Вы тут

Генеральны пракурор Андрэй Швед расказаў аб выніках дзейнасці органаў пракуратуры


Сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, падчас якога заслухоўваецца інфармацыя генеральнага пракурора, — штогадовая парламенцкая традыцыя, закладзеная абноўленай Канстытуцыяй. Парламентарыі з першых вуснаў даведаліся аб вырашэнні пытанняў, што знаходзяцца ў зоне кампетэнцыі органаў пракуратуры, задалі пытанні кіраўніку ведамства. 


І сенатары, і дэпутаты шчыльна супрацоўнічаюць з Генеральнай пракуратурай па самым шырокім коле пытанняў. Перш за ўсё, гэта датычыцца падрыхтоўкі і прыняцця заканадаўчых рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі, грамадскай згоды і парадку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Яшчэ адным важным кірункам сумеснай дзейнасці парламента і органаў пракуратуры з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб: многія пытанні, з якімі выбаршчыкі ідуць да парламентарыяў, патрабуюць пракурорскага ўмяшання. 

Нізкі ўзровень пагроз ад злачыннасці 

Свой даклад Андрэй Швед пачаў з характарыстыкі крымінагеннай сітуацыі. У выніку прынятых мер у краіне забяспечана стабільная абстаноўка. Колькасць зарэгістраваных летась злачынстваў у параўнанні з 2022 годам скарацілася на 3,6%. Узровень злачыннасці мінімальны за апошнія пяць гадоў.

Як падкрэсліў генеральны пракурор, дзякуючы скаардынаванай працы праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, Беларусь была і застаецца бяспечнай краінай, што не могуць нават адмаўляць нашы ворагі на Захадзе. «Так, адзін з сусветных лідараў у галіне аказання кансультацыйных паслуг у сферах бяспекі і аховы здароўя прызнае, што ўзровень пагроз ад злачыннасці, у тым ліку ў палітычнай сферы, у нашай краіне з’яўляецца нізкім, — удакладніў ён. — Па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца ў адным шэрагу з большасцю краін Заходняй Еўропы».

Аб гэтым сведчыць зніжэнне колькасці асоб, якія загінулі ад злачынстваў. Менш зарэгістравана забойстваў, фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, разбояў, рабаванняў і крадзяжоў, а таксама злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам. Зменшылася колькасць і асабліва цяжкіх злачынстваў, у асноўным за кошт зніжэння збыту наркотыкаў. «Органы ўнутраных спраў арыентаваны ў першую чаргу на выяўленне і спыненне дзейнасці буйных збытчыкаў, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства. — У выніку колькасць канфіскаваных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў узрасла ў 4,5 раза. Аднак узровень наркатызацыі грамадства не дае падстаў для самазаспакаення. У мінулым годзе зафіксавана 508 выпадкаў атручэння наркотыкамі і 82 факты смерці ад перадазіроўкі».

Што датычыцца злачынстваў, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі, у бліжэйшы час будуць разгледжаны пытанні аб неабходнасці дапрацоўкі бізнес-працэсаў, звязаных з выдачай анлайн-крэдытаў, а таксама прыняты дадатковыя меры па супрацьдзеянні кіберзлачынствам. Вядзецца работа па інфармаванні грамадзян аб спосабах падману і недапушчальнасці прадастаўлення трэцім асобам персанальных даных, у тым ліку даных банкаўскіх карт. 

Трагедыі з дзецьмі, якія ўзрушылі грамадства 

Знізілася і колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі або пры іх саўдзеле. У асноўным дзеці здзяйснялі крадзяжы, хуліганствы, махлярствы, угоны транспартных сродкаў, займаліся незаконным абаротам наркотыкаў. У той жа час узрасла колькасць непаўналетніх, якія пацярпелі ад злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці. 

У цяперашні час судом разглядаецца крымінальная справа ў дачыненні да выхавацеля Шумілінскага дзіцячага сада № 1, які на працягу 16 гадоў неаднаразова здзяйсняў у дачыненні да малалетніх гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару. Пацярпелымі ад злачынстваў прызнаны 166 асоб. Таксама расследуецца крымінальная справа па факце бяздзейнасці загадчыцы дадзенага дзіцячага сада, якая ігнаравала шматлікія скаргі бацькоў на падазроныя паводзіны выхавацеля.

Па словах Андрэя Шведа, прычынамі і ўмовамі, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў адносна непаўналетніх, з’яўляецца неналежная работа дзяржаўных органаў і ўстаноў па своечасовым выяўленні прыкмет сямейнага няшчасця, устараненне неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі, а таксама прыняцце камісіямі па справах непаўналетніх незаконных і неабгрунтаваных рашэнняў аб вяртанні дзяцей у сям’ю. Часам гэта прыводзіць да непапраўных наступстваў.

Агучыў генпракурор і канкрэтны прыклад. «Прычынамі і ўмовамі ўчынення забойства бацькамі трохгадовага Сямёна Таратуты ў тым ліку сталі абыякавасць і фармалізм дзейнасці дзяржаўных органаў па прафілактыцы сямейнага няшчасця, — канкрэтызаваў ён. — Сямён выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і, дзеці якой на працягу больш за два гады неаднаразова прызнаваліся тымі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Бацька прычыняў дзіцяці цялесныя пашкоджанні. Сямён неаднаразова шпіталізаваўся ва ўстановы аховы здароўя, у тым ліку з прыкметамі знясілення арганізма. Пры гэтым камісіяй па справах непаўналетніх меры па абароне правоў дзіцяці і звароце ў суд з іскам аб пазбаўленні бацькоў бацькоўскіх правоў не прымаліся. У выніку бацькі ў стане алкагольнага ап’янення пабілі дзіця, з-за чаго яно памерла». Нагадаем, сужэнцы асуджаны за забойства малалетняга з асаблівай жорсткасцю. Муж прысуджаны да смяротнага пакарання, жонка — да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Андрэй Швед агучыў яшчэ адзін рэзанансны выпадак, які на мінулым тыдні ўскалыхнуў грамадскасць. Трагедыя адбылася ў Оршы, маці забіла чацвярых уласных дзяцей ва ўзросце ад года да дзевяці. У цяперашні час Генеральная пракуратура вядзе расследаванне гэтага шакуючага факта, таму пакуль без падрабязнасцяў. 

Карупцыянерам — па заслугах 

Вялікую работу Генеральная пракуратура праводзіць і ў сферы барацьбы з карупцыяй. Колькасць улічаных карупцыйных злачынстваў летась узрасла. Значна больш выяўлена фактаў хабарніцтва. Як звярнуў увагу Андрэй Швед, з аднаго боку, гэта вынік працы праваахоўных органаў, з іншага — відавочныя недахопы ў папераджальнай дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў учынена ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і транспарту. Да адказнасці прыцягнуты 924 асобы, 17 з іх займалі адказныя пасады.

«Многія кіраўнікі самаўхіліліся ад выканання функцый па папярэджанні карупцыі, а ў шэрагу выпадкаў самі выступалі арганізатарамі злачыннай дзейнасці і ўцягвалі ў яе падначаленых, — заўважыў генпракурор. — Напрыклад, генеральны дырэктар ААТ „Бабушкина крынка“ сумесна са службовымі асобамі дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватных камерцыйных структур на працягу больш чым трох гадоў удзельнічаў у злачыннай дзейнасці, звязанай з пастаўкамі ў Расію малочнай прадукцыі па заніжаных цэнах, ухіленнем ад выплаты падаткаў і вывадам грошай за мяжу».

За экстрэмізм — найжорсткая адказнасць 

Органы пракуратуры працягваюць работу і па супрацьдзеянні экстрэмізму. Прымаюцца меры па актывізацыі раскрыцця і расследавання злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці. У выніку прынятых мер колькасць такіх злачынстваў у мінулым годзе скарацілася ў два разы. У суд накіравана звыш тысячы крымінальных спраў гэтай катэгорыі. Пракурорамі падтрымана дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальных справах аб экстрэмізме ў адносінах да паўтары тысячы асоб. 

Самыя строгія меры адказнасці падвергнуты арганізатары злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці, а таксама асобы, асуджаныя за ўчыненне актаў тэрарызму. «Адносна арганізатараў і ўдзельнікаў экстрэмісцкіх структур, якія хаваюцца за межамі нашай краіны, вядзецца спецыяльная вытворчасць, — удакладніў Андрэй Швед. — Яна прыменена да 31 асобы. Агульны тэрмін пакарання ім у выглядзе пазбаўлення волі вызначаны судом больш як на 425 гадоў».

Ад бяспекі і медыцыны да АПК

Пракурорскія работнікі ажыццяўляюць нагляд над усімі сферамі дзейнасці. У прыватнасці, адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў у войсках. Што датычыцца папярэдняга следства і дазнання, адменены амаль 2,5 тысячы незаконных рашэнняў аб прыпыненні і спыненні расследавання, унесена больш за 2 700 актаў нагляду, да адказнасці прыцягнуты больш за 6 000 службовых асоб.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца прадухіленню гібелі грамадзян ад знешніх прычын. Кансалідацыя намаганняў суб’ектаў прафілактыкі ў 2023 годзе дазволіла знізіць колькасць пажараў амаль на 5%. Колькасць загінулых на пажарах грамадзян зменшылася больш як на 100 чалавек. Амаль на трэць знізілася колькасць загінулых, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Разам з тым, вынікі пракурорскіх праверак сведчаць аб існуючых недахопах у прафілактыцы супрацьпажарнай бяспекі. 

На пастаянным кантролі Генеральнай пракуратуры знаходзіцца тэма бяспекі дарожнага руху. Летась скарацілася колькасць зарэгістраваных дарожна-транспартных здарэнняў. Зменшылася колькасць загінулых і параненых у ДТЗ. Зменшылася колькасць ДТЗ, учыненых па віне п’яных кіроўцаў. Разам з тым на 9% узрасла колькасць аварый на дарогах, у якіх траўміраваны дзеці. 

Як адзначыў генеральны пракурор, нягледзячы на прымаемыя меры, узровень вытворчага траўматызму ўзрос на 4%. «Разам з тым колькасць загінулых на вытворчасці знізілася на 11%, — удакладніў ён. — Па віне наймальнікаў траўміравана 430 работнікаў, ці кожны чацвёрты. Большасць атрымалі траўмы па ўласнай неасцярожнасці. Пераважна выпадкі траўміравання мелі месца ў сферах сельскай гаспадаркі, транспарта і будаўніцтва».

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы органамі пракуратуры ў 2022 —2023 гадах праведзена маштабная праверка ў сферы аховы здароўя. Наглядныя мерапрыемствы закранулі звыш тысячу ўстаноў аховы здароўя рознага ўзроўню. Устаноўлены сістэмныя недахопы, звязаныя з незабеспячэннем даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці, правядзеннем дыспансерызацыі насельніцтва, ранняй дыягностыкай анкалагічных захворванняў, лекамі. У цэлым застаюцца актуальнымі пытанні забеспячэння якаснай і даступнай медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці, таксама не вырашана кадравая праблема.

На пастаянным кантролі застаецца і выкананне даручэнняў Прэзідэнта па прадухіленні падзяжу жывёлы ў сельгасарганізацыях. Комплекс мер, якія прымаюцца органамі пракуратуры, дазволіў скараціць колькасць выпадкаў утойвання падзяжу. У мінулым годзе па дадзеных фактах узбуджана ў два разы менш крымінальных спраў. «Бягучая сітуацыя нам не дазваляецца самасупакоіцца і расслабіцца, — падкрэсліў Андрэй Швед. — Мы і далей будзем рэагаваць на кожны такі факт, у тым ліку звязаны з фальсіфікацыяй вынікаў дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў».

Захаванне гістарычнай праўды і памяці

Спыніўся генеральны пракурор і на расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, якое працягваецца. Ëн расказаў, што ў цяперашні час дапытана звыш 18 тысяч сведак, каля васьмі тысяч з якіх з’яўляліся вязнямі лагераў смерці. Дадаткова ў ходзе расследавання выяўлена звыш трох тысяч сёл і вёсак, якія поўнасцю або часткова былі знішчаны нямецка-фашысцкімі акупантамі. Устаноўлена 180 раней невядомых месцаў масавага знішчэння і пахавання ахвяр генацыду, у 43 з іх у мінулым годзе праведзены раскопкі. Сёлета запланавана правядзенне пошукавых мерапрыемстваў амаль у 30 месцах.

Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс унесены змяненні, якія даюць магчымасць весці вытворчасць па крымінальных справах аб злачынствах, якія не маюць тэрміну даўнасці, у дачыненні да памерлых асоб. Акурат у цяперашні час Вярхоўны Суд разглядае першую ў гісторыі суверэннай Беларусі крымінальную справу аб генацыдзе — у адносінах да карніка Уладзіміра Катрука, які вінаваты ў гібелі жыхароў Хатыні і іншых населеных пунктаў. 

Завяршаючы даклад, Андрэй Швед адзначыў, што ў мінулым годзе органы пракуратуры выканалі пастаўленыя перад імі задачы і накіраваны на павышэнне эфектыўнасці сваёй дзейнасці.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.