Вы тут

Фестывальны трамвай ездзіць у Віцебску


ХХХІІІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе ў паўночнай сталіцы з 9 па 15 ліпеня. На мінулым тыдні адкрыўся продаж квіткоў на мерапрыемствы, якія пройдуць на сцэне Летняга амфітэатра, а па Віцебску прайшоў фестывальны трамвай.


«Славянка» даўно стала не толькі сусветным культурным брэндам, але і адным з самых доўгачаканых летніх фестываляў для беларусаў і гасцей краіны. Штогод арганізатары на старце продажу квіткоў, які пачынаецца яшчэ зімой, падрыхтоўваюць для прыхільнікаў творчасці — першых наведвальнікаў білетных кас — падарункі і сюрпрызы. Гэты год, які стаў у гісторыі «базара» трыццаць трэцім, не стаў выключэннем. 

16 лютага па горадзе на Дзвіне ўпершыню праехаў першы фестывальны трамвай з сімволікай форума мастацтваў. Дырэкцыя «Славянскага базару» разам з Віцебскім трамвайна-тралейбусным упраўленнем вырашылі сумясціць два сімвалы горада, тым больш, што ў мінулым годзе віцебскаму трамваю споўнілася 125 гадоў. «Разынкай» грамадскага транспарту стала нават не тэматычнае афармленне, а голас, які абвяшчае прыпынкі. «Паважаныя пасажыры! Запрашаю вас у фестывальны трамвай. З вамі Алена Спірыдовіч, і я жадаю вам добрага настрою, прыемных спадарожнікаў і шчаслівых квіткоў. Да сустрэчы на 33-м Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”!» Да самага закрыцця форуму ў ліпені голас бяззменнай вядучай Алены Спірыдовіч будзе запрашаць жыхароў і гасцей горада на Дзвіне ў падарожжа па шостым маршруце. 

Першых пасажыраў сустракалі супрацоўнікі Цэнтра культуры «Віцебск» з паветранымі шарамі, сувенірамі і музыкай. Віцябчане з задавальненнем адказвалі на пытанні, звязаныя з гісторыяй фестывалю, спявалі і нават парадзіравалі зорак эстрады. Адным словам, арганізатарам у поўнай ступені ўдалося палепшыць гэты шэры лютаўскі дзень і нагадаць пра насычанае фестывальнае лета. 

З 16 лютага стартаваў продаж квіткоў на закрытую праграму праектаў у Летнім амфітэатры. У касах ЦК «Віцебск» па 19 сакавіка пры набыцці трох квіткоў пакупнікам прадастаўляецца зніжка на кожны трэці квіток у памеры 33 працэнтаў ад найменшага кошту квітка. Гэта акцыя не стане апошняй, прыхільнікаў форуму мастацтваў чакаюць 33 дні акцый. 

На якія праекты пакуль можна набыць валошкавыя квіткі? 9 ліпеня на сцэне амфітэатра прэзентуюць творчы праект з удзелам блогераў, маладзёжных выканаўцаў і лепшых юнацкіх калектываў «Госці з будучыні». 10 ліпеня арганізатары запрашаюць усіх ахвотных на «Рок-панараму», а ўрачыстае адкрыццё 33-га форуму адбудзецца 11 ліпеня. У пятніцу 12 ліпеня пройдзе гала-канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае...», а ноччу з галоўнай сцэны будуць раздавацца гукі «Залатога хіта». ХХХІІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» пройдзе 13 і 14 ліпеня, 14 ліпеня прыхільнікаў гумару запрашаюць на Кубак «Славянскана базару ў Віцебску» з удзелам каманд Вышэйшай лігі КВЗ і гасцей. Урачыстае закрыццё адбудзецца ўвечары 14 ліпеня, а 15 ліпеня пройдзе гала-канцэрт «Шансон ТБ — УСЕ ЗОРКІ». Квіткі на мерапрыемствы на іншых фестывальных пляцоўках з’явяцца пазней.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витебские вести»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.