўленай мэты — стварыць пра Зембін цікавую, паўнавартасную кнігу. Гэтаму паслужылі шматлікія дакументальныя і архіўныя крыніцы, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, успаміны відавочцаў знакавых для мястэчка падзей, сустрэчы і гутаркі з сучаснікамі.

Упэўнены, што кніга будзе з цікавасцю сустрэта шматлікімі чытачамі. І, безумоўна, яна надасць новы імпульс развіццю актыўнага краязнаўства, вывучэнню свайго роду, сваіх каранёў. А ў канчатковым выніку — пазнанню гісторыі сваёй Айчыны.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.