Вы тут

У Гродзенскай вобласці вырасла колькасць замяшчальных сем’яў для адзінокіх пажылых


У Гродзенскай вобласці 93 замяшчальныя сем’і аказваюць дапамогу адзінокім пажылым людзям, паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, паведамляе БелТА.


Фота: ТЦСАН

Гэта самая высокая колькасць замяшчальных сем’яў у рэгіёнах краіны. Такія сем’і ёсць ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны. Больш за ўсё іх (восем) у Мастоўскім раёне.

«Сёння больш як 8,9 тыс. жыхароў Мастоўскага раёна — людзі залатога ўзросту, — расказала дырэктар ТЦСАН раёна Алена Мялешка. — Не кожны з іх з-за розных жыццёвых сітуацый можа ў поўнай меры паклапаціцца пра сябе. Таму цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўкараняе новыя формы жыццяўладкавання пажылых людзей. З васьмі жыхароў раёна, якія атрымліваюць паслугі замяшчальных сем’яў, пяцёра жывуць у сем’ях у райцэнтры, трое — у сельскай мясцовасці».

У ТЦСАН прывялі прыклады замяшчальных сем’яў, дзе сярод блізкіх, акружаныя ўвагай і клопатам, жывуць людзі залатога ўзросту, якія маюць патрэбу ў штодзённым доглядзе.

Так, адзінокая мастаўчанка Ніна Уладзіміраўна Аляхновіч 1923 года нараджэння ў 2021 годзе зноў набыла сям’ю і з таго часу жыве ў доме пляменніка. Сваёй сям’і ў Ніны Уладзіміраўны няма, у свой час яна жыла з сястрой і бацькамі, якіх доўгія гады дадглядала. А калі сама знядужала, роднай для самотнай пажылой жанчыны стала сям’я пляменніка Івана Марчыка і яго жонкі Ірыны. У цёплай і ўтульнай хаце ў яе ёсць свой пакой, дзе створаны ўсе неабходныя для пажылога чалавека ўмовы. Любоў, клопат і добры догляд зрабілі практычна неверагоднае — бабуля Ніна пасля пералому шыйкі сцягна і пасцельнага рэжыму ў некалькі доўгіх месяцаў устала на ногі.

Са снежня 2021 года членам сям’і Святланы Аляксандраўны Воўк стаў самотны жыхар вёскі Агароднікі Віктар Фёдаравіч Доста. Пасля смерці жонкі ён застаўся зусім адзін, дзяцей у яго не было. Сям’я Воўк дапамагла пажылому мужчыну зноў устаць на ногі пасля інсульту. Зараз Віктар Фёдаравіч, нягледзячы на свой старэчы ўзрост і стан здароўя, прыслужвае ў царкве — храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёсцы Бялавічы.

У 2023 годзе набыла сям’ю яшчэ адна пажылая жыхарка Мастоў Ірына Іванаўна Кейка. Уладзімір Антонавіч Лючык доўгія гады быў сябрам сям’і Кейкаў і даглядаў адзінокую пажылую жанчыну. У чэрвені мінулага года Мастоўскі райвыканкам прыняў рашэнне заключыць з Уладзімірам Лючыкам дамову на аказанне сацыяльных паслуг у форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям’і. Так бабуля Ірына стала ягонай афіцыйнай падапечнай. Да гэтага Ірына Іванаўна з 2018 года знаходзілася на абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома ЦСАН. Цяпер з-за свайго старэчага ўзросту яна мае патрэбу ў пастаянным надглядзе. Трэба, каб побач быў нехта, хто зможа не толькі дапамагчы ў бытавых пытаннях, але і цярпліва выслухаць.

«Замяшчальная сям’я — далёка не адзіная інавацыйная тэхналогія сацыяльнай работы з пажылымі людзьмі, — дапоўніла Алена Мялешка. — У аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома адкрыты такія новыя формы сацыяльнага абслугоўвання, як прыёмная і гасцёўная сям’я — іх у нас па дзве; дом узаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі — у раёне такіх сем; адзін дом зімоўкі і адна патранатная сям’я. Усе яны запатрабаваныя, ствараюць і падтрымліваюць спрыяльныя ўмовы для пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў з арганізацыяй неабходнага сацыяльна-бытавога, медыцынскага і культурнага абслугоўвання».

У аграгарадку Зарудаўе ў Мастоўскім раёне ўжо на працягу трох гадоў дзейнічае таксама дом самастойнага сумеснага пражывання пажылых людзей.

«Замяшчальная сям’я дае магчымасць адзінокім пажылым людзям, інвалідам як мага даўжэй жыць у асяроддзі няхай не родных, але клапатлівых сем’ях, — адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік. — Па сем замяшчальных сем’яў сёння клапоцяцца аб адзінокіх. людзях залатога ўзросту ў Воранаўскім, Іўеўскім, Свіслацкім, Шчучынскім раёнах, шэсць — у Астравецкім. Гэта форма сацыяльнага абслугоўвання ў рэгіёне набірае папулярнасць, колькасць такіх сем’яў расце».

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.