Вы тут

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася са студэнтамі БДУ


​Сустрэчы з моладдзю даўно ўжо сталі не толькі адной з форм работы членаў верхняй палаты парламента, але і добрай і карыснай традыцыяй. Дзякуючы такім размовам, маладыя людзі літаральна з першых вуснаў атрымліваюць вычарпальную інфармацыю аб дзейнасці ўлады і прыярытэтах развіцця краіны. А самае галоўнае — тая інфармацыя дакладная, аб’ектыўная і праўдзівая, у адрозненне ад рознага кшталту фэйкаў аб нашай краіне, што распаўсюджваюцца ў сеціве.


Дарэчы, пра тое, што карыстацца трэба толькі праверанай інфармацыяй з надзейных крыніц, гаварыла і Наталля КАЧАНАВА. Яна адзначыла, што зусім не варта чытаць, а тым больш падпісвацца на інфармацыйныя рэсурсы, якія прызнаны экстрэмісцкімі. «У нас прававая дзяржава і ўсё робіцца па законе... Таму не трэба парушаць яго па сваім легкадумстве. Тыя, хто пакінуў краіну і цяпер «палівае» яе з-за мяжы, — ці варты яны таго, каб да іх прыслухоўвацца, ці варты яны павагі ўвогуле?» — звярнулася да студэнтаў Старшыня Савета Рэспублікі.

Яна падкрэсліла, што сёння краіна ўвайшла ў найважнейшы палітычны перыяд — зусім хутка надыдзе Адзіны дзень галасавання, потым, ускосным галасаваннем, будуць абраны члены Савета Рэспублікі, а затым сфарміраваны склад Усебеларускага народнага сходу ўжо ў якасці заканадаўчага органа з велізарнымі паўнамоцтвамі. А ў наступным годзе — прэзідэнцкія выбары. У гэты час нельга заставацца ўбаку ад такіх лёсавызначальных для краіны падзей, трэба абавязкова прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць.

Гаворачы пра электаральную кампанію, Наталля Качанава спынілася і міжнародным становішчы, адзначыўшы, што вакол Беларусі штучна нагнятаецца напружанне: «Нас імкнуцца абвінаваціць у нейкай агрэсіўнай палітыцы. Але ж я гаварыла і гавару заўсёды, што мы міралюбівая краіна. Мір і спакой для нас — галоўнае і, калі трэба, мы яго будзем абараняць. А як жа інакш — гэта наша краіна. І задача нашага пакалення — перадаць вам, маладым, гэтую мірную, спакойную, цудоўную краіну».

Таксама падчас сустрэчы Старшыня Савета Рэспублікі падрабязна расказала аб асаблівасцях работы верхняй палаты парламента і заканадаўчай улады ў цэлым, аб асноўных прынцыпах дзяржаўнага будаўніцтва. Спынілася яна і на сацыяльных гарантыях і дзяржаўнай дапамозе шматдзетным сем’ям, пенсіянерам, распявала пра змены ў падаткаабкладанні. Асабліва пры гэтым падкрэсліла: трэба цаніць тое, што мы маем, што пабудавалі. У тым ліку не толькі эканамічны, матэрыяльны, складнік дасягненняў, але і тыя магчымасці для развіцця, прафесійнага станаўлення і самарэалізацыі, якія створаны ў краіне. Гэта дарагога варта.

Але ж і ад чалавека залежыць нямала. Па словах Наталлі Качанавай, першае, што трэба для дасягнення мэт, — гэта працаваць. Адказна і добрасумленна. А, па-другое, заўсёды захоўваць чалавечнасць і пачуццё справядлівасці. Асабліва калі ты на дзяржаўнай службе. Такую думку яна выказала, калі адказвала на пытанне — просьбу аб парадзе наконт паспяховага прасоўвання па кар’ернай лесвіцы. Увогуле ж, пытанняў, як заўсёды, на сустрэчах Наталлі Качанавай было многа. І, як заўжды, іх тэматыка была надзвычай разнастайнай.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Старшыня Савета Рэспублікі зазначыла: «...Я заўсёды з вялізнай радасцю сустракаюся з маладзёжнай аўдыторыяй. Тым больш у такой цудоўнай ВНУ, як Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, вядучым ВНУ нашай краіны. І, канешне, мне сёння было вельмі цікава сустрэцца з хлопцамі і дзяўчатамі, гэта ў асноўным першы, другі і трэці курсы. Тыя, хто толькі пачалі вучыцца тут, многія з іх прыехалі з іншых гарадоў, рэгіёнаў... Перш за ўсё я агучваю тую інфармацыю, якой бы мне хацелася падзяліцца з імі. Расказаць аб той палітыцы, што праводзіцца ў нашай краіне: у частцы маладзёжнай палітыкі. Аб тым, чым жыве сёння дзяржава, асабліва ў такі важны палітычны момант. Аб рабоце Савета Рэспублікі...

І, вядома, немалаважна было пачуць тыя пытанні, што цікавяць моладзь. Я кожны раз здзіўляюся той колькасці пытанняў, абсалютна розных. Яны датычацца і адукацыйнага працэсу, асабістага жыцця, нават просьбы параіць, як дасягнуць у жыцці ўсяго, аб чым мараць. Таму, зразумела, сустрэча надзвычай цікавая і карысная, і мы надалей прадоўжым такую практыку. Пры такіх асабістых сустрэчах каторы раз пераконваешся: у нас цудоўная моладзь, якая думае пра будучыню сваёй краіны. Мы ўпэўнены: яны зробяць усё дзеля таго, каб развіваць і прымнажаць тыя традыцыі, якія ёсць у нашай роднай Беларусі».

(Аб тым, што яшчэ абмяркоўвалася на сустрэчы і якія пытанні задавалі студэнты, чытайце ў найбліжэйшым выпуску «Мясцовага самакіравання».)

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Прэв’ю: БелТА

Загаловак у газеце: «Трэба жыць сваім розумам»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».