Вы тут

Крок асабістай мужнасці


Цяпер пра гэта расказвае экспазіцыя музея ў СШ № 30 Брэста, якую Дзіма скончыў. У школе яго згадваюць як добрага вучня, актывіста драмгуртка, аматара спорту, а яшчэ душу кампаніі. 


І цалкам верагодна, што на 35-годдзе роднай школы 1 верасня гэтага года ён завітаў бы, скажам, у форме палкоўніка, каб правесці прафарыентацыйную гутарку з вучнямі і, вядома, павіншаваць любімых настаўнікаў. 

А бацькі Марал і Барыс Гвішыяні стаялі б побач, з унукамі, і ціха ганарыліся сынам. Верагодна... Але 1 верасня для іх сям’і цяпер — сумная дата.

З роду вайскоўцаў

Ён ужо перайшоў на трэці курс агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі, вучыўся паспяхова. 28 жніўня 1999 года ехаў пасля летніх канікул на вучобу цягніком № 660 Брэст — Мінск разам з таварышамі па акадэміі. Каля станцыі «Ліпнікі», недалёка ад Драгічына, прыкладна ў 22.50 раптам загарэўся цеплавоз. Курсанты Вадзім Грыцук і Віктар Чуманскі сталі выводзіць жанчын і дзяцей з вагонаў, бо ўзнікла паніка. А Дзмітрый Гвішыяні і Раман Кунда кінуліся тушыць пажар на цеплавозе. Дзмітрый быў бліжэй да ачагу полымя, калі выбухнуў паліўны бак цеплавоза. Хлопца абдало саляркай, якая палала. З моцнымі апёкамі яго даставілі ў Драгічынскую раённую бальніцу, адтуль верталётам перавезлі ў ваенны клінічны шпіталь сталіцы. У ноч на 1 верасня Дзмітрый памёр. І назаўсёды застаўся 20-гадовым.

З бацькам Дзмітрыя Барысам Рыгоравічам і яго настаўніцай гісторыі, нязменнай захавальніцай школьнага музея Людмілай Аляксееўнай Ерашовай разглядаем альбомы са здымкамі. Тут ёсць і сямейныя аматарскія фотакарткі: вось хлопчык з бацькамі падарожнічае па гарадах былога Саюза, на іншых — ён з аднакласнікамі, потым — з таварышамі па службе. З расповедаў лёгка ўзнавіць яго біяграфію, у адным — тыповую, у іншым — унікальную.

Дзмітрый Гвішыяні нарадзіўся 5 лістапада 1978 года ў Брэсце ў сям’і служачых. У яго крыві аб’ядналіся некалькі нацыянальнасцяў: адзін дзед — грузін, другі — азербайджанец, дзве бабулі — рускія. «А выйшаў беларус», — жартаваў Дзіма. Продкі па лініі бацькі родам са Сванеціі — высакагорнай гістарычнай вобласці Грузіі. Дзед Дзмітрыя Рыгор Гвішыяні — удзельнік абароны возера Хасан, Вялікай Айчыннай вайны і разгрому Квантунскай арміі Японіі, палкоўнік, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі. Дзед памёр рана, у 1972 годзе. Дзіма яго не ведаў, але ведаў яго біяграфію і заслугі. Другі дзед Байкхан Мелікаў, таксама вайсковец, абодва дзяды былі на Тоцкім палігоне падчас вядомых ядзерных выпрабаванняў. Абодва потым служылі ў 50-й гвардзейскай Чырванасцяжнай брыгадзе ў Брэсце. Два дзядзькі Дзмітрыя таксама ваенныя.

І Барыс Рыгоравіч у ранняй маладосці марыў пра кар’еру вайскоўца. Але жыццё павярнулася інакш. Працаваць давялося на прадпрыемстве абароннай прамысловасці, быў мантажнікам радыёапаратуры, брыгадзірам, інжынерам. І, як нярэдка здараецца, дзеці падхопліваюць нерэалізаваную мару бацькоў. Яна жыла недзе ў падсвядомасці сына Барыса, ніхто ж яго спецыяльна не арыентаваў, не прымушаў. Каб паглядзець, што такое армія, Дзмітрый спачатку пайшоў на тэрміновую службу. Служыў дома, у Брэсце, у той жа 50-й гвардзейскай Чырванасцяжнай брыгадзе. Хлопцу было прысвоена званне сяржанта. Праявіў сябе выдатным вайскоўцам, таму да заканчэння тэрміновай службы яму далі магчымасць паступаць у ВНУ. Са жніўня 1997 года ён ужо курсант Ваеннай акадэміі. Але гэта будзе потым.

«Хто, калі не я?»

— У школе ён вучыўся добра, — расказвае Людміла Ерашова. — Жыў справамі школы, удзельнічаў у драматычных пастаноўках, у клубе вясёлых і знаходлівых, быў камунікабельным, добрым, спагадлівым. Прыгажун, дзяўчынкам Дзіма падабаўся. Не дзіва, што на лінейцы, прысвечанай апошняму званку, яму даручылі ролю вядучага. Засталіся фотаздымкі з той лінейкі, там усе вясёлыя, бесклапотныя, а яму заставалася ўсяго чатыры гады.

Чвэрць стагоддзя прайшло. Але ж для бацькоў гэтая рана незагойная. Таму баюся яе лішні раз вярэдзіць, задаваць пытанні пра апошнія дні іх хлопчыка, але Барыс Рыгоравіч сам пачынае:

— Ён і не павінен быў ехаць гэтым начным цягніком, які ў народзе называюць кругасветным. Я купіў яму білет на хуткі, а ён здаў яго, купіў другі, каб ехаць разам з таварышамі... Нам ноччу пазваніў дзяжурны Драгічынскага ваенкамата, расказаў, што здарылася. Мне дырэктар прадпрыемства, на якім тады працаваў, даў машыну. Я раненька прыляцеў у Драгічын. Даведаўся, што хлопцы тушылі на ім адзенне аблітае саляркай, на нейкай спадарожнай машыне давезлі да бальніцы. Я потым хацеў знайсці таго чалавека, што прывёз сына, але не знайшоў...

— Яны ехалі ў дзясятым вагоне, далёка ад цеплавоза, — працягвае бацька. — Сын расказваў, што састаў спыніўся, перапалоханыя правадніцы забегалі з вогнетушыцелямі. А дзяўчаткі маладыя, кволыя, відаць, практыканткі профільнай навучальнай установы. Як у такой не падхапіць вялікі і цяжкі вогнетушыцель? Дзіма з Ромам забралі прылады для тушэння і пабеглі туды, каб дапамагчы. Я, ужо каля ложка яго седзячы, у роспачы спытаў: «Чаго ты пайшоў у самае пекла!?» А ён у адказ: «А хто пойдзе? Іншыя ж не пайшлі». І цяпер думаю: у вагонах былі мужчыны, старэйшыя за нашых дзяцей, але ж не кожны адважыцца кінуцца туды, дзе агонь.

Ну і потым, праз нейкі час многія дарослыя задавалі рытарычнае пытанне бацьку: «Чаму апошні ахвярны крок зрабіў яго сын, гэты зусім яшчэ юны чалавек?» Што тут скажаш? Ён пайшоў, прыкрываючы пасажыраў, не зважаючы на перасцярогу чыгуначнікаў, што там вельмі небяспечна. Ён зрабіў усё правільна — такі вердыкт вынесла камісія Міністэрства абароны, якая расследавала здарэнне. А бацька, калі праводзілі сына, скажа: «Мы з маці не гадавалі сына героем, мы выхоўвалі чалавека, мужчыну».

Жыць дзеля памяці

Барыс Рыгоравіч выбачаецца за слёзы, а я прашу прабачэння, што прымусіла перажываць зноў, суразмоўнік працягвае:

— Гэта ў мяне ад маёй мамы, яна казала, што слёзы блізка, так і ў мяне. Але нічога, гаварыць цяпер — мой абавязак перад памяццю сына... Ён атрымаў апёкі 65 працэнтаў паверхні цела катэгорыі 3Б, гэта фактычна да косці. Мяне адразу папярэдзілі, што траўма не сумяшчальная з жыццём. Яго абязбольвалі, і ён увесь час быў у прытомнасці, мы з ім гаварылі. Ён перажываў, што згарэлі дакументы. І калі прыляцеў верталёт, нас перавезлі ў ваенны шпіталь, доктар, які ведаў сыход, усяляк стараўся яго падбадзёрыць.

Ён тады ляжаў у баракамеры, а курсанты акадэміі збіралі спісы па групах крыві — раптам спатрэбіцца. Гатовыя былі даць кроў і скуру для перасадкі. У Барыса Рыгоравіча сястра жыла ў Мінску, у яе і спыніліся з жонкай. А ў ноч на 1 верасня ім патэлефанавалі са шпіталя.

Першыя гады пасля яго смерці бацькі не жылі, а хутчэй, выжывалі. Былі моманты, калі здавалася, што Марал Гвішыяні не вытрымае. Яе адзіны сын, яе святло ў акенцы — як жыць, калі яго няма? Але яны былі разам, іх падтрымлівалі ўсе родныя, ды і многія чужыя людзі. Барыс Рыгоравіч згадаў адзін надта кранальны факт з гэтага шэрагу. Рэч у тым, што Дзіма быў нехрышчоны. І калі яны звярнуліся да святара з просьбай асвяціць магілу, той адмовіў. А другі святар, што раней быў ваенным, сказаў так: «Не варта лічыць яго нехрышчоным, ён быў ахрышчаны агнём». І ў іх нібы адлягло. Паступова яны знайшлі ў сабе сілы, усвядомілі, што жыць павінны дзеля памяці сына.

Упершыню асірацелым мужу і жонцы давялося сабрацца, узяць сябе ў рукі, калі ехалі атрымліваць узнагароду. 21 снежня 1999 года кіраўнік краіны ўручыў ім ордэн «За асабістую мужнасць», якім дзяржава адзначыла сына пасмяротна. Парадкавы нумар ордэна 11. Значыць, Дзіма стаў адзінаццатым яго кавалерам. Але праз многа гадоў бацька прачытае ў часопісе «Армія», што Дзмітрый быў першым сярод беларускіх вайскоўцаў, уганараваным названай узнагародай. Патэлефанаваў у Мінабароны, там пацвердзілі, сапраўды, яго сын — першы ваенны ў гісторыі незалежнай Беларусі, адзначаны названым ордэнам. Папярэднія дзесяць былі супрацоўнікамі міліцыі і байцамі спецназа.

І першымі загаварылі аб увекавечанні і падтрыманні памяці Дзмітрыя былыя вайскоўцы, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Маскоўскага раёна Брэста.

— Мне тады было не да паходаў па калідорах улады, я свету не бачыў ад свайго гора, — расказвае бацька героя. — А яны падштурхнулі, падбадзёрылі. І я зразумеў, што гэта мой абавязак. Да таго ж я баец па натуры. Калі за што бяруся, то даводжу да канца. Цяпер мы з жонкай ведаем, што жывём дзеля памяці сына.

Турніры, алея, памятныя знакі

Так паступова ў брэсцкім мікрараёне Кавалёва, дзе жыў Дзіма, дзе вучыўся ў школе, з’явіліся памятныя знакі, алея. Яго імя атрымала школа. Праходзяць мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы імя Дзмітрыя Гвішыяні. Брэсцкаму музею чыгуначнай тэхнікі перададзены цеплавоз, названы ў 2006 годзе імем курсанта Дзмітрыя Гвішыяні.

Усяго ў краіне цяпер праводзіцца чатыры віды спаборніцтваў памяці Дзмітрыя Гвішыяні. У Брэсце — міжнародны турнір па армейскім рукапашным баі, у Маладзечне — міжнародны турнір па ўшу. Яшчэ ёсць два штогадовыя рэспубліканскія чэмпіянаты. У міжнародных спаборніцтвах, быў час, удзельнічала да 250 спартсменаў, яны сталі даволі папулярнымі. Бацькі да кожнага з турніраў па традыцыі купляюць кубкі. Абавязкова едуць на само мерапрыемства, каб уручыць узнагароды пераможцам. Яшчэ гэта нярэдка становіцца нагодай наведаць 

Ваенную акадэмію, дзе вельмі беражліва захоўваюць памяць пра іх сына.

— Яны былі з намі з першай мінуты, — згадвае Барыс Рыгоравіч камандзіраў і таварышаў сына па акадэміі. Верталёт у Драгічын быў адпраўлены па загадзе міністра абароны. Акадэмія арганізавала пахаванне, прыехала тады шмат курсантаў, афіцэраў... Дзіма навечна занесены ў спісы агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі. Воінскае званне, прозвішча, імя, імя па бацьку яго кожны вечар вымаўляецца перад строем курсантаў на вячэрняй праверцы.

У 2004 годзе быў адкрыты помнік курсанту на тэрыторыі 

Ваеннай акадэміі. А ў 2007 годзе вуліца побач з акадэміяй стала насіць імя Курсанта Гвішыяні, на адным з дамоў гэтай вуліцы цяпер ёсць мемарыяльная дошка ў гонар героя-курсанта. Прадстаўнікі навучальнай установы заўсёды бываюць у Брэсце, калі тут праводзяцца значныя памятныя мерапрыемствы. Былі і дзесяць гадоў таму, калі адкрывалі мемарыяльную дошку ў школе. У 30-й школе яны наогул частыя госці.

У Брэсце ж галоўным захавальнікам памяці, відаць, можна назваць 30-ю школу, яго родную. Так атрымалася, што школьны Музей баявой славы, які стваралі некалькі гадоў, упершыню адкрылі вясной 1999 года. Музей, дарэчы, даволі багаты нават на арыгінальныя экспанаты. У экспазіцыі ёсць сапраўдныя ядры ад пушак часоў вайны з Напалеонам ды рэліквіі пазнейшых войнаў... І ўжо восенню давялося тэрмінова адкрываць яшчэ адну экспазіцыю, прысвечаную мужнаму выпускніку. Там цяпер многа здымкаў, пад шклом ляжаць курсанцкія пагоны, яго вучнёўскі сшытак. Захоўваюцца выразкі з газет і часопісаў, здымкі з памятных мерапрыемстваў. У музейным пакоі настаўніца Людміла Ерашова і яе калегі праводзяць урокі гісторыі і ўрокі мужнасці. Дзе яшчэ больш пранікнёна і наглядна раскажаш, як сваім учынкам Дзмітрый падаў маральны ўрок усяму грамадству і многім даў шанц стаць крышачку лепшымі, больш чулымі, уважлівымі?!

Вучні школы разам з настаўнікамі заўсёды ўскладаюць кветкі да мемарыяльнай дошкі і памятнага знака, ушаноўваюць памяць хвілінай маўчання ў дзень нараджэння і дзень памяці Дзімы, а таксама на святы, напрыклад, у дзень апошняга званка.

Школа стала насіць імя свайго выпускніка ў 2002 годзе. А ў 2014 годзе побач са школай з’явіўся гранітны памятны знак. Да гэтага знака можна прыйсці па алеі, якая таксама названа ў гонар Дзмітрыя Гвішыяні. Алея працягласцю 1300 метраў вельмі прыгожая, яна ўяўляе сабой асаблівае месца ў гэтым мікрараёне. Вясной тут зацвітае мноства кветак. Моладзь нярэдка называе алею Брадвеем. Тут гуляюць жыхары мікрараёна ўсіх узростаў. Апошнім часам атрымала новае аблічча і школа, яе адрамантавалі, пафарбавалі. Калі былі затрымкі з рамонтам, Барыс Рыгоравіч пісьмова звярнуўся да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, і сітуацыя хутка выправілася. Ён жа гаварыў, што па натуры баец.

Мы стаім з Барысам Гвішыяні каля мемарыяльнага знака побач са школай. Ён згадвае, што ўжо чатыры аднакурснікі Дзімы маюць званне палкоўнікаў... Цяпер тут ёсць і таблічка з QR-кодам, а яшчэ растуць два дубкі з высакагорнага раёна Грузіі. Іх прывезлі землякі дзеда Дзмітрыя. Побач Барыс Рыгоравіч пасадзіў дзве яблынькі, дрэўцы добра прыняліся і нават у першы год далі некалькі пладоў. Тым часам на яго тэлефон пазваніла жонка Марал Байкханаўна, каб удакладніць, колькі кветак і карзін трэба купляць. Хутка ж Дзень абаронцаў Айчыны, трэба наведаць магілу Рыгора Гвішыяні на Гарнізонных могілках, аднесці кветкі сыну на магілу і да памятных знакаў. 23 лютага сюды прыйдуць школьнікі, і бацькі Дзмітрыя разам з імі пастаяць каля гэтага знака. Яны, бацькі, цяпер жывуць памяццю, і гэтая памяць дапамагае ім жыць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і музея СШ № 30

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.